У якім бы стане чалавек ні быў – з-за хваробы, уласнай бяды, сітуацыі з каранавірусам, але працу на зямлі ніхто не адмяняў. Наадварот, усе спадзяванні зараз – толькі на яе, карміцельку. Для тых, хто мае прысядзібныя ўчасткі, дачы-сядзібы, градкі ля шматпавярховак і займаецца вырошчваннем экалагічна чыстай гародніны ды садавіны… Абы надвор’е выдалася б на чарговыя выхадныя не дажджлівым. У Першамай.
Зрэшты, дождж, вядома ж, таксама быў трэба. Ой, як трэба! Нашу ўласную дачу часцей за ўсё па вясне залівала. Моцна. Так, што доўга было не ўлезці. Суседзі звычайна даўно ўжо адсадзіліся, а мы толькі пачынаем. Але на колькасць, якасць і своечасовасць ураджаю гэта ніяк, на здзіўленне, не ўплывала.
Мелі ўсяго і шмат. Дзяліліся-абменьваліся з сям’ёй брата і раздавалі лішкі добрым людзям. А сёлета… Сёлета першы год мы з татам будзем гаспадарыць без нашай мамачкі. А абсалютная большасць вырашчанага была на ёй… Я больш па кветках ды праполцы градак… І тое ў выхадныя – праца ж…
А вось зямелька наша сёлета бедная. Ад той засухі патрэскалася ўся. Каб прапалоць мамачкіны трускалкі, трэба было спачатку добра праліць зямлю вадой, інакш усе б рукі паабдзіралі б…
Спадзяюся, калі сёння, 1-га мая, будзе добрае надвор’е (а пакуль па Чэрвені такое і абяцалі, толькі б у нябеснай канцылярыі не перадумалі!), дык мы ўбачым ужо іншы малюнак. Бо 29-30-га красавіка ў нас прайшлі дажджы. Добра так. Спадзяюся, і на дачы зямля лепей сябе будзе адчуваць.
Што ж датычыцца правілаў паводзінаў пры каранавірусе… На дачу і з дачы нас возіць брат на сваёй машыне. Там у нас толькі з двух бакоў суседзі, бываюць нячаста, стасуемся на ладнай адлегласці. Блізка нікога не падпускаю цяпер. Так што… Толькі свежае паветра вакол. І працыы-ы-ы-ы-ы-ы-ы…
Але ж 1-га мая і ёсць свята Працы. І заўсёды было. Каму – маёўкі, а каму – рыдлёўкі. У нас традыцыйна апошняе. А ў вас?!
Да таго ж, каляндар сведчыць: сёння яшчэ і адмысловае народнае свята – Кузьма Агароднік. У народзе кажуць: «Агароднік у дзверы пастукаў, капаць грады паклікаў», «Кузьма – сей моркву і бурак» (а не ранавата па гэтым надвор’і?!), «Прыйшоў Кузьма – зазірнуў у паграба, лапату ўзяў – у хаты зямлю ўскапаў».
Што тычыцца народных прыкметаў на Кузьму, дык нашы продкі заўважалі: калі на яго цёпла, дык другая палова мая (траўня) будзе халоднай. І наадварот.
Раілі таксама штосьці садзіць-сеяць 1-га мая, каб не згледзелі людзі з зайздросным вокам. Інакш добрага ўраджаю не будзе. Зрэшты, пра зайздроснае вока праверана на практыцы. Так і бывае зазвычай. Таму – сеем-садзім таемна!
І яшчэ раілі рабіць гэта менавіта жанчынам. І высаджваць-высейваць, і ў далейшым праводзіць праполку. Бо лічылася: калі ў гэты дзень, 1-га мая, штосьці з гародніны пасее мужчына, у далейшым гэта пойдзе ў квецень, а не ў плады. Так што… Робім высновы!
Лічыцца, што менавіта на Кузьму Агародніка ўпершыню пасля зімы зязюля пачынае куваць. Ну, а ў нас такая прыкмета распаўсюджаная: як пачуеш першы раз у годзе зязюлю, трасі ў руках ці кішэнях капейкі, каб грошы вадзіліся.
Ужо не памятаю, адкуль гэта ўзялося, але стараемся выконваць. Таму толькі данясецца з блізкага лесу «ку-ку», бягу па кашалёк! Галоўнае – не забыцца ўзяць яго з сабой на сядзібу.
Ну, а галоўная задача на сёлетні Першамай – гэта не перапрацавацца. Бо назіраецца такое ў нашай сям’і, назіраецца. Асабліва, калі ведаеш, што з трох выхадных з добрым надвор’ем можа выпасці толькі адзін. І стараешся-забіваешся…
Але трэба, трэба дбаць пра адпачынак. Будзем старацца. Галоўнае – выпрацаваць патрэбны рытм. Напрыклад, 30 хвілін працуем, 10 – адпачываем. Хаця, вядома ж, часу і шкада. Але ўласных спіны ды рук шкада яшчэ болей, праўда?!
Таму тым, хто сёння таксама хоча пашчыраваць на зямлі, – удачы, аматарам канапы – прыемнага адпачынку. Па-ранейшаму засцерагаемся ад наведвання месцаў, дзе можа быць шмат людзей. Бо каранавірус, на жаль, не спіць. І – з Першамаем усіх! Веснавога настрою і добрага самаадчування!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by