04.09.2020
04.09.2020

«На Агафона лясун з лесу ў поле выходзіць». Праспалі?! :)

logo
Беларускі код
0 51
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А ў каго ў вёсцы ёсць гумно?! Што гэта такое, спытаюцца многія. Магчыма, вы чулі іншую яго назву: ток, рыга, клуня… Гэта такая драўляная пабудова, дзе прасушваюць і абмалочваюць снапы. Зрэшты, так рабілі даўней нашыя продкі. Але, магчыма, хтосьці яшчэ і зараз карыстаецца такім экзатычным для многіх з нас спосабам атрымання зерня?! Вось бы паназіраць…

Агафон Гуменнік. Абмалочванне снапоў.

Сёння, 4-га верасня, у народным календары – Агафон Гуменнік. І, аказваецца, у ноч на яго лясун звычайна з лесу выходзіць. А ў вёскі прыходзіць, каб разгуляцца ды людзям шкоды нарабіць: раскідаць сена, развязаць снапы, перакінуць іх з аднаго гумна ў другое… А каб гэтага не здарылася, даўней вяскоўцы выходзілі ў ноч на 4-га верасня на ахову сваіх гумнаў ды тэрыторый вакол іх. А мы, атрымліваецца, праспалі… 🙁

Традыцыі ж гэтай ахоўнай ночы былі такімі. Каб прыкінуцца блізкімі да лесуна істотамі, мужчыны надзявалі кажухі, толькі навыварат, калматым бокам наверх. А ў рукі бралі… качаргу. Ну, на той выпадак, мабыць, калі лясун усё ж выявіць падман.

А яго самога нашыя продкі ўяўлялі таксама ў выглядзе чалавека, толькі… дзіўнаватага. Левым крысом вопраткі ён захінае правае. Левай пяткай ступае наперад. Абутак і ўвогуле паблытаны: з левай нагі – на правую, а з правай – на левую.

Падпярэзаны лясун чырвоным поясам. І, зразумела ж, слядоў не пакідае і ценю не адкідвае. Зрэшты, можа быць як добрым, так і варожым да чалавека. Але ноч на 4-га верасня – яго ноч. Як кажуць, мае права разгуляцца! 🙂

Агафон Гуменнік. Лешы гуляе і шкоду робіць.

А яшчэ даўней верылі, што сёння ўдзень лепей у лес не хадзіць: лясун заблытае.

Пачуўшы слова «лясун», я найперш прыгадваю верш «Возера» нашага слыннага паэта Максіма Багдановіча. Памятаеце?!

Стаяў калісь тут бор стары,
І жыў лясун у тым бары.
Зрубалі бор – лясун загінуў,
Во след яго ад тэй пары:
Сваё люстэрка ён пакінуў.

Як у нязнаны свет акно
Ляжыць, халоднае, яно,
Жыццё сабою адбівае
І ўсё, што згінула даўно,
У цёмнай глыбіні хавае.

Па даўніх прыкметах, калі сёння ўвесь дзень сонечна, значыць, такое надвор’е пратрымаецца цэлы месяц. Ну, а мы традыцыйна кажам: паглядзім-паглядзім. Верасень без дажджоў?! Штосьці дужа фантастычна гэта гучыць.

Але давайце вернемся ў гумно і прыгадаем, якой цяжкай была для селяніна тая праца: малацьба снапоў цапамі. Трэба было мець добрае здароўе і вынослівасць. У сярэднім гэтым маглі займацца некалькі месяцаў.

Агафон Гуменнік. Снапы ў гумне. Абмалот.

Праца лічылася вельмі складанай, але жанчыны таксама абмалочвалі снапы – часцяком нароўні з мужчынамі. У залежнасці ад таго, колькі чалавек у сям’і, у родзе маглі спраўляцца з такой справай, малацілі ў два, тры, чатыры і г.д цапы. Але не трэба забывацца, што ў нашых продкаў быў вельмі распаўсюджаным і звычай талакі…Так што жанчыны маглі займацца сваімі гаспадарчымі справамі, якіх было – процьма! І галоўная – накарміць сямейства.

А ці чулі вы такі выраз: «Касьба любіць сытага, а малацьба галоднага»?! Ведаеце, адкуль ён узяўся? З перакананняў нашых продкаў, што малаціць трэба абавязкова нашча… А вось пасля цяжкай працы пад’есці трэба было добра.

Што ж можам пераняць у гэты дзень мы, калі і гумнаў-то не маем?! І ад лесу з лесуном далёка?! І кажуха няма?! А вось што. Лічыцца, што сёння трэба зрабіць як мага больш добрых спраў! І тады яны вернуцца ў трохкратным памеры.

Калі верыце ў Хатніка ды іншых добрых духаў, на Агафона трэба ім пакінуць пачастунак. Вось ужо каму шанцуе! Нават спецыяльны дзень для частавання-ўшанавання Хатніка маецца. Але гэта не сёння… 🙂 Сёння так, мімаходзь…

Агафон Гуменнік. Пачастунак Хатніку.

А вось дарыць і прымаць падарункі сёння не варта. Чаму?! Ды хто ж яго ведае. Прыкмета такая…

А ўвогуле, добрага ўсім дня, здароўя, удачы ў справах і пачынаннях! Беражыце сябе! І няхай ніводзін лясун вас не заблытае і не пакрыўдзіць! 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 51

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"