Ліпень пякучы, але даручы.
Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае.
Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе.
У ліпені з касой мужык, а баба з сярпом, але ў хаце ладком.
Ліпень што спаліць агнямі, тое салье дажджамі.
Сучасная беларуская назва сярэдняга, самага спякотнага месяца лета паходзіць ад слова «ліпа». (Дрэва квітнее менавіта ў гэтую пару).
У старабеларускіх крыніцах, акрамя назвы липець, сустракаецца яшчэ чирвець, што захавалася дагэтуль, напрыклад, у чэшскай, славацкай і беларускай мовах (чэрвень) у папярэднім месяцы.
Ліпень – самы дажджлівы месяц года, палова дзён яго бывае з ападкамі, вызначаецца недобранадзейнасцю надвор`я і, асабліва, ліўнямі. Здараецца і сухая пара. У народзе прыкмячалі: калі паспелі чарніцы, то паспела і жыта. Ліпень дорыць чалавеку спелыя лясныя і садовыя ягады, першыя грыбы.
Прапануем вам народны каляндар на ўсе дні месяца.
да зместу1 ліпеня
У народзе гэты дзень называлі Фядулавым. Казалі: «Фядул на двор зазірнуў – пара сярпы тачыць, да жніва рыхтавацца загадзя». У гэты дзень плялі вянкі з галінак бярозы, ішлі на бераг ракі, бо верылі, што праз гэтыя вянкі можна ўбачыць родных, якія знаходзяцца зараз у іншых краях.
Былі такія прыкметы: каб стаць прыгожай і здаровай, дзяўчыне трэба было памыць твар сенакоснай расой; калі з раніцы яркая зара, будзе вельмі добрае надвор'е.
да зместу2 ліпеня
Старыя людзі гэты дзень называлі Зосіма, гэта быў дзень пчаляроў. Раней казалі так: «На Зосіму пчолы пачынаюць мёд заносіць, соты заліваць».
Нашы продкі прыкмецілі: калі пчолы моцна ляцяць да сваіх вуллёў, то хутка будзе дождж; калі пчолы сядзяць на сценках вулея — да моцнай спёкі.
3 ліпеня
У старыя часы гэты дзень лічылі святам паляўнічых-перапёлачнікаў. З гэтага дня старыя людзі назіралі за зімовым хлебам: дзе над ім носіцца павуцінне, лётае машкара, там і будуць збірацца перапёлкі. Кожны паляўнічы імкнуўся злавіць белую птушку, што прарочыла далейшы поспех у лоўлі.
Былі ў гэты дзень такія прыкметы: калі пойдзе дождж, то будзе ісці сорак дзён; убачыць белую перапёлку – да вялікай удачы; калі атрымаецца яе паймаць – усё жыццё будзеш трымаць удачу за хвост.
да зместу4 ліпеня
У даўнія часы ў гэты дзень у нашых продкаў было прынята займацца зборам кветак ліпы, з якіх рыхтавалі розныя адвары і зёлкі. Ліпавым адварам гаспадыні нават паілі жывёлу і хатнюю птушку – каб здаровай была і добра пладзілася.
Лічылася, што ў ноч на 4 ліпеня сняцца прарочыя сны. Былі такія прыкметы: ранішняя раса доўга не прасыхае – будзе навальніца; гром грыміць – непагода будзе працяглай; калі пройдзе дождж і пасля яго пачне свяціць яркае сонца, то да вечара ізноў будзе дождж.
да зместу5 ліпеня
Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень «прыгажосць зямная і нябесная сходзяцца». Раней у гэты дзень было прынята чысціць калодзежы, а таксама хадзіць у лес і вязаць венікі для лазні.
У нашых продкаў на гэты дзень былі такія прыкметы: калі дождж памочыць, будзеш з хлебам; увечары гуляе месяц – да добрага ўраджаю.
6 ліпеня
Напярэдадні (і ў ноч) Купалля нашы продкі збіралі лячэбныя карэнні і травы. У гэты дзень нават старыя купаліся ў рэчках, мыліся і парыліся ў лазнях, ужываючы пры гэтым для вылечвання ад хвароб розныя духмяныя травы. Лічылася, што сабраныя ў гэты час зёлкі і карэнні маюць вялікую гаючую сілу.
Была такая прыкметы: пакупацца ў гэты дзень – прыдбаць здароўе і маладосць.
да зместу7 ліпеня
Працяг купальскага свята, якое доўжылася ўсю папярэднюю ноч. «Учора было Купалле, а сёння Ян...», – спяваецца ў народнай песні. У гэты дзень было прынята пачынаць сенажаць, пакуль трава не абсыпалася.
Былі такія прыкметы: моцная раса на Яна – да ўраджаю агуркоў; калі ўмыцца купальскай расой і пакупацца ў рацэ – прыбавіцца здароўе і прыгажосць; травы, сабраныя ў гэты дзень, лічыліся гаючымі (цалебнымі); калі пераскочыць праз купальскае вогнішча, то ўсе беды і хваробы згараць; а яшчэ людзі ў старыя часы лічылі, што на Купалле сняцца прарочыя сны.
да зместу8 ліпеня
Раней лічылі дзень Пятра і Хяўронні шчаслівым, днём кахання. Ад 8 ліпеня нашы продкі чакалі яшчэ сорак спякотных дзён.
Былі такія прыкметы: калі ў гэты дзень ідзе дождж, то будзе добры ўраджай мёду; свінні і мышы сена ядуць – да дрэннага пакосу.
9 ліпеня
У старыя часы людзі казалі, што да 9 ліпеня паспяваюць суніцы, таму моладзь адпраўлялася па гэтыя ягады ў лес. Было такое павер'е: хто жадае пазычыць грошы ў гэты дзень, той павінен пакласці траву суніцы ў кішэню і тады ўжо ісці па пазыку – адмовы не будзе.
Былі такія прыкметы: калі ідзе дождж, то лета да канца будзе дажджлівым; сонечны дзень прарочыць добрае надвор'е да самай восені.
да зместу10 ліпеня
У старыя часы гэты дзень называлі Самсон-сенагной. Самсона празвалі «сенагноем», бо «Самсон сена загнойвае». Гэта значыла, што сена, якое скошана і нарыхтавана ў гэты дзень, прападзе.
У нашых продкаў на 10 ліпеня былі такія прыкметы: калі на Самсона дождж, то да бабінага лета будзе мокра; лес без ветру шуміць – да дажджу.
11 ліпеня
Сяляне рабілі крапіўныя нарыхтоўкі, бо лічылася, што гэта апошні дзень, калі крапіва ў гаючай сіле. Гаршчок супу з крапівы ставілі ў гэты дзень перад касцамі і гасцямі. Належала вечарам, пасля працоўнага дня, натапіць лазню і пахвастацца венікам з крапівы, каб пазбавіцца ад бруду на целе.
Духмяны боршч з крапівы. Сакрэты прыгатавання
У старыя часы на гэты дзень былі такія прыкметы: калі клён «плача», то праз некалькі дзён будзе дождж; калі зязюля змоўкла, то зіма будзе ранняй; колькі птушак у небе налічыш, столькі будзе цёплых дзён сёлета.
да зместу12 ліпеня
У гэты дзень нашы продкі адзначалі на беразе возера ці ракі свята Пятра і Паўла. Вадзілі карагоды, спявалі песні-пятроўкі. Дзяўчаты ў гэты дзень хадзілі ў лес варажыць на вянках, каталіся з хлопцамі на арэлях, таму ў пятроўскіх песнях шмат шлюбных матываў. «Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйдзе Ілля – наробіць гнілля».
Былі такія прыкметы: калі ў гэты дзень ідзе дождж, то ўвесь сенакос будзе мокрым; калі ж за дажджом хутка стане сонечна, то будзе вельмі добры ўраджай.
да зместу13 ліпеня
Гэты дзень лічыўся верхавінай лета, з якой звязвалі шмат працы. У народзе так і казалі: «Баба б скакала, ды верхавіна лета надышла!» У гэты дзень у ранейшыя часы нашы продкі пачыналі араць ці баранаваць поле.
У некаторых мясцінах былі такія прыкметы: калі раніцай росна, то хутка будуць дажджы; калі жабы грэюцца на сонцы, то набліжаецца моцная спёка; калі зязюля кувае, то лета будзе зацяжным і гарачым, а восень позняй.
да зместу14 ліпеня
Летнія Кузьмінкі – так называлі гэты дзень у старыя часы. Свята кавалёў, а таксама жаночае і дзявоцкае свята. У гэты дзень у гародах палолі грады, вырывалі каранёвую гародніну, была сенажаць. Сельскія жанчыны паспявалі не толькі папрацаваць, але і адзначыць сваё свята. На пакос прыносілі крупы, пасля працы ссыпалі іх у агульны кацёл і варылі кашу, каб усёй талакой паесці з адзінага чыгуна, а значыць, падзяліцца сілай.
