22.10.2024
22.10.2024

Пацучок Фэлік падарожнічае (казка). Частка 1-ая

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Аднойчы ўзімку, у моцны мароз, у сваякоў не завялася машына. Адкрыўшы капот, гаспадар машыны ўбачыў перагрызеныя правады ў маторы. Памкнуўся дакрануцца да іх, як раптам на яго выскачыў пацук і цапнуў зубамі за рукаў курткі.

«Добра яшчэ, што не пакусаў» — абураўся кожны, хто даведваўся гэтую гісторыю, і ўсе дружна абураліся пацучынаму нахабству. Я — не выключэнне.

«Цікава, а гэты выпадак лічыцца страхавым?» – запыталася я.

Высветлілася, што так! Не адно толькі маім сваякам пацук машыну пашкодзіў. Падобныя здарэнні частыя, асабліва ўзімку.

Як толькі я гэта пачула, фокус увагі змясціўся. Я паспрабавала ўявіць сябе на месцы шкодніка, які папсаваў машыну – і адчула не толькі яго крыўду, але і гнеў. Гэта ж трэба: толькі цёплае мясцечка абушкаў, жытло зладзіў, як з’явілася нейкая пачвара і выганяе яго! Тут жа прыдумаўся герой — пацучок Фэлік, які селіцца ў маторы джыпа і такім чынам падарожнічае. Гэта і быў пачатак казкі «Пацучок Фэлік падарожнічае».

Алена Масла

Пачцчок Фэлік

Фэлік страхуе сваё жыццё

Маленькі пацучок Фэлік марыў пра незабыўнае падарожжа. Аднойчы цішком ад шматлікай радні ён сабраў у вузельчык свой невялікі скарб, напісаў ў цыдулцы, каб яго не шукалі, і выбраўся з падвала, дзе жыў.

На вуліцы Фэліку адразу кінуўся ў вочы вялізны будынак з шыльдаю: «ДзяржСТРАХ»*.

– Нічога сабе наверсе жывецца, – прамармытаў Фэлік. – І ў падземнай дзяржаве небяспек аж задужа, але ж абвестак пра тое яшчэ не вывешваюць!

І Фэлік адразу ж скіраваўся да кантэйнера са смеццем, дзе месціўся офіс страхавой кампаніі «Супрацькатэ».

Страхавы агент Пац Цапавіч скарыстаўся з таго, што Фэлік па маладосці шмат чаго не разумеў і не стаў тлумачыць, што «ДзяржСТРАХ» для людзей тое самае, што «Супрацькатэ» для пацучынай радзіны.

– Наверсе поўна нечаканасцяў і непрыемнасцяў, ці мала што здарыцца! –  падтрымаў ён маладзенькага пацучка, і Фэлік без шкадавання аддаў за страхоўку свайго жыцця і здароўя ўсе каўбасныя скуркі, сабраныя на чорны дзень.

Аўтамабіль

Для падарожжа Фэлік абірае аўтамабіль

Фэлік пашыбаваў да машын, якія стаялі ў двары. Справа ў тым, што ён хацеў пабачыць як мага больш, таму і намерыўся падарожнічаць на аўтамабілі.

Пацучок аблюбаваў чорны джып. На дне машыны ў ахоўных панэлях нібы спецыяльна для яго былі прадугледжаны дзюркі. Праз іх Фэлік і пратачыўся ў рухавік.

Тут ён агледзеўся. Усе дэталі прыбраны ў футаралы, можна не баяцца ўпусціць доўгі хвост у механізм. Пацучок уладкаваўся як зручней: дастаў з вузельчыка коўдру і паслаў яе пад бок. З нагруднай кішэнькі выцягнуў фотаздымак сям’і і павесіў на панэль перад вачыма. Пасля ўзяў у лапу сухую скарынку і стаў грызці яе. Сэрца ў Фэліка калацілася ад жаху перад невядомасцю. Ну, але ж ён разумеў: без рызыкі сапраўднае падарожжа не адбудзецца!

