Біпалярнае афектыўнае расстройства (БАР) – гэта парушэнне біяхімічных працэсаў у галаўным мозгу. Прымаючы лекі і працуючы з эмоцыямі, можна ўплываць на гэтую «хімію» і паспяхова кіраваць «арэлямі» настрою.
Як пры біпалярным расстройстве дапаможа псіхатэрапія, распавяла псіхатэрапеўт, асістэнт кафедры псіхіятрыі з медыцынскай псіхалогіяй БДМУ, сябра Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі Таццяна Раманоўская.
Псіхатэрапія пры біпалярным расстройстве
– Працяглая рэмісія пры біпалярным расстройстве магчымая ў першую чаргу пры адэкватным падборы лекавых сродкаў, паколькі БАР – гэта збой у працы нейрамедыятараў: дафамінавай, норадрэнергічнай і сератанінавай сістэм галаўнога мозгу. Асноўныя прэпараты – антыдэпрэсанты і нарматымікі (стабілізатары настрою). Часам прызначаюцца нейралептыкі – пры выяўленым маніякальным або ўскладненым дэпрэсіўным станах. Прымяненне псіхатэрапіі ўзмацняе эфект медыкаментознага лячэння, уплывае на працягласць і стабільнасць рэмісіі.
Які выгляд псіхатэрапіі падыходзіць пры БАР?
– У пратаколе лячэння гэтага расстройства на першым месцы стаіць кагнітыўна-паводніцкая тэрапія, якая дапамагае пацыентам выяўляць ірацыянальныя думкі, меркаванні, эмоцыі і паспяхова спраўляцца з імі. Псіхатэрапія мяняе працу мозгу, што адбіваецца на змене яго біяхіміі. Да прыкладу, калі чалавек моцна трывожыцца, у яго зніжаецца ўзровень сератаніну і норадрэналіну. Калі ж ён навучыцца спраўляцца з трывогай, у яго не будзе недахопу ў гэтых нейрамедыятарах.
Эмоцыі – гэта суб'ектыўная ацэнка рэальнасці. Калі змяняецца ацэнка, мяняюцца і эмоцыі. Да прыкладу, успрыманне свайго захворвання як «радавога праклёну» можа значна пагаршаць дэпрэсіўныя сімптомы, як і прыніжаная самаацэнка, пачуццё ірацыянальнай віны, нікчэмнасці. Але гэтыя разумовыя канструкты можна змяняць з дапамогай спецыяльных псіхатэрапеўтычных методык.
Псіхатэрапія – гэта пашырэнне самапазнання і выбудоўванне праекта асобы. Да пэўнага ўзросту чалавек – гэта канструкт соцыума: уяўленні пра сябе фарміруюць бацькі, настаўнікі, аднагодкі, але не сам чалавек. Многія пацыенты прыходзяць да нас з адчуваннем, што яны недастаткова добрыя. З гэтым яны жывуць з ранняга дзяцінства, і ім здаецца, што такое ўяўленне – праўда. Кагнітыўна-паводніцкая тэрапія дапамагае сфарміраваць адэкватнае ўяўленне пра сябе.
Адна з тэхнік – вядзенне дзённіка.
Гэта карысна, бо назіранне за сабой дазваляе лепей арыентавацца ў сваім псіхічным стане і кантраляваць яго. Гэта неабавязкова падрабязнае апісанне свайго настрою. Можна проста ў календары адзначаць сонейкам або хмарамі сваё самаадчуванне. І калі два тыдні адны суцэльныя хмары, або, наадварот, толькі сонца, якое з кожным днём усё ярчэй, гэта ўжо відавочна дэпрэсіўны або маніякальны эпізоды, значыць, час ісці да доктара.
Таксама вельмі эфектыўная сямейная эмацыянальна факусаваная тэрапія.
Адна з яе ключавых задач – навучыць блізкіх і самога пацыента разумець свае патрэбы і выказваць іх напрамую. За вызначанымі паводзінамі заўсёды стаяць пэўныя патрэбы. Чалавек, напрыклад, не кажа прама, што яму не хапае цяпла, дабрыні, пяшчоты ад блізкіх, а праяўляе гэта дэпрэсіўнымі думкамі, кажа, што яму не хочацца жыць.
