16.06.2024
16.06.2024

Народны каляндар на чэрвень

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Чэрвень – пачатак лета, сярэдні месяц года, мае 30 дзён. Назва яго тлумачыцца з`яўленнем чарвякоў, а таксама чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару.

Народны каляндар на чэрвень

У гэтым месяцы самы доўгі дзень года – 22 чэрвеня (працягласць болей 17 гадзін) – і самая кароткая ноч. У чэрвені асноўны занятак селяніна — нарыхтоўка сена. Вось якія парады давалі гаспадары на гэты конт: касі траву, пакуль луг не адкрасуе, бо пазней трава зацвярдзее і не будзе з яе карысці для жывёлы; да Пятра высушыш траву пад кустом, а на Пятра не сохне і на кусце. А каб звесці ў хлявах мух, якіх у чэрвені надта многа, рэкамендавалася, напрыклад, прыручыць ластавак, а таксама вешаць на сценах, пад стропам невялікія пучкі папараці: мухі садзіліся на зеляніну, а вечарам іх струшвалі ў мяшкі. Людзі прыкмячалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж – увесь месяц будзе сухі.

«Слушна» прапаноўвае нашым чытачам народны каляндар но кожны дзень чэрвеня.

да зместу

1 чэрвеня

У некаторых мясцінах лічылася, што менавіта сёння трэба загаворваць зямлю ад усякага ліха: непагоды, суроцаў і шкоднікаў. На гэты дзень у нашых продкаў было некалькі прыкмет. Калі ідзе дождж, лета будзе цёплым, а калі холадна – наступныя 40 дзён будуць халоднымі. Сачылі таксама за крумкачамі: калі яны ўсе садзяцца дзюбамі ў адзін бок – будзе моцны вецер.

2 чэрвеня

У народзе гэты дзень называлі Фалалей Агурочнік, таму што ў многіх раёнах саджалі агуркі: «Прыйшоў Фалалей, дасейвай агуркі хутчэй». Раней казалі, што да гэтага дня няма лета, але пасля яго ўжо не бывае зімы.

Былі такія прыкметы: шмат шышак на елках – да ўраджаю агуркоў; пчолы лётаюць вялікім роем – будзе дождж, лётаюць па адной – будзе суха; калі раніцай шмат расы, то наступны дзень будзе халодным.

да зместу

3 чэрвеня

У даўнейшыя часы людзі называлі гэты дзень Алена Лёнасейка, бо сяўбу хлябоў завяршалі, пачыналі сеяць лён. Апраналі чыстае адзенне, каб і лён вырас чысты. У кашолку з насеннем клалі вараныя яйкі, якія, прыехаўшы на ніву, сейбіт падкідаў угару, каб лён быў высокі, з буйнымі галоўкамі.

Былі такія прыкметы: калі ў гэты дзень непагадзь, то і восень будзе непагодлівай; калі дождж з градам, то будзе снег 3 снежня.

да зместу

4 чэрвеня

Васіліск – салаўіны дзень – так называлі сённяшні дзень у старыя часы. Па народным павер'і, у гэты дзень на свет з'явіўся цар змей Васіліск. Таму нашыя продкі імкнуліся нічога не рабіць ні ў хаце, ні на двары. А яшчэ 4 чэрвеня лічылася святам пявучых птушак.

Былі такія прыкметы: у гэты дзень нельга было працаваць у полі і гародзе, каб з зямлі не выраслі васіліскі; шмат аваднёў – да добрага ўраджаю; моцная раса – таксама азначала добры ўраджай сёлета.

Чрвень 2

да зместу

5 чэрвеня

Лявонаў дзень. Нашы продкі лічылі, што сёння нельга заглядацца на чужую працу, бо свая не заладзіцца. Былі такія прыкметы: калі трава раніцай моцна пахне, будуць зацяжныя дажджы; калі каля мурашніка шмат мурашак, будзе яснае надвор'е.

6 чэрвеня

У Сымонаў дзень у старыя часы за наваколлем назіралі пчаляры. Цёплае надвор'е і вылет пчол сёння азначаў багаты медазбор. Таксама лічылася, што ў гэты дзень пачынала цвісці шыпшына.

Былі такія прыкметы: калі ягаднікі цвітуць, то будзе шмат сыраежак; калі сёння шмат камароў, то ў ліпені будзе засуха; калі птушкі лётаюць нізка, то лета будзе дажджлівым.

