Былі ў аднаго заможнага чалавека два сыны. Як ажаніліся, справіў кожнаму з іх бацька хаты, як звон, надзяліў зямлёй. У гаспадарку даў і коніка, і кароўку, і авечак з курамі — пароўну. Як кажуць, жыві — не хачу. Вось і зажылі сыны сваімі сем’ямі.
Работы ў селяніна заўсёды многа і ў полі, і ля хаты. Цэлымі днямі мужчыны то аралі, то касілі, то дровы з лесу вазілі...
А дома заставаліся гаспадарыць іх маладыя жонкі.
Ведама ж, калі дом у парадку трымаць, гаспадыньцы і прысесці некалі: і печ напаліць, і ў хаце прыбраць, і жывёлу накарміць, і дзяцей дагледзець. Усё на адны рукі — толькі паспявай спраўляцца.
У старэйшага брата жонка завіхаецца, пры рабоце песні спявае і Богу дзякуе за тое, што сілы і здароўе дае. Усё ў яе ў пару зроблена, воку няма за што зачапіцца. Гаспадарка ў гэтай сям’і квітнее і множыцца.
А малодшаму брату гультаяватая жонка трапілася. Рабіць нічога не хоча, спіць дапазна. Пасля ўсхопіцца, за тое, за гэта возьмецца — не ідуць на лад справы.
Махне яна на іх рукой: «Ат, усёй работы не пераробіш!» — і пойдзе па сялу. Сама нічога не робіць ды іншым замінае.
А хатнія справы не любяць зняважлівага стаўлення да сябе. І, як ні шчыруе гаспадар, без руплівай гаспадыні марнуецца гаспадарка.
Было гэта ў тую пару, калі па хатах разам з людзьмі жылі хатнікі.
У кожным падпечку месціліся іх сем’і. Хатнікі ва ўсім стараліся быць падобнымі да сваіх гаспадароў. Гаспадары працавітыя — і хатнікі шчыруюць на сваёй гаспадарцы ў падпечку. Гаспадары гультаяватыя — і хатнікі лайдакі.
Вось паладзілася Хатнічыха з дому малодшага брата хадзіць на сяло да старэйшага. Прыйдзе — і не выправіць за парог. Руплівай Хатніцы спраўляцца трэба, а лайдачка ў хату ўлезе — і з пустога ў парожняе пералівае. І ўсё адну і тую ж песню: як ёй і яе гаспадыні цяжка жывецца за процьмай работы.
Што хочаш, тое і рабі руплівай Хатнічысе — справы колам стаяць, парадкавацца некалі, адно суцяшай сваячку-гультайку. Трывала яна, трывала пасялушніцу, ды, раззлаваўшыся, кажа аднойчы:
— Паслухай, даражэнькая! Калі табе так цяжка жывецца, папрасі Хлеўніка — ён табе жывёлу ўміг у хлеве звядзе. У гаспадыні часу пабольшае — глядзіш, і табе палёгка.
Узрадавалася лайдачка парадзе. Як яна сама не даўмела так зрабіць! Аднак дамаўляцца да Хлеўніка не пайшла — занадта многа гонару прастакаватаму суседу. Хатнікі ж перад кім хочаш — перад хлеўнікамі, ці вадзянікамі, ці палевікамі — пачуваюць сябе шляхтай і абы з кім не знаюцца. А для таго каб і сваю надабніцу справіць, і Хлеўніку не пакланіцца, хітрая лайдачка вырашыла кпіны над ім пастроіць, раззлаваць.
А вось гэтага не робяць нават самыя нядбайныя гаспадыні. Бо Хлеўнік, калі ў згодзе з гаспадарамі жыве, дапамагае ім за жывёлай хадзіць: корму падкідвае ў кармушкі, чухае спінкі, грывы коням у косы заплятае. Узлуеш яго — заездзіць, заганяе жывёлу. Вось і ладзяць з ім гаспадары. На вячэру гаспадыня носіць яму ў хлеў яешню падсілкавацца. Надта любіць такую ўвагу да сябе Хлеўнік.
Ведала гэта хітрая Хатнічыха. Дачакалася, пакуль гаспадыня міску з ежай Хлеўніку паставіла, схапіла — і перакінула ў суседні двор.