* «Дзяржстрах» –  «Дзяржаўнае страхаванне». Калі, мой дружа, ты не ведаеш, што гэта, запытайся ў дарослых. Мама ці тата патлумачаць табе, што такое сваечасова аформленая страхоўка. Яна, канешне, не ратуе ад розных прыкрых здарэнняў, але ж дапамагае пасля справіцца з іх наступствамі, бо застрахаваным асобам кампенсуюць за перажытыя непрыемнасці.  Фэлік гэта ведаў, толькі ён не ведаў, што страхавыя кампаніі называюцца па-рознаму і што ў людзей яны таксама ёсць. Сам Фэлік і ўся яго радня карысталіся паслугамі «Супрацькатэ».

Першыя паездкі

Кіроўца, маладая жанчына, прыйшла даволі хутка. Яна завяла машыну і рушыла.

Некалькі хвілін Фэлік напружана ўслухоўваўся ў свае адчуванні. Крыху падкідвала на выбоінах, рухавік равеў. Каб не пераймацца ад рэзкіх гукаў, Фэлік уставіў у вушы слухаўкі і ўключыў плэер. Адразу пацучку паспакайнела. А калі рухавік прагрэўся і пацяплела, Фэлік усцешыўся – усё ішло нават лепей, чым ён мог разлічваць!

Пасля цікаўны пацучок стаў круціцца і шукаць шчыліны, з якой зручна было назіраць за тым, што робіцца на вуліцы.

І тут ён не прагадаў! Высокі джып дазваляў быць як бы па-над усімі, нішто не засціла Фэліку далягляд. Вось гэта дык падарожжа!

Фэлік смялее і робіць вылазкі

Тры дні Фэлік не высоўваў носу са сваёй новай кватэры на колах. Перакусваў тым, што знаходзілася ў вузельчыку, а за жыццём назіраў праз шчыліну пад капотам.

І толькі калі прыпасы сышлі, насмеліўся на вылазку. Аўтамабіль жа ноччу стаяў у двары дома, дзе быў Фэлікаў падвал. Таму пацучок скарыстаўся нагодаю і збегаў праведаць сям’ю.

Мама гаравала, што яе сынок схуднеў, але разам з усёй раднёй уважліва слухала пра Фэлікава падарожжа.

Пацучок так маляўніча расказваў пра гарадскія вуліцы і праспекты, па якіх давялося пракаціцца, што дарослыя пастанавілі: некалі Фэлік яшчэ і кнігу пра свае вандроўкі напіша!

А моладзь узахвоцілася: і мы сабе машыны знойдзем – і пакатаемся!

На растанне мама спакавала Фэліку паўнюткую торбу гасцінцаў і пажадала шчаслівай дарогі.

Пацучку паспакайнела. Збегшы з хаты цішком, ён усё ж такі перажываў. А цяпер цешыўся: родныя ведаюць, чым ён заняты.

Дзяўчаткі

Фэлік знаёміцца з дзяўчаткамі

Адно гэта веданне надало Фэліку рызыкі яшчэ больш, чым ён дагэтуль меў: назаўтра пацучок выскачыў на першай жа стаянцы ў горадзе.

Гаспадыніны туфлікі на высокіх абцасах працокалі і зніклі за дзвярыма з шыльдаю «Цырульня».

Фэлік хаваўся за колам і назіраў за нагамі мінакоў, якія спешна бегалі туды-сюды. Яму ўжо добра надакучыў парад чаравікаў, туфлікаў і боцікаў – нічога цікавага. Аж раптам!

– Пі-прывітанне! – пачуў ён. – Давай знаёміцца!

Фэлік не заўважыў, як у яго схованку шмыгнулі дзве прыгожанькія пацучыхі.

– Ларыска! – назвалася адна.

– Анфіска! – падала лапку другая.

А Фэлік так разгубіўся, што забыўся, як яго клічуць.

Ён стаяў і лыпаў вачыма. Дзяўчаткі былі такімі непадобнымі да тых, каго ён бачыў раней! Вусікі завітыя, пазногцікі нафарбаваныя, поўсць на галаве ў адной – чырвоная, у другой – зялёная. А ў вушах і ў носе – завушнічкі!

