Па дадзеных на 23 сакавіка, у Беларусі ўжо выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі 22 пацыенты. У іх тэст на каранавірус паказаў адмоўны вынік. Яшчэ 59 знаходзяцца пад медыцынскім кантролем. З усіх пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй толькі ў аднаго стан сярэдняй цяжкасці, але ёсць станоўчая дынаміка. Эпідэміялагічная сітуацыя застаецца стабільнай і кантралюемай. Пра гэта журналістам паведаміла падчас брыфінгу намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан.
Геаграфія каранавіруса
Разам з тым, спецыяліст адзначыла, што на працягу апошніх некалькіх дзён тэрыторыя выяўлення выпадкаў віруса пашырылася.
Яна дадала, што выпадкі каранавіруснай інфекцыі зафіксаваныя ў Гомельскай і Гродзенскай абласцях, Мінску і Віцебску. Сярод усіх зарэгістраваных выпадкаў – 41 завазны. У агульным ліку хворых адзін замежнік, астатнія – беларусы. Сярэдні ўзрост пацыентаў – ад 15 да 49 гадоў, самым узроставым стаў 78-гадовы пацыент.
Усяго ў ізаляцыі знаходзяцца каля 1 тысячы 100 чалавек, прыкладна 8 тысяч 800 – пад медыцынскім назіраннем. Як адзначыла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, усе кантакты выяўляюцца ў выніку інтэнсіўнай працы і апытання пацыентаў з пацверджаным дыягназам каранавіруснай інфекцыі.
Гэта неабходна для таго, каб своечасова выявіць кантактных з хворымі асобаў. У некаторых выпадках прыцягваюцца органы ўнутраных спраў, бо не заўсёды можна атрымаць поўную і дакладную інфармацыю. Усім тым, хто прыязджае з замежных краінаў, рэкамендаваная самаізаляцыя.
Акрамя гэтага, дадала Іна Карабан, усім рэкамендаваная такая мера, як сацыяльнае дыстанцыяванне. Гэта значыць, што ў грамадскіх месцах трэба трымацца на адлегласці метр-паўтара адно ад аднаго. Гэтая мера неабходная для прадухілення распаўсюджвання віруснай інфекцыі і для пазбягання інфіцыравання навакольных.
Вірусныя часціцы, патлумачыла эксперт, у кропельках сліны або слізі, якія выдзяляе чалавек пры кашлі, чханні або размове, могуць распаўсюджвацца на адлегласці 1-1,5 метра. Разам з тым, любы чалавек з прыкметамі віруснай інфекцыі павінен заставацца дома.
Забяспечанасць абсталяваннем і месцамі ў стацыянарах
Што тычыцца забяспечанасці абсталяваннем для дапаможнай вентыляцыі лёгкіх, гэты паказчык у нашай краіне складае 38 на 100 тысяч насельніцтва (апараты ШВЛ і наркозна-дыхальныя), адзначыла намеснік міністра. Для параўнання: у ЗША гэты паказчык адпавядае 18 на 100 тысяч, Італіі – 8,3, Вялікабрытаніі – 12,9 на 100 тысяч насельніцтва.
Як адзначыла Алена Богдан, пакуль дастаткова і ложкавага фонду. Не спыненае аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з інфарктамі, інсультамі, вострай хірургічнай паталогіяй. На час спыненыя планавыя агляды – для таго, каб не павялічваць рызыку для пацыентаў старэйшага ўзросту (сталыя пацыенты і пацыенты з хранічнай паталогіяй з'яўляюцца найбольш частымі наведвальнікамі медустаноў).
У бліжэйшы час, дадала спецыяліст, у краіну паступяць тэст-сістэмы, якія былі распрацаваныя ў Кітаі і ўжо даказалі сваю эфектыўнасць.
Дапамога сталым
Як распавяла Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко, грамадства забяспечыць дапамогу сталым людзям, бо менавіта яны з'яўляюцца самай уразлівай катэгорыяй. Паводле ацэнак экспертаў, падтрымка патрэбная 180 тысячам пенсіянераў. Валанцёры дапамогуць даставіць прадукты, сродкі гігіены, лекі, рэцэпты. Акрамя гэтага, у бліжэйшы час пачне працу псіхалагічная дапамога па тэлефоне.
Спісы валанцёраў змесцяць на сайце арганізацыі. Ім будуць выдадзеныя адпаведныя пасведчанні, а таксама вызначаныя каардынатары. Усё гэта робіцца для таго, каб пазбегнуць магчымых выпадкаў махлярства.
Акрамя гэтага, адзначыла Вольга Мычко, у бліжэйшы час пачне працу гарачая лінія псіхалагічнай дапамогі – па нумары 201. Спецыялісты лініі будуць аказваць псіхалагічную падтрымку, а таксама збіраць інфармацыю, якая дапамога яшчэ патрэбная насельніцтву.
Як падкрэсліла Вольга Мычко, Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа выдзеліць Беларусі 50 тысяч франкаў. Гэтыя сродкі пойдуць на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа і валанцёраў, бескантактавых тэрмометраў, а таксама на падтрымку псіхалагічнай службы, якая будзе працаваць кругласутачна.
Змены ў працы паліклінік
Па словах галоўнага ўрача 39-й паліклінікі г.Мінска Вольгі Есьманчык, паліклінічныя ўстановы перайшлі на іншы рэжым працы. Выдзеленыя асобныя патокі для пацыентаў з тэмпературай. Гэта ці асобны ўваход, ці кабінеты на першым паверсе. Абмежаванае планавае наведванне. Усе мерапрыемствы, якія тычацца дыспансерызацыі альбо тых ці іншых дыягнастычных даследаванняў, наведванні ўрача перанесеныя на больш позні тэрмін. Гэтая мера датычыцца і планавых шпіталізацый. У выпадку неабходнасці экстраннай дапамогі яна аказваецца неадкладна.
У залежнасці ад эпідэміялагічнай сітуацыі кіраўнік арганізацыі мае права перагледзець гадзіны працы ўрача і медперсаналу і павялічыць час абслугоўвання на даму. Акрамя гэтага, для прыёму пацыентаў з тэмпературай прыцягваюцца вузкія спецыялісты – рэабілітолагі, неўролагі, кардыёлагі і г.д.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by