Ох, як раззлаваўся Хлеўнік! Яму ўсё адно, хто забаўляецца — сама гаспадыня ці пані з падпечка.
— Ну, прыпомню я вам дурныя жарты! — прыгразіў ён гаспадарам.
У тую ж ноч асядлаў ён любімага гаспадарскага коніка і ганяў, пакуль той з ног не збіўся. А пасля сабраўся і пайшоў у белы свет як у капейку — прытулку сабе шукаць.
Лайдачцы ж падалося мала сваркі з Хлеўнікам, пабегла яна ў поле.
— Што ты сабе думаеш? — закрычала Палевіка, які даглядаў збажыну.— Гаспадыня і дома ўправіцца не паспявае, а ты тут жыта падняў як сцяну. Калі ёй жаць?
Здзівіўся Палявік.
— У мяне звычайна добрага ўраджаю просяць,— кажа.— А як ён не патрэбен — пайду на суседскае поле, без работы не застануся.
— Ды ўжо ж,— падбухторвае лайдачка,— ідзі. Работа дурняў любіць.
Абразіўся за такія словы працавіты Палявік, патаптаў жыта і сышоў з поля — глядзіце яго самі, калі такія разумныя.
А задаволеная лайдачка Хатнічыха вярнулася дадому. Разлеглася на сваім ложку ў падпечку:
— Во калі ўжо зажывём мы з гаспадынькай!
І не вытрывала, пахвалілася сваёй кемлівасцю мужу, Хатніку. Думала, і ён узрадуецца хуткай палёгцы ў хатніх справах, а то век таўчэцца па гаспадарцы, галавы не падымаючы.
Ох, як угневаўся Хатнік на жончыны расказы! Дарма, што ў адным падпечку з ёй жыў, а быў працавіты, як і гаспадар гэтага дому.
— Неразумная! — кажа.— Ці падумала ты, што да жабрацтва гаспадароў так давесці можна! А пойдуць яны жабраваць — і нам за імі ў свет з торбамі цягнуцца.
І вырашыў Хатнік з гаспадаром пагаварыць.
Вечарам толькі ён у хату — і Хатнік з-пад печы выходзіць. З выгляду — выкапаны гаспадар, толькі росту меншага.
Здагадаўся малодшы брат, хто перад ім, напалохаўся. Бо рэдка бывае, што хатнікі людзям на вочы паказваюцца. Звычайна толькі для таго, каб папярэдзіць пра вялікую бяду.
Але не падаў і выгляду, што разгубіўся. Пасадзіў Хатніка за стол, наліў кубак малака — вядома ж усім, што гэта для хатнікаў найсмачнейшы ласунак.
Выпіў Хатнік малако, вусы абцёр ды стаў гаспадару расказваць, што ў хаце робіцца.
— Так і так,— кажа,— звар’яцелі нашы жонкі. Твая гультаіцца ды стогне, што ёй цяжка, а мая ёй дапамагаць узялася, гаспадарку звесці надумала. Да бяды тут недалёка, дык я і вырашыў цябе, гаспадар, папярэдзіць. Можа, паправім яшчэ што.
Сказаў — і знік у падпечку, як вадой яго размыла.
А малодшаму брату так крыўдна стала — хоць плач.
— Не можаш жыць па-людску,— кажа ён жонцы,— ідзі сабе куды хочаш, хоць у цёмны лес.
Напалохалася жонка такіх слоў. І Хатнічысе ў падпечку непамысна зрабілася. Гэта ж, калі што, ёй прыйдзецца за сваёй гаспадыняй у лес цягнуцца. Во ўжо будзе пацехі лесунам і балотным вадзянікам, перад каторымі яна свой шляхетны носік задзірала!
Сабраліся абедзьве і, кожная сваімі сцежкамі, у дом старэйшага брата подбегам кінуліся. Слязамі заліваюцца — адна на кухні, другая ў падпечку,— просяць парады, што рабіць, каб гаспадары з хаты не выгналі.
Разумнае параіць — не пустыя скаргі слухаць ці лясы тачыць.
Жонка старэйшага брата і кажа малодшай гаспадыні:
— Ды ўсё проста. Рабі работу з радасцю — яна адразу лягчэйшай стане. А будзе нешта не атрымлівацца — пытайся, падкажу.
