Страляе, коле, рэжа, аддае ў галаву, літаральна выводзіць са стану раўнавагі і пазбаўляе спакою. Менавіта так часцей за ўсё характарызуюць вушны боль. Па ступені канцэнтрацыі непрыемных адчуванняў ён наўрад ці саступае безумоўнаму лідару – нясцерпнаму зубному болю.
Між тым вушны боль з'яўляецца асноўным сімптомам атыту – аднаго з самых частых отарыналарынгалагічных захворванняў. Па статыстыцы, кожны трэці зварот да лора (з агульнай колькасці) звязаны з вострым атытам сярэдняга вуха. А ва ўзросце да 3 гадоў на яго хварэюць 8 з 10 дзяцей. Але, нягледзячы на «папулярнасць», захворванне зусім не бяскрыўднае і можа прывесці да незваротных наступстваў.
Як з'яўляецца атыт? Чым яго лячыць? Ці можна апынуцца ў ліку шчасліўчыкаў, якія не ведаюць, што такое вушная хвароба? На 8 самых важных пытанняў пра атыт карэспандэнту сайта Слушна адказаў Алег Мазанік.
Алег Мазанік
Урач-отарыналарынголаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 3-й дзіцячай гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска
1. Што такое атыт і які ён бывае?
Атыт – гэта запаленне вуха. У адпаведнасці з анатамічным дзяленнем вуха на вонкавае і сярэдняе адрозніваюць вонкавы і сярэдні атыт.
Вонкавы атыт – запаленне скуры вушной ракавіны, вонкавага слыхавога праходу. Яно можа быць лакальнае (фурункул, абсцэс) або закранаць усю паверхню скуры вушной ракавіны і слыхавога праходу – так званы дыфузны вонкавы атыт.
Сярэдні атыт – запаленне ў раёне барабаннай перапонкі і паветраносных ячэек соскападобнага адростка. Прасцей кажучы, запаленчы працэс размяшчаецца за барабаннай перапонкай, у тоўшчы скроневай косткі.
Атыт можа быць востры. Пры такой форме захворванне можа развіцца ў самыя кароткія тэрміны: ад некалькіх гадзін да некалькіх дзясяткаў хвілін.
Хранічны атыт – рэцыдывуючае запаленне сярэдняга вуха, што працякае працягла (на працягу месяцаў і нават гадоў) . Хранічная форма часта характарызуецца наяўнасцю адтуліны (перфарацыі) барабаннай перапонкі, рознай ступенню разбурэння анатамічных структур сярэдняга вуха, развіццём рубцоў, грануляцый у сярэднім вуху. Нярэдка хранічны атыт прыводзіць да ўстойлівага зніжэння слыху. А пры прагрэсаванні можа выклікаць ускладненні – менінгіт, лабірынтыт, абсцэс галаўнога мозгу, сэпсіс, трамбоз сасудаў галаўнога мозгу. Хранічны атыт, як правіла, патрабуе хірургічнага лячэння.
2. Якія прычыны прыводзяць да атыту?
Вонкавы атыт могуць справакаваць:
- пашкоджанні скуры вушной ракавіны (траўма, драпіна);
- раздражненне хімічнымі рэчывамі і тэмпературнае ўздзеянне (апёк, адмаражэнне);
- трапленне ў слыхавы праход бруднай вады.
Як правіла, пашкоджаная скура страчвае бар'ерную функцыю, у ёй развіваюцца гнаяродныя бактэрыі, грыбкі. Акрамя таго, да вонкавага атыту грыбковага паходжання схільныя людзі, якія маюць у анамнезе захворванні, звязаныя з парушэннямі абменных працэсаў (цукровы дыябет), алергічныя або хранічныя аутаімунныя захворванні.
Сярэдні атыт у пераважнай большасці выпадкаў пачынаецца з-за праблем з носам і насаглоткай. Кажучы медыцынскай мовай, атыт мае рынагенную прыроду. У норме сярэдняе вуха павінна вентылявацца. Але часам вентыляцыя парушаецца і забяспечваецца не ў поўнай меры. Гэта адбываецца пры:
- закладзенасці носа;
- вострых захворваннях носа і яго прыдаткавых пазух (рыніт, сінусіт, гаймарыт).
