Сярод усіх вядомых вітамінаў Д займае асобнае месца. Ён удзельнічае ў многіх жыццёва важных працэсах у чалавечым арганізме: рэгулюе засваенне кальцыю і фтору, можа дапамагчы пазбегнуць некаторых спадчынных захворванняў, у тым ліку анкалагічных, хваробаў сэрца, эндакрынных паталогій, адказвае за фігуру і знешнюю прыгажосць (стан скуры, валасоў і пазногцяў). І гэта толькі малы пералік вялікіх магчымасцяў няпростага вітаміну.
Без уплыву вітаміну Д не абыходзіцца функцыянаванне больш за 30 органаў і сістэмаў арганізма. Напрыклад, ён актыўна ўздзейнічае на работу падстраўнікавай залозы, метабалічныя працэсы, рэпрадуктыўную і эндакрынную, а таксама імунную сістэмы.
Як вызначыць, ці ў норме вітамін Д? А ці можна назапасіць яго? Ці існуюць сімптомы недахопу або празмернасці вітаміну Д? Знайсці адказы на гэтыя пытанні «Слушна» дапамагла наш пастаянны эксперт – прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч.
Сінтэз вітаміну Д
Існуюць дзве формы вітаміну Д: Д2 (эргакальцыферол) і Д3 (холекальцыферол). Першы вітамін у невялікай колькасці мы атрымліваем з прадуктамі харчавання, а другі – асноўная крыніца вітаміну Д – утвараецца толькі пад уздзеяннем сонечнага выпраменьвання (7-дэгідрахалестэролу – правітаміну Д).
Пасля ўздзеяння на скуру сонечнага выпраменьвання холекальцыферол трапляе ў печань, у якой сінтэзуецца самая стабільная форма вітаміну – кальцыдыёл, які, зрэшты, яшчэ біялагічна не актыўны. Наступны этап – «дастаўка» кальцыдыёлу ў ныркі, дзе ён ператвараецца ў кальцытрыёл – метабалічна актыўную форму.
Навошта патрэбны вітамін Д
Упершыню пра вітамін Д загаварылі ў першым дзесяцігоддзі 20 стагоддзя. Яго адкрыццё было звязанае з вывучэннем такога захворвання, як рахіт. Менавіта дэфіцыт гэтага важнага вітаміну прыводзіў да таго, што костка няправільна фармавалася і дэфармавалася. Зрэшты, і сёння вітаміну Д адводзяць адну з галоўных роляў у прафілактыцы і лячэнні астэапарозу – захворвання, пры якім зніжаецца ўтрыманне кальцыю ў костках і іх трываласць.
Недахоп «сонечнага вітаміну», і гэта навукова даказаны факт, можа стаць прычынай развіцця сіндрому полікістозных яечнікаў, а таксама невыношвання цяжарнасці, дадала эксперт.
Зараз даказана роля вітаміну Д у рэалізацыі важных біялагічных функцый у арганізме чалавека, у тым ліку на ўзроўні генетыкі. Напрыклад, кальцытрыёл здольны рэгуляваць актыўнасць звыш 200 генаў.
Як вызначыць, ці ў норме «сонечны вітамін»
У Беларусі праведзена даследаванне сярод жанчын, старэйшых за 50 гадоў. Дэфіцыт вітаміну Д быў выяўлены ў 75% рэспандэнтаў. І гэтая праблема, падкрэсліла Ала Шапялькевіч, для Беларусі вельмі актуальная, асабліва ўлічваючы наша геаграфічнае размяшчэнне і павелічэнне колькасці людзей, старэйшых за 50 гадоў.
Вызначыць паказчыкі ўтрымання вітаміну Д можна з дапамогай аналізу крыві з вены. Пакуль лабараторна не вызначаны яго ўзровень, нельга казаць пра адхіленне ад нормы вітаміну Д і, тым больш, прызначаць лячэнне!
Значэнні ўзроўню вітаміну Д могуць вагацца ў залежнасці ад сезону года. У зімовыя і восеньскія месяцы (з кастрычніка па сакавік), калі сонечных дзён мала, дэфіцыт больш выяўлены.
Здаць аналіз крыві на вызначэнне ўзроўню вітаміну Д (кальцыдыёл – найбольш стабільная яго форма) можна ў розных дзяржаўных і прыватных лабараторыях. Зараз гэты аналіз зрабіўся даступным, і яго вынік дапаможа доктару вызначыцца з неабходнасцю прызначэння лячэння або прафілактыкі.
Значэнні ўзроўню вітаміну Д
- у норме паказчыкі вітаміну Д павінны перавышаць 30 нг/мл (мэтавы ўзровень пры лячэнні);
- калі ўзровень утрымання вітаміну Д вар'іруецца ад 20 да 30 нг/мл, гаворка ідзе пра яго недастатковае ўтрыманне. Яшчэ не дэфіцыт, але сітуацыя, якая патрабуе карэкцыі і назірання;
- усе паказчыкі, ніжэйшыя за 20 нг/мл, – сведчанне дэфіцыту вітаміну Д;
- менш за 10 нг/мл – ярка выражаны недахоп «сонечнага вітаміну».