Сяброўкі рассмяяліся, пабачыўшы Фэлікаву разгубленасць. Яны прывыклі да таго, як іх знешнасць дзейнічае на суродзічаў, і паблажліва сказалі:

-- Ну, што ты спруцянеў? Мы жывем вось у гэтай цырульні. Службовае становішча, можна сказаць, вымагае адпаведнага выгляду. Пад рукамі заўжды фарбы ды інструмент, грэх не скарыстацца. Хочаш, і табе зараз знешнасць зменім? Пайшлі да нас у цырульню!

Ад такой прапановы Фэлік спруцянеў яшчэ больш. Ён не хацеў ані фарбавацца ў іншыя колеры, ані завіваць вусы. Але ён не хацеў і баязліўцам сябе перад красунямі паказаць.

Пакуль Фэлік стаяў моўчкі і кеміў, што адказаць, з цырульні выйшла гаспадыня аўто.

– А давайце я вас лепш на джыпе пакатаю! – прапанаваў Ларысцы і Анфісцы Фэлік.

Джып

Фэлік катае дзяўчатак на джыпе

Тут ужо разгубіліся дзяўчаткі. Фэлік падаўся ім маўчуном і цюпам, а высветлілася – зух!

Ларыска і Анфіска не пакутвалі без увагі: кавалеры, зачараваныя красой дзяўчатак, задорвалі іх сырнымі абгрызкамі. Але аўтамабіля ніхто з іх не меў. Таму дзяўчаткі з радасцю пагадзіліся катацца і ўслед за Фэлікам шмыгнулі ў аўто.

Ім надзвычай спадабалася Фэлікава кватэра. Цёпла, утульненька, дызайн ва ўлюбёным стылі хайтэк. А, самае галоўнае, фатаздымак сям’і на сцяне. Мама – буйным планам. Адразу бачна: Фэлік (да той пары ён ужо згадаў сваё імя і назваўся) – добра выхаваны пацучок, трымаецца традыцый і даражыць сям’ёй. З такім не страшна звязаць свой лёс.

Ларыска і Анфіска нават па-новаму адна на адну зірнулі. Толькі былі сяброўкамі, як раптам сталі пачувацца суперніцамі. Цікава – каго Фэлік упадабаў больш?

Але думаць над гэтай загадкаю доўга не выпадала. Гарадскія карцінкі ў шчыліне пад капотам мяняліся з маланкавай хуткасцю, ажно займала дух, і дзяўчаткі адно пішчэлі ад асалоды.

Фэлік цешыўся, што дагадзіў паненкам. Адно хваляваўся, што ад гулу рухавіка дзяўчаткам магло закласці вушы.

Але Ларыска і Анфіска былі выбітнымі тусоўшчыцамі, загартаванымі дыскатэкамі. І шум іх толькі натхняў. Хуткасць жа аўтамабіля хаця і палохала, але адначасова і ўзрушвала.

Цудоўнейшай прыгоды ні Ларыска, ні Анфіска ў сваім жыцці яшчэ не мелі!

Дзяўчаткі вядуць Фэліка ў кавярню пад зямлёй

Ад цырульні ад’ехаліся даволі далёка. Калі машына спынілася ў чарговы раз, падарожнікі пачулі, як кіроўца праз мабільны тэлефончык казала, што зрушыцца з месца не раней як праз тры гадзіны. Ого, колькі часу давядзецца прастойваць!

Але тут красуні пазналі месца:

— Гэта ж наша любімая кавярня! Мы сюды на каву часта бегаем! – запляскалі яны ў ладкі. – Праўда, наверх нас нас не пускае вунь той сярдзіты дзядзька, – паказалі Ларыска і Анфіска на камінара*.

*Камінар – чалавек, які чысціць коміны

Камінар быў адмысловы. Ён даўно ўжо не лазіў па дахах і не чысціў комінаў, бо аднойчы яму пашчасціла знайсці чароўны гузік, які выконваў самае запаветнае жаданне. Камінар заўжды марыў мець чысцейшую работу – і чароўны гузік спраўдзіў яго жаданне: камінар уладкаваўся працаваць ў кавярню. Ён стаяў на ўваходзе, зазываў наведвальнікаў і ўсім ахвотным даваў патрымацца за чароўны гузік на сурдуце.