7 чэрвеня

Ферапонт-худыя росы, Іванаў дзень. Нашы продкі лічылі, што ў ноч на 7 чэрвеня зямля замірае і выпадае на лугі падзь – салодкая на смак, але мёртвая, ад якой кветкі губляюць свае фарбы. Жывёлу ў гэты дзень выганялі толькі ў сонечнае надвор'е. Босымі па траве таксама не хадзілі.

Былі такія прыкметы: калі шмат расы, то будзе добры ўраджай; калі на рабіне шмат цвету, то ўродзіць авёс; калі рабіна не цвіце яшчэ – восень будзе ранняй і доўгай.

да зместу

8 чэрвеня

У старыя часы гэты дзень называўся Алфей-гліннік. У гэты дзень гаспадыні выветрывалі з посуду задуху. Для гэтага выносілі гладышы, кваснікі, гаршчкі з бабінага кута пад кусты квітнеючых галінак парэчкі, агрэсту альбо шыпшынніку.

Лічылася, калі сёння шмат камароў, то надвор'е будзе добрым.

9 чэрвеня

Дзень Хвядоры. «Хвядора – на язык калючая». У гэты дзень сяляне забаранялі жанчынам і дзяўчатам балбатаць паміж сабой – гэта абяцала вялікую бяду. Таксама казалі, што 9 чэрвеня нельга сварыцца, бо «Хвядора стаіць за кутом ды хоча даведацца аб таемным».

Стараліся не месці ў хаце ў гэты дзень – верылі, што дамавік залазіць пад венік, і яго можна вымесці разам са смеццем, а значыць, сваё шчасце страціць.

Чэрвень 3

да зместу

10 чэрвеня

У гэты дзень раней пад курэй падкладалі яйкі гусей. Цяжарныя жанчыны ў гэты дзень хадзілі ў поле, каб дзіця было моцным, як малады колас.

Былі такія прыкметы: ціхі дзень – да добрага ўраджаю; калі жанчына пачне нараджаць сёння на хлебнай ніве, то роды пройдуць лёгка, а дзіцё будзе здаровым.

11 чэрвеня

Хвядота. Як казалі ў народзе, «Хвядосся-каласяніца – жыта каласіцца». У гэты дзень жывёле давалі хлебны корм, каб яно лепш пладзілася. З дня Хвядоссі дзецям дазвалялася качацца на арэлях: да гэтага гэта строга забаранялася – лічылася, што такая забава можа занепакоіць зямлю, якая выношвае ўраджай.

Былі такія прыкметы: стаіць туман – будзе нізкі ўраджай хлеба; жыта закаласілася – будзе шмат грыбоў.

да зместу

12 чэрвеня

Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень гадзюкі і вужы ватагамі поўзаюць па лясах. У старыя часы казалі так: «На Ісака адбываюцца змяіныя вяселлі». Верылі, калі 12 чэрвеня ўкусіць змяя – ні адзін шаптун не зможа загаварыць. На гародзе ў гэты дзень саджалі бабы і фасолю.

Сёння забаранялася стрыгчыся, плесці, вязаць, вышываць, а таксама працаваць на зямлі, бо яна ў гэты дзень лічылася імянінніцай, якую нельга турбаваць. Таксама нельга было купацца, лічылася, што русалкі могуць уцягнуць у ваду.

да зместу

13 чэрвеня

У старыя часы гэты дзень называўся Ерамей-распрагальнік. Для сялян – гэта час заканчэння сяўбы. Сейбіты і аратыя пасля працы каталіся па траве, каб падужэць. Прыходзіў час падумаць пра коней, якіх распрагалі і вялі на раку купацца, пасля чаго прытомленых на ворыве адпускалі пасвіцца на лузе.

Прыкмецілі, калі ў гэты дзень зязюля куяе – будзе добрае надвор'е; ідзе дождж – будзе кепскае надвор'е.

14 чэрвеня

У гэты час сяляне звычайна аглядалі свае пасевы, што і адбілася ў прыказцы: «Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон – лён». Былі такія прыкметы: пахмурная раніца ў гэты дзень – да ўраджаю ярыны; дождж – да добрага ўраджаю ільну.

да зместу

15 чэрвеня

Нічыпар-дубадзёр, зялёныя святкі. З гэтага дня пачыналі дзерці новую кару – «дзерці лыка». Бяросту ў старыя часы выкарыстоўвалі для вырабу летняга абутку, каробак, кошыкаў і іншых гаспадарчых прылад. Дзяўчаты ў гэты дзень плялі з травы і кветак вянкі, прыкладалі да іх дубовыя галінкі, упрыгожвалі хаты бярозкамі і вадзілі карагоды.