У цэлым, ад паводзінаў блізкіх залежаць перспектывы лячэння хворага сямейніка. Але вельмі часта псіхічнае захворванне зусім незразумелае родным, выклікае ў іх гнеў, непрыманне, раздражненне. Маўляў, дэпрэсія – «гэта калі вайна або хтосьці памёр, а якая дэпрэсія можа быць, калі ў яго ўсё ёсць?!» Сапраўды, таксама выклікаюць гнеў маніякальныя эпізоды, калі некіруемасць і дзівацтвы пацыента родныя спісваюць на яго кепскі характар. Таму ўключэнне сям'і ў тэрапію вельмі патрэбнае – для інфармавання пра захворванне, абмеркавання сумневаў і трывог, стварэння падтрымліваючага асяроддзя.
Міжасобасная тэрапія і тэрапіі сацыяльных рытмаў (IPSRT) дапамагаюць аднавіць рытм жыцця, які пры біпалярным расстройстве цалкам парушаецца.
Планаванне і дакладнае прытрымліванне пунктаў плана – вельмі добрая прафілактыка рэцыдываў, бо дазваляе чалавеку адчуць кантроль над жыццём і ўласную эфектыўнасць. Акрамя таго, дзякуючы дакладнай рытміцы, вельмі лёгка заўважыць збой у стане і своечасова яго скарэктаваць. Але тут важны старонні кантроль, паколькі ў пацыента, як правіла, зніжаная ўласная каштоўнасць і перад сабой ён не хоча старацца. Гэта значыць, патрэбны памочнік – псіхатэрапеўт, блізкі, сябар, хто дапамагаў бы кантраляваць выкананне намечаных планаў.
Пры БАР прымяняецца таксама тэрапія прыняцця і адказнасці (АСТ).
Яе задача – дапамагчы пацыенту прымаць свае пакуты, не разбурацца ад іх і спраўляцца са сваімі эмоцыямі. Бо стан маніі – гэта, па сутнасці, уцяканне ад пакутаў, на якое мозг расходуе велізарную колькасць нейрамедыятараў. Гэта як бензін: калі ён заканчваецца, надыходзіць дэпрэсія. У гэтай тэрапіі выкарыстоўваюцца практыкаванні, накіраваныя на тое, каб справіцца з прыгнечанасцю.
Дыялектычная паводніцкая тэрапія (DBT) дапамагае выбудоўваць міжасобасныя адносіны.
Асноўныя парады пацыентам і блізкім
Што рабіць пасля шпіталізацыі, як хутчэй сацыялізавацца?
– Замыкацца ў сабе – контрпрадуктыўна. Наадварот: падтрыманне сацыяльнага жыцця – гарантыя больш працяглай рэмісіі. Трэба сустракацца з сябрамі, працаўладкоўвацца.
Задача – не вылечыцца, бо пакуль ніхто не дасць такой гарантыі, а навучыцца з гэтым жыць, як жывуць людзі з цукровым дыябетам 1-га тыпу, які не перашкаджае ім займацца спортам і весці актыўнае жыццё, як Нік Вуйчыч натхняе ўвесь свет, не маючы рук і ног.
Трэба падзяляць сябе і хваробу. Не паддавацца адчаю, развагам «за што мне гэта?», а прымаць лекі, нармалізаваць рэжым дня, займацца фізкультурай, працаваць з псіхатэрапеўтам. Гэта залог кіравання сімптомамі захворвання.
Не ўжываць алкаголь і іншыя псіхастымулятары, бо гэта негатыўна ўплывае на цячэнне захворвання, можа справакаваць абвастрэнне.
Што рабіць пры суіцыдальных думках?
– Адразу казаць пра гэта блізкім і звяртацца да ўрача. Пры біпалярным расстройстве адзначаецца высокі ўзровень суіцыдаў (каля 15%). Таму гэта вельмі сур'ёзна.
У фазе дэпрэсіі пацыенты з БАР шмат спяць, бывае, па 15 гадзін у дзень. Чаму? Ці можна на гэта уплываць?