Парушэнне вентыляцыі слыхавой трубы праз насаглотку стварае ўмовы для развіцця мікробнай інфекцыі, якая выклікае запаленчы працэс).
3. Па якіх сімптомах можна распазнаць атыт?
Для вонкавага атыту характэрныя асноўныя сімптомы любога запаленчага працэсу:
- боль;
- пачырваненне;
- прыпухласць.
Акрамя таго, пры поўным закрыцці прасвету слыхавога праходу пачырванелымі тканкамі і гнойнымі вылучэннямі да названых сімптомаў дадаюцца закладзенасць вуха і зніжэнне слыху.
Для сярэдняга атыту характэрныя:
- боль;
- зніжэнне слыху;
- шум;
- рэдка галавакружэнне.
Часта востры атыт суправаджаецца агульнымі прыкметамі інфекцыйнага працэсу ў арганізме:
- павышэннем тэмпературы цела;
- адчуваннем хваробы;
- адчуваннем разбітасці;
- хуткай стамляльнасцю.
4. Бессімптомны атыт – такое бывае?
У дарослых людзей атыт па вызначэнні не можа працякаць бессімптомна. Вуха – орган слыху і раўнавагі. Пры запаленні вуха ў той ці іншай ступені пакутуе ўспрыманне гукаў: чалавек пачынае горш чуць, з'яўляецца пастаянны шум у вушах. І на гэта нельга не звярнуць увагі. Таксама пакутуе пачуццё раўнавагі: пры атыце чалавека могуць суправаджаць галавакружэнне і няўстойлівая хада.
А вось у дзяцей ва ўзросце да 5-6 гадоў бессімптомным можа быць зніжэнне слыху пры так званым хранічным экссудатыўным сярэднім атыце. Дзіцёнка сапраўды могуць не турбаваць вушы, і тэмпература цела будзе ў межах нормы. А вось адсутнасць рэакцыі на ціхія гукі, неабходнасць паўтараць некалькі разоў або павышаць голас бацькі часта расцэньваюць як дзіцячую рассеяннасць і няўважлівасць.
Таму прафілактычныя медыцынскія агляды ў отарыналарынгалогіі хаця б 1 раз у год абавязковыя для ўсіх дзяцей. А бацькам варта быць крышачку больш уважлівымі і не ленавацца звярнуцца да ўрача пры падазрэнні на праблемы са слыхам у дзіцяці. У арсенале лор-урачоў маюцца аб'ектыўныя метады вызначэння стану сярэдняга вуха дзіцяці - імпедансаметрыя (цімпанаметрыя). Пры неабходнасці (падазрэнні на глухату) можна правесці паглыбленае абследаванне – даследаванне атаакустычнай эмісіі, кароткалатэнтных слыхавых выкліканых патэнцыялаў галаўнога мозгу.
5. Як лечаць атыт? Чаму прынцыпова важна разам з вухам лячыць і нос? У якім выпадку паказана хірургічнае лячэнне?
Цячэнне вострага сярэдняга атыту мае пэўныя стадыі.
- Пачатак захворвання – так званы тубаатыт - характарызуецца тым, што вуха ўжо закладзена, але запаленчы працэс у ім яшчэ не развіўся. На гэтым этапе лячыць варта як раз нос і насаглотку. Аснова тэрапіі – лекі, якія здымаюць ацёк слізістай носа, нармалізуюць насавое дыханне (сасудазвужальныя кроплі). Закапванне кропель у вушы не патрабуецца, і пры выкананні ўсіх рэкамендацый і прызначэнняў урача цалкам можна абыйсціся без антыбіётыкаў.
- Наступная стадыя – катаральны атыт. Да вышэйназванага лячэння дадаецца антыбактэрыяльная тэрапія. Закапваюць кроплі ў вушы (можна - на спіртавой аснове, можна – камбінаваныя кроплі з абязбольвальным эфектам). Не варта выкарыстоўваць кроплі з гармонамі (сафрадэкс) – яны выкарыстоўваюцца толькі пры вонкавым атыце!
