11.07.2018
11.07.2018

Мыйце рукі! Яшчэ раз пра меры прафілактыкі кішэчных інфекцый

logo
Навiны
0 23
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У летні перыяд, адзначаюць спецыялісты, рызыка заражэння кішэчнымі інфекцыямі даволі высокая. Асабліва, калі не выконваць элементарныя правілы прафілактыкі. Яны простыя, але, разам з тым, з'яўляюцца эфектыўным сродкам прафілактыкі кішэчных інфекцый.

Пра меры прафілактыкі кішэчных інфекцый яшчэ раз нагадала намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская.

Даведачна: За апошнія 5-6 гадоў сітуацыя з захворваннем на кішэчныя інфекцыі ў Беларусі застаецца стабільнай. Рэгіструюцца толькі адзінкавыя выпадкі. Разам з тым, у апошнія гады ў структуры захворвання пераважаюць вірусныя інфекцыі. На іх долю прыпадае прыкладна 60%. Пры заражэнні віруснымі кішэчнымі інфекцыямі лягчэй рэалізуецца кантактна-бытавы шлях перадачы, у тым ліку і праз брудныя рукі.

Шэсць правілаў прафілактыкі

Першае правіла. Выкарыстоўваць ваду гарантаванай якасці або кіпячоную. Прычым як для піцця, так і для мыцця агародніны і садавіны.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Дбайнае мыццё агародніны і садавіны пад праточнай вадой дазволіць пазбавіцца ад мікраарганізмаў, якія могуць выклікаць кішэчныя інфекцыі.

Што тычыцца парад пра мыццё садавіны і агародніны мылам, содай і г.д., Ірына Глінская ўпэўненая, што ва ўсім павінен быць разумны падыход. Можна абліць кіпенем, калі гэтая працэдура не прывядзе да поўнай страты спажывецкіх уласцівасцей прадукту, сказала спецыяліст.

Другое правіла. Купацца ў вадаёмах варта толькі ў дазволеных і правераных санітарна-эпідэміялагічнай службай месцах. Дарэчы, спіс месцаў, забароненых для купання, рэгулярна абнаўляецца і публікуецца на сайце РЦГЭіГЗ.

Трэцяе правіла. Прадукты харчавання неабходна набываць толькі ў санкцыянаваныя месцах, а не на стыхійных рынках або месцах вулічнага гандлю.

Правіла чацвёртае. Мыйце рукі перад прыёмам ежы.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Напэўна, няма ні аднаго інфекцыйнага захворвання, для прафілактыкі якога мы б не агучвалі правіла «мыйце рукі». Гэта зусім элементарная рэч, але абараняе ад досыць вялікага пераліку інфекцыйных захворванняў.

Калі няма магчымасці памыць рукі вадой, можна выкарыстоўваць вільготныя сурвэткі.

Правіла пятае. Бяспечнае харчаванне. Прыкладна 80-90% выпадкаў кішэчных інфекцый рэгіструецца з-за невыканання правілаў падрыхтоўкі і захоўвання харчовых прадуктаў у хатніх умовах.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Летні перыяд, гарачае надвор'е. Прыгатаваная ежа не павінна захоўвацца доўгі час па-за халадзільнікам.

Спецыяліст дадала, што перад ужываннем варта звяртаць увагу на тэрмін прыдатнасці тавару. Неабходна таксама ўлічваць, колькі прадукт, перш чым патрапіць на стол пасля набыцця, захоўваўся дома. Пры выбары агародніны і садавіны, перавагу трэба аддаваць на карысць свежых і без прыкмет сапсаванасці.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Не заўсёды ў хатніх умовах выконваецца «правіла суседства» таварных прадуктаў: побач можа ляжаць сырое мяса і гатовы прадукт.

Акрамя гэтага, адзначыла эксперт, адна з прычын кішэчных інфекцый – дрэнная тэрмічная апрацоўка прадуктаў харчавання.

Правіла шостае. У дарогу не варта браць прадукты, якія хутка псуюцца.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
У дарогу не варта браць прадукты, у якіх абмежаваны тэрмін прыдатнасці. Гэта, напрыклад, вараная каўбаса, яйкі, адварное мяса і курыца. Яны практычна не падлягаюць захоўванню і браць іх у дарогу не рэкамендуецца. Выключэнне можа быць, калі ў дарозе выкарыстоўваецца халадзільнік.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 23

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».