Такі спосаб даследавання грудной клеткі як флюараграфія вядомы кожнаму. Ён даступны, хуткі, інфарматыўны і бяспечны. Разам з тым, нягледзячы на ўсе свае перавагі, флюараграфічнае даследаванне дагэтуль выклікае ў грамадстве масу пытанняў. Мы вырашылі разабрацца і расставіць усе кропкі над «i».
Па адказы на нашыя пытанні мы выправіліся ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр пульманалогіі і фтызіятрыі (РНПЦ ПФ). Пра тое, што такое флюараграфія і чаму так важна рабіць яе рэгулярна, Слушна распавяла Вікторыя Кралько.
Фатаграфія або флюараграфія?
Флюараграфія — метад дыягностыкі захворванняў органаў грудной клеткі. Такую «фатаграфію» атрымліваюць пры дапамозе рэнтгенаўскіх прамянёў, якія, праходзячы праз цела чалавека, адлюстроўваюцца ад спецыяльнага святлівага экрана.
Да слова, ні ў адной крыніцы медыцынскай літаратуры, як айчыннай, так і замежнай, няма фактаў, якія дазволілі б выявіць прычынна-выніковую сувязь выкарыстання флюараграфіі як метаду абследавання, з ростам злаякасных новаўтварэнняў.
Паводле даследаванняў спецыялістаў, чалавек, які ляціць трансатлантычным рэйсам з Еўропы ў ЗША, атрымлівае дозу апрамянення роўную 0,05 мЗв, а гэта столькі ж, колькі і пры флюараграфічным даследаванні.
Што бачыць доктар на здымку?
Прынята лічыць, што флюараграфічны здымак дае інфармацыю толькі пра стан лёгкіх і сэрца. Памятаеце: «Сэрца і лёгкія без бачнай паталогіі»? Толькі вось дасведчанаму спецыялісту такі фотаздымак распавядзе пра многае.
Даследуючы здымак, урач ацэньвае наяўнасць або адсутнасць паталагічных змен, ці ёсць паражэнні тканак лёгкіх, ці не павялічана ў памерах сэрца, ці няма новых утварэнняў або «ценяў», што таксама можа сведчыць пра наяўнасць таго ці іншага захворвання.
Навошта трэба флюараграфія?
Флюараграфічнае даследаванне дазваляе выявіць у чалавека праявы самых розных хвароб, у тым ліку пнеўманію, сухоты і злаякасныя новаўтварэнні. І калі пнеўманія, як правіла, суправаджаецца павышэннем тэмпературы і кашлем, то рак і сухоты часцяком «маўчаць» і доўга не даюць пра сябе знаку. Тут на дапамогу медыкам і прыходзіць флюараграфія.
Хто і як часта?
Флюорографічнае абследаванне перыядычна павінны праходзіць усе, каму споўнілася 18 гадоў. Аднак існуюць пэўныя групы людзей, якім флюараграфію трэба рабіць раз на год з-за прафесійнай дзейнасці або пэўных жыццёвых абставінаў:
- спецыялісты, чыя прафесійная дзейнасць звязана з магчымасцю захварэць на сухоты (медыцынскія работнікі), а таксама людзі, якія працуюць у арганізаваных калектывах: дашкольных установах, школах або занятыя ў харчовай прамысловасці, гандлі.
- група медыцынскай рызыкі (людзі, якія маюць тыя ці іншыя хранічныя захворванні). У прыватнасці, гэта пацыенты, якія пакутуюць на цукровы дыябет, маюць розныя захворванні лёгкіх, імунадэфіцытны стан, у тым ліку ВІЧ, сур'ёзныя захворванні страўнікава-кішачнага тракту (напрыклад, гепатыты, каліты). У такіх асоб з-за аслабленага здароўя існуе даволі высокі рызыка «падхапіць» сухоты.
- так званая група сацыяльнай рызыкі: людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць алкаголем, наркатычнымі альбо псіхатропнымі рэчывамі, без пэўнага месца жыхарства, а таксама тыя, хто раней знаходзіліся ў месцах пазбаўлення волі.
- Астатнім флюараграфію трэба рабіць раз на два гады. Аднак калі быў зафіксаваны кантакт з хворым на сухоты, на працягу двух гадоў неабходна рабіць рэнтгенаграфію органаў грудной клеткі раз на паўгода і знаходзіцца пад наглядам урача-фтызіятра.
Каму нельга рабіць флюараграфію?
Кола тых, каму гэты від абследавання непажаданы, даволі невялікі. У асноўным, ён абумоўлены сітуацыйнымі жыццёвымі абставінамі:
- цяжарнасць;
- кармленне грудзьмі;
- узрост да 18 гадоў.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by