Праўда, камінар чамусці не любіў ні мышэй, ні пацукоў. Іх ён у кавярню не пускаў.

Той бяды! Справядлівасць усё адно ёсць на свеце!

– Якраз пад кавярняй у падземным калектары цячэ рэчка, -- патлумачылі Фэліку Ларыска і Анфіска, – і пані Пацукевіч адчыніла тут кавярню “На галерах” усёй радзіне на пацеху. Фэлік, красачка, так хочацца кавы з марозівам! Завядзі нас!

Фэлік памацаў торбачку з гасцінцамі ад мамы. Там было некалькі скрылёчкаў вэнджанай каўбасы, сушаны сыр, сухары і кавалак яблычнага пірага. Фэлік ведаў, што хатнія прыпасы былі самай цвёрдай і хадавой валютай. І на ўваходныя білеты іх павінна было хапіць.

Прыяцелі спусціліся ў калектар.

Падарожнікі балююць у кавярні

Ого, з такім багаццем, як у Фэліка, ім хапіла не толькі на ўваходныя білеты!

Спачатку кампанія заказала сабе каву з марозівам. Але ад гэтага пачастунку толькі ўзыграўся апетыт, і пазней Фэлік узяў сабе дранікаў, а дзяўчаткам – варэнікаў.

Пасля яны пілі духмяную гарбатку «Мышыныя вушкі» (не падумайце благога, так завуцца незабудкі).

А пасля ім прынеслі гарачы шакалад. Ларыска і Анфіска паспыталі шакаладу і закруцілі насамі:

– Фу-фу-фу, а вось шакалад тут не сапраўдны! – піскнула Ларыска.

– Сапраўдны густы-густы, і да яго абавязкова падаецца шклянка вады! – патлумачыла Анфіска. – Па такі варта ў Майстэрню шакалада завітаць!

Адразу ж сяброўкі намерыліся патрабаваць кнігу скаргаў, каб выказаць гаспадыні прэтэнзію.

(Па праўдзе, справа зусім не ў тым, што шакалад быў кепскі. Проста Ларысцы і Анфісцы хацелася паказацца перад Фэлікам і абазначыць сваю азнанасць ва ўсім).

Але Фэліку, які апроч свайго падвала так мала яшчэ бачыў, ўсё было смачна і ўсё – цікава! І ні з кім не хацелася сварыцца.

Таму, каб адцягнуць увагу Ларыскі і Анфіскі ад кнігі скаргаў, ён нагадаў:

– Ці не пара нам наверх? І так няма пэўнасці, што мы заспеем аўтамабіль, бо забавіліся.

Сяброўкі адразу забыліся на скаргі. Хуценька праглынулі гарачы шакалад, на які толькі што наракалі – і кепска ім не зрабілася. На растанне селі ў галеры, пакаталіся па падземнай рацэ і выскачылі на вуліцу.

Апынуўшыся на паверхні, Ларыска злаўчылася, падскочыла і ўхапіла такі камінара за гузік – яна задумала застацца з Фэлікам назаўжды!

Карысць ад пробак ў горадзе

Толькі кампанія ўладкавалася пад капотам, як вярнулася гаспадыня. Добра, што не бавіліся даўжэй і не пісалі скаргаў. Во каб спазніліся і засталіся без транспарта! Да добрага прывыкаеш хутка, і тэпаць пешкі нікому ўжо не хацелася.

Машына рухалася паволі, бо быў час пік, і вузкія вулачкі старой часткі горада скрозь пазабіваліся пробкамі.

Можа, кіроўцы гэта і не падабалася, а вось Ларыска з Анфіскай і Фэлік знайшлі шмат прыемнага ў павольнай яздзе па брукаванцы. Машыну не падкідвала, а злёгку зыбала. Прыяцелі сцішыліся, прыхінуўшыся плячыма да цёпленькага рухавіка, і задрамалі.

Гэта быў цалкам апраўданы перадых пасля цэлага дня новых яскравых уражанняў!

Кампанія дружбакоў прыязджае на шопінг

Абудзіліся ад таго, што дзверы ў аўто бразнулі: гаспадыня спынілася зноў і некуды пайшла.

