02.04.2021
02.04.2021

Тры «М» прафесара Арцішэўскага: Маці, Мова, Медыцына

logo
Асобы i лёсы
0 335
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Працаваць у 87 гадоў у сферы медыцынскай адукацыі, мець выдатную памяць, светлы розум, павагу і пашану ад студэнтаў. Пранесці любоў да беларускай мовы праз усё жыццё. Складаць вершы, у якіх паядналіся лірыка, грамадзянская пазіцыя, цікавы аповед, душэўнасць, прыстойнасць. Напісаць першы ў гісторыі падручнік па сваёй спецыяльнасці на роднай мове, выкладаць на ёй прадмет. Быць годным прадстаўніком вялікай медыцынскай дынастыі. Усё гэта – ён, шаноўны выкладчык БДМУ Аляксандр Аляксандравіч Арцішэўскі. Знаёмімся і захапляемся!

Аляксандр Арцішэўскі. Прафесар БДМУ.

Візітоўка

Аляксандр Аляксандравіч Арцішэўскі – доктар медыцынскіх навук, прафесар. Скончыў Мінскі медінстытут. Працаваў лор-урачом аддзялення абласной клінічнай бальніцы, галоўным урачом Мінскай раённай станцыі хуткай дапамогі. Аспірант, асістэнт, дацэнт, прафесар кафедры гісталогіі, цыталогіі і эмбрыялогіі МДМІ. Працаваў кансультантам загадчыка кафедры гісталогіі ў Мангольскай Народнай Рэспубліцы. Аўтар і сааўтар больш за 250 навуковых працаў, у тым ліку 12 манаграфій і вучэбных дапаможнікаў.

Мова стасункаў, падручніка, вершаў

Папярэдне акрэсліўшы ў тэлефоннай размове з прафесарам, якія пытанні мяне найперш цікавяць, пры сустрэчы адразу ж аддаю ініцыятыву яму. І шчыра прызнаюся: такое кранальнае, трапяткое стаўленне да роднай мовы нячаста сустрэнеш.

– Беларуская мова – інструмент, які дазваляе выхоўваць душу, – сцвярджае Аляксандр Аляксандравіч.

І адразу ж падмацоўвае гэта аўтабіяграфічным вершам «Святыні» са свайго зборніка «Тарнова»:

Ад калыскі вясковай,

Як у казачным сне,

Маці й родная мова

Гадавалі мяне.

Ці то меў я паразу,

Ці жар-птушку лавіў,

А сумленнем ні разу

Па жыцці не крывіў.

І куды б ні закінуў

Няўрымслівы лёс,

Шчырасць вернага сына

Ў сваім сэрцы пранёс.

Зведаў голад і смагу,

Шмат сустрэч і дарог,

А пяшчоту й павагу

Я да мовы збярог.

І ў вясёлым прыволлі,

І ў самотнай журбе,

Беларусь, я ніколі

Не здрадзіў табе!

Найвялікшым багаццем

Свайго сэрца дзялюсь:

Гэта памяць пра маці,

Вера у Беларусь!

А вось такі ён, гэты прафесар! На сваіх лекцыях, занятках, падчас стасункаў са студэнтамі чытае ім вершы, свае і не свае. Мо, таму яго стаўленне запамінаюць настолькі, што хтосьці з дзяўчат-выпускніц нават прыводзіць мужа, каб пазнаёміўся з выкладчыкам.

– Мне лёс заўсёды падкідваў варыянты, магчымасць вырашаць па-іншаму, – задуменна дзеліцца думкамі Аляксандр Арцішэўскі.

І сапраўды, як яшчэ вытлумачыць тое, што вясковы хлопец здолеў напачатку паступіць у медвучэльню, а тады і ў медінстытут? Так імкнуўся працаваць урачом, няхай сабе ў самым глухім куточку Беларусі, а яго бачылі ўсё больш на адміністрацыйных пасадах? На мяжы чалавечых магчымасцяў спалучаў вучобу і працу, а ўсё ж стаў выкладчыкам? Мог бы займацца касмічнымі распрацоўкамі ў Маскве, але застаўся ў роднай Беларусі?

Каб зразумець гэта, трэба абавязкова ўлічыць яшчэ адну акалічнасць – каханне і стварэнне новай сям’і, якая часцяком патрабуе рабіць пэўны выбар. Паколькі па правілах таго часу зяць не мог працаваць разам ці побач з цесцем, давялося забыцца на акушэрства. А ісці ў тэрапію, у якой падчас навучання шчыраваў медбратам 5 гадоў, не дазволіла жаданне жонкі расці прафесійна менавіта як тэрапеўт – на замену сваёй маме.

Дарэчы, Нэлю пасля аспірантуры ўзялі на працу асістэнтам на кафедру толькі пасля таго, як яе маці, Ганна Іванаўна Веннер, напісала заяву аб сыходзе на пенсію. Дацэнт, поўная творчых сіл, узнагароджаная за выдатную працу ў эвакуацыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны… Выгадаваць дзяцей, зберагчы сям’ю, абаім вырасці ў прафесіі да згаданага ўзроўню было магчыма толькі ў тым выпадку, калі ўлічваць інтарэсы кожнага, дапамагаць адно аднаму і ісці на кампрамісы.

Вось і атрымалася так, што Аляксандр Арцішэўскі прыйшоў менавіта ў гісталогію і ў рэшце рэшт палюбіў яе. Прычым палюбіў настолькі, што ў свой час захацеў выкладаць прадмет на роднай беларускай мове. Пры актыўнай падтрымцы і шчырай зацікаўленасці тагачасных студэнтаў стварыў падручнік «Гісталогія з асновамі цыталогіі і эмбрыялогіі» (2000 г., 311 старонак) з невялікім тэрміналагічным слоўнікам.

А ў прадмове сказаў літаральна наступнае: «Напісанне падручніка на беларускай мове прадыктавала само жыццё. У апошняе дзесяцігоддзе ў МДМУ прыйшлі студэнты, якія выказалі і выказваюць жаданне вывучаць прадмет на роднай мове. Васьмігадовы вопыт беларускамоўнага навучання па гісталогіі дае падставу сцвярджаць, што студэнты атрымліваюць глыбокія і трывалыя веды, глыбей спазнаюць здабыткі беларускай нацыянальнай культуры, у іх выхоўваецца павага да культурнай і моўнай спадчыны свайго і іншых народаў».

Калі Аляксандр Аляксандравіч распавядаў па парадку пра свае навучальныя ўстановы (школа ў сувязі з пераездамі сям’і была не адна), я ўвесь час пыталася, на якой мове ішло выкладанне ў кожнай. Што тычылася школьнай адукацыі, дык нязменна чула: на беларускай. Вучэльня і інстытут – на рускай. Але…

– Пры паступленні ў медінстытут мова зрабіла сваю справу, – сцвярджае мой суразмоўца. – Я скончыў вучэльню з чырвоным дыпломам і быў уключаны ў 5-працэнтны спіс актывістаў. У той час такіх абітурыентаў пры паступленні ў медінстытут чакала толькі сумоўе з рэктарам. І гэты рэктар пачаў размаўляць са мной на мове. А я, зразумела, яму адказваў таксама па-беларуску. Атрымаўся дыялог, вынікам якога сталася: «Усё, ты – студэнт».

І хто б мог падумаць, што менавіта гэтая навучальная ўстанова, пазней пераўтвораная ў медуніверсітэт, стане другім домам для Аляксандра Аляксандравіча. І што каханне, якое ён сустрэне тут жа, будзе доўжыцца больш за 60 гадоў.

Аляксандр Арцішэўскі-1.

4 пакаленні і фельчар палка

– А гэта не пра вашу медыцынскую дынастыю было відэа, толькі спрэс жаночае, бо здымалася да 8 Сакавіка колькі гадоў таму? – пытаюся ў прафесара пра тое, што мяне найбольш цікавіць пасля мовы.

Набіраю на яго камп’ютары ў пошукавіку неабходныя дадзеныя, паказваю відэа.

– Так, гэта мае прыгажуні! – кажа Аляксандр Аляксандравіч, – толькі штосьці я такіх здымкаў і не памятаю…

А мне, напрыклад, шкада, што там не ўзгадвалася пра ўрачоў-мужчын, апрача мужа ўнучкі – мімаходзь.

Ну што ж, 8 Сакавіка даўно прамінула. Узнаўляем гістарычную  справядлівасць!

Калі глядзець на продкаў Аляксандра Арцішэўскага, дык сярод іх быў  медыцынскі работнік, яго дзед. Праўда, не ўрач, фельчар, але – знакамітага Пецярбургскага палка. Нездарма яго сын, будучы бацька Аляксандра, стаў выхаванцам Полацкага кадэцкага вучылішча. Дысцыпліна ў сям’і – перш за ўсё! Але гэта значыць – мінус пакаленне ў медыцынскай дынастыі: большую частку жыцця бацька адпрацаваў бухгалтарам.

А бесперапынная медыцынская дынастыя пачалася, калі Аляксандр пабраўся шлюбам са сваёй Нэляй. І яе паступленне ў тагачасны медінстытут не сталася выпадковасцю, бо тата – акушэр, мама – тэрапеўт. З самых малых гадоў медыцынскія размовы ў сям’і дзяўчынкай і яе братам успрымаліся, як натуральная з’ява. А сцены сённяшняга медуніверсітэта (ці ўнівера, як услед за студэнтамі называе яго мой суразмоўца) дагэтуль памятаюць бацьку Нэлі – Старавойтава Івана Мацвеевіча.