Чароўныя ўласцівасці кашы, ці чаму каша не губляе папулярнасці
Былі такія прыкметы: калі вецер дзьме з захаду, то будзе дождж; калі ў месяца чырванаватае адценне, то будзе моцны вецер; калі на дрэвах ужо з'явілася жоўтае лісце, то восень будзе ранняй.
да зместу
15 ліпеня
У гэты дзень нашы продкі ўшаноўвалі Берагіню – ахоўніцу сялянства. Казалі, што яна абыходзіць падуладныя ёй тэрыторыі і дапамагае бедным. У гэты дзень жанчыны выносілі святочныя ручнікі, на якіх былі вышытыя знакі расы і нябесных хлябоў. Гэтымі ручнікамі пасля цяжкай працы сяляне выціралі твары.
Былі такія прыкметы 15 ліпеня: шмат крылатых мурашак – надвор'е будзе дажджлівым; калі на траве з'явілася буйная раса – надвор'е будзе мокрым; жоўтае лісце на дрэвах – восень будзе ранняй.
да зместу16 ліпеня
Гэты дзень лічыўся нешчаслівым: ніякую справу пачынаць было не варта, трэба было быць асцярожным. Нашы продкі прыкмецілі, што 16 ліпеня часта бываюць навальніцы.
Была такая прыкмета: калі ў гэты дзень камары і мошкі круцяцца па коле, гэта абяцала добрае надвор'е на бліжэйшыя сем дзён.
17 ліпеня
У гэты дзень завяршаўся працэс выспявання жыта. «На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да паловы дарос».
Нашы продкі прыкмецілі: якое надвор'е 17 ліпеня, такое будзе і 11 жніўня. У гэты дзень, як правіла, ішоў дождж. Была яшчэ адна прыкмета: калі да сёння выспела шмат ягад – будзе суровая зіма.
18 ліпеня
Па народных павер'ях, гэты дзень быў «месяцавым святам». У паселішчах увечары выходзілі глядзець на «гулянне» месяца. Калі месяц пры ўзыходзе сваім быў бачны, то здавалася, што ён быццам перабягаў з месца на месца або змяняў свой колер і хаваўся за аблокі. «Гулянне» месяца абяцала добрыя ўраджаі, казалі: «Добрыя гульні месяца – добры ўраджай і ўборка яго».
Былі такія прыкметы: калі месяц вельмі добра бачны, то ў бліжэйшыя дні будзе сухое і добрае надвор'е.
да зместу19 ліпеня
У некаторых мясцінах у гэты дзень дом прыбіралі мужчыны, а жанчын не дапускалі ні да якой хатняй працы.
У гэты дзень, назіраючы за прыродай, вызначалі, ці мокрай будзе восень. Існавалі таксама такія прыкметы: калі раніцай 19 ліпеня прайсціся басанож па расе, то ўвесь год здаровым будзеш.
да зместу20 ліпеня
У гэты дзень сяляне зубрылі сярпы, рыхтаваліся да жніва, тачылі косы. Так і казалі: «Час прыйшоў у поле спіну гнуць, кланяцца жыту-маці».
Была такая прыкмета: калі ў гэты дзень ідзе дождж, то зацягнецца надоўга і будзе вельмі шкодны для ўраджаю.
21 ліпеня
Гэты дзень у старыя часы называўся Пракоп Жніўнік. З Пракопа пачыналася гарачая пара. У некаторых раёнах ужо касілі, праводзілі зажынкі. Людзі лічылі: «Калі на Пракопа чарніцы паспяваюць, то паспела жыта, і багаты ўраджай будзе». Таксама ў гэты дзень актыўна нарыхтоўвалі кармы для жывёл.
Былі такія прыкметы: калі пчолы сёння кусучыя, будзе засуха; калі сёння маладзік, то па надвор'і можна сказаць, якім будзе жнівень.
да зместу22 ліпеня
Нашы продкі ў гэты дзень усёй сям'ёй спрабавалі першыя агуркі. Жанчыны спяшаліся ў лес па ягады чарніцы. Набраўшы іх, рыхтавалі для папраўкі здароўя адмысловую зацірку.
Была такая прыкмета на 22 ліпеня: чарніцы яшчэ не саспелі да гэтага часу – будзе халодная восень.
да зместу23 ліпеня
У старыя часы гэты дзень называлі Расачнік. Да гэтага дня з'яўлялася вялікая колькасць раскі на вадаёмах, якой сілкавалася рыба. Гэтую плывучую вадзяную расліну таксама выкарыстоўвалі, каб карміць хатнюю птушку, рабілі на яе аснове ўгнаенні. Нашы продкі лічылі, калі шмат раскі, то і год будзе ўдалым.
