У малодшай школе гарадскіх дзяцей папрасілі назваць хатніх птушак. Некаторыя задумаліся, а адзін хлопчык адказаў: «Папугай». Настаўніца перадала гэта бацькам, і тыя моцна задумаліся: расце пакаленне, зусім адарванае ад вёскі, якое не сустракаецца з народным побытам і як дзіва разглядае карову, што пасецца ўздоўж шашы...
А ці патрэбна ім, дзецям стагоддзя інфармацыйных тэхналогій і камфорту, тое ткацтва ці саломапляценне? Навошта ім ведаць, якія песні спявалі іх продкі і як бялілі печ? Пра важнасць непарыўнасці з вытокамі – наша гутарка з выкладчыкам ткацтва ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў Святланай Еўдакіменка.
Святлана, прадмет, які вы выкладаеце, даволі спецыфічны і ў разуменні сярэднестатыстычнага гараджаніна архаічны. Але попыт на яго ёсць. У чым сакрэт?
Дазвольце не пагадзіцца з архаічнасцю. Галоўны прынцып маёй работы – выкладаць сучаснае мастацтва на аснове традыцый. Не прытрымліваюся патрабавання дзейнічаць непасрэдна ў традыцыі, як гэта робяць, напрыклад, сябры Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, кожны з якіх засвоіў пэўную тэхналогію, традыцыю і дзейнічае ў яе межах.
Вывучаць розныя традыцыі надзвычай цікава. Яны складаюцца рэгіянальна, у кожнай мясцовасці, і гэтыя вобласці не супадаюць з геаграфічнымі межамі. Асаблівасці ёсць абсалютна ва ўсіх відах дзейнасці чалавека: як будавалі жытло, як займаліся пэўнымі пытаннямі гаспадаркі.
Мёд, напрыклад, збіралі і елі паўсюдна, толькі ў адным месцы вуллі ставілі на выспе, а ў другім – карысталіся дупламі ў дрэвах ці падвешвалі што. Рыбу лавілі паўсюдна, але рознымі спосабамі.
Адрозненні ёсць і ў ткацтве. І гэта зусім не архаіка, сёння вельмі папулярны хэнд-мэйд. Вялікім попытам карыстаюцца тканае адзенне, рэчы для інтэр'ера (посцілкі, настольнікі, дыванкі), жаночыя сумачкі і шоперы. Тыя ж паясы ў кагосьці асацыіруюцца са слуцкімі шырокімі, музейнымі. Але сучасныя паясы – гэта і рамяні ў джынсы, і папружка моднай торбачкі.
Прыемна бачыць інтэграцыю мінулага ў сучаснасць. І ўсё ж: цікавасць да вытокаў – гэта мода на аўтэнтычнасць і хэнд-мэйд ці жаданне ведаць сваю краіну, адчуць сябе беларусам?
Думаю, і тое, і тое. Цікавасць дзяцей залежыць ад таго, наколькі рана яны сутыкаюцца з прадметамі народнай культуры. Калі пакаленне зусім адарвалася ад вёскі, не ездзяць да прабабуль, бо няма іх, не сутыкаюцца з побытам, дык такім дзецям фактычна з нуля трэба распавядаць пра падзеі даўнасцю з паўстагоддзя. Для іх гэта ўсё роўна, што даведацца пра тое, што было 1000 гадоў таму... Настолькі даўно, што не змяшчаецца ў іх свядомасці.
Ранейшае пакаленне было часткова вясковым або толькі выйшла з вёскі, дзеці бавілі вакацыі ў бабуль і дзядуляў. Таму нават калі рэч ужо не была ў актыўным карыстанні, яна ўсё роўна заставалася ў доме, і можна было запытацца, для чаго гэта. Як прасавалі гэтай прыладай? Як касілі? Як граблі?
Навошта ім гэта зараз і ў будучым? Філасофскае пытанне. Тут можна ўзгадаць, што без каранёў дрэва не расце, гісторыя – гэта ключ да будучыні... Але я расказваю пра скансэн.
Скансэн?
Так. Пад Мінскам у Строчыцах ёсць музей народнага дойлідства і побыту, дзе з рэгіёнаў сабраныя архітэктурныя будынкі рознага функцыянальнага прызначэння. Там і храмавыя будынкі (цэрквы), і жыллё, і побытавыя (млын, карчма, кузня). Лепей за ўсё, дарэчы, прадстаўленая цэнтральная Беларусь.
А ў кожнай хаце свой занятак: у адной ткачыха посцілку тчэ, у другой апрацоўваюць лён, у трэцяй гаспадар кош пляце. Напрыканцы вуліцы стаіць хата каваля. Яго праца звязаная з агнём, і гэта небяспечна для вёскі – ад адной іскры могуць згарэць усе, таму і жыве ён на аддаленні.
І вось гэты музей – сапраўдны скансэн, на жаль, адзіны ў Беларусі (назва паходзіць ад шведскага skans – умацаванне).
Асацыяцыі з ваеннай крэпасцю...
І не дарма. У Швецыі, у межах Стакгольма, на адной з выспаў ёсць невялікая старадаўняя крэпасць, напаўразбураная. Там усе хлопчыкі царскага паходжання праходзілі ваеннае навучанне.
На пачатку 19 стагоддзя заможны гандляр Ён Бургман набыў гэтую тэрыторыю, рэстаўраваў невялікі замак побач і пасадзіў сад. Гэтая маёмасць і атрымала назву Скансэн, бо была пры крэпасці.
А яшчэ праз некалькі дзясяткаў гадоў гэты комплекс набывае Артур Хазеліус, які суправаджае сваю пакупку запіскай: «Маю намер стварыць на гэтым месцы фальклорна-гістарычны музей пад адкрытым небам, аналагаў якога не існуе ў свеце».
У 19 стагоддзі пачалася актыўная ўрбанізацыя, індустрыялізацыя ва ўсіх краінах, з вёсак людзі пераязджаюць у гарады, і адпаведна, вясковы побыт змяняецца на гарадскі. Назіраючы гэта, Артур Хазеліус звозіць у музей характэрныя пабудовы ўсіх нацыянальнасцяў, якія прадстаўленыя на тэрыторыі Швецыі.
Сёння ў Скансэне сабрана больш за 150 дамоў і сядзібаў XVIII-XX стагоддзяў, дзе захаваная абстаноўка людзей рознага сацыяльнага становішча з розных раёнаў Швецыі. Наглядчыкі дамоў сустракаюць гасцей у строях адпаведнай эпохі.
Надзвычай багата прадстаўлены жывёльны свет: тут сабраныя прадстаўнікі тых, хто лётае ў паветры, ходзіць па зямлі і нават плавае ў вадзе.
Там паказана ўсё, чым людзі займаліся. Калі рабілі сыр, дык выкарыстоўвалі малако ад авечак, і вось статак авечак пасецца побач. Калі варылі піва, дык хмель вырошчвалі непадалёк. Увесь тэхналагічны працэс прадстаўлены цалкам.
Артур Хазеліус хацеў, каб у скансэне працягвалі дзейнічаць носьбіты рамёстваў, каб не спыняўся працэс перадачы ведаў. Пажадана, вядома ж, дынастычная перадача ведаў, як у народзе і было. Але калі іншы чалавек падвучыўся, дык таксама прымальна.
І праз стагоддзе гэты падыход апраўдаўся, бо зараз у многіх жыхароў скандынаўскіх краінаў акрамя сваёй прафесіі, асноўнага занятку, якім яны зарабляюць, ёсць хобі. Звычайна гэта звязане з традыцыйнай тэхналогіяй. І часта, калі яны выходзяць на пенсію, хобі робіцца асноўным заняткам, які дазваляе распачаць уласны бізнэс: напрыклад, вырабляць драўляную мэблю ці варыць мыла.
Годны прыклад, дастойны распаўсюджвання. Ён жа знайшоў водгук у іншых краінах?
А як жа! Ідэя такога музея пад адкрытым небам разышлася па свеце. Еўропа ўжо ў 70-я гады ХІХ стагоддзя пачала актыўна ствараць скансэны (назва стала намінальнай), у іх у кожным рэгіёне такі музей ёсць. У Славакіі тэрыторыя больш горная, і трохі далінаў. Дык вось што ні даліна – там абавязкова такі музейчык-скансэн.
У Беларусі ён толькі адзін, доўгі час такога асяродка не было. У нас, у адрозненне ад Швецыі, атрымаўся больш статычны варыянт скансэна, але ён ёсць. Там час ад часу праводзяць майстар-класы, канцэрты, сустрэчы.
На жаль, у грамадстве існуе стэрэатып, што культурныя мерапрыемствы і каштоўнасці – гэта штосьці другаснае, што патрабуе ўвагі і выдаткаў па рэшткавым прынцыпе...
На вялікі жаль. Павінна ж быць наадварот: спачатку культура, бо яна вызначае каштоўнасці, а потым астатняе. Калі ў чалавека ёсць унутраная культура, то будзе і культура побыту. Калі ёсць унутраная культура і пачуццё прыгожага, то прыгожым будзе і атачэнне чалавека. Калі ёсць разуменне якасна рабіць усё, да чаго ты дакранаешся, то будзе адказнасць за тое, што робяць твае рукі.
Фота – Андрэй Васкрасенскі, Святлана Адамовіч, Святлана Еўдакіменка і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by