Акушэр-гінеколаг, заслужаны дзеяч навукі БССР, доктар медыцынскіх навук, прафесар, удзельнік дзвюх войнаў, актыўны грамадскі дзеяч. Яму таксама давялося шмат працаваць і тэарэтычна, і практычна. Былі цяжкасці і перашкоды, дасягненні і адкрыцці… Іван Старавойтаў – аўтар больш за 100 навуковых працаў, у тым ліку трох манаграфій, двух вучэбных дадаткаў, артыкулаў для Беларускай савецкай энцыклапедыі. Узнагароджаны 2 ордэнамі, у тым ліку баявым, медалямі, трыма Ганаровымі граматамі ВС БССР.

У цэнтры – Нэлі Арцішэўская, Іван Старавойтаў, Аляксандр Арцішэўскі.

Услед за татам і мамай пасля практычнай працы ў клініках выкладаць медыцынскую навуку ў 1963 годзе ў БДМІ прыйшла і дачка Нэлі, ужо – Арцішэўская. Доктар медыцынскіх навук, прафесар (1-я кафедра ўнутраных хваробаў), аўтар больш за 250 навуковых працаў, у тым ліку трох манаграфій – у сааўтарстве. Шмат гадоў з’яўлялася членам ГЭК лячэбнага факультэта. Выконвала вялікую кансультацыйную працу ў аддзяленнях 11-й ГКБ Мінска, прафесарска-кансультацыйным цэнтры. Узнагароджана медалём імя С.П.Боткіна АМН СССР, медалём «Выдатнік аховы здароўя». А на заслужаны адпачынак пайшла нядаўна…

І вось кім яшчэ магла стаць дачка Арцішэўскіх Марына, як не медыцынскім работнікам?! Пасля заканчэння медінстытута яна працавала ўчастковым тэрапеўтам у паліклініцы №14 Мінска. Затым вучылася ў аспірантуры на 2-й кафедры ўнутраных хваробаў. Асістэнт, дацэнт кафедры. З 2010 года Марына Саўчанка – намеснік дэкана лячэбнага факультэта БДМУ.

А затым – Насця, Настачка, дачка Марыны, унучка Аляксандра і Нэлі Арцішэўскіх.Так, медыцына, медыцынскія размовы – зноў з дзяцінства. Але яшчэ – абавязковая для жаночай часткі сям’і музычная адукацыя. Мара пра акцёрскую прафесію. А ў выніку – атрыманне спецыяльнасці «акушэр-гінеколаг» і муж-урач. Праца ў 1-й гарадской клінічнай бальніцы. Зараз Настасся Кудрыцкая – у адпачынку па доглядзе другога дзіцяці.

– Будучыя ўрачы падрастаюць? – жартаўліва пытаюся ў Аляксандра Аляксандравіча.

А затым даведваюся, што зусім не першай задаю такое пытанне і так жартую. Вось яна якая, медыцынская дынастыя. А магчыма, нават і не ўся, задуменна зазначае Аляксандр Аляксандравіч. Маўляў, калі яго брат займаўся радаводам, дык шмат чаго цікавага знайшоў. Ды і з боку жонкі пералічылі не ўсіх…

Студэнты-медыкі ва ўсе часы – падобныя

60 гадоў працы са студэнтамі – тэрмін немалы. І мне ўсё карцела даведацца, наколькі яны змяніліся ва ўспрыманні Аляксандра Аляксандравіча. Але ён здзівіў мяне сцвярджэннем, што асаблівых адрозненняў і не бачыць. Практычна не было тых, з кім бы даводзілася ваяваць. А ў прыязнасць стасункаў так верыцца, калі разглядаю памятную таблічку: «Лепшаму Выкладчыку Арцішэўскаму Аляксандру Аляксандравічу ад студэнтаў 271 групы. 2011 год». Тут табе і адносіны, тут табе і мова.

– Калі ў мяне выйшаў падручнік на беларускай мове, тагачасныя студэнты так радаваліся, – прыгадвае прафесар. – Беглі, каб аўтограф узяць. А я тады зрыфмаваў такі дарэнчы надпіс:

Заўсёды, у радасці і скрусе,

Не забывайце аб адзіным:

Вы – будучыня Беларусі,

У вас ёсць мова і Радзіма.

Нават немагчыма падлічыць, колькі за  дзесяцігоддзі працы ў медыцынскай ВНУ ў Аляксандра Арцішэўскага было студэнтаў. Ён, вядома ж, не можа ўсіх памятаць. А яго – памятаюць. І бываюць нават кур’ёзныя выпадкі.