Ларыска з Анфіскай вытаркнулі свае мыскі на двор і адразу вызначылі:

– Ой, гэта ж слынны гандлёвы цэнтр! Фэлік, кабеты хутка з такіх месцаў не вяртаюцца! Давай і мы на шопінг выправімся.

Што такое шопінг, Фэлік яшчэ не ведаў. Але Ларыска і Анфіска хуценька патлумачылі, што шапінгаваць – гэта, папросту, рабіць закупы.

Фэлік памацаў торбачку, правяраючы, ці не завалялася там чаго з «цвёрдай валюты» – мамчыных гасцінцаў.

Дзе там! Усё ў кавярні «На галерах» спусцілі!

Ды Фэлік не засмуціўся. У таемнай кішэньцы ён меў ламаны грош, таму шопінга палохацца не стаў.

Фэлік

Фэлік дорыць ламаны грош дзяўчаткам

Ларыска і Анфіска і праўда шмат што ведалі і шмат у чым разбіраліся. Вось і ў гандлёвым цэнтры адразу сталі шнарыць па крамах, нібы па ўласнай кватэры.

Фэлік зайшоўся разам з імі толькі ў парачку, і галава ў яго з непрывычкі пачала гудзець, усярэдзіне стала млосна, а ўваччу залёталі мятлікі.

– Ай, Фэлік, – скрывіліся сяброўкі, – ты такі самы, як і ўсе хлопчыкі. Двух хвілінаў патрываць у краме не можаш!

– Давай мы пакінем цябе вось тут, дзе кажушкі прадаюць, -- пашкадавала Фэліка Ларыска. – Тут лавачка ёсць, пасядзіш, а мы тым часам усё абгледзім.

– Фэлічак, а калі нам на абноўкі сваіх заначак не досыць, ты даложыш? – пацікавілася Анфіска.

Фэлік без лішніх размоў дастаў ламаны грош і аддаў дзяўчаткам. Той бяды! Добра пашукае на сметніку – і не адзін такі яшчэ знойдзе.

Ларыска і Анфіска пабеглі за абноўкамі, а Фэлік сцішыўся на лавачцы.

Прадавачкі бяруцца прыбіраць Фэліка

Але не доўга ён цешыўся спакоем! Дзве прадавачкі, якія, канешне ж, заўважылі, як шчодры Фэлік аддаваў сяброўкам ламаны грош, хуценька скіраваліся да яго.

– Малады чалавек! – завуркаталі яны. – Якраз сёння мы атрымалі апошнюю калекцыю кажушкоў ад выбітных дызайнераў! Хутка зіма, уцяпліцца не зашкодзіць! – лагодна казала адна.

– Юнаку з такой мадэльнай знешнасцю любы кажушок будзе да твару! – дадавала другая, і вось Фэлік, сам не заўважыў як, стаў манекенам.

Ён стаяў, растапыраўшы ў бакі лапкі, а прадавачкі ўссоўвалі яму на плечы то адзін, то другі… пяты… дваццаць пяты кажушок і трашчэлі, як сарокі: Фэлік і прыгожы, і цікавы, і вочкі ў яго разумныя, і поўсць у яго бліскучая, і лапкі роўненькія – і, як вынік усяго пералічанага, гаманец* яго, па ўсім відаць, тоўсты…

*Гаманец – кашалёк

Фэлік адурэў зусім. Ён шкадаваў, што ў яго таемнай кішэньцы няма яшчэ аднаго ламанага гроша. Аддаў бы прадавачкам толькі за тое, каб яны ад яго адчапіліся і памаўчалі.

Яны ж тым часам начапілі на Фэліка чарговы кажушок і расхвальвалі на ўсе лады. Казалі, што зняць яму яго не дадуць.

Фэлік мусіў сказаць, што грошай з сабой у яго няма.

– Не бяда! – суцешылі прадавачкі. – Мы вам зараз запакуем кажушок, а вы нам што-небудзь у задатак пакінеце. А за пакупкай вернецеся пазней!

Яшчэ больш прыгод пацучка Фэліка мы апублікуем на «Слушна» у хуткім часе.

Лагодны воўк (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама