Па праўдзе, сёння такі дзень, што найперш рукі варта заняць венікам, анучкай, пыласосам ды іншымі гаспадарчымі рэчамі. Бо сёння – Філімон, Філімонаў дзень! Не буду пераказваць усе яго асаблівасці – пераходзім па спасылцы і чытаем! Нагадаю толькі пра галоўнае: трэба прыбірацца ў жытле, каб не актывізавалася нячыстая сіла, і часцей умывацца!
Затое пасля, калі ўсё будзе прыбранае і кожная рэч зойме сваё месца, можна і за нажніцы ўзяцца. Бо сёння яшчэ і Дзень выразання сняжынкі з паперы! Ну як тут ні прыгадаць уласнае дзяцінства?! І яшчэ нам у гэтым можа дапамагчы… Дзень шыварат-навыварат! 🙂 Але аб усім – па парадку…
Дзяцінства – маё і маіх аднагодкаў – прыпала на 70-80-я гады мінулага ўжо стагоддзя. І калі б хто-небудзь у той час распавёў пра разнастайнасць ва ўсім, якая сёння пануе на паліцах шматлікіх крамаў… Мы не маглі б сабе такое ўявіць.
… Вата на ёлцы (затое ёлка жывая, сапраўдная і духмяная-духмяная!), якая сімвалізуе снег… Колцы гірлянды, склеенай з палосак рознакаляровай паперы… Тонкі серабрысты «дожджык», якім мама прасіла нас з братам не завешваць усю ёлку, каб была бачная яе зялёная прыгажосць. А нам хацелася таго серабрыстага бляску, дык каб пабольш! І сняжынкі… Самаробныя сняжынкі на вокнах і не толькі, выразаныя ўласнаручна…
Мне нават не трэба заплюшчваць вочы, каб вярнуцца ў тыя моманты абсалютнага шчасця. Калі бярэш ліст паперы, складаеш яго адмысловым чынам у некалькі разоў… Рэжаш-выразаеш узоры… А пасля разварочваеш уласна сняжынку і… Альбо смех, альбо ледзь не слёзы! Бо напачатку, пакуль не прыладзішся (а за год чамусьці ўсё забывалася), замест сняжынкі магла атрымацца… парэзаная папера, якая пры спробе яе разгарнуць разляталася на асобныя кавалачкі.
І трэба было сядзець і думаць, у чым жа памылка, з якога боку рэзаць-праразаць цалкам, а які павінен застацца некранутым…
Затое, нарэшце «наладзіўшы вытворчасць», якіх толькі сняжынак мы ні выразалі! І круглых, і квадратных, і шасцівугольных… Спрабавалі каляровыя – з вокладак вучнёўскіх сшыткаў, з пушыстай (у пэўным сэнсе) прамакаткі…
Так-так! Я вучылася ў тыя часы, калі мы пісалі чарнільнымі ручкамі. Лічылася, што так выпрацоўваецца добры почырк. Таксама памятаю свае тагачасныя адчуванні да драбніц. І ручкі тыя памятаю… І колькі ж слёз было ад выпадковай кляксы, якой не дапамагала (ды і не паспявала дапамагчы ў поўнай меры) такая прамакатка!
Самае цікавае, што прамакаткі пры продажы чамусьці ўкладваліся не ва ўсе сшыткі. Часцей яны знаходзіліся ў сшытках у лінейку, чым у клетку. Знайсці іх было сапраўднай удачай. А далей… Часцей за ўсё яны прымяняліся не па прызначэнні. Вось напрыканцы снежня, напрыклад, для сняжынак.
Зараз, калі тыя сняжынкі ды разнастайныя выцінанкі, а таксама цэлыя казачныя (і прыгажэнныя!) кампазіцыі з іх лёгка можна набыць, не ўсе зразумеюць тое дзіцячае захапленне сняжынкамі самаробнымі. Якім на той час проста не было альтэрнатывы. Але гэта адны з самых дарагіх успамінаў…
А наляпіць іх на вокны свайго класа ў школе?! Дык абавязкова! Усім класам тым і займаліся… 🙂
А вы хочаце прыгадаць уласнае дзяцінства? Тады сёння – самы добры дзень для гэтага. Нажніцы ў рукі і… Паа-а-а-аехалі! Што?! У вас ужо такога ў дзяцінстве не было?! І вы паняцця не маеце, як скласці ліст паперы і дзе выразаць у ім узоры?! А зараз у сеціве мора майстар-класаў і трафарэтаў. Знайсці можна з лёгкасцю…
І калі вы цяпер (не дай Бог!) хварэеце альбо знаходзіцеся на самаізаляцыі, падаленай працы, доўгіх выхадных, вакацыях… Ну чым ні занятак?! Асабліва калі вы ні разу не выразалі сняжынкі да Новага года. Калі яны, самыя няўклюдныя і крывенькія напачатку, рабіліся такімі чаканымі і жаданымі… І нават, уявіце сабе, прадметам гонару…
Ну што ж, хата прыбраная, сняжынак – поўна… Можна цяпер і падурэць… Альбо спачатку падурэць, а тады ў хаце прыбрацца?! 🙂 А гэта гледзячы як дурэць будзеце…
Значыць, Дзень шыварат-навыварат. Ну, зразумела, у прынцыпе, чым можна заняцца?! Апрануць швэдар швом наверх… Хатні абутак – не на тую нагу… Пахадзіць спінай наперад… Размяшаць гарбату відэльцам… Пакласці ў яе соль, а не цукар… І не сабе ў кубак… Э-э-э-э-э-э… Штосьці я захапілася. Выбачаюся! Гэта ўжо не шыварат-навыварат, а зусім не бяскрыўдны жарт…
А нам трэба толькі тое, што весела і забаўна. Што нікога не крыўдзіць і не абражае. Калі якая цікавая ідэя вам прыйшла ў галаву, дык падзяліцеся! 🙂 Раптам пераняць захочацца… І сняжынкі, сняжынкі паказваем! Самаробныя… Свае… Калі ўжо сапраўдныя дыяментамі-росамі не хочуць падаць за акном, будзем любавацца гэтымі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by