У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь падчас правядзення міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Вадзім Качан. Малюнкі часу і святла. Метамарфозы фатаграфіі» з калекцыі аўтара, прымеркаванай да 65-годдзя мэтра беларускага фотамастацтва, фотамастака, выкладчыка фатаграфіі, ганаровага сябра Беларускага грамадскага аб'яднання фатографаў, сябра Беларускага саюза дызайнераў Вадзіма Аркадзьевіча Качана.
Вадзім Качан — адзін з самых вядомых беларускіх фатографаў. Дыяпазон яго работ вельмі шырокі і ўключае бытавую фатаграфію, фотапартрэт, фотанацюрморт, пейзажную фатаграфію, канцэптуальную і інтэр'ерную фатаграфіі.
На выстаўцы прадстаўлены чорна-белыя і каляровыя здымкі, аформленыя з дапамогай фотамантажу. Вы ўбачыце як зусім раннія работы фотамастака, знятыя яшчэ ў 80-х гадах на плёнкавыя фотаапараты, так і сучасныя здымкі, зробленыя з дапамогай лічбавай тэхнікі.
Займаючыся фатаграфіяй больш за 30 гадоў, удзельнічаючы ў выстаўках Беларусі і за мяжой, ён зрабіў сотні тысяч здымкаў, праявіў кіламетры плёнкі, паказаў дзясяткі тысяч сваіх работ. У творчасці апошняга дзесяцігоддзя мастак прытрымліваецца прынцыпу спалучэння класічнай чорна-белай фатаграфіі і найноўшых фотатэхналогій.
Вадзім Качан адзначае, што адзін з яго любімых жанраў — дакументальная фатаграфія. «Я ніколі не ўмешваюся ў дакументальную фатаграфію. Калі ўмяшацца, то гэта ўжо не фатаграфія, гэта іншы від мастацтва. Так, вядома, у мяне таксама ёсць у нейкай ступені пастановачныя кадры, напрыклад, партрэт. Але я заўсёды здымаў жыццё, якое было, насамрэч, штодзённасць. Бо дакументальная фатаграфія — помнік часу».
Сёлета аўтар святкуе і творчы юбілей — 45 гадоў у прафесіі. Сваё першае фота ён зрабіў у 11 гадоў, і яно таксама прадстаўлена на выстаўцы. Свой творчы шлях аўтар дзеліць на два перыяды: з 1980-х, калі ён пачаў актыўна займацца фота, і з 2000-х, калі вярнуўся да гэтай справы пасля невялікага перапынку. Вяртаючыся да прафесійнай дзейнасці, Вадзім Качан аказаўся перад неабходнасцю асваення лічбавай фатаграфіі. Але ён прызнаўся, што гэта не было цяжка для яго.
Нягучныя кадры. Чым уражвае выстаўка «Ціхія гісторыі» народнага фотаклуба «Мінск»?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by