У групу рызыкі недахопу вітаміну Д уваходзяць жанчыны, старэйшыя за 50 гадоў, якія маюць захворванні касцяной тканкі, пажылыя людзі ва ўзросце, старэйшыя за 60 гадоў, а таксама людзі з атлусценнем, цяжарныя і жанчыны, якія кормяць.
Асноўныя групы рызыкі дэфіцыту вітаміну Д
Верагоднасць развіцця дэфіцыту вітаміну Д высокая ў наступных групах рызыкі:
- у пацыентаў з захворваннямі костак (рахіт, астэамаляцыя, астэапароз, гіперпаратэрыёз);
- у пажылых асобаў, старэйшых за 60 гадоў (у анамнэзе падзенне, нізкаэнергетычны пералом);
- у людзей з атлусценнем (дарослыя з індэксам масы цела 30 кг/м2 і больш, пацыенты пасля барыятрычных аперацый);
- верагоднасць дэфіцыту «сонечнага вітаміну» высокая ў цяжарных і кормячых жанчын, якія маюць фактары рызыкі ці не жадаюць з прафілактычнай мэтай прымаць прэпараты вітаміну Д. Да гэтай групы таксама адносяцца цяжарныя жанчыны з цёмнай скурай, атлусценнем, гестацыённым цукровым дыябетам, мінімальным знаходжаннем на сонцы, жыхары або выхадцы з Індыі, Азіі, Афрыкі;
- у людзей з хранічнай хваробай нырак ці пячоначнай недастатковасцю;
- у пацыентаў, якія маюць у анамнэзе сіндромы мальабсарбцыі (парушэнні ўсмоктвальнасці ў кішэчніку): запаленчыя захворванні кішэчніка (хвароба Крона, неспецыфічны язвавы каліт, цэліякія), барыятрычныя аперацыі, радыяцыйны энтэрыт, мукавісцыдоз;
- у людзей, якія пакутуюць на такія захворванні, як саркаідоз, сухоты, гістаплазмоз, берыліёз, кокцыдыямікоз;
- у асобаў, якія прымаюць лекавыя сродкі: глюкакартыкоіды (гарманальныя прэпараты), антырэтравірусныя, супрацьгрыбковыя і супрацьэпілептычныя лекавыя сродкі.
Як папоўніць дэфіцыт вітаміну Д
Па-першае, сонечнае святло. Прычым трох-пяці хвілін уздзеяння сонечнага выпраменьвання на скуру недастаткова. Для таго, каб запусціўся працэс сінтэзу вітаміну Д, трэба прабыць на сонцы на працягу 20-30 хвілін. Пасля гэтага ўзровень у крыві вітаміну Д3 павялічваецца таксама, як пасля прыёму лекавага сродку, які змяшчае 10 тыс.МЕ (міжнародных адзінак) вітаміну Д3. Разам з тым, з узростам яго здольнасць сінтэзавацца ў скуры зніжаецца (пасля 65 гадоў больш чым у 4 разы).
Па-другое, ежа. На жаль, з ежай мы можам атрымаць толькі 5-7% вітаміну Д, дакладней, адну з яго формаў – Д2. Зрэшты, не будзе лішнім, калі ў нашым рацыёне будуць прысутнічаць прадукты, якія яго ўтрымліваюць: марскія (тлустыя гатункі рыб), ялавічына і свініна, ялавічная печань, розныя алеі, яйкі, арэхі і семачкі, злакавыя расліны.
Па-трэцяе, з дапамогай медыкаментозных лекавых прэпаратаў.
У Беларусі зарэгістраваныя тры лекавыя сродкі, вытворныя холікальцыферолу. Два з іх – у капежнай форме, адно – таблетаванае.
Любыя лекі для папаўнення дэфіцыту вітаміну Д варта прымаць толькі пасля лабараторных даследаванняў (якія пацвярджаюць наяўнасць зніжаных значэнняў кальцыдыёлу) і кансультацыі з урачом, які вызначыць аптымальную дозу і форму прэпарата. Пасля прыёму лекавага сродку на працягу 8-12 тыдняў неабходна здаць кантрольны аналіз крыві.
Прызначэнне прэпаратаў вітаміну Д у людзей без яго дэфіцыту можа прыводзіць да сур'ёзнага паражэння нырак!
І яшчэ адзін сакрэт! Вітамін Д – так званае ліпафільнае рэчыва, якое назапашваецца ў тлушчавай тканцы і затым на працягу доўгага часу выдаткоўваецца. Таму пасля летняга адпачынку на моры ў нас з'яўляецца запас гэтага вітаміну на наступныя 3-4 месяцы.
https://bel.24health.by/ci-prymac-vitamin-d-merkavanne-eksperta/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by