23.02.2020
23.02.2020

Не святкуеце?! Ну што ж… Віншаванні будуць усё ж! :)

logo
Думкі ўслых
0 124
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Прыгадваю мінулагоднія каменты да матэрыялу-віншавання з днём 23 лютага. Не ў мяне – у перапостах. Капрызлівыя такія… Ад «не святкую» да экскурсу ў гісторыю. Маўляў, не наша свята. Ну добра-добра! Калі хтосьці і не святкуе Мужчынскі дзень, дык хаця б прачытаць-то можна?! Бо віншаванні ўсё роўна БУДУЦЬ! Як бы хто з нашых чытачоў-мужчын ні адбрыкваўся ад іх! 🙂
23 лютага. Свята мужчын.

Калі вам ад усёй душы дораць падарунак, вы ж не будзеце адкідваць яго ўбок са словамі «Не трэба мне нічога!»?! Хаця падазраю, што і такое бывае зрэдчас… Так і з прыемнымі словамі ды віншаваннямі. Навошта іх адпрэчваць?! І – так! Я зноўку, як і год таму, кажу: «Не служылі ў войску?! Дык свякуйма проста Дзень Мужчын»! Папросту кажучы, не замарочвайцеся і не заганяйцеся. Ну дайце, дайце магчымасць жанчынам вас пахваліць, папесціць, парадаваць!!! Нам жа так гэтага хочацца!

Насамрэч мы вам, шаноўныя нашы мужчыны, вельмі ўдзячныя – за многае. Хаця ў будзённай мітусні не заўсёды паспяваем сказаць пра гэта. Ці саромеемся. Альбо думаем, што гэта і так зразумела… А сёння – добрая нагода зрабіць прызнанне сваім каханым, родным, любімым, блізкім… Мужу, сябру, тату, брату, дзядулю, дзядзьку, сыну, пляменніку, унуку… Знаёмым па сацыяльных сетках… Усё ж мы так прывыклі, што 23-га – ваша свята! І хочацца віншаваць і віншаваць!

Ну, а калі вы служылі альбо служыце зараз, калі ваенны пенсіянер, хто з настальгіяй раз-пораз прымярае форму, якая вісіць у шафе на пачэсным месцы, ды разглядае фотаздымкі… Са святам!!! Гэта сапраўды ваш дзень – стопрацэнтна! Ці ў квадраце. А можа нават у кубе! 🙂

23 лютага. Беларускія вайскоўцы.

Асобныя словы віншаванняў і шчырай падзякі – нашым шаноўным ветэранам. Іх так мала ў нас засталося… І хочацца спадзявацца, што сёння (ды і не толькі сёння) ніхто не будзе забытым, абыдзеным увагай.

А здорава было б, калі кожны мужчына 23 лютага атрымаў у падарунак тое, пра што марыў! Чаму шчыра ўзрадуецца. А можа, і неспадзяваначку, але прыемную. Ці штосьці самае, здаецца, звычайнае, затое… ў незвычайным афармленні. Тады і радасць будзе ўзаемнай. Бо так прыемна дарыць – і бачыць захапленне ў вачах адоранага.

23 лютага. Радасць ад падарунка.

Дык вось пра звычайнае ў незвычайным. Я ўжо ўбачыла такое некалькі дзён таму – і ўразілася. Спачатку, проста пачуўшы пра магчымасць замовы, смяялася. Бо не ўяўляла. Затое калі згледзела… Ну вось захапілася шчыра! Хаця… Мне здаецца, што найбольш такое вынаходніцтва ацэняць самі жанчыны.

Вы ўжо здагадаліся, пра што размова??? Та-дам!!! ШКАРПЭТКІ! 🙂 Не спяшайцеся фыркаць! Шкарпэткі ў выглядзе… ружаў!!! У букеце!!! Тут вам і шкарпэткі, тут вам і букет. Два ў адным! Рэспект першаму вынаходніку!!! Хаця ўпэўнена – вынаходніцы. Так, шкарпэткамі ў бляшанках, у выглядзе танчыкаў ці яшчэ якім ужо не здзівіш. А вось буке-е-е-е-еет!!! 🙂

23 лютага. Букет са шкарпэтак.

Абмеркаваўшы з каляжанкамі, прыйшлі да агульнай высновы: мы і самі былі б радыя такому арыгінальнаму (ну пагадзіцеся!) падарунку! Але ўсё лепшае – вам, нашы дарагія! Спадзяюся, пачуццё гумару ад вас нікуды не збегла??? Магчыма, сёння вам яно ой як спатрэбіцца! 🙂

А давайце будзем проста ўдзячнымі адно аднаму! Без усялякіх умоў. Хаця б за тое, што чалавек – побач. Давайце радавацца ўвазе, выказанай у словах, віншаваннях, падарунках, клопаце, у смачным абедзе, чыстай папрасаванай кашулі, а можа нават моўчкі…

Давайце кахаць і любіць, паважаць і шанаваць, цаніць, дзякаваць, захапляць і захапляцца… І гэтага ўжо будзе – многа. І можа калісьці ўсё ж у нас вырашаць зацвердзіць афіцыйнае свята, чырвоны дзень календара – Дзень Мужчын. І гэта будзе цалкам справядліва. Няхай сабе нават якое іншае чысло іншага месяца атрымае права на такую адметнасць.

А пакуль у нас яшчэ гэтага няма… Мы сёння, 23 лютага, шчыра віншуем хлопцаў, юнакоў, мужчын са святам мужнасці! Будзьце здаровымі і шчаслівымі, каханымі і любімымі, паспяховымі, добрымі, пяшчотнымі, моцнымі… І ведайце: мы вас паважаем, цэнім, любім – ЗАЎСЁДЫ!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 124

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".