02.03.2019
02.03.2019

Неўролаг Сяргей Марчанка: «Малюнкі хворага мозгу мяне не палохаюць. Але аспірын кожны дзень п'ю» (+відэа)

logo
Асобы i лёсы
0 118
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Госць праекта «Урачы – таксама людзі» – Сяргей Марчанка, загадчык неўралагічнага аддзялення № 3 Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска.

Доктар распавёў, што робіць для прафілактыкі інсульту, чаму бярэ начныя дзяжурствы, дзе хоча жыць на пенсіі і якую падзяку запомніў на ўсё жыццё.

Інтэрвью з неўролагам

Пра суперажыванне пацыентам

Вы ўжо 15-ы год кіруеце неўралагічным аддзяленнем, дзе ляжаць пацыенты пасля інсульту. Калегі распавядаюць, што вы «хварэеце» гэтай тэмай і стараецеся выкарыстоўваць кожную магчымасць расказаць людзям, як важна своечасова звярнуцца да ўрачоў, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў інсульту. Што вамі рухае? Чаму вам не ўсё адно?

– Хочацца, каб нашы пацыенты перасталі лічыцца людзьмі з фатальнай хваробай, каб усё большая іх колькасць аднаўлялася і вярталася ў звычайнае жыццё. Хаця як рэаліст я разумею, што ў найбліжэйшай будучыні гэта недасягальна. Таму і хачу дастукацца да беларусаў і данесці думку, што пры праяве першых прыкметаў інсульту не трэба чакаць, пакуль пройдзе, трэба тэрмінова рабіць адзін рух – тэлефанаваць на 103.

Гэта значыць, вам шкада людзей?

– Вядома, мне шкада людзей і, напэўна, шкада і сваю працу. Няпроста знаходзіцца з пацыентамі, якія ў выніку гэтага захворвання становяцца інвалідамі, а значная частка, на жаль, памірае. У сярэднім у нас памірае каля 300 пацыентаў штогод, груба кажучы, адзін чалавек у дзень. І хаця мы навучыліся прапускаць гэта не праз сэрца, а побач з ім, след у душы ўсё роўна застаецца. Наўрад ці я сёння такі ж, якім быў у 2002 годзе, калі толькі прыйшоў працаваць у аддзяленне.

З цягам часу пачуццё эмпатыі, суперажывання пацыентам ва ўрачоў не прытупляецца?  

– У цэлым, вядома, не. Напэўна, няправільна сказаць, што гэта суперажыванне. Але я хварэю за тое, каб пацыенты папраўляліся. І хачу, каб урачы майго аддзялення таксама хварэлі за справу. За столькі гадоў мы бачылі розных урачоў і медсясцёр. Самая страшная рыса, якую я не магу доўга вытрымаць, – абыякавасць. Абыякавы чалавек у нашай справе бескарысны, і з ім трэба развітвацца.

Ці было ў вас прафесійнае эмацыянальнае выгаранне?

– Была эпізадычная стомленасць. Але памяняць працу я ніколі не хацеў. Мне вельмі падабаецца працаваць урачом. Хаця, заканчваючы школу, я не ведаў, кім хачу быць. Мяне адправіў у медыцынскую ВНУ старэйшы брат. Напэўна, ён разгледзеў ува мне больш, чым я сам тады. Дзякуй яму за гэта. Паступаў я, дарэчы, пяць разоў. Такі ўпёрты быў…

Аб плюсах і мінусах прафесіі

Сяргей Марчанка, загадчык неўралагічнага аддзялення №3 Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска.

У нас быў госць, які распавёў, што 10 гадоў нават шампанскага на Новы год не піў, бо бачыў вынікі тамаграфіі мозгу алкаголікаў і сам іх мозг, падобны на зморшчаны грэцкі арэх. На вас неяк паўплывала праца з інсультнымі хворымі? Ці змянілі вы свой лад жыцця?

– Я ведаю свае фактары рызыкі і з некаторымі спрабую змагацца, але не магу сказаць, што ідэальна. Малюнкі чужога мозгу на мяне не дзейнічаюць. Але трэба разумець, што акрамя шкодных звычак існуюць яшчэ і хваробы. Напрыклад, артэрыяльная гіпертэнзія. 95% пацыентаў з інсультам – гіпертонікі. Таму трэба кантраляваць ціск. Я свой мераю рэгулярна. Таксама штодня прымаю ў маленькай дозе аспірын. Ён перашкаджае ўтварэнню тромбаў, якія могуць прывесці да інфаркту міякарда, інсульту і іншых праблем. Яшчэ практыкую пешыя прагулкі: для гэтага жонка купіла мне сабаку, з ім і гуляю. Планую набыць ровар.

На колькі ставак вы працуеце?

– Я працую на стаўку як загадчык аддзялення і яшчэ на паўстаўкі бяру дзяжурствы як рэаніматолаг у палатах рэанімацыі. Гэта прыкладна 4-5 дзяжурстваў у месяц. Пастараўся выбраць залатую сярэдзіну, бо цяпер начныя дзяжурствы пераношу ўжо нашмат горш, чым у маладосці.

