18.07.2019
18.07.2019

Гульні на выжыванне. Дзіцячы траўматызм улетку

logo
Адукацыя і выхаванне
0 45
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Лета выклікае звыклыя асацыяцыі з бесклапотнасцю, лёгкасцю і весялосцю. З асаблівай нецярплівасцю чакаюць яго дзеці. Бо можна (нарэшце!!!) «знікаць пропадам» у дварах, з раніцы да вечара гарэзаваць на арэлях-каруселях і круціцца на турніках ды перакладзінах. Але ў бочцы мёду заўсёды знойдзецца лыжка дзёгцю. Па статыстыцы, з году ў год стабільна 1 дзіця з 10 адпраўляецца з дзіцячых гульнявых пляцовак і спартыўных комплексаў не дадому, а наўпрост у траўмапункт.

Пра тое, якія небяспечныя моманты каравуляць дзяцей і падлеткаў на дваровых пляцоўках, як пазбегнуць траўмаў і хто ў адказе за дзіцячую бяспеку, журналіст Слушна даведалася ад вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі наступстваў траўмаў і захворванняў пазваночніка і спіннога мозгу РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, галоўнага пазаштатнага дзіцячага артапеда-траўматолага Міністэрства аховы здароўя Дзмітрыя Цесакова і гігіеніста аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірыны Пазняк.

Арэлі навылёт

Каруселі. Дзіцячы траўматызм

Пра тое, што дзіцячы траўматызм – праблема для Беларусі вельмі актуальная, кажа той факт, што ў краіне ён займае 2-е месца ў структуры першасных захворванняў. Пры гэтым больш за 80% усіх траўмаў дзеці атрымліваюць дома або гуляючы на вуліцы.

Па статыстыцы, якую прывяла Ірына Пазняк, прыкладна 35% траўмаў – гэта ўдары, 20% – парэзы і пашкоджанні вострымі прадметамі, яшчэ 20% – траўмы рознай ступені цяжкасці, звязаныя з падзеннямі.

Існуе таксама своеасаблівы рэйтынг найбольш траўманебяспечнага абсталявання для дзіцячых забавак. Так, часцей за ўсё крыніцай траўмаў становяцца:

  • Арэлі. Па словах Ірыны Пазняк, патрабаваннямі дзяржаўных агульнасаюзных стандартаў і СТБ не дазваляецца ўстаноўка на дзіцячых гульнявых пляцоўках арэляў з жорсткімі элементамі падвесу. Тым не менш, такое абсталяванне на ўнутрыдваровых пляцоўках жылых дамоў, а таксама ў дзіцячых садках сустракаецца даволі часта. Пры правядзенні капітальнага рамонту тэрыторый, а таксама будаўніцтве новых гульнявых пляцовак устанаўліваецца сучаснае гульнявое абсталяванне, якое будзе адпавядаць усім нормам і патрабаванням бяспекі. Але, зразумела, што гэта справа не хуткая, таму асноўны акцэнт пакуль робіцца на захаванне правілаў бяспечных паводзінаў і эксплуатацыі «старых» арэляў.
  • Каруселі. Неасцярожнасць і грэбаванне правіламі тэхнікі бяспекі на каруселях нярэдка цягне за сабой зашчымленне частак цела элементамі, якія круцяцца, і, як следства, траўмамі.
  • Горкі. Неабачлівасць на іх можа пацягнуць за сабой удары, парэзы, траўмы пры падзенні і нават апёкі.
 
Ірына Пазняк
Гігіеніст аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі
Калі казаць пра асноўныя прычыны бытавога і вулічнага траўматызму, дык, перш за ўсё, размова ідзе пра недастатковы кантроль і нагляд за дзецьмі з боку бацькоў і дарослых, недастатковую асветную работу па правілах бяспечных паводзінаў і эксплуатацыі гульнявых і спартыўных комплексаў.

Мастацтва падзення

Мастацтва падзення

А таму нядзіўна, што траўматолагі ніколі не сядзяць без справы. У РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, напрыклад, ільвіная доля працы прыпадае менавіта на траўмы.

 
Дзмітрый Цесакоў
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наступстваў траўмаў і захворванняў пазваночніка і спіннога мозгу РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, галоўны пазаштатны дзіцячы артапед-траўматолаг Міністэрства аховы здароўя
Мы часта сутыкаемся з тым, што дзіця атрымлівае траўму таму, што не ўмее ці не ведае, як карыстацца тым спартыўным абсталяваннем, якое ўстаноўлена на пляцоўках, у аздараўленчых лагерах і г.д. Банальны прыклад гарачага чэрвеня, калі награваліся металічныя ўстаноўкі, а дзіця проста хацела павісець на перакладзіне. Сам па сабе турнік не вінаваты, але дзіця не ўлічыла ўмовы надвор'я, тэмпературу, і ніхто яму не сказаў пра магчымую небяспеку. У выніку мы маем спецыфічную траўму – з прычыны паслаблення мышцаў рук (гарачы метал = распаленае жалеза) і падзення з вышыні ўласнага росту або паўтары вышыні росту на хвасцец. Потым дождж прайшоў – зноў не дзякуй богу. Слізка. Схапіўся – не ўтрымаўся – зваліўся – траўма.

Пры гэтым Дзмітрый Кімавіч перакананы: нельга дзіцяці забараняць рухомыя гульні, але яго трэба вучыць, пры неабходнасці дапамагаць і кантраляваць. Напрыклад, чым папулярней робіцца варкаўт, тым выразней неабходнасць вучыць дзяцей... правільна падаць. АЛЕ тут паўстае іншае пытанне: а дарослы, які павінен гэтаму навучыць, сам умее правільна згрупавацца пры нечаканым падзенні, каб змякчыць удар? Ці ўмеюць гэта настаўнікі фізкультуры?

Дзіцячы траўматызм улетку

 
Дзмітрый Цесакоў
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наступстваў траўмаў і захворванняў пазваночніка і спіннога мозгу РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, галоўны пазаштатны дзіцячы артапед-траўматолаг Міністэрства аховы здароўя
Выдатна, калі б каля кожнага гульнявога або спартыўнага комплексу былі інфармацыйныя таблічкі: як карыстацца абсталяваннем, абмежаванне па вазе, росту, правілы тэхнікі бяспекі. Але пакуль гэтага няма, бяспека дзяцей у большай ступені – зона адказнасці бацькоў – дарослага, які павінен усё паказаць і растлумачыць. А не прыйсці на гульнявую пляцоўку з дзіцем і «сесці ў тэлефон».

Дарэчы, пытанне дзіцячай бяспекі і прафілактыкі траўматызму – гэта яшчэ і пытанне дзяржаўнай важнасці. Асноўная задача, якой зараз занятыя дзяржаўныя органы і органы дзяржаўнага санітарнага нагляду, – увядзенне новых стандартаў бяспекі для асноўных прадметаў спажывання, у тым ліку і дзіцячых гульнявых пляцовак, а таксама адаптацыя навакольнага асяроддзя пад патрэбы дзяцей.

Акрамя таго, што ўсе дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі абсталююцца ў адпаведнасці з нацыянальнымі стандартамі бяспекі, зараз ідзе работа над новым нарматыўным дакументам – тэхнічным рэгламентам ЕўрАзЭС «Пра бяспеку абсталявання дзіцячых гульнявых пляцовак». Па ім усё гульнявое абсталяванне павінна адпавядаць пэўным стандартам бяспекі і падлягае сертыфікацыі альбо пацвярджэнню адпаведнасці ў форме дэкларацыі. Новы дакумент павінен уступіць у сілу 1 чэрвеня 2020 года.

Правілы прафілактыкі траўматызму на гульнявых пляцоўках

  • выбірайце для гульняў з дзецьмі пляцоўкі, абсталяваныя ўдарапаглынальным пакрыццём: газонным альбо прагумаваным;
  • папярэдзьце дзіця або сачыце за тым, каб яно трымалася на бяспечнай адлегласці ад арэляў, што разгойдваюцца;
  • не дапускайце, каб дзіця стаяла ўнізе горкі, калі з яе з'язджае іншае дзіця;
  • не дапускайце збірання вялікай колькасці дзяцей на горках або спартыўных комплексах;
  • улічвайце абмежаванні па ўзросце і вазе пры карыстанні гульнявым і спартыўным абсталяваннем. Не варта дарослым катацца на дзіцячых арэлях-каруселях, а малалетнім дзецям гуляць на комплексах, прызначаных для дзяцей, старэйшых па ўзросце, або дарослых;
  • перад тым, як адпусціць дзіця на пляцоўку, не лішнім будзе самастойна пераканацца, што абсталяванне на ёй бяспечнае і нічым не зможа нашкодзіць вашаму малышу. Нягледзячы на тое, што кантроль бяспекі гульнявога абсталявання адпаведнымі органамі праводзіцца на рэгулярнай аснове, беражонага, як вядома, Бог беражэ.

Паўтарэнне – маці вучэння. Не забывайцеся штораз папярэдзіць дзіця, што свавольства на арэлях-каруселях недапушчальнае, а бесклапотнасць усё роўна павінна быць «з галавой».

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 45

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама