Чаму людзі з памежным расстройствам асобы (ПРА) могуць свядома наносіць сабе калецтва? Як ім кантраляваць моцныя і хаатычныя эмоцыі? І што рабіць блізкім, каб дапамагчы?
Пра гэта журналіст Слушна пагаварыў з Андрэем Макарэвічам, медыцынскім псіхолагам, магістрам псіхалагічных навук, вядучым спецыялістам у міжнароднай арганізацыі «Урачы без межаў».
Прычыны і асаблівасці памежнага расстройства асобы
Якія адметныя асаблівасці характэрныя для памежнага расстройства асобы (ПРА)?
Для дадзенага расстройства характэрныя імпульсіўнасць, эмацыянальная няўстойлівасць, недавер да свету, павышаная трывожнасць, ранімасць, страх і гнеў ад ігнаравання і адхілення, чорна-белае мысленне, страта кантролю над эмоцыямі. Гэтыя асаблівасці адбіваюцца на сацыяльнай адаптацыі: людзі з ПРА схільныя да фарміравання балючых прыхільнасцяў і сузалежных адносінаў, складана ўспрымаюць парывы. Яны могуць ідэалізаваць аб'ект прыхільнасці, але ў выпадку расчаравання татальна яго абясцэньваюць. Яшчэ адна асаблівасць – схільнасць да самапашкоджанняў.
Чым такія спробы можна растлумачыць і ці могуць яны прывесці да суіцыду?
Часцей за ўсё суіцыдальныя спробы гэтыя пацыенты не даводзяць да заканчэння, хаця такое і магчыма. Самапашкоджанні ў дадзеным выпадку – гэта спосаб заглушыць ўнутраны боль знешнім – фізічным. Гэта значыць, дзеянні накіраваныя не на самазнішчэнне, а на зняцце стану афекту, прыглушанай агрэсіі.
Адна пацыентка з ПРА так апісала свой стан: «Памежнік» – гэта чалавек без сутнасці. Ён не разумее сябе. У яго ўнутры пустата». Як гэта можна растлумачыць?
Я б сказаў, што гэта не пустата, а наадварот – перапоўненасць занадта многім і няздольнасць у гэтым разабрацца. Можна пагадзіцца з вызначэннем «чалавек без сутнасці». Гэта не значыць абязлічанасць, проста чалавек не можа мець выразных мэтаў і памкненняў, бо яны хаатычныя. Сёння гэтыя людзі бачаць у чымсьці надзею, а заўтра гэта ж абясцэньваюць.
Пад «адсутнасцю сутнасці» можа разумецца і адсутнасць уласных межаў. «Памежнік» можа адразу блізка дапусціць да сябе чужога чалавека, альбо наадварот, быць палахлівым і недаверлівым да людзей без бачных на тое падстаў.
Ці вядомыя на дадзены момант прычыны ўзнікнення ПРА?
У дадзеным выпадку размова ідзе пра біяпсіхасацыяльную мадэль. Гэта азначае, што для фарміравання тых ці іншых расстройстваў асобы павінна быць генетычная схільнасць і пэўнае асяроддзе, у якім знаходзіцца і развіваецца чалавек. Вялікую ролю адыгрывае і дзіцячая траўма, аднак, для фарміравання таго ці іншага расстройства павінна быць схільнасць.
Мноства дзяцей і дарослых падвяргаюцца стрэсавым псіхатраўмуючым фактарам, але далёка не ва ўсіх фарміруюцца расстройствы асобы ці іншыя псіхічныя захворванні. Гэта паказвае на важнасць біялагічнага фактару. Калі дзіця прыйшло ў свет з вызначаным генетычным наборам і пры гэтым сутыкнулася з бацькоўскім адпрэчаннем, непаслядоўным тыпам выхавання, фізічным і сэксуальным гвалтам, гэтыя фактары, вядома, могуць стаць каталізатарам фарміравання расстройства.
Вельмі часта людзі з ПРА якраз выхоўваюцца бацькамі, у якіх былі такія ж праблемы. Расстройства асобы – гэта паталагічна выяўленыя рысы характару. А характаралагічны тып мы атрымліваем у спадчыну ад бацькоў. У маёй практыцы быў яркі прыклад. У дзяўчынкі-падлетка, якая рэзала сабе рукі, маці яшчэ да яе нараджэння рабіла тое ж самае, і да гэтага часу па сваім эмацыянальным развіцці мама гэтай дзяўчынкі – падлетак. Хаця ёй ужо каля 45 гадоў.
Як дапамагае псіхолаг і псіхатэрапеўт
Ці важна для паспяховага лячэння ПРА знайсці прычыну расстройства?
Гэта індывідуальна і залежыць ад жадання пацыента і падыходу псіхатэрапеўта. Можна працаваць у рэчышчы псіхадынамічнага падыходу: шукаць дзіцячыя траўмы і высвятляць, як яны робяць праекцыю на жыццё чалавека. Пры кагнітыўна-біхевіяральным падыходзе пошук прычынаў не мае сэнсу, больш важна прапрацаваць кагнітыўныя памылкі, сфарміраваць новы стыль паводзінаў і навыкі самакантролю, навучыцца думаць крытычна.
Я асабіста выкарыстоўваю кагнітыўна-біхевіяральную тэрапію. Самыя прыватныя кагнітыўныя памылкі пры ПРА – нянавісць да сябе і насцярожанасць да свету: «Я дрэнны, нягодны», «Мяне ненавідзяць, не разумеюць, не шануюць». Псіхатэрапеўт задае пэўныя пытанні, якія могуць дапамагчы пацыенту разабрацца, якія з яго думак праўдзівыя, маюць пад сабой аснову, а якія ірацыянальныя.