На гэты дзень былі такія прыкметы: калі вераб'і б'юцца, то будзе добрае надвор'е; сплесці вянок сёння – да шчаслівага сямейнага жыцця; ад сёння можна акучваць бульбу.

да зместу

16 чэрвеня

У старыя часы нашы продкі назіралі за ветрам і па ім спрабавалі дазнацца, якім будзе бліжэйшае надвор'е. А ад гэтага залежала, за якую працу брацца селяніну.

«На Лук'яна не кладзіся спаць рана, а даглядай, адкуль вецер дзьме». Цягне вецер з поўдня – яравому кліну добры рост; дзьме вецер з гнілога кута (паўночны захад) – чакай непагадзі. Але ж больш за ўсё баяліся паўночна-ўсходняга ветру, які быццам бы прыносіў бесперапынныя дажджы, шкодныя пры наліванні жыта.

да зместу

17 чэрвеня

Раней, калі лета выдавалася гарачае, на Мітрафана гукалі паўднёвы вецер і прасілі яго прыгнаць дождж, а ў дажджлівы час прасілі, каб вецер разагнаў хмары. З гэтага дня пачыналі вывозіць гной на паравое поле, а таксама сеялі лён і грэчку.

Былі такія прыкметы: паўночны вецер на Мітрафана прадказваў кепскае надвор'е; калі ўжо паспелі суніцы, тады пара сеяць грэчку. Таксама нашы продкі лічылі, што ад сённяшняга дня лён пачынае расці на ўсю моц.

да зместу

18 чэрвеня

Дарафееў дзень. У народзе верылі, што на Дарафея сняцца прарочыя сны і квітнее сон-трава. Калі знайсці такую кветку, то яна можа ад бессані выратаваць, бо сцішае душэўны непакой, дае сэрцу роўнае біццё.

Былі такія прыкметы: калі на Дарафея цёпла – зерне будзе буйным; калі ў першай палове дня выпалаць пустазелле (траву на гародзе), то яно болей не вырасце.

19 чэрвеня

У старыя часы дзень называўся Ларыён-прапольнік. З гэтага дня звычайна пачыналася праполка палёў і гародаў. Казалі: «Прыйшоў Ларыён – благую траву з поля вон». У народзе лічылі, калі 19 чэрвеня пустазелле не вырваць, то ў будучыні прыйдзецца ўвесь час з ім змагацца.

Былі прыкметы: калі на Ларыёна яснае і цёплае надвор'е, то зерне ўродзіцца; калі дзень Ларыёна выпадае на поўню (поўны Месяц), то змагацца з пустазеллем бессэнсоўна.

Лісічкі

да зместу

20 чэрвеня

Менавіта з 20 чэрвеня людзі, нарэшце, пачыналі хадзіць на вадаёмы і купацца — да гэтага дня было нельга, бо лічылася, што злыя духі могуць пацягнуць чалавека пад ваду.

У гэты дзень нашы продкі прыкмецілі, што калі ідзе дождж – будзе дрэнны наліў коласа; цёплы дзень – да добрага ўраджаю; грыміць гром – непагадзь надоўга.

21 чэрвеня

Хведар (Тодар) Калодзежнік. «На Тодара раса – лета сухое і ўраджайнае». Людзі наймалі ў гэты дзень калодзежнікаў, якія капалі і чысцілі студні. Капальнікі вечарам прыкмячалі месца, дзе пар з зямлі моцна ўздымаўся, і пакідалі там патэльні, перакульваючы іх. На другі дзень, калі сонца за поўдзень пакоціцца, патэльні здымалі. Так правяралі тры разы: на тым месцы, дзе была вільготная ўсярэдзіне патэльня, капалі калодзеж.

У старыя часы людзі верылі, што сабраныя сёння травы — гаючыя (лячэбныя), а загаданыя сёння жаданні — збудуцца.

да зместу

22 чэрвеня

Гэта астранамічны пачатак лета, дзень летняга сонцастаяння. На Кірылу – канец вясне, пачын лету – лічылася ў Беларусі ў мінулым. Казалі так: «З Кірылавага дня – што сонейка дае, то ў мужыка ў свірне». У гэты дзень надыходзіў час касіць ды сена сушыць.

Былі такія прыкметы: калі жыта цвіце, то прыйшоў час касіць і сушыць сена; вароны часта крычаць – хутка пойдуць дажджы.

