29.07.2020
29.07.2020

Не хадзіце сёння ў лес! Бо… нячыстая там сіла! :)

logo
Беларускі код
0 65
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Так яно ці не, невядома… Але нашыя продкі ведалі здаўна: 29 ліпеня, у дзень Афінагена, лепей лес не трывожыць. НЕ хадзіць туды ні з якой нагоды. А калі ёсць пільная патрэба прайсці міма, дык даўней рабілі гэта таксама ціха – без песень, крыкаў, спеваў. Так што заўзятым аматарам збору дзікарослых ягад і грыбоў варта сёння адпачыць.

Афінаген. Афінагенаў дзень.

Як, зрэшты, і аматарам рыбалкі. Даўней стараліся НЕ вудзіць рыбу ў Афінагенаў дзень. Бо верылі, што нечысць можа ўцягнуць чалавека пад ваду. НЕ раілі таксама гаспадыням у гэты дзень падмятаць у хаце альбо на двары. Прычына тая ж: нячыстая сіла магла праявіцца і «завітаць у госці».

Па іншых жа меркаваннях, лес не трывожылі таму, што ў гэты дзень там «зара (альбо світанак) ходзіць, птушынае пер’е падбірае». Самі ж птушкі быццам маўчаць у Афінагенаў дзень. Лічыцца, што яны ўжо задумваюцца пра будучую восень і пералёт у далёкія краіны.

І нават пра тых дзетак, хто нарадзіўся 29 ліпеня, даўней казалі, што яны маўклівыя і ціхія. І, як тыя птушкі, любяць вандраваць. Але штораз абавязкова вяртаюцца ў бацькоўскую хату.

Афінаген. Афінагенаў дзень. Той. хто нарадзіўся 29 ліпеня, шмат вандроўнічае.

Ну, вось гэта, здаецца, тры самыя магутныя «НЕ» на сёння. А далей – пра звычайнае. А дзесьці – і святочнае. Бо даўней у многіх мясцінах Беларусі менавіта 29 ліпеня пачыналі жаць зерневыя. А зажынкі, як вядома, заўсёды былі святам. Там жа, дзе зерневыя выспявалі раней, жніво ў гэты час працягвалася.

Першы сноп, зжаты і звязаны ў гэты дзень, называлі імянінным. А сабраць яго павінна была старэйшая ў родзе (альбо ў сям’і) жанчына. Дахаты сноп неслі ўрачыста, а ў хаце з пашанай «садзілі» ў чырвоны кут. Зерне з гэтага снапа лічылася лекавым для людзей, а сцябліны звычайна аддавалі свойскай жывёле. Мабыць, ад той даўняй традыцыі пайшла і наша: мець у чырвоным куце на кухні букет з зерневых.

Даўней менавіта ад гэтага дня нашыя продкі пачыналі збіраць грыбы і гатаваць з імі разнастайныя стравы. А вось у нас зазвычай калі і вылезуць да дня Афінагена якія баравікі ды чырвонагаловікі, дык абавязкова ў пераважнай большасці чарвівыя. Таму звычайна чакаем восеньскіх – сапраўдных – грыбоў. Хаця і тады хапае чарвівых, але ж не ўсе такія.

Афінаген. Афінагенаў дзень. Час збору грыбоў.

А да 29 ліпеня традыцыйна ўжо адыходзяць летнія лісічкі, якіх сёлета было багата ў лясах.

Зрэшты, сёння ўсё роўна варажылі на будучы ўраджай грыбоў. Калі ад Афінагена частыя туманы, значыць, іх будзе шмат. Трэба прыкмячаць. Бо, напрыклад, учора туман з раніцы сапраўды быў густым. Сустракаўся на шляху маршруткі неаднаразова. На самой шашы бачнасць была неблагая, а вось наваколле літаральна хавалася за шэрай смугой.

Нашыя продкі заўважалі, што пасля дня Афінагена заканчвалася гарачыня, рабіліся халоднымі ночы. А вось нас ні тым, ні другім не здзівіш. Ночы і да 29 ліпеня былі халоднымі. А гарачыя дзянькі надараюцца яшчэ не толькі ў жніўні, але і ў верасні, і нават часам – у кастрычніку.

Яшчэ назіралі ў гэты дзень за маркоўнікам. Калі паніклы – чакай дажджоў. А дажджы падчас жніва, зразумела, нічога добрага не абяцалі сялянам ні раней, ні цяпер. Таму нашыя продкі звычайна звярталіся да сонейка, прасілі яго паспрыяць, даўжэй затрымлівацца на небасхіле, не хавацца за хмары і не змяняцца дажджом.

Афінаген. Афінагенаў дзень. Звяртанне да сонца па добрае надвор'е.

«Прыйдзе Фінагей з цеплынёй ды са святлом, прыбярэшся загадзя са жнівом; Фінагей з дажджом – капнагной, хлеб у снапе прарасце», «Фінагенаў дзень да Іллі Прарока насустрач ідзе – жніво сонейкам ахоўвае».

А вы любіце назіраць за камбайнамі, якія плывуць па жніўнаму полю?! Я дык вельмі. Але, па шчырасці, яшчэ з большай ахвотай паглядзела б на тое, як жанчыны пачынаюць жаць сярпамі. Сама жаць таксама ўмею. Праўда, не збожжа – траву. Даўней часта даводзілася гэта рабіць на дачы. А вось жаць збожжа, як мне падаецца, – гэта цэлае мастацтва.

Удалага жніва сёлета нашым хлебаробам, спрыяльнага надвор’я і, вядома ж, моцнага здароўя. А ў каго сёння зажынкі, дык са святам!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 65

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"