Часта ўсміхацца беларусам перашкаджае не толькі наша спецыфічная жыццёвая псіхалогія і біялагічныя асаблівасці (памятаеце пра цэнтр задавальнення з першай часткі нашага матэрыялу?).
Яшчэ адной перашкодай для пазітыўнага і роўнага настрою ў нашых мясцінах стаў недахоп сонца.
Паводле звестак Рэспубліканскага гідраметэацэнтра, колькасць ясных дзён у Беларусі – усяго 20-35 за год, пахмурных – ад 175 на паўночным захадзе да 135 на паўднёвым усходзе. Восенню і зімой бываюць такія месяцы, калі мы не бачым сонца па 20 дзён запар! Магчыма, у гэтым хаваецца яшчэ адна загадка «звыкла стомленага беларускага твару».
Як сонца ўплывае на наш настрой?
Сонечнае святло нездарма называюць жыватворным. Яно станоўча ўздзейнічае на ўсе працэсы абмену рэчываў у арганізме, абараняе ад дэпрэсіі і падымае настрой. Звязана гэта з тым, што сонца ўплывае на выпрацоўку сератаніну. У народзе яго называюць «гармонам шчасця».
Пры недахопе сератаніну мы адчуваем:
- дрымотнасць;
- млявасць;
- адсутнасць станоўчых эмоцый;
- маларухомасць.
Калі сератанін у норме, мы адчуваем:
- прыліў сіл;
- паляпшэнне эмацыйнага настрою;
- жаданне ўвасабляць у жыццё планы і рухацца.
Чаму важна быць «на пазітыве»?
Пра тое, што займацца гігіенай душы важна не толькі для вас асабіста, але і для тых, хто побач з вамі, мы адзначалі ў першай частцы. А вось у чым яшчэ можа быць плюс асабіста для вас, дык гэта ў тым, што супраціўляльнасць арганізма хваробам у аптыміста вышэй.
Так, напрыклад, дацкія навукоўцы апыталі 600 людзей, якія пакутуюць ад ішэмічнай хваробы сэрца (ІХС), з розніцай у 5 гадоў. Аказалася, што аптымісты і пазітыўна настроеныя пацыенты паміралі на 42% радзей у параўнанні з песімістамі. Шмат у чым гэта было звязана з тым, што настроеныя на жыццё і здароўе людзі не апускалі рукі, больш рухаліся і выконвалі пасільныя фізічныя практыкаванні.
Тры эфектыўныя крокі для барацьбы з панурасцю
Крок 1. Больш святла
Яркае святло стымулюе выпрацоўку сератаніну і тым самым прадухіляе развіццё дэпрэсіі. Штодзённае і доўгае знаходжанне ў офісе можа не выклікаць хандры, калі вы ўключыце ў кабінеце лямпы. Асабліва эфектыўнымі будуць лямпы дзённага святла.
Крок 2. Устаньце з канапы
Практыкаванні памяншаюць неспакой, дэпрэсію і адчувальнасць да стрэсу. Калі вы праціўнік актыўных фізічных нагрузак, замяніць іх можна звычайнай хадой. Усё што заўгодна, абы не сядзець на месцы! Спачатку вам будзе складана зрушыцца з месца. Але потым вы з задавальненнем адзначыце, што нават невялікі праменад здольны супакоіць і падняць настрой і працаздольнасць.
Крок 3. Папаўняем недахоп вітаміну D
Тое, што вітамін Д уплывае на псіхічную сферу чалавека, даказана шматлікімі навуковымі даследаваннямі. Як жа змагацца з яго недахопам? Бо асноўная ўмова для натуральнага ўтварэння гэтага важнага вітаміну – уздзеянне сонечных прамянёў на скуру.
Дэфіцыт вітаміну D прыводзіць да больш высокай рызыцы развіцця і больш цяжкага цячэння шэрагу псіхічных захворванняў і расстройстваў, эмацыйных і паводзінскіх парушэнняў у дзяцей і дарослых.
У той жа час дадатковая датацыя вітаміну D прыводзіць да адваротных пазітыўных уплываў.
Што рабіць?
У адпаведнасці з Практычным кіраўніцтвам па паступленні вітаміну Д і лячэнні яго дэфіцыту ў Цэнтральнай Еўропе (2013 г.) устаноўлены рэкамендуемыя нормы спажывання вітаміну Д для розных узроставых груп насельніцтва:
- дзіця першага паўгоддзя жыцця павінна быць забяспечана 400 МЕ вітаміну Д у суткі,
- другога паўгоддзя – 400-600 МЕ / сут,
- ад 1 года да 18 гадоў – 600-1000 МЕ / сут,
- дарослыя людзі (у тым ліку сталыя людзі) – 800-2000 МЕ / сут.
У кіраўніцтве выдзеленыя асобныя групы (неданошаныя дзеці, людзі з атлусценнем, цяжарныя і лактыруючыя жанчыны, людзі, якія працуюць у начную змену і цемнаскурыя), для якіх устаноўлены асаблівыя нормы забеспячэння вітамінам Д.
Вельмі важна разуменне неабходнасці такой прафілактыкі, своечасовае і шырокае яе правядзенне.
Увага! Дозу вітаміну Д менавіта для вас можа падабраць толькі ўрач. Ёсць асаблівасці прызначэння прэпарату ў залежнасці ад узросту, перанесеных захворванняў і г. д.
Змяніць маркотныя і зласлівыя твары беларусаў цалкам рэальна. Дапамагчы ў гэтым можа не толькі выпрацоўка навыку заўважаць добрае, але і цалкам канкрэтныя рэкамендацыі: не забываць уключаць у памяшканні святло, рухацца, а таксама параіцца з доктарам з нагоды дадатковага прыёму вітаміну Д.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by