23.04.2019
23.04.2019

Небяспечная бактэрыя. Хелікабактэр пілоры

logo
Здароўе дарослых
0 54
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адной з прычын запалення слізістай страўніка, развіцця гастрытаў і язваў з'яўляецца бактэрыя хeлікабaктэp пілopы (Helicobacter pуlori). Па некаторых дадзеных, ёю заражана 2/3 жыхароў Зямлі.

Хелікабактэр пілоры можа доўга існаваць у арганізме і не даваць ніякіх «сігналаў». Разам з тым, пры фарміраванні спрыяльных для яе ўмоў, бактэрыя пачынае актыўна размнажацца і пашкоджваць розныя аддзелы страўніка і дванаццаціперснай кішкі.

Пра спосабы дыягностыкі і лячэння хелікабактэр пілоры, а таксама пра тое, чым небяспечная бактэрыя, журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі пагутарыла з нашым экспертам – загадчыцай гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Наталляй Шульгой.

Спіралепадобная бактэрыя

Спіралепадобная бактэрыя

Хелікабактэр пілоры – гэта грамадмоўная спіралепадобная бактэрыя, якая інфіцыруе розныя аддзелы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, але галоўным чынам піларычнага аддзела страўніка (адсюль яна і атрымала сваю назву).

Упершыню пра хелікабактэр пілоры загаварылі ў 1875 годзе, калі яе выявілі нямецкія вучоныя ў слізістай абалонцы страўніка чалавека. Неўзабаве гэтае выпадковае адкрыццё было забытае. Актыўна вывучаць хелікабактэр пілоры пачалі напрыканцы 70-х-пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Двое вучоных, Робін Уорэн і Бары Маршал, змаглі вылучыць і ізаляваць гэты мікраарганізм. У наступным дзякуючы іх даследаванням атрымалася даказаць, што менавіта хелікабактэр пілоры з'яўляецца прычынай развіцця гастрытаў і язваў. У 2005 годзе за сваё адкрыццё Робін Уорэн і Бары Маршал былі ўдастоены Нобелеўскай прэміі па медыцыне.

Бактэрыя пранікае ў слізістую абалонку страўніка і дванаццаціперснай кішкі, а спіральная форма і наяўнасць жгуцікаў для перамяшчэння значна палягчае яе рух у слізістым гелі, які пакрывае слізістую страўніка. Менавіта тут і размнажаецца бактэрыя. Ёй не страшная саляная кіслата, якая змяшчаецца ў страўнікавым соку, і трэба зусім няшмат кіслароду. Хелікабактэр пілоры можа на працягу многіх гадоў жыць у гэтым асяроддзі і разбураць слізістую абалонку, выклікаючы гастрыт, гастрадуадэніт, язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя ў 1994 годзе прызнала сувязь паміж наяўнасцю ў арганізме хелікабактэр пілоры і развіццём раку страўніка і занесла бактэрыю ў разрад канцэрагенаў 1 класа. 

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Бактэрыя выдзяляе шэраг ферментаў, якія выклікаюць растварэнне ахоўнай слізі і пашкоджваюць слізістую страўніка. Бактэрыя сакратуе урэазу – фермент, які расшчапляе мачавіну з утварэннем аміяку, што нейтралізуе саляную кіслату і садзейнічае выжыванню бактэрыі ў кіслым асяроддзі.

У неспрыяльных для бактэрыі ўмовах, яна можа змяняць сваю форму: са спіральнай рабіцца шарападобнай або авальнай. У такім выглядзе хелікабактэр пілоры вельмі складана паддаецца лячэнню. Гэтая здольнасць змяняць форму – яшчэ адзін «трук» бактэрыі для таго, каб выжыць.

Шляхі заражэння

У розныя гады выказваліся розныя меркаванні пра тое, якім чынам бактэрыя хелікабактэр пілоры трапляе ў чалавечы арганізм. Існавалі дзве раўназначныя тэорыі. Паводле адной з іх, бактэрыя трапляе ў арганізм аральна-аральным шляхам: праз пацалункі, сліну, агульны посуд. Прыхільнікі другой тэорыі схіляліся да фекальна-аральнага шляху перадачы інфекцыі, напрыклад, праз брудныя рукі. На карысць гэтай тэорыі кажа і той факт, што найменш нізкая рызыка заражэння ў тых сем'ях, нават калі хтосьці інфіцыраваны хелікабактэр пілоры, у якіх строга прытрымліваюцца гігіенічных правілаў: мыюць рукі пасля наведвання прыбіральні, пасля вуліцы, перад ежай, старанна чысцяць агародніну і садавіну і г.д. А вось першая тэорыя з часам не знайшла свайго пацверджання і доказнай базы.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Хелікабактэр пілоры з'яўляецца адной з самых распаўсюджаных інфекцый у свеце. Частата выпадкаў заражэння вышэйшая ў краінах трэцяга свету і ў найбольш бедных сацыяльна-эканамічных пластах. Гэта шмат у чым залежыць ад выканання гігіенічных правілаў, а таксама шырыні выкарыстання антыбіётыкаў (бактэрыя набывае ўстойлівасць да антыбактэрыяльных прэпаратаў).

Што павінна насцярожыць

Наяўнасць хелікабактэр пілоры ў арганізме чалавека само па сабе не выклікае ніякіх спецыфічных сімптомаў. Усе пагаршэнні самаадчування (галодны боль, боль пасля ежы, ваніты, пякотка, частая адрыжка, уздуцце), як правіла, звязаныя з хваробай, якая развілася з-за бактэрыі, – язвай або гастрытам.

Зрэшты, нягледзячы на тое, што вялікая колькасць людзей заражаныя хелікабактэр пілоры, не ва ўсіх яна можа выклікаць тое ці іншае захворванне. Напрыклад, у 17% выпадкаў інфекцыя працякае бессімптомна.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Чалавека можа нічога не турбаваць, не будзе відавочных праяваў гастрыту, эрозій і язваў. Гэта шмат у чым сведчыць пра добрую работу ахоўных функцый арганізма, галоўным чынам слізістай абалонкі страўніка: утвараецца дастатковая колькасць слізі, а кіслотнасць у норме.

Метады дыягностыкі

Метады дыягностыкі можна падзяліць на дзве групы: неінвазіўныя і інвазіўныя.

Неінвазіўныя метады. Вельмі часта пацыенты здаюць аналіз крыві, у якім вызначаюцца тытры антыцелаў да антыгенаў хелікабактэр пілоры. Але! Гэта можа быць актуальна і толькі як дадатковы метад даследавання ў тым выпадку, калі чалавек не праходзіў антыбактэрыяльнае і антыхелікабактэрнае лячэнне.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Наяўнасць антыцелаў да антыгенаў хелікабактэр пілоры не з'яўляецца прамым доказам таго, што ў дадзены момант чалавек інфіцыраваны. «Сустрэча» з інфекцыяй магла адбыцца і раней. Справа ў тым, што калі бактэрыя аднойчы была ў арганізме, нават пасля паспяховага лячэння, дык антыцелы да антыгенаў хелікабактэр пілоры ў крыві чалавека ў той ці іншай колькасці могуць вызначацца ўсё жыццё.

Менавіта з гэтай прычыны асноўнымі спосабамі дыягностыкі хелікабактэр пілоры з'яўляюцца інвазіўныя метады, у прыватнасці, эндаскапічнае даследаванне з выкананнем біяпсіі па пратаколе, як найбольш інфарматыўны метад. Вынікі біяпсіі па наяўнасці хелікабактэр пілоры абазначаюцца плюсамі: адзін плюс – ступень абсямененасці слабая, тры – выяўленая ступень абсямененасці.

Яшчэ адзін метад, які выкарыстоўваецца, – дыхальны урэазны тэст з мачавінай, пазначаны вугляродам 13. Перад тэстам пацыент выпівае раствор, у якім утрымліваецца адмысловае рэчыва – вуглярод С 13 мачавіны. Бактэрыя яго расшчапляе, пры гэтым утвараецца С 13 дыяксід вугляроду, які затым і выяўляецца ў выдыханым паветры, які аналізуе спецыяльны прыбор – спектрометр.

Правілы правядзення тэстаў

Для таго, каб дыягназ быў дакладным, перад правядзеннем тэстаў варта ўлічваць наступныя правілы:

  • біяпсію мэтазгодна рабіць у выпадку, калі чалавек не прымаў блакатары пратоннай помпы (пра іх мы раскажам крыху пазней);
  • калі чалавек прапіў курс антыбіётыкаў, дык аналізы на хелікабактэр пілоры варта здаваць праз 1,5 месяца.