– Для дэпрэсіўнага эпізоду залішняя дрымотнасць хутчэй атыповая, сон, як правіла, парушаны. Проста ў чалавека можа быць настолькі моцная млявасць, што ён лепей будзе ляжаць, аддаючыся цяжкім думкам. Таму і важна аднаўленне рэжыму дня, рытмікі: нягледзячы ні на што, ісці на вуліцу, у басейн, да сяброў.
Залішняя дрымотнасць можа быць выкліканая няправільнай дозай медыкаментаў. У гэтым выпадку трэба схадзіць да ўрача для падбору фармакатэрапіі, якая больш падыходзіць.
Сёй-той за час лячэння набірае значную вагу. З-за чаго гэта і як такога пазбегнуць?
– Гэта можа быць звязанае са скарачэннем фізічнай актыўнасці, зменай апетыту, да прыкладу, павышаецца цяга да салодкага – хочацца «заесці» дэпрэсіўны стан. Таму працэс трэба кантраляваць, ведаючы пра рызыкі.
Ці існуюць іншыя метады лячэння БАР, акрамя псіхатэрапіі і фармакатэрапіі?
– У якасці дадатковых метадаў пры дэпрэсіўных эпізодах выкарыстоўваюцца святлотэрапія, прызначэнне вітаміну D, электрасутаргавая тэрапія.
Ці трэба родным здымаць на камеру пацыента падчас маніі і потым паказваць, каб чалавек разумеў, што яго паводзіны неадэкватныя?
– Гэта дапушчальна: каб матываваць чалавека на лячэнне. Да таго ж, ён зразумее, як яго бачаць блізкія, як ім няпроста з ім у гэтым стане. Але, напэўна, не варта паказваць такія відэа ў стадыі дэпрэсіі, лепей гэта зрабіць, калі пацыент у рэмісіі.
Родным трэба зразумець, што захворванне – не прысуд, на яго цячэнне можна ўплываць. Для гэтага трэба разуменне і даверлівыя адносіны, каб пацыент прымаў дапамогу сям'і.
Падрабязней пра тое, чым сям'я і сябры могуць дапамагчы людзям з псіхічнымі расстройствамі, – тут.
Памятка пры БАР
Асноўныя прыкметы маніі |
Асноўныя прыкметы дэпрэсіі |
Адчуваеце душэўны ўздым і пачуццё шчасця на працягу працяглых (ад некалькіх гадзін і больш) перыядаў. | Нярэдка перажываеце зацяжныя (ад некалькіх гадзін і больш) перыяды нематываванага суму і безнадзейнасці. |
Зніжаная патрэба ў сне | Замыкаецеся ў сабе, абмяжоўваеце кантакты нават з роднымі і сябрамі.
|
Хуткая гаворка, не паспяваеце фармуляваць свае думкі, мець стасункі ў мэсэнджарах прасцей, чым размаўляць з людзьмі ўжывую. | Страцілі цікавасць да тых рэчаў, якія раней вас па-сапраўднаму чаплялі, і не набылi нічога новага ўзамен. |
Спачатку дзейнічаеце, затым думаеце. | Змяніўся апетыт: рэзка знізіўся ці наадварот. |
Лёгка абстрагуецеся і пераскокваеце з адной справы на іншую, з-за чаго пакутуе вынік. | Рэгулярна адчуваеце стомленасць і недахоп энергіі, такія перыяды працягваюцца даволі доўга. |
Упэўненыя ў сваіх здольнасцях, здаецца, што вы хутчэйшыя і больш кемлівыя за большасць навакольных. | З'явіліся праблемы з памяццю, канцэнтрацыяй і прыняццем рашэнняў. |
Нярэдка дэманструеце рызыкоўныя паводзіны, да прыкладу, згаджаецеся на сэкс з незнаёмцам, купляеце тое, што вам не па кішэні, удзельнічаеце ў спантанных вулічных гонках на святлафорах. | Часам думаеце пра самагубства, ловіце сябе на думцы, што жыццё страціла для вас смак. |
Часам сімптомы маніі і дэпрэсіі праяўляюць сябе за адзін раз (змешаны настрой), гэта таксама прыкмета біпалярнага расстройства. |
Карысны сайт: www.bipolar.su/
«У фіялетавым капелюшы пераскокваў праз машыны». Пацыент – пра біпалярнае расстройства
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by