А навошта вы бераце гэтыя дзяжурствы?

– У першую чаргу, па матэрыяльных прычынах. Я – загадчык тэрапеўтычнага аддзялення, і ў мяне няма даплат за высокатэхналагічныя аперацыі, як, напрыклад, у хірургаў. А вось як рэаніматолаг я маю права атрымаць надбаўку за догляд пацыентаў пасля гэтых аперацый.

Які галоўны негатыў у вашай працы?

– Недаацэненасць яе грамадствам. Мы, медыкі, здароўе чалавека ў доўг ніколі не бралі, і таму гэты доўг вярнуць не ў стане. Здароўе людзей – гэта іх багацце. У нашым грамадстве далёка не ўсе яго цэняць, але калі смажаны  певень дзеўбане, абавязкова патрабуюць хутка вярнуць, што часцяком немагчыма. У цэлым медыкі ў развітых краінах больш паважаныя, чым у нас. Так доўга вучыцца на ўрача, каб потым зарабляць як грузчык у пачатку свайго шляху... Па-мойму, гэта несувымерныя працы.

Але, нягледзячы на гэта, конкурс у медуніверсітэты не змяншаецца, моладзь актыўна ідзе ў неўралогію. Хлопцы і дзяўчаты вельмі цікавыя, адукаваныя, ведаюць мовы. Але быць чалавекам – гэта ж з нараджэння выхоўваецца. Часцяком мне даводзіцца быць такім выхавальнікам і тлумачыць: «Ты, вядома, доктар, але гэта не павінна ператвараць цябе ў напышлівага хама. Да людзей трэба ставіцца добразычліва».

А галоўны плюс прафесіі?

– Магчымасць дапамагчы людзям. Гэта ж шчасце, калі чалавек прыйшоў да цябе з такой цяжкай хваробай, а сышоў у прымальным стане. Прыносіць задавальненне і тое, што твае ўрачы робяць усё граматна, дасягаюць мэты. Нашы ўрачы яшчэ і выхавальнікі родзічаў, медперсаналу. Я стараюся, каб яны хварэлі за пацыентаў, як за сваіх.

Аб рэабілітацыі і прафілактыцы

Не крыўдна, што вы літаральна ратуеце людзей, а потым з-за адсутнасці стройнай сістэмы рэабілітацыі яны зноў могуць да вас трапіць?

– Не пагаджуся, што ў нас няма стройнай сістэмы рэабілітацыі. Сістэма ёсць, праўда, у многіх месцах яна стройная на паперы. Мы не адчуваем праблем перавесці чалавека ў стацыянар на рэабілітацыю пасля нашага лячэння, за выключэннем сітуацый масавага наплыву пацыентаў, калі людзям даводзіцца чакаць. Але слабае месца ў мяне ў аддзяленні ў тым, што на 70-75 пацыентаў усяго толькі два інструктары па лячэбнай фізкультуры, адзін лагапед, не тая колькасць медсясцёр. Рэабілітацыя – гэта вельмі затратная фізічная праца, яе не заменіш ніякай паперкай. Павінен быць чалавек, які будзе штодня, у тым ліку і ў выхадныя, вяртаць пацыентаў да звычайнага ранейшага жыцця: зноўку вучыць іх гаварыць, есці, хадзіць.

Ці варта людзям у якасці прафілактыкі інсульту рабіць УГД сасудаў галаўнога мозгу? 

УГД брахіяцэфальных артэрый мае сэнс рабіць людзям пасля 45 гадоў, якія маюць фактары рызыкі (сардэчна-сасудзістыя захворванні, залішняя вага, цукровы дыябет, кураць). На базе нашага аддзялення, дарэчы, разгорнуты гарадскі кансультатыўны кабінет паталогіі брахіяцэфальных артэрый, дзе прымае эндаваскулярны нейрахірург па накірунку паліклінікі.

Пра ўрачэбную этыку

Сяргей Марчанка, загадчык неўралагічнага аддзялення №3 Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска.

Вы як неўролаг ведаеце, што часта дзеці нараджаюцца з цяжкімі неўралагічнымі захворваннямі, напрыклад, ДЦП. Раней урачы пры нараджэнні дзяцей з цяжкімі паталогіямі рэкамендавалі бацькам аддаваць іх у дзіцячыя дамы, «каб не пакутаваць», «маўляў, не справіцеся». Вы як ставіцеся да такіх парадаў калег?

– Гэта ўсё роўна што ўзяць на сябе боскую ролю. У мяне такіх выпадкаў, на шчасце, ніколі не было. Распавесці бацькам, што іх чакае, вядома, трэба. Але параіць адмовіцца ад свайго дзіцяці... Я не прыхільнік такіх катэгарычных парадаў. На мой погляд, гэта жахліва. Але акалічнасці бываюць розныя. Я стараюся выслухаць і зразумець логіку людзей. Калі яны так паступілі, Бог ім суддзя, жыццё ўсё расставіць на свае месцы, правы былі ці не правы. Гэта пытанне этыкі.

