Вучоныя Інстытута медыцыны Такійскага ўніверсітэта правялі даследаванне з віруснымі часціцамі SARS-CoV-2 і высветлілі, што маска зніжае рызыку заражэння мінімум на 40%. Абсалютнай абароны не забяспечвае нават медыцынскі рэспіратар. Вынікі навуковага эксперыменту апублікаваныя ў часопісе mSphere.
Варта адзначыць, што раней даследаванняў, якія дэманструюць эфектыўнасць масак з выкарыстаннем рэальных вірусаў, не праводзілася. У герметычнай камеры лабараторыі субмаксімальнага ўзроўню біялагічнай абароны тварам да твару на адлегласці 0,5 м былі пастаўленыя два робаты-манекены. Адзін быў настроены на імітацыю кашлю, пры гэтым адбываўся выкід заражаных кропель. Другі меў механізм, які дазваляў удыхаць паветра, імітуючы чалавечае дыханне. Кожны дослед працягваўся не менш за 20 хвілін.
Такім чынам, вучоныя зафіксавалі, што падчас выкарыстання баваўнянай маскі манекен удыхаў на 17% меней часціцаў віруса, чым манекен без маскі. Дослед з трохслаёвай хірургічнай павялічваў гэты паказчык да 40%. Рэспіратар N95, які выкарыстоўваюць медыцынскія работнікі, блакіраваў да 90% інфекцыі. Зрэшты, нават у сітуацыі, калі рэспіратар прыклейвалі да галавы манекена скотчам, некаторыя часціцы ўсё роўна пранікалі ўнутр.
Калі маскі надзявалі і на галаву-«распаўсюднік віруса», і на галаву, якая «дыхала», яны блакіравалі больш за 50% часціц каранавіруса. У выпадку такога ж выкарыстання хірургічных трохслаёвых масак рызыка заразіцца COVID-19 зніжалася на 80%. «Калі і атрымальнік віруса, і яго распаўсюджвальнік былі ў масках, гэта дало сінэргетычны эфект» – заявілі вучоныя, якія ладзілі эксперымент.
Калі тканкавую альбо медыцынскую маску надзявалі на галаву, якая «кашляла», спецыялісты фіксавалі памяншэнне паглынання каранавіруса іншай галавой больш чым на 70%.
Пры памяншэнні адлегласці паміж манекенамі ў 2 разы колькасць перададзенага віруса павялічвалася ў 2,5 раза, пры павелічэнні адлегласці ўдвая – зніжалася ў 1,5 раза. Варта таксама ўлічваць, што працэнт перададзенай РНК віруса не роўны верагоднасці заражэння, бо ў выпадку з рэальным чалавекам у справу ўключаецца імунная сістэма.
Японскім вучоным удалося даказаць, што сродкі абароны, уключаючы маскі, сапраўды зніжаюць рызыку перадачы віруса, але ні адзін з іх не эфектыўны на 100%. Каб вірус не распаўсюджваўся, маскі абавязкова варта насіць захварэлым. Эфект будзе яшчэ вышэйшым, калі яны надзетыя на ўсіх без выключэння.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by