Лячэнне хелікабактэр пілоры

Лячэнне хелікабактэр пілоры

Тэрапія хелікабактэр пілоры заключаецца ў прыёме антыбіётыкаў з так званымі інгібітарамі пратоннай помпы – прэпаратамі, якія памяншаюць сакрэцыю салянай кіслаты ў страўніку (паніжаюць кіслотнасць). Такім чынам ствараюцца максімальна спрыяльныя ўмовы для ўздзеяння антыбактэрыяльных прэпаратаў на мікраарганізм. Тэрапія, як правіла, доўжыцца 14 дзён.

Схемы лячэння хелікабактэр пілоры аднолькавыя для ўсіх краін свету. У 1987 была створана Еўрапейская група па вывучэнні гэтага мікроба. Гэтая арганізацыя перыядычна пераглядае і публікуе рэкамендацыі па тэрапіі бактэрыі, так званыя Маастрыхцкія кансенсусы. Апошнія былі выдадзеныя ў 2016 годзе. Урач не можа змяняць схему, мяняць дазіроўку лекаў або самі антыбіётыкі. Калі чалавек ужо лячыўся, але тэрапія не прынесла належнага эфекту, выкарыстоўваюць схему другога парадку, што таксама адпавядае Маастрыхцкім кансенсусам.

Падчас лячэння спецыяльнай дыеты захоўваць не трэба. Разам з тым, варта выключыць алкаголь і прытрымлівацца прынцыпаў здаровага харчавання. Перавагу аддаваць тым прадуктам, якія не правакуюць залішнюю выпрацоўку салянай кіслаты ў страўніку (нельга рэзкія соусы, спецыі, сокі, смажанае і тлустае).

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
У нас, на жаль, няма такіх методык, якія маглі б вызначыць устойлівасць бактэрыі да таго ці іншага антыбіётыка. Таму выілоры. Іх эфектыўнасць – ад 70 да 98%. Прычым у тых, хто паспяхова вылечыўся, рызыка паўторнага заражэння значна ніжэйшая.

Ці патрэбны кантроль пасля курсу лячэння?

Абавязкова. Паўторныя даследаванні дапамогуць высветліць, ці паспяхова прайшла тэрапія або адбылася рэінфекцыя (паўторнае заражэнне).

Падчас лячэння, раіць эксперт, пацыент павінен абавязкова здаваць аналіз крыві на біяхімію. Асаблівы кантроль – значэнням білірубіну і пячоначным ферментам. Пры пагаршэнні самаадчування варта пракансультавацца з урачом, які лечыць.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
У большасці выпадкаў пацыенты добра пераносяць тэрапію. Аднак магчымыя і пабочныя рэакцыі: медыкаментознае пашкоджанне печані на фоне антыбактэрыяльнай тэрапіі, а таксама развіццё Clostridium difficile (кластрыдыум дефіцыле) – асацыяванай дыярэі і псеўдамембранознага каліту.

У якіх выпадках лячэнне абавязковае

Лячэнне хелікабактэр пілоры абавязковае:

  • наяўнасць язвы страўніка ці язвы дванаццаціперснай кішкі (даказана, што гэтыя захворванні часцяком выкліканыя мікробам). Пасля лячэння хелікабактэр пілоры магчыма поўнае пазбаўленне ад язвы.
  • гастрыт з атрафіяй слізістай (памяншэнне колькасці залоз страўніка). Пасля антыхелікабактэрнай тэрапіі атрафія можа змяншацца;
 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Мы ведаем, што пры атрафіі ў наступным верагодны цэлы каскад падзей: атрафія можа перайсці ў кішэчную метаплазію, дысплазію, якія з узростам могуць перайсці ў рак. Гэта працяглы «шлях», але калі ў чалавека атрафія і ёсць мікроб, лепш у такіх выпадках пралячыць пацыента, каб у наступным перапыніць гэты паталагічны ланцужок.
  • пацыент быў прааперыраваны з нагоды раку страўніка. Акрамя таго, калі ў бліжэйшых кроўных родзічаў чалавека былі зафіксаваныя выпадкі раку страўніка, а ў яго самога знойдзены хелікабактэр пілоры, такія пацыенты падлягаюць абавязковаму лячэнню.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 54

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».