Штогод у сярэдзіне восені, 14 кастрычніка, у нашай краіне адзначаецца адно з самых цёплых святаў – Дзень маці. У гэты дзень прынята віншаваць жанчын, якія ўжо сталі мамамі, а таксама тых, хто яшчэ адчуе радасць мацярынства.
У нашай краіне клопат пра мацярынства і дзяцінства - у ліку значных прыярытэтаў. Дзяржаўная падтрымка сем'яў выступае адным з ключавых напрамкаў сацыяльнай палітыкі і дэмаграфічнай бяспекі. Пра гэта ішла гаворка напярэдадні свята ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Спікерамі выступілі:
– намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў;
– галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Юлія Савачкіна;
– галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай працы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.
Сацыяльная абарона
Па словах Валерыя Кавалькова, у рэспубліцы рэалізуецца шэраг мер, накіраваных на падтрымку маці, павышэнне прэстыжу і каштоўнасці сям'і. Напрыклад, пастаянна ўдасканальваецца сістэма дзяржаўных сацыяльных дапамог. Іх у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей прадугледжана 11 відаў. Сёння дзяржаўныя выплаты атрымліваюць больш за 530 тыс. чалавек.
З 2015 года, расказаў намеснік міністра, у рэспубліцы дзейнічае мера доўгатэрміновай падтрымкі сем'яў - сямейны капітал (10 тыс. долараў ЗША). Ён прызначаецца пры нараджэнні (усынаўленні або ўдачарэннi) трэцяга і наступных дзяцей. Па дадзеных на кастрычнік гэтага года, грамадзянамі нашай краіны адкрыта амаль 59 тыс. дэпазітных рахункаў сямейнага капіталу. Сума грашовых сродкаў на іх – 590 млн. долараў ЗША.
Малазабяспечаным сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей да 2 гадоў, аказваецца падтрымка бясплатнымі прадуктамі харчавання. Калі ў сям'і нарадзіліся двайняты або трайняты, такія прадуктовыя наборы атрымлівае кожнае дзіця незалежна ад узроўню даходаў бацькоў.
У Беларусі дзейнічае больш за 140 рэгіянальных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання. У іх створаны банкі даных розных катэгорый сем'яў з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і дапамогі. Тут назапашваецца інфармацыя пра умовы пражывання сем'яў, занятасці бацькоў, а таксама ўстаноўленыя факты сацыяльнай небяспекі.
Самая запатрабаваная сем'ямі паслуга ў тэрытарыяльных цэнтрах – гэта дапамога няні. Яна прадастаўляецца сем'ям, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, якія нарадзіліся адначасова, а таксама сем'ям з дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да 18 гадоў. Толькі за 6 месяцаў гэтага года паслугамі няні скарысталіся амаль 2 тыс. сем'яў. З іх больш за 1 тыс. 700 сем'яў, у якіх выхоўваецца двойня. З 2018 года права на дапамогу няні атрымалі сем'і, у якіх бацька і маці альбо хтосьці адзін у няпоўнай сям'і з'яўляецца інвалідам 1 або 2 групы.
Сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, на базе дамоў-інтэрнатаў прадастаўляецца паслуга сацыяльнай перадышкі. Ёю можна скарыстацца тэрмінам не больш чым на 28 дзён. У гэты час у сям'і з'яўляецца магчымасць вырашыць свае бытавыя пытанні ці проста адпачыць і набрацца сіл. У гэты перыяд, адзначыў намеснік міністра, нягледзячы на тое, што дзіця знаходзіцца ў стацыянары, за ім захоўваецца права на ўсе сацыяльныя выплаты. У першым паўгоддзі 2018 гады такая паслуга была прадастаўлена 20 сем'ям. За 2017 год такіх сем'яў было больш за 80.
Пастаянна працуюць над удасканаленнем заканадаўства. Напрыклад, у першым чытанні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняты праект Працоўнага кодэкса РБ. У дакуменце прадугледжана ўвядзенне адпачынку для бацькоў пры нараджэнні дзіцяці. Акрамя гэтага, у праекце дакумента ўтрымліваецца норма, што тычыцца развіцця такой формы занятасці, як дыстанцыйная праца.
Медыцынская дапамога
Як адзначыла Юлія Савачкіна, у 2017 годзе ў Беларусі нарадзілася больш чым 101 тыс. дзяцей.
У апошнія гады адзначаецца пазітыўная тэндэнцыя да павелічэння родаў, якія працякаюць без ускладненняў. Іх працэнт у 2017 годзе склаў больш за 40%. Памяншаецца і трымаецца на мінімальным узроўні колькасць выпадкаў заўчасных родаў. Актыўна праводзіцца прафілактыка абортаў.
У рэспубліцы аказваецца ўвесь спектр складаных і высокатэхналагічных медыцынскіх умяшанняў як жанчыне, так і плоду. Напрыклад, распавяла эксперт, у РНПЦ «Маці і дзіця» выкарыстоўваюць фетальную хірургію. Гэта цэлы комплекс аператыўных умяшанняў, які праводзіцца ўнутрычэраўна, калі яшчэ дзіця не нарадзілася, што дазваляе захаваць малышам жыццё. Гадоў 15 таму ў такіх дзяцей не было нават шанцу на нараджэнне.
Сёлета ў краіне прайшоў першы форум «МамаPRO». Як паказала практыка, падобныя мерапрыемствы выклікаюць вялікую цікавасць у маладых бацькоў. Форум наведалі больш за 2 тыс. цяжарных жанчын і членаў іх сем'яў, якія змаглі атрымаць адказы на свае пытанні ад урачоў самых розных спецыялізацый: псіхолагаў, акушэраў-гінеколагаў, педыятраў і іншых. Наступны форум, адзначыла Юлія Савачкіна, запланаваны на лістапад.
Адукацыя і права на сям'ю
Велізарнае значэнне для дзіцяці мае сям'я. Матчына і бацькава выхаванне не заменіць ні адзін навучальны курс або факультатыў, упэўнена Алена Сімакова.
Адной з задач органаў адукацыі з'яўляецца абарона права дзіцяці на выхаванне ў сям'і, у тым ліку дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі па розных прычынах.
Зрэшты, падкрэсліла спецыяліст, за апошнія восем гадоў амаль у два разы зменшылася колькасць дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Калі ў 2010 годзе такіх дзяцей было 2 тыс. 683, то па выніках 2017 года – каля 1 тыс. 400.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by