- Наступная стадыя пры прагрэсіраванні захворвання – гнойны працэс у сярэднім вуху. Боль узмацняецца, павышаецца тэмпература цела. Неабходны тэрміновы агляд отарыналарынголага для вырашэння пытання аб выкананні парацэнтэзу (праколу) барабаннай перапонкі.
Парацэнтэз – эфектыўная методыка лячэння вострага гнойнага атыту. Дазваляе стварыць адток гною ў самым бяспечным месцы - нацягнутай частцы барабаннай перапонкі. Пасля апаражнення ад гною сярэдняга вуха, як правіла, праз 2-3 дні, адтуліна загойваецца бясследна, слых аднаўляецца.
Часам можа развіцца спантаннае гноецячэнне з вуха. Гэта адбываецца з-за расплаўлення перапонкі пад уздзеяннем гнойнага працэсу. Адтуліна ў гэтым выпадку можа быць вялікай і размяшчацца ў «кепскім» месцы. Гоіцца яна горш, што можа прывесці да рубцаў і дэфармацыі перапонкі. У некаторых выпадках адтуліна можа не закрыцца - тады развіваецца хранічны гнойны сярэдні атыт. Таму аптымальна, калі хірургічную маніпуляцыю правядзе ўрач-отарыналарынголаг.
Пры гнойным атыце слыхавы праход старанна чысцяць ад гною прамываннем вуха, закапваннем 3%-га раствору перакісу вадароду. Таксама закапваюць у слыхавы праход водныя растворы антысептыкаў. Ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць для лячэння гнойнага атыту спіртазмяшчальныя растворы і камбінаваныя гарманальныя кроплі - яны могуць выклікаць страту слыху!
- Далей ідзе фаза рэпарацыі, аднаўлення вуха. Пацыент выздараўлівае.
Такім чынам, пры лячэнні вострага сярэдняга атыту важна:
- своечасовы зварот да ўрача (отарыналарынголага, педыятра, тэрапеўта або ўрача агульнай практыкі), які карыстаецца метадам атаскапіі;
- адэкватная антыбактэрыяльная тэрапія, захаванне ўсіх рэкамендацый і прызначэнняў урача;
- згоду на парацэнтэз пры наяўнасці паказанняў да яго;
- завяршэнне лячэння атыту пры наяўнасці крытэрыяў, якія пацвярджаюць поўнае выздараўленне: неабходна здаць агульны аналіз крыві і прайсці тымпанаметрыю, каб праверыць аднаўленне функцыі слыху.
6. Чым небяспечны невылечаны да канца атыт?
Дрэнна пралечаны востры атыт (напрыклад, незавершаны курс антыбактэяльнай тэрапіі, адмова ад парацэнтэзу пры наяўнасці паказанняў, няпоўная ліквідацыя правакуючых атыт фактараў - сінусіту, скрыўленай перагародкі носа, павялічаных насавых ракавін і г. д.) прыводзіць да развіцця рэцыдываў атытаў і ў далейшым да пераходу захворвання ў хранічную форму.
У сваю чаргу хранічнае запаленне сярэдняга вуха можа прывесці да поўнай страты слыху, а таксама ўнутрычарапных смяротных ускладненняў.
7. Ці можна «надзьмуць» атыт?
Да атыту прыводзіць рэспіраторная інфекцыя, паслабленне ахоўных сіл арганізма. Мясцовае астуджэнне (скразняк, струмень паветра з адкрытага вакна аўтамабіля) вуху здаровага чалавека шкоды не прынясе. Часцей гэта прыводзіць да міязіту (запалення цягліц шыі), неўралгіі (запалення нерваў, якія забяспечваюць адчувальнасць вобласці шыі і вонкавага вуха).
8. Ніколі не хварэць на атыт – гэта рэальна?
Не хварэюць на атыт дарослыя, якія не паляць, не маюць хранічных захворванняў і ў якіх адсутнічаюць асаблівасці анатамічнай структуры носа і глоткі, што абцяжарваюць насавое дыханне.
Таксама ў ліку шчасліўчыкаў тыя, хто надае пільную ўвагу прафілактыцы вострых рэспіраторных захворванняў, асабліва ў перыяд іх эпідэмічнага ўздыму (у тым ліку праходзіць вакцынацыю), і вядзе здаровы лад жыцця.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by