Андрэйка Куневіч стаў першым мінчанінам, які нарадзіўся ў 2019 годзе. І першым, хто атрымаў падарункавую каробку для нованароджаных ад праекта «МамаPro». Падарунак сям'і ўручыў асабіста Міністр аховы здароўя Валерый Малашка.
Хлопчык стаў другім дзіцем Кацярыны і Аляксандра. Ён з'явіўся на свет у гадзіну ночы ў РНПЦ «Маці і дзіця». Роды былі партнёрскімі. І хаця яны пачаліся крыху раней за тэрмін, па прызнанні бацькоў, яны адчувалі сябе ўпэўнена і спакойна ў надзейных руках прафесіяналаў. Нарадзіўся Андрэйка з вагой 3990 г і ростам 55 см.
У каробачцы нованароджаных ад праекту «МамаPro» – 16 прадметаў гігіенічных і касметычных сродкаў для мамы і малыша (падгузнікі, сродкі гігіены, цацкі). Збіралі іх яшчэ з восені з дапамогай актыўнай падтрымкі брэндаў-партнёраў праекта. Такія падарункі чакаюць усе сем'і, у якіх малыя нарадзіліся ў студзені ў сталіцы (а таксама Клінічным радзільным доме Мінскай вобласці і РНПЦ «Маці і дзіця»). Каробка адпавядае даведцы аб нараджэнні: калі мама нараджае двайнятаў, дык атрымлівае дзве каробкі, калі трайнятаў – тры. У кожны набор укладзены вітальныя лісты ад Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і каманды праекта «МамаPro». А яшчэ – невялікія анкеты. У іх бацькі змогуць ацаніць каробку і даць свае рэкамендацыі. Па водгуках стане зразумела, ці будзе развівацца праект далей.
Акрамя сям'і Куневічаў, Міністр аховы здароўя разам з журналістамі і арганізатарамі праекта павіншаваў яшчэ пяць жанчын, якія ў навагоднюю ноч сталі мамамі ў сценах РНПЦ. Усяго ў першыя суткі 2019 года ў Мінску нарадзілася 36 дзяцей (а ў цэлым у краіне – 145).
Атрымаюць падарункі і вядомыя беларускі, многія з якіх шматдзетныя мамы. Яны стануць экспертамі і дадуць парады камандзе праекта.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by