З кожным днём мацнее пах вясны. Кожны дзень набліжае да лета.
— Пайшоў бярозавік, — сцішана сказаў незнаёмы хлопчык, з выгляду гадоў дванаццаці ці крыху больш, а сам з пласмасавым пяцілітровікам падаўся да ўзлеску.
На першы погляд звычайная, крыху саладкаватая празрыстая і натуральная вадкасць, але ёсць у ёй нешта асаблівае, што робіць нашае сэрца больш вясёлым, а настрой песенным. Нездарма гэты жыватворны напой не толькі падсілкоўвае, але і дапамагае чалавеку ачысціць свой арганізм....
Раптам бачу незнаёмых маладых няголеных хлопцаў у будатрадаўскіх штармоўках з вялізнымі заплечнікамі, якія крочуць праз Даўжані. Пытаюцца ці не збіліся яны з маршруту ў вёску Наўры?
Пытаннем на пытанне кажу: “А што згубілі там, хлопцы?”
Адказваюць сур’ёзна: “Ды вось знайшлі на вашай зямлі многа цікаўнага з далёкіх часоў, а зараз грунтоўнае даследванне старажытнага пасялення будзем праводзіць”.
— Правільны шлях трымаеце, вёска – побач.
Дарэчы, я раней ведаў, што назва Наўры сугучна старажытнаму народу неўрам (неврам – аўт.), пра якія ўспамінаў яшчэ Герадот: некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што менавіта неўры, якія жылі ў вярхоўі Днястра і Паўднёвага Буга, і былі продкамі крывічоў. Несумненна адно: старажытныя людзі, парэшткі якіх пахаваны ў наўранскіх курганах, належалі да полацкай галіны крывічоў – яны разам з дрыгавічамі, ра дзімічамі і некаторымі балтыйскімі плямёнамі і склалі аснову беларускага этнасу. На тэрыторыі, дзе жылі летапісныя крывічы, некаторыя курганныя пахаванні ўдаўжыню маглі дасягаць ста метраў.
Праз колькі дзён я завітаў у лагер маладых беларускіх геолагаў, не церпілася хаця б штосьці паведамілі пра даследванні нашых мясцін. Мая цікаўнасць была задаволена. Я ведаў, што на нашых землях калісці жылі паўднёвазаходнія крывічы, ці палачане. Былі яны высокага росту, з вузкім тварам, выступаючым носам з гарбінкай. Сведкі колішняга існавання тут старадаўняга пасялення – дзясяткі курганоў, што параслі лесам. На гэтай тэрыторыі зроблена нямала архелагічных адкрыццяў унікальнага захаранення летапісных крывічоў ад пачатку першых 1934 года даследванняў. Аднак некропаль крывічоў выклікаў цікавасць не толькі ў спецыялістаў, але і шматлікіх кладашукальнікаў. Тым не менш, ёсць меркаванне навукоўцаў, што тут сканцэнтраваны праявы доўгага працэсу змянення светапогляду нашых продкаў – з язычаскага на хрысціянскае. Курганы гэтыя лічацца адным з буйных пахаванняў крывічоў ва Усходняй Еўропе, і размешчаны так, што ўмоўна ствараюць дзве асобныя групы: у адной крывічы хавалі сваіх сапляменнікаў па абраду крэмацыі, проста спальвалі на язычаскім рытуальным кастры, а ў другой пераважна па абраду інгумацыі, г.зн. цела проста закопвалі ў зямлю.
Другую курганную групу навукоўцы пачалі вывучаць двума гадамі раней, у 2017м. Яна аказалася больш старажытнай. Раскопкамі кіравала цэлая дынастыя археолагаў – Аляксандр Плавінскі і два яго сыны Мікалай і Уладзімір. Тады і быў адкрыты невядомы раней для поўначы Беларусі тып пахаванняў. Па знойдзеных ў пахаваннях старажытных металічных крыжыках можна меркаваць, што ў крывічоў былі некаторыя праявы хрысціянства. Але дакапацца да ісціны пакуль не ўдаецца і наўраўская зямля ставіць перад навукай усё новыя пытанні…
Дарэчы Беларусь у суладдзі і згодзе жыве з усімі канфесіямі, якія прадстаўляюць 124 зарэгістраваныя нацыянальныя супольнасці. Прадстаўнікі карэннага этнасу складаюць 81 працэнт ад усяго насельніцтва краіны.
