Вядома ж, нюхаць кветкі ў процівагазе і нязручна, і сэнсу не мае. Менавіта з гэтым дзеяннем многія параўноўваюць віртуальныя кветкі-падарункі ў сацыяльных сетках. Маўляў, у чым іх сэнс?! Ну, не ведаю. Я люблю іх атрымліваць. Яны сапраўды радуюць не горш за сапраўдныя. А ўжо на 8 Сакавіка віртуальнымі літаральна закідваюць! Прычым пачынаюць яшчэ за пару-тройку дзён… 🙂
Так сталася і сёлета. А яшчэ ў вайбер ад знаёмай прыляцелі фота вялі-і-і-і-і-ізных дрэў мімозы. Замежнай. «Вось бы мне такую на дачу!» – хуценька адстукала ў адказ. І падумала: «Хачу, каб на лецішчы расла мімоза!» Чым не жаданне на 8 Сакавіка?! 🙂
Мімоза ў гэты дзень – адна з маіх самых любімых кветак. Яе звычайна і нязменна дорыць брат. Асабліва запомніўся год, калі ў Чэрвені мімозу чамусьці не прадавалі. А ў Ігара якраз напярэдадні свята была паездка на футбольны матч з нашай чэрвеньскай камандай «Колас» у Маладзечна. І мімоза прыехала адтуль… І вось як не пазайздросціць тым, у каго расце такое хараство проста на вуліцы?! Я не пра Маладзечна зараз!!! 🙂 Пра замежжа… Дзе бяры – і ламай без усялякіх грошай…
Хаця, мне падаецца, ламаць было б шкада… Навошта галінкі ў хаце, калі ў любы момант можна палюбавацца на цэлае вялізнае дрэва?! Гэта прыкладна так, як ёлку да Новага года ўпрыгожваць тую, што расце ля ўчастка. Альбо проста ў лесе… Карацей, хачу дрэва мімозы! 🙂 Сціплае такое жаданне, праўда?
Не меней за мімозу люблю цюльпаны. І тут зноўку парадокс. У сезон іх на лецішчы – хоць касой касі! 🙂 Дык тое ж у сезон. А хочацца на 8-га Сакавіка… Жоўценькіх, сонечных…
Памятаю, адзін ці нават два гады я займалася выганкай цюльпанаў да Дня жанчын. Некалькі кветак у вазоне. Толькі, вядома ж, не мела магчымасці праз пэўны час штодня іх паварочваць да святла, сцябліны атрымаліся крываватымі. Але ж усё роўна – цюльпаны! Да 8 Сакавіка! Вырашчаныя ўласнаручна!
А вось ружаў чамусьці на 8 Сакавіка і не хочацца… Гваздзікоў, хрызантэмаў – таксама… Аднойчы дарыла маме прымулы ў вазоне, змешчаным у прыгожы плецены кошык. У той год «цывілізацыя дайшла да Лакаткоў» (пазналі, адкуль цытата? Фільм «Ландыш серабрысты»), і гэткую прыгажосць прадавалі ў адной з прыватных крамаў, якая даўно ўжо не існуе. Крэатыўненька так і адносна нядорага...
А вось гіяцынты ў вазоне… На аматара. З іх рэзкім пахам… Тым больш, што ў сезон таксама раслі на дачы. І калі вецер быў з іх боку ў наш… Даводзілася літаральна ўцякаць ад таго месца.
Ведаю, што ёсць жанчыны, якія сцвярджаюць, што яны абсалютна абыякавыя да кветак. Ёсць тыя, хто замест кветак марыць атрымаць штосьці больш… трывалае і матэрыяльнае, а не тое, што максімум праз 5-7 дзён ужо давядзецца прыбіраць з вачэй… Вядома, куды… Але не будзем пра сумнае… 🙂 Таксама ёсць жанчыны, якія шкадуюць грошай, патрачаных з сямейнага бюджэту на кветкі… Словам, усе мы розныя. Але ў абсалютнай большасці… За кветкі на свята.
І прыгадаліся мне сёння падзеі 10-гадовай даўнасці. Я тады працавала ў раённай газеце, а мой добры знаёмца-паэт надрукаваў там верш. Вельмі люблю яго творчасць і часта цытую. А тут штосьці не зайшло. І нават… абурыла. 🙂
На жаль, няма зараз гэтага тэксту ў сеціве. Але абавязкова знайду пазней у газетным архіве. А размова ішла там пра тое, што дарыць кветкі варта… толькі каханым. Вось так!
Разабрала мяне не на жарт! І з’явіліся такія радкі ў адказ:
Вось табе і маеш, пані…
Як няма таго кахання,
Не чакай ты болей кветак,
Калі кожны зробіць гэтак.
А чаму (без дай прычыны!)
Лепей ведаюць мужчыны,
Што не трэба нам букеты,
Пражывем без кветак гэтых?!
Не чакай іх ад суседа,
Ад калегі-дамаседа…
Не чакай і ад сяброў:
Не каханне то – любоў!
І няхай табе знаёмы
Паднясе цяпер з паклонам
Ці гарэлку, ці віно…
Цыгарэты заадно…
Бо цяпер жа (так бы мовіць)
Ён на кветак… зэканоміць!
На духі ці шакалад
Грошай пашкадуе, …!
Так што ўсё ж – свабоду кветкам!
Хай сабе кахання сведкам
Ці яшчэ чагосьці там –
Кожны выбірае сам.
І ў святы, і ў будні
Мы, жанчыны, кветкі любім,
Адгаворак не прымаем
І заўсёды іх чакаем!
Мілыя нашы, чароўныя, каханыя, любімыя спадарыні, пані, паненкі! Са святам, з Днём жанчын! Няхай кожная адчуе сябе сёння самай шчаслівай, нягледзячы ні на што! І памятайце: кветак, нават віртуальных, зашмат не бывае! 🙂 Асабліва 8 Сакавіка…
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by