Былі яшчэ такія прыкметы: калі днём мухі моцна кусаюцца, то вечарам пойдзе дождж; калі ў першай палове дня на небе вясёлка, то ідзе пахмурнае і вельмі ветранае надвор'е.
да зместу24 ліпеня
На лугі і палі ў гэты дзень звычайна выходзілі ўсёй вёскай. Нехта займаўся нарыхтоўкай сена, а іншыя збіралі грыбы ў лесе. 24 ліпеня спяшаліся прыбраць жыта і сабраць сена ў копы, бо надвор'е ў гэты перыяд раней часта было дажджлівае.
У некаторых мясцінах былі такія прыкметы: калі сустракаецца шмат павуціння, то будзе дождж, але калі на павуцінні шмат павукоў, то бліжэйшае надвор'е будзе сухім; калі шмат расы на траве, то памідоры і агуркі не ўродзяцца; калі шмат заедзі (машкары), то будзе добры ўраджай грыбоў.
да зместу25 ліпеня
На Прокла чакалі вялікіх росаў, ад якіх магло пагнісці сена, таму яго стараліся хутчэй высушыць. «На Прокла – поле ад расы змокла». Старыя людзі збіралі расу для лекавання, лічачы яе гаючай, умываліся ёю.
Па расе судзілі пра надвор'е на бліжэйшыя дні. Былі такія прыкметы: моцная раса і туман зранку, то бліжэйшыя дні будуць яснымі; калі ў гэты дзень няма расы, а ў нізінах туману, то гэта да непагадзі.
26 ліпеня
Да гэтага моманту звычайна жыта паспявала і пачынала хіліцца да зямлі. Таму нашы продкі ў гэты дзень шмат працавалі – збіралі ўраджай і касілі. Каб сілы пры гэтым не заканчваліся, клалі запазуху лустачку хлеба.
Былі такія прыкметы: сухое надвор'е ў гэты дзень абяцала добрую і сухую восень; калі ж ішлі дажджы, то людзі лічылі, што ўраджай можа загінуць.
27 ліпеня
Дзень «зазубрывання» сярпоў, час падрыхтоўкі да жніва ў некаторых мясцінах. «Шыпілінка ў кузню ідзе, у кузню ідзе сярпы зубіць». Раней лічылася, што ад гэтага дня добра ідуць грыбы, па іх у лес адпраўлялі дзяцей, якія не былі занятыя ў полі.
Былі такія прыкметы: сухое і яснае надвор'е – восень будзе цёплай; калі дзень дажджлівы, то дажджы будуць ісці яшчэ тыдзень.
28 ліпеня
Дзень лічыўся не вельмі спрыяльным. Калі была магчымасць, у яго імкнуліся не рабіць нічога важнага і адмовіцца ад прыняцця рашэнняў. У поле таксама не выходзілі, таму што баяліся шкоды з боку нячыстых сіл. Да таго ж, звычайна ў гэты дзень дрэннае надвор'е.
Калі 28 ліпеня дзьме паўднёвы вецер, надвор'е будзе яснае. Усходні нясе з сабой дождж. Калі чуваць грымоты – будзе лівень. Вячэрні туман таксама прадвяшчае дождж.
да зместу29 ліпеня
Нашы продкі лічылі, што 29 ліпеня не чуваць птушыных галасоў, бо ў адных птушак – час лінькі, іншыя ж – падымаюць птушанят на крыло.
Былі такія прыкметы: калі бацвінне морквы павяла, хутка будуць дажджы; калі стаіць туман, то прыйшоў час ісці ў лес па грыбы.
30 ліпеня
У гэты дзень сяляне працягвалі жаць. Паводле народных павер'яў у гэты час па небе ходзяць сполахі – сухія маланкі-паланіцы. Глядзець на святло маланак забаранялася, бо гэта лічылася небяспечным для здароўя.
Лічылася, што якое надвор'е сёння і ў наступныя тры дні, такой і восень будзе.
31 ліпеня
У гэты дзень развітваліся з ліпенем: складалі сярпы, тапілі лазні і парыліся, сабраўшы ў венікі салому. Прыходзіла пара першых варэнняў ды саленняў.
Былі такія прыкметы: якое сёння надвор'е, такой будзе і ўся восень; калі лісце на верхавіне бярозы пачало жаўцець, то восень будзе ранняй; калі дразды ўсё яшчэ пяюць, то восень будзе позняй.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by