– Часцяком падыходзіць да мяне чалавек і кажа: «Я ў вас вучыўся, я вам здаваў іспыт», – распавядае Аляксандр Аляксандравіч. – А я пытаюся: «Скажыце, а адзнака хаця б прымальнай была?» Бо не памятаю… А ўвогуле, студэнты-медыкі – яны асаблівыя. Над імі ўвесь час вісіць усведамленне, што ім трэба кімсьці стаць. Бо гэтыя няшчасныя людзі ўвесь час будуць да іх ісці, з верай і па дапамогу. Гэта адказнасць. У нас адкрытыя размовы, студэнты мне давяраюць.

У свой час напісаў мой суразмоўца і такія радкі:

Усім трэба ўцяміць, дарэчы:

Не можа ўрач па жыцці

Між гора і бед чалавечых

Паходкаю лёгкай ісці.

Прашу Аляксандра Аляксандравіча параўнаць сябе ў студэнцтве са студэнтамі цяперашнімі. І зноўку ён ні на хвіліну не задумваецца:

– Сучасныя дзеці многага не разумеюць. Мы ж былі галодныя, дарослыя, адказныя. Яны – адукаваныя, шмат чаго чытаюць, больш прагматыкі, мабыць. Гэта, можа, і добра. Мы ж заўсёды казалі, што савецкія – самыя шчаслівыя. Але чамусьці былі надта бедныя, надта галодныя і ў чымсьці нават надта прымітыўныя.

І ўсё ж… Столькі зроблена Аляксандрам Арцішэўскім у медыцыне, навуцы, навучанні і выхаванні, нягледзячы на такі погляд на ўласнае юнацтва. Бо ставала настойлівасці, прыстойнасці, імкнення зрабіць свет лепшым, а іншых людзей – больш здаровымі, шчаслівымі, паспяховымі.

Аляксандр Арцішэўскі-2

Пра ўсё і ўсіх – радкамі вершаванымі

Уласную кніжку вершаў Аляксандр Аляксандравіч займеў у 2019 годзе. Напачатку, кажа, і не думаў пра гэта – калега пераканаў, што вершы павінны пабачыць свет. І ёсць сярод іх настолькі шчымлівыя, пранізліва-кранальныя, што немагчыма чытаць без хвалявання. Асабліва прысвечаныя сям’і і родным, а найперш – маме.

Сваю любоў да яе Аляксандр Арцішэўскі таксама пранёс праз гады. І мова беларуская ад маці, і любоў да паэзіі – найперш ад яе, і своеасаблівы наказ ісці па жыцці годна. У 2001 годзе ён напісаў верш-прысвячэнне «Марыі Андрэеўне Забела», які пачынаецца так:

Нямала мной пабачана з гадамі…

Ўжо на крыло ўстае дарослы ўнук,

А для мяне твае парады, Мама,

Каштоўней многіх сённяшніх навук.

У плённай працы, у складанні верша,

З лянотай у няроўнай барацьбе

Я разумею, што ўсім найлепшым

Перш-наперш абавязаны табе.

Каб не згубіцца ў вечным бездарожжы

Людскіх амбіцый, зайздрасці, хлусні,

Я вымяраць імкнуся крок свой кожны

Тваім аршынам праўды, дабрыні.

Захаваліся ў майго суразмоўцы любоў і прыязнасць да месца пад назвай Тарнова, якое і дало назву зборніку вершаў. Зараз Тарнова – аграгарадок у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Асноўная яго славутасць – сядзіба, пабудаваная ў 1884 годзе. Цяпер яна цалкам адрэстаўраваная звонку, але ўнутранае ўбранне страчанае.

Менавіта ў гэтай сядзібе жыло сямейства Арцішэўскіх, калі бацьку перавялі ў Тарнова на працу, дзе ствараўся новы саўгас. У тым жа будынку размяшчаўся і яго кабінет бухгалтара. І калі ўжо ў сталым узросце брат прапанаваў Аляксандру Аляксандравічу паўдзельнічаць у вандроўцы, якая ладзілася ў тыя мясціны, ён пагадзіўся. І вось што адчуў:

… Пры сустрэчы згубіліся словы,

Вязне ў горле самотны ком…

Вось ад гэтых прыступак, з Тарнова,

Ў белы свет я пайшоў юнаком.

Пасівелы стаю каля дома,

Што палацам звалі тады…

Здэцца, той ён, і незнаёмы,

А між намі – гады і гады…

Больш за тры з паловай гадзіны нашай размовы ў працоўным кабінеце прафесара ў БДМУ, нязмушаных стасункаў на беларускай мове, а Аляксандр Аляксандравіч Арцішэўскі ўсё такі ж бадзёры і актыўны. Дык няхай яго прыгожае даўгалецце будзе толькі ў радасць!

Фота аўтара і з сямейнага альбома Аляксандра Арцішэўскага

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 335

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".