Тэма ўрачэбнай этыкі наогул актуальная сярод дактароў, ці размаўляеце вы пра гэта паміж сабой?

– Абмяркоўваем і ўчынкі, і словы. Ды і калі разбіраем скаргі пацыентаў, бачым, што часта прычына канфлікту не медыцынская, а этычная – недахоп часу, увагі, такту, умення знайсці агульную мову.

Якая была самая незвычайная падзяка ад пацыента?

– Прыгадваецца выпадак, калі да мяне прыйшла жанчына і кажа: «Год таму ў вас тут памёр мой тата». Насцярожваюся, чакаю праблем – «памёр тата, зараз я вам тут усё ўзгадаю». А яна прыйшла не са скаргай, а сказаць дзякуй, што мы тады за яго змагаліся. Гэта было дзіўна: чалавек больш за год насіў гэтую думку ў галаве і знайшоў час зайсці і падзякаваць.

Пра эксперыменты

Ці аднаўляюцца нервовыя клеткі? Цяпер шмат супярэчлівай інфармацыі па гэтым пытанні.

– Па апошніх дадзеных, нервовыя клеткі маюць уласцівасць аднаўляцца. Але пакуль гэтыя дадзеныя атрыманыя ў эксперыментах над жывёламі, і як клініцыст я яшчэ не бачу, як іх можна прымяніць на практыцы. У нашай краіне клеткавыя тэхналогіі таксама развіваюцца, я бяру ўдзел у адным даследаванні. Але да рэальнай доказнай медыцыны яшчэ далёка. За сваё прафесійнае жыццё я бачыў вельмі шмат спосабаў і метадаў лячэння, якія аказаліся толькі рэкламай. Але рэклама – для грошай, а ў нашай краіне медыцына ўсё ж бясплатная.

Вы ўзгадалі эксперыменты над жывёламі. Ці даводзілася займацца вівісекцыяй? І ці можна без гэтага абысціся?

– Калі я быў студэнтам, аднойчы нас заводзілі ў віварый, і мы рабілі няшчаснаму жывому сабаку нейкае аператыўнае ўмяшанне, напэўна, трахеястому. Той вопыт мне запомніўся непрыемнымі адчуваннямі і карысці як урачу ніякай не прынёс. Спадзяюся, сучасныя тэхналогіі дазволяць вучыцца так, каб не мучыць жывыя істоты.

Вам цікавыя сучасныя даследаванні па трансплантацыі мозгу? Ці бачыце за імі будучае?

– Было б цікава дажыць да гэтага. Мне ў прынцыпе цікава ўсё новае, хаця яно можа аказацца не вельмі добрым.

Вы асабіста пагадзіліся б на перасадку якога-небудзь органа, калі б паўстала неабходнасць?

– Пагадзіўся б. Я люблю жыццё і хацеў бы яшчэ пажыць са сваімі роднымі, парадавацца гэтаму свету. Паспеем яшчэ апынуцца там, дзе ў выніку ўсе апынёмся. Я не супраць і донарам стаць.

Аб перспектывах

Сяргей Марчанка, загадчык неўралагічнага аддзялення №3 Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска.

Ці часта вам тэлефануюць знаёмыя, знаёмыя знаёмых з просьбай пракансультаваць або дапамагчы прайсці нейкае даследаванне, трапіць у добры стацыянар? Як думаеце, можа сёння чалавек без сувязяў атрымаць якасную меддапамогу?

– Тэлефануюць часта, і я стараюся дапамагчы. Але дакладна скажу, што ў экстранных сітуацыях людзі ў званках не маюць патрэбы. Служба 103 працуе адладжана. Памятаю, пакуль мы спрабавалі кагосьці знайсці, стэлефанавацца-дамовіцца, усё зрабілася само і як мае быць. Сістэма павінна функцыянаваць без званкоў, просьбаў, пажаданняў, вокрыкаў. Хацелася б, каб так было ўсюды.

Кім Вы сябе ўяўляеце праз 10 гадоў?

– Хочацца спадзявацца, што мае веды, уменні і здольнасці дазволяць валодаць бОльшай колькасцю рычагоў, каб зрабіць медыцыну больш сучаснай, эфектыўнай, бяспечнай. У нас ёсць над чым працаваць, і мне здаецца, у мяне атрымалася б дадаць у сістэму і чалавечага, і прафесійнага.

Гэта значыць, за мяжу з'язджаць на працу не збіраецеся?

– Не збіраюся. А вось дажываць свае гады ў цёплых краях – гэта цікавая ідэя. Напрыклад, на востраве вечнай вясны Тэнэрыфэ, дзе я аднойчы пабываў і быў уражаны: акіян, круглы год 25 градусаў, старыя замежнікі шпацыруюць... Цікавае месца для старасці. Але, баюся, гэтая нязбытная мара.

Фота і відэа – Генадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 118

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).