Павольныя, амаль далікатныя рухі масажыста, прыглушаныя гукі, спакойная музыка — усё накіравана на паслабленне і пазбаўленне ад стрэсу. І адчуваеш, як галава, твар, шыя і плечы нібы вызваляюцца ад назапашанай напругі, выклікаючы адчуванні камфорту і душэўнай раўнавагі. Так, масаж творыць цуды.
А тым часам яшчэ да нашай эры масаж паспяхова ўжывалі ў Старажытным Кітаі, Егіпце, Грэцыі. Так, у двары асірыйскага цара Санхірэба быў знойдзены алебастравы рэльеф, на якім намаляваны розныя маніпуляцыі масажу.
На папірусе, знойдзеным археолагамі ў саркафагу егіпецкага палкоўніка, былі намаляваны прыёмы масажу. Першым грэчаскім лекарам, які раіў ужываць масаж як аздараўленчы сродак быў Герадыкос. Яго вучань Гіпакрат рэкамендаваў для лячэння хворых размінанне. І з таго часу масаж увайшоў у нашае жыццё.
Пад уздзеяннем масажных рухаў адбываецца шмат важных працэсаў: паляпшаюцца функцыі скуры, нармалізуюцца абменныя працэсы, аказваецца спрыяльнае дзеянне на сістэму кровазвароту.
З дапамогай масажу можна прыкметна змяніць контуры цела, палепшыць тонус скуры. А яшчэ можна змяніцца не толькі знешне, але і ўнутрана — палепшыцца настрой, павысіцца працаздольнасць, стане лёгка і светла на душы.
Масаж прыемная працэдура, асноўныя прыёмы — пагладжванне, расціранне, размінанне і вібрацыя. Рухі спецыяліста моцныя, яны глыбока прапрацоўваюць кожную мышцу, але ў той жа час мяккія і асцярожныя. Для пачатку выбіраюцца зоны, якія падвяргаюцца ў паўсядзённым жыцці залішняй нагрузцы. У большасці выпадкаў - гэта спіна (сядзенне за камп’ютарам) і ікры (любоў да высокіх абцасаў).
Пасля першага ж сеансу болі ў спіне і нагах стануць менш, а да канца курса масажу і знікнуць зусім. Скура падцягнецца, будзе выглядаць свежа і дагледжана.
.... Дзесьці бурліць гарадское жыццё, без канца тэлефануюць смартфоны, прызначаюцца і зрываюцца дзелавыя сустрэчы — мне да ўсяго гэтага няма справы. Я там, дзе толькі музыка, сонечнае святло і чароўныя рукі масажыста.
Самамасаж твару Асахі (Зоган). Сакрэт маладосці скуры з Японіі
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by