02.10.2020
02.10.2020

«На Трафіма шчасце не праходзіць міма…»

logo
Беларускі код
0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вядома ж, найперш цікава даведацца, чаму, праўда?! І што гэта за Трафім такі, якога нашыя продкі прыгадвалі і ўшаноўвалі 2-га кастрычніка?! І хацелася б пачуць працяг цікавай прыкметы. А вось яна цалкам: «На Трафіма шчасце не праходзіць міма: куды Трафім, туды і яно за ім». Аптымістычна, ці не так?! 🙂 А яшчэ ўшаноўваюць Зосіму – апекуна пчол. Але аб усім – па парадку…

Трафім і Зосіма. 2 кастрычніка. Даглядаем вуллі.

Вось і кастрычнік надышоў… Час, калі мы ўсё яшчэ чакаем хаця б колькі сонечных дзён… Усё таго ж бабінага лета. А ці памятаеце вы, як за савецкім часам жыхары шматпавярховак вельмі чакалі сярэдзіны гэтага месяца, 15-га кастрычніка?! Чаму? Бо калісьці менавіта з 15-га кастрычніка ўключалі ацяпленне! Прычым не за пяць і больш дзён, па чарзе, а адразу ва ўсіх. І ўсё грэла без праблем.

Зараз жа, з устаноўкай лічыльнікаў, помпаў ды яшчэ якой мудрагелістай тэхнікі ў цеплавузле (ці без яе), у нас і яшчэ чатырох кватэрах над (з іх адна стаіць пустая) добра, калі ацяпленне з’явіцца праз месяц пасля афіцыйна аб’яўленай даты… 🙁 Прычым не само ды проста так, як ва ўсіх. А трэба дзень пры дні тэлефанаваць, лаяцца, дабівацца і… Усё роўна нічога не мець на працягу месяца…

Але не будзем загадваць. Хачу толькі зазначыць, што вельмі зайздрошчу (па-добраму!) сваёй даўняй інтэрнэт-сяброўцы з Падмаскоўя. Бо ў іх ацяпленне ўключылі… яшчэ напрыканцы верасня. А ў нас жа пакуль не памерзнеш добра, не перахварэеш… Эх!

Трафім і Зоісма. У чаканні цяпла.

Але вяртаемся ў гэты Трафімаў ды Зосімаў дзень. Як ужо зазначалася на пачатку, у народзе Зосім лічыцца апекуном пчол і пчаляроў. Таму хтосьці ў гэты дзень яшчэ дастае з вуллёў рэшткі мёду, хтосьці пачынае рыхтаваць вуллі да зімоўкі… А дзесьці 2-га кастрычніка наладжваюць мядовае свята, частуючы родзічаў, сяброў і суседзяў. Хачу туды! 🙂 А вы?!

Менавіта з сёння пачынаецца пчаліная дзевяціна, якая доўжыцца адпаведна 9 дзён і заканчваецца на Савація-пчаляра, 10-га кастрычніка. А для здароўя нашыя продкі ў гэты час штодня з’ядалі з раніцы нашча па чайнай лыжцы мёду, запіваючы цёплай вадой. Пчаляры ж спраўна завіхаліся на пчальніках, выконваючы неабходную працу.

Калі ж у кагосьці балеў жывот, назіраліся пякотка, млоснасць, бяссонніца, дык раілі спажываць мёд, разведзены ў вадзе, перад сняданкам і пасля вячэры.

Трафім і Зосіма. Спажываць мёд, разведзены ў вадзе, нашча карысна для здароўя.

Непасрэдна 2-га кастрычніка моладзь збіралася на Трафімавыя вячоркі, падчас якіх хлопцы выбіралі сабе нявест, а дзяўчаты – жаніхоў. Прычым у гэты дзень варта было не саромецца, а глядзець прама ў вочы абранніку альбо абранніцы, і тады павінна ўспыхнуць пачуццё ў адказ. Лічылася, што гэта Трафім дапамагае знайсці сваю другую палову і стварыць пару. Вось менавіта таму «На Трафіма шчасце не праходзіць міма…» Праверым?! 🙂

Нашыя продкі прыкмячалі: «Лісце 2-га кастрычніка з дрэў ападае – пара ставіць вуллі ў пчальнік», «Калі ў гэты дзень не пачаставаць мёдам жабрака, увесь год наступны нешчаслівым будзе», «Дзьме паўднёвы вецер на Трафіма – чакай добрага ўраджаю азімых», «Як пчолы 2-га кастрычніка заляпляюць ляткі ў вуллі, дык зіма будзе  халоднай і снежнай».

Вось што датычыцца апошняй прыкметы, дык хоць ты ідзі ды сама заляпляй ім ляткі! Каб снегу мець зімою… 🙂 Эх, каб усё гэта насамрэч спраўджвалася ў нашыя дні…

Трафім і Зосіма. Пчолы ляткі заляпляюць – зіма халодная і снежная.

Ну, а калі чалавек нарадзіўся 2-кастрычніка, быць яму добрым пчаляром! Пры жаданні… А можа, сярод нашых чытачоў якраз і ёсць такія?! Адгукніцеся! 🙂

Таксама да гэтага часу выспявалі айва японская і позняя абляпіха. На дачных і прысядзібных участках, агародах прыбіралі капусту позніх гатункаў.

Ну, а мы сёння альбо частуемся мёдам, альбо парадкуем пчальнікі, альбо… шукаем асабістага шчасця! Удачы ўсім вам, шаноўныя сябры, у любых справах і пачынаннях!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 30

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"