— Слухай, слухай, міленькая, гэтыя залатыя словы,— ушчувала ў падпечку і старэйшая Хатнічыха маладзейшую.— А то румзаеш ды румзаеш, няма табе нічога лёгкага.
— Дык ты ж мне сама параіла Хлеўніка прагнаць,— галосіць гаротніца,— дык я яшчэ і з Палевіком пасварылася.
— А калі ад тваіх скаргаў не адбіцца было? — узлавалася старэйшая Хатнічыха.— Ці чула, як кажуць: іншых слухай, а свой розум май! Бяжы мірыся з Хлеўнікам, шукай Палевіка. Знойдзеш спосаб улагодзіць іх — пойдуць на лад справы. Не — гаспадыня з ног саб’ецца, а гаспадаркі не наладзіць. Будзеце вы з ёй разам па цёмным лесе сноўдацца.
Як ніколі раней, хуценька пасялушніцы ў гасцях справіліся. Бегма дадому пабеглі — кожная за сваю справу хапацца.
Гаспадыня за парадкі ў хаце ўзялася, а Хатнічыха пабегла шукаць Хлеўніка і Палевіка. Пераняла іх на падыходзе да бліжняга хутара. Ішлі яны поруч і адзін другому на нядбайную ды няўдзячную гаспадыню скардзіліся.
Добра, што не паспелі на суседскую гаспадарку ўзысці. Суседу, вядома, пашанцавала б: каб так здарылася, гаспадарка яго ўдвая палепшылася б. Але тады яны ўжо нізашто не вярнуліся б на старую сядзібу.
Дагнала іх Хатнічыха, у ногі кінулася.
— Прабачце мяне, панове,— просіць,— вярніцеся, зрабіце ласку!
Ажно вочы на лоб у Хлеўніка ды Палевіка павыпірала. Такая шляхетная асоба так пакорна з імі гаворыць. А толькі ж лаялася ды конікі выкідвала!
Але хоць і крыўдлівыя былі што Палявік, што Хлеўнік, хоць і злавалі на Хатнічыху, ды, як сапраўдныя кавалеры, не маглі не ўважыць яе слёз, хоць і запозненых. І яе ружовага тварыка, і ладных боцікаў.
Глянулі яны адзін на другога.
— Ну, што, брат Хлеўнік, паслухаемся?
— Ды ўжо ж, брат Палявік, нельга дапусціць, каб такая гжэчная пані праз нас слёзы ліла.
Узрадавалася Хатнічыха, смяецца, дзякуе.
— Але ж адным тваім дзякаваннем не падсілкуешся, даражэнькая,— смяюцца таварышы.— Ёсць у нас умова. Паабяцаеш выканаць — будзем гаспадарцы спрыяць. Не — бывай тады, пойдзем і ўжо ніколі не вернемся.
— Слухаю, панове, кажыце, што трэба!
— Ад мяне заданне не цяжкае,— кажа Хлеўнік.— Каб штовечар яешня была мне прыгатавана і пастаўлена. Як добра паем, я лагаднейшы раблюся і жывёлу даглядаю лепш.
— А маё заданне яшчэ прасцейшае,— дадае Палявік.— Хачу, каб, жніво пачынаючы, першы сноп прыбіралі, як маладуху на вяселле. І каб каласкоў у полі па нядбайнасці не пакідалі!
На тым і пагадзіліся, і ўсёй кампаніяй пакіравалі назад, на сядзібу малодшага брата.
Кажуць, з таго часу гаспадарка яго пачала папраўляцца. Хатнічыха знайшла спосаб пераказаць просьбы Палевіка і Хлеўніка маладой гаспадыні. А тая ўжо шчыравала, іх выконваючы. І гаспадарку глядзець стала.
Хатнічыха ж у сваім падпечку старалася ад гаспадыні не адстаць. Спярша абедзвюм цяжка было. А як навучыліся толкам рабіць і тое, і другое, і трэцяе — лягчэй справы пайшлі. А пасля і песні пры рабоце спявацца сталі.
Цяпер гаспадарка малодшага брата квітнее не горш, чым гаспадарка старэйшага.
Мужчыны, як і раней, то аруць, то сеюць, то ў лес па дровы едуць.
А дома — іх увішныя гаспадыні.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by