Між тым вясна ўсё яшчэ няўпэўнена крочыць. Чалавек з нейкім асаблівым хваляваннем чакае прылёту буслоў. А іх усё не відаць, хоць шпакі і жаўрукі ўжо абуджаюць наваколле, заліваюцца, увесь свет патапляючы ў веснавых гуках. Раней у вёсках казалі, што “гэтыя птушкі нясуць вясну і праз месяц які ўжо і зямельку можна варушыць”. Гусі ды журавы ўсё яшчэ мітусяцца – днём лятуць на паўднёвы захад, к вечару – назад. І надвор’е незразумела мяняецца па некалькі разоў на дзень.
І вось раніцою з’явіліся буслы – гэтыя белыя істоты, разумныя і даверлівыя птушкі. Яны праляцелі над вёскай, вітаючыся з людзьмі, нібыта нагадваючы аб сваім апякунстве ад жахаў і пагрозаў. І толькі пасля пачалі парадак наводзіць у сваіх гнёздах.
Раптам, адкуль толькі ўзялася, прысунулася з боку возера, кудлатая непрыветлівая хмара і пайшоў... снег. Але буслы не спужаліся такіх зменаў, толькі схавалі пад сябе адну нагу. А снег не сціхнуў і праз гадзіну, і праз дзве. Гэта змусіла разумных птушак адляцець на дзень другі ў суседнюю, больш цёплую, паўднёвую вобласць.
Бусел не толькі ахоўнік жыцця, цяпер да кожнага парога нясе, як некалі дзіця, сваё пяро перасцярогі...
Ажывілася дзятва: бегае носіцца па вуліцах з канапушкамі на ўсмешлівых тварыках...
Неяк дзіўна добра чуваць гукі раніцою і ўвечары, здаецца, што не існуе адлегласці і гучыць, пранікаючы ў цябе, навакольная прастора.
Чапляючыся за апошнія імгненні зімы, пад плотам ляжыць недаталы камячок збуцьвелага снегу з цукеркавай абгорткаю пасярэдзіне. І, падтрымліваючы яго жыццё, кожную ноч крышку прыціскае адчайны марозік, ствараючы на лужынах тонкую скарынку лёду. Як толькі ўзнімаецца сонца, яна, тая скарынка, знікае, кожны дзень усё памяншаецца і той камячок, пакуль аднойчы не знікне зусім...
Іду пацешыцца ў лес. Ён пачынаецца дыміцца жывымі пахамі. Паўсюль ўсё смялей пачынаюць цвыркаць птушкі. Вось ужо на палянках глебу прабілі маладая траўка і першыя стрэлкі падбелу. А вунь і нарцысы лашчаць вока. Лугавіна шэражоўтазялёная. Падыходжу да ўзлеску. Тут ужо не чуваць густога вясновага ветрыка, а сонейка ўжо няблага прыгравае. А вунь засінелася мора пралесак, сваім колерам спрачаецца з нябёсамі.
Трэснулі пупышкі на дрэвах, і яны ўжо стаяць у зялёнай шэрані, пакуль што нясмелай, але з кожным днём усё больш моцнай.
Павесялела наваколле. Заўсміхаўся чалавек. Як ўсё збалансавана ў прыродзе!
І вось, нарэшце, на нашых вуліцах з’яўляюцца апранутыя па-вясноваму чароўныя дзяўчаткі дый маладзіцы з зіхатлівымі і гуллівымі вачыма. І на мужчынскіх тварах чытаецца замілаванне ды ажыўленыя маладыя і няўрымслівыя пачуцці.
І першая лістота, што вось-вось пырсне на павесялеўшых дрэвах, з пахам маладосці, вясны і кахання.
Якое слаўнае ты, жыццё!
Ах, як хочацца, каб кожная жывая істота радавалася кожнаму дню, кожнаму імгненню! Асабліва мы, людзі. І ніколі не страчвалі памяць, захоўвалі яе, каб ведаць свае гістарычныя карані. Каб жыццё наша было ўсцешным і заможным! І з кожным подыхам вясны яно не страчвала надзеі працягвацца зноў і зноў не гледзячы ні на што ці насуперак усяму.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by