30.11.2017
30.11.2017

Падрыхтоўка да мамапластыкі і аднаўленне пасля аперацыі

logo
Здароўе дарослых
0 8
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Колькі адбываецца аднаўленне пасля мамапластыкі? Што нельга рабіць перад аперацыяй? Ці адчуваюцца імпланты і ці гэта балюча?

На пытанні Слушна адказваюць у выніковым матэрыяле аб карэкцыі і аднаўленні малочнай залозы нашы эксперты: Яўгенія Шапавал, доктар медыцынскіх навук, загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі «Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М.М. Аляксандрава» і  Алег Стасевіч, пластычны хірург

Што трэба ведаць пра падрыхтоўку да мамапластыкі?

Мамапластыку робяць толькі на фоне поўнага здароўя, у перыяд паміж менструацыямі. Напярэдадні аперацыі (не раней, чым за два тыдні) жанчына павінна прайсці поўнае медыцынскае абследаванне, якое ўключае:

  • лабараторныя даследаванні (кроў на гепатыт, ВІЧ, сіфіліс; агульны і біяхімічны аналізы крыві; каагулаграму; агульны аналіз мачы);
  • ЭКГ;
  • флюараграфію;
  • УГД малочных залоз;
  • агляд тэрапеўта;
  • агляд гінеколага;
  • па неабходнасці – кансультацыі іншых спецыялістаў (напрыклад, пры наяўнасці праблем са зрокам – афтальмолага).

Алег Стасевіч:

 — Як доўга праходзіць абследаванне, залежыць ад арганізацыі працы канкрэтнай установы аховы здароўя. У цэнтры, дзе я працую, такое абследаванне займае 1 працоўны дзень.

Што нельга рабіць перад аперацыяй?

Каб мінімізаваць рызыку ўскладненняў пасля мамапластыкі, пацыенткам часцей за ўсё рэкамендуюць:

  • адмовіцца ад гарманальных кантрацэптываў за два тыдні да аперацыі;
  • адмовіцца ад прыёму лекавых сродкаў, якія ўтрымліваюць саліцылаты (нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты, самыя вядомыя – аспірын, ібупрафен, дыклафенак);
  • спыніць курэнне за тыдзень да аперацыі (нікацін пагаршае ў швоў здольнасць загойвацца і аслабляе арганізм).

Што адбываецца падчас аперацыі?

Як і многія іншыя аперацыі, мамапластыка выконваецца з выкарыстаннем анестэзіі (абязбольвання). Які менавіта метад анестэзіі будзе абраны – агульная альбо мясцовая, залежыць ад стану здароўя жанчыны і асаблівасцей ходу аперацыі.

Магчымыя наступныя варыянты анестэзіі:

  • агульная анестэзія;
  • камбінацыя мясцовай анестэзіі з седацыяй (стан спакою, падобны да сну);
  • мясцовая анестэзія.

Варта адзначыць, што большасць хірургаў аддае перавагу праводзіць мамапластыку з прымяненнем агульнай анестэзіі. Яна камфортна пераносіцца пацыентам, палягчае ўстаноўку імплантатаў і дазваляе спецыялісту сканцэнтравацца на самой аперацыі.

Падчас мамапластыкі ўся паверхня грудзей i месца будучага сячэння апрацоўваюцца антысептыкам, каб пазбегнуць развіцця інфекцыі. Рашэнне аб тым