16.08.2020
16.08.2020

Першая дапамога пры пераломах. Што трэба рабіць, а што – нельга

logo
Неадкладная дапамога
0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Моцны ўдар або падзенне можа прывесці да частковага ці поўнага пералому косці. Закрытыя пераломы чалавек часам выяўляе не адразу, прымаючы траўму за моцны ўдар. Адкрытыя бачныя візуальна: абломкі пашкоджанай косці выходзяць вонкі, раздзіраючы мышачныя тканкі і скуру. Пры любых пераломах важна ўмець іх западозрыць і правільна аказаць першую даўрачэбную дапамогу. Як гэта зрабіць, мы запыталіся ў загадчыка траўматалагічнага аддзялення 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна г.Мінска Віктара Комара.

Пераломы. Аказане першай даўрачэбнай дапамогі.

Прыкметы пералому

Для любых пераломаў характэрныя наступныя сімптомы:

  • рэзка выяўлены боль на месцы траўмы нават у стане спакою. У адрозненне ад удару, калі боль ідзе па нарастальнай, пры пераломе боль першапачаткова рэзкі, моцны і пастаянны. Ён не купіруецца анальгетыкамі (абязбольвальнымі прэпаратамі);
  • крэпітацыя (характэрны хрумсткі гук);
  • дэфармацыя ў месцы выцятай канечнасці, сустава;
  • прыпухласць, ацёк на месцы траўмы;
  • падскурнае кровазліццё, гематома;
  • выяўленае абмежаванне руху пры спробе паварушыць траўмаванай канечнасцю;
  • празмерная ненатуральная рухомасць у месцы пашкоджання.

Першая дапамога пры пераломах

Ёсць некалькі ключавых прыёмаў аказання першай даўрачэбнай дапамогі пры падазрэнні на пералом, кажа эксперт. Вось яны:

  • траўмаванай вобласці неабходна забяспечыць поўны спакой. Інакш зламаная косць можа зрушыцца і траўмаваць буйныя крывяносныя сасуды ці пашкодзіць унутраныя тканкі і органы;
  • на вобласць удару і меркаванага пералому прыкласці холад (спецыяльныя астуджальныя пакеты, лёд, бутэльку з халоднай вадой, замарожаныя пакетаваныя прадукты);

Пераломы. Першая даўрачэбная дапамога. Прыкласці холад.

  • па магчымасці зафіксаваць месца пералому. Для гэтых мэтаў можна выкарыстоўваць кавалак шчыльнага кардону, драўляную палку, шчыльна скручаны рулон газеты, парасон і г.д., якія прыкручваюць бінтам, кавалкам тканіны толькі па-над адзеннем (не на голую скуру!). Пры накладванні шыны заўсёды фіксуюць два суставы: адзін – вышэй за месца пералому, другі – ніжэй. Калі пашкоджаная буйная косць (напрыклад, сцегнавая), шыну накладваюць так, каб абезрухоміць тры суставы (тазасцегнавы, каленны і галёнкаступнёвы), прычым з двух бакоў: з вонкавага – ад ступні да падпахі, і з унутранай – ад ступні да пахвіны;
  • накласці нетугую павязку.

Адкрыты пералом. Алгарытм аказання першай дапамогі

Самую вялікую небяспеку пры адкрытым пераломе ўяўляе зусім не крывацёк, як можна было б падумаць.

 
Віктар Комар
Загадчык траўматалагічнага аддзялення 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна г.Мінска
Моцна сыходзяць крывёй рэзаныя раны. Ірваныя раны, якія назіраюцца пры адкрытых пераломах, як правіла, не крывяць, бо пры парыве сасуда сценкі няроўныя і яны тут жа спайваюцца, зліпаюцца. Небяспека адкрытага пералому ў інфіцыраванні раны.

Пераломы. Аказанне першай даўрачэбнай дапамогі.

Таму алгарытм аказання першай дапамогі пры адкрытым пераломе заключаецца ў тым, каб:

  • Забяспечыць поўны спакой пашкоджанаму ўчастку цела.
  • Апрацаваць краі раны дэзінфікуючым сродкам (антысептыкам) альбо прамыць чыстай вадой, каб прыбраць бачныя забруджванні. Апрацоўваць варта вобласць вакол раны, а не ўнутры яе!
  • Накласці павязку на рану і месца адкрытага пералому з кавалка чыстай тканіны, марлі, бінта.
  • Абезрухоміць пашкоджаную вобласць накладваннем спецыяльнай шыны альбо вырабленай з падручных сродкаў (дошкі, кардону, галінак, шчыльна скручанага рулона паперы альбо газет і г.д.).

Калі ў месцы адкрытага пералому ёсць іншародныя прадметы, якія адтуль тырчаць, самастойна даставаць іх з раны катэгарычна нельга! У дадзеным выпадку іншароднае цела (якое прывяло да траўмы) выконвае функцыі «тампона» – пераціскае краі траўмаваных сасудаў. Яго самастойнае выдаленне можа справакаваць вялікі крывацёк. У гэтым выпадку іншароднае цела варта абматаць вакол чыстай тканінай, бінтам, марляй, насоўкай, ручніком. Толькі пасля гэтага накласці павязку і шыну на вобласць пералому.

Пераломы. Накладанне шыны.

Адкрыты пералом ні ў якім разе нельга ўпраўляць, спрабуючы паставіць «на месца» зламаную косць! Гэта прывядзе да яшчэ большай траўматызацыі пашкоджанай вобласці, павялічыць рызыку інфіцыравання раны і развіцця астэаміэліту (гнойна-некратычны працэс у касцяной тканцы).

Як спыніць крывацёк

У некаторых выпадках адкрытыя пераломы могуць суправаджацца пашкоджаннем буйных крывяносных сасудаў. Тады першачарговым з'яўляецца спыненне крывацёку.

Для гэтага неабходна накласці жгут, тлумачыць эксперт. Жгут абавязкова накладваецца на верхнюю траціну пляча альбо верхнюю траціну сцягна. Няма карысці накладваць жгут на перадплечча і на галёнку, бо ў гэтым выпадку пераціскаюцца толькі вены, а рана будзе працягваць сыходзіць крывёй.

Пераломы. Накладанне жгута.

Калі пералом менавіта ў верхняй траціне канечнасці, тады давядзецца звярнуцца да пальцавага пераціскання артэрыі. Таксама эфектыўна сагнуць руку ў локці і прыбінтаваць да тулава, нагу сагнуць у калене і прыбінтаваць у такім становішчы (галёнка да сцягна).

Жгут нельга накладваць на голую скуру і хаваць у складках адзення. Пажадана пазначыць час, калі ён быў накладзены. Улетку жгут накладваюць на 2-3 гадзіны, узімку – максімум да 4-х гадзін. Перыядычна яго трэба аслабляць, каб забяспечыць цыркуляцыю крыві ў пашкоджанай канечнасці. Таксама яго можна перакладаць крыху ніжэй або крыху вышэй за месца папярэдняга накладання.

Сімптомы і правілы аказання першай дапамогі ў цэлым характэрныя для ўсіх відаў пераломаў. Але ёсць нюансы. Пра гэта чытайце ў наступным матэрыяле.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 34

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Неадкладная дапамога"