Вы сказалі, што адзін з метадаў дапамогі – навучыць навыкам кіравання сваімі эмоцыямі. Можаце прывесці прыклад практыкаванняў?
Калі ўзнікае моцная эмоцыя, напружваюцца пэўныя мышцы цела. Такім чынам, каб пагасіць эмацыянальны стан, трэба расслабіць мышцы. Гэта называецца нервова-мышачная рэлаксацыя – папераменнае напружанне і расслабленне розных групаў мышцаў. Не заўсёды чалавек, нават знаходзячыся ў спакойным стане і абстаноўцы, можа ацаніць, якія мышцы ў яго напружаныя. Тэрапеўт дапамагае прайсціся па ўсіх групах мышцаў і расслабіць іх.
Можна таксама выкарыстоўваць дыхальныя практыкі: удых на 3 секунды, затрымка дыхання на 3 секунды, выдых на 6 секунд.
Можна спалучаць дыханне з расслабленнем цела. Напружыць цела, зрабіць удых на 3 секунды, затрымаць дыханне на 3 секунды, і на 6 секунд выдыхнуць з расслабленнем цела. Гэта фізіялогія, таму працуе безадмоўна – напал эмоцый зніжаецца.
Існуюць таксама трансавыя тэхнікі, калі можна сканцэнтравацца на аб'екце, напрыклад, на гуку гадзінніка альбо стуку сэрца. Але гэта падыходзіць не для ўсіх.
У людзей з ПРА эмоцыі няспелыя, дзіцячыя, колькі б ім ні было гадоў. Таму важна працаваць з гэтым, вучыцца распазнаваць свае пачуцці. Калі людзі не могуць назваць, што адчуваюць у дадзены момант, можна ісці праз метафару: «Што цяпер у вас на душы? Восень, вясна, зіма?» і г.д. Усведамленне сваіх эмоцый дазваляе чалавеку ўзмацніць кантроль над імі.
Парады блізкім
Як паводзіць сябе сваякам і сябрам, каб дапамагчы блізкаму з ПРА?
Не трэба стасавацца з ім як з маленькім альбо хворым чалавекам, не трэба ствараць культ хваробы, каб ён атрымліваў ад яе другасную выгаду («калі я хворы, значыць, да мяне патрабаванняў меней і паводзіць сябе са мной трэба інакш»).
Трэба падтрымліваць самаацэнку чалавека: фіксаваць увагу на яго станоўчых якасцях і дзеяннях, а калі крытыкаваць, дык мякка, і не чалавека, а яго паводзіны.
Варта выразна пазначаць межы дапушчальнага. Людзі з ПРА любяць урывацца ў асабістыя межы іншых. Мякка паказваючы на свае межы, тым самым вы дапамагаеце ім усвядоміць уласныя.
А як рэагаваць на імпульсіўнасць?
Трэба даць чалавеку магчымасць пагасіць афект і толькі потым пачаць з ім размаўляць пра прычыны гэтай рэакцыі і непрыманне такога роду паводзінаў.
Нельга даваць ім тое, што яны патрабуюць у афекце, інакш у іх сфарміруюцца маніпулятыўныя паводзіны.
Калі людзі ў вострым стане, не варта выкарыстоўваць клішэ накшталт: «Вазьмі сябе ў рукі, не сумуй». Гэта контрпрадуктыўна ў дачыненні да любога чалавека ў прынцыпе.
Які прагноз лячэння ПРА?
Прагноз шмат у чым залежыць ад інтэлектуальнага ўзроўню чалавека і яго жадання працаваць над сабой. Інтэлект мяркуе крытычнасць мыслення. А крытычнае мысленне – гэта разуменне таго, што трэба вырашаць праблему, наведваць псіхатэрапеўта, працаваць з сімптомамі. На працэс аднаўлення вельмі моцна ўплывае асяроддзе.
Пры ідэальных абставінах прагноз спрыяльны, чалавек можа разабрацца ў сабе і жыць паўнавартасным жыццём. Пры назапашванні негатыўных фактараў, бездапаможнасці, адсутнасці падтрымкі чалавек можа пакутаваць усё жыццё. Самае галоўнае і асноўнае – жаданне чалавека вырашаць праблему і працаваць над сабой.
Хачу прывесці адзін прыклад. У мяне была кліентка-«памежнік» з вельмі складаным лёсам. Яна нарадзілася ў выніку згвалтавання, маці яе не любіла, прыніжала, а шматлікія айчымы абражалі. У 16 гадоў яна пачала выказваць гэты боль праз парэзы на руках і нагах.
Аднак сёння дзяўчына атрымлівае вышэйшую адукацыю, жыве асобна ад сям'і, перастала наносіць сабе траўмы, сістэматычна ходзіць да псіхолага. Так, пакуль яна яшчэ не можа будаваць здаровыя адносіны, і наперадзе шмат працы. Але гэта паказвае, што пры жаданні чалавек можа кампенсавацца нават пасля такіх працяглых неспрыяльных жыццёвых абставінаў.
5 снежня ў 18.30 у Мінскім клубным доме «Адкрытая душа» (Кнорына, 3) пройдзе сустрэча групы ўзаемадапамогі людзям, якія жывуць з ПРА.
Удзел бясплатны, папярэдняя рэгістрацыя: +375 (25) 768 71 24.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by