23 чэрвеня

Нашы продкі лічылі, што сёння любыя знакі і прыкметы не абяцаюць нічога добрага. Казалі, што шчаслівая тая вёска, дзе ніводнаму чалавеку нічога не здасца ў гэты дзень. «На Цімафея знакі – да галоднага года».

Былі такія прыкметы: калі на таку заўважылі мышэй, то год будзе галодным; калі дзень сухі – ураджай будзе няўдалым; калі ў поле прыходзілі ваўкі – будзе знікаць жывёла.

24 чэрвеня

У старыя часы людзі верылі, што гэта дзень цудаў, чараўнікоў і вядзьмарства. Таму забаранялася ірваць траву, бо лічылі, што па ёй апоўдні качаецца невядомая сіла, якую нельга турбаваць і якая праз траву можа перадаць чалавеку ліха.

Былі такія прыкметы: на Варнаву ні ў якім разе нельга ірваць траву; таксама нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень нячыстая сіла спутвае хамуты і лейцы, таму з імі трэба было быць вельмі асцярожнымі. Была яшчэ такая прыкмета: калі ў гэты дзень туман стаіць, то будзе шмат грыбоў.

Кветкі

да зместу

25 чэрвеня

З гэтым днём у народным календары звязвалі паспяванне на ўзвышшах суніц. Таксама было прынята сеяць да абеду якое-небудзь белае зерне, а па абедзе – чорнае. Верылі – гэта гарантавала поспех.

Былі такія прыкметы: калі стаіць спёка, будзе добры ўкос сена; калі ідзе дождж – касіць давядзецца ў мокрае надвор'е. Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень сонца паварочваецца на зіму, а лета – на спёку.

26 чэрвеня

У старыя часы людзі называлі гэты дзень Акуліна-задзяры хвасты. З гэтага часу жывёла ад сляпнёў ды аваднёў моцна пакутуе і часам бегае, высока задраўшы хвост, адмахваючыся ад надакучлівай машкары. Таму стараліся выганяць жывёл на папас як мага раней, а як толькі сонца пачынала прыграваць – вярталі ў хлявы.

Былі такія прыкметы: калі на Акуліну папіць малака, то можна нашкодзіць свайму здароўю; калі на Акуліну шмат машкары – добрае надвор'е будзе трымацца яшчэ доўга.

да зместу

27 чэрвеня

У гэты дзень, калі стаяла спёка, ірвалі ў канавах крапіву і секлі яе. Гэта быў абрад для выкліку дажджу, які гарантаваў ураджай. З іншага боку, дажджлівае 27 чэрвеня абяцала сем тыдняў непагадзі.

Існавалі і іншыя прыкметы на гэты дзень. Рыба гуляе ў рацэ – ноччу можа быць навальніца. Шмат камароў – ураджай на ягады, а шмат мошак – на ўраджай грыбоў.

28 чэрвеня

У гэты дзень нашы продкі казалі так: «Прарок Амос цягне ўгару авёс».

Таксама прыкмецілі, калі 28 чэрвеня будзе дождж – гэта дрэнна для жыта. Стараліся ў гэты дзень з рук у рукі нічога не перадаваць, на зямлю не кідаць, каб шчасце не знікла. Таксама людзі лічылі, што сёння нельга выпускаць у поле скаціну, каб не аб'елася сочнай зелянінай.

да зместу

29 чэрвеня

Дзень завяршэння сяўбы жыта і пачатак вывазу гною. У народзе Ціхан (гэтаму святому прысвячалі нашы продкі гэты дзень) асацыяваўся з ціхім днём: «На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае».

У гэты дзень талакой чысцілі хлявы, двары, а потым садзіліся абедаць усе разам – ладзілі свята для працаўнікоў, якія ўгнойвалі палі.

30 чэрвеня

Нашы продкі казалі, што на дзень прарока Манулы сонца застойваецца, гэта значыць, марудзіцца ў зеніце. У даўнія часы людзі лічылі, што ў апошні чэрвеньскі дзень бывае марыва, якое ў моцную спякоту паднімаецца выпарэннем ад зямлі, вагаецца і выклікае ў людзей мроі.

Былі такія прыкметы: калі ўсход яркі, ураджай будзе багатым; вячэрняя вясёлка азначае добрае надвор'е назаўтра; чырвоны захад сонца – чакайце ветраў і непагадзі.

Слушныя парады грыбнікам

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.