13.12.2018
13.12.2018

Мой лепшы дзень-2018. Аляксей Сапатніцкі

logo
Асобы i лёсы
0 15
Аўтар:
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Падрыхтоўка да гэтага запамінальнага дня майго жыцця ў 2018 годзе пачалася больш чым за 2 месяцы да яго. Яшчэ ў жніўні арганізатары навукова-папулярнага лекторыя «Масаракш» прапанавалі мне выступіць для шырокай аўдыторыі на медыцынскую тэматыку.

У сумесным абмеркаванні вызначыліся з тэмай, цікавай як для аўдыторыі, так і для мяне – нейрахімія галаўнога мозгу і выкарыстанне яе для паляпшэння свайго жыцця. На працягу паўтара месяца я сістэматызаваў самую найноўшую інфармацыю па рабоце галаўнога мозгу, думаў, на якія моманты звярнуць увагу, абмяркоўваў тэму са знаёмымі – не медыкамі. Прыкладна за паўтара тыдня агульная лінія выступу была складзена.

І вось гэты дзень – 29 кастрычніка 2018 года – надышоў. Утульная зала ўнутры былога корпуса завода вабіла сваімі агнямі ў туманны і дажджлівы восеньскі вечар. Але, нягледзячы на такое надвор'е, людзі запаўнялі залу.

Гэта былі і школьнікі, і студэнты, і людзі больш старэйшага ўзросту. Да пачатку мерапрыемства пустых месцаў не было, занятыя былі нават балконы, а гэта значыла, што аўдыторыя мерапрыемства – 250 чалавек!

Дзве з паловай сотні людзей, якія добраахвотна прыйшлі ў свой асабісты час, каб даведацца нешта новае аб навуцы і медыцыне, людзей, якія цікавяцца і самі неабыякавыя! Гэта адначасова дадавала і хвалявання, і энергіі. Бачу знаёмых студэнтаў-медыкаў, адчуваю іх падтрымку, і выходжу на сцэну.

Аляксей Сапатніцкі - Мой лепшы дзень-2018

Кароткае прадстаўленне арганізатараў – і пачынаю выступленне. З першых слоў атрымліваецца забыцца на хваляванне і цалкам «уключыцца» ў тэму.

Распавядаю аб агульнай будоўлі мозгу, прыводжу аналогіі і метафары. Адчуваю, што аўдыторыя залучаецца ў тэму, працягваю аб сінапсах і нейрамедыятарах. Што ж далей, што яшчэ цікавае раскажа спікер – гэтае пытанне чытаецца ў вачах гледачоў, якія ўжо сталі, па сутнасці, маімі суразмоўцамі.

Завяршаю выступленне тэмай, як стымуляваць выпрацоўку нейрамедыятара дафаміна, каб жыць больш актыўна і дасягаць больш мэтаў.

Заканчэнне выступлення. Хвалюючая частка для любога прамоўцы. Ці зацікавіла тэма людзей, што засталося незразумелым? З першым пытаннем гэтая трывога рассейваецца, і я цалкам канцэнтруюся на адказах.

Пытанні разнастайныя і вельмі сэнсавыя – бачна, што людзі, нават не маючы медыцынскай адукацыі, цікавяцца тэмай работы галаўнога мозгу і нямала ведаюць пра сучасную навуку. Прыемна і займальна мець стасункі з такой аўдыторыяй.

Шматлікія пытанні трохі зацягваюць перапынак перад другім выступленнем, а плынь жадаючых даведацца больш пра галаўны мозг не змяншаецца. Адказваю на пытанні ўвесь перапынак, а потым яшчэ і пасля выступлення другога спікера.

Аляксей Сапатніцкі - Мой лепшы дзень-2018

Навукова-асветніцкі вечар завершаны, арганізатары збіраюць абсталяванне. Яшчэ з'явяцца ў сацсетках фотаздымкі, яшчэ будзе выкладзена відэа вечара, каб яшчэ больш цікаўных людзей маглі даведацца новае пра сучасную навуку.

Можна будзе паглядзець на сваё выступленне больш спакойна, бо гэта быў адзін з самых эмацыянальных дзён 2018 года.

Упэўнены, што такія мерапрыемствы падымаюць прэстыж нашай навукі і медыцыны, і рады, што зрабіў свой унёсак у гэты значны праект.

Аляксей Сапатніцкі, кандыдат медыцынскіх навук, выкладчык БДМУ, старшыня пярвічнай  прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДМУ

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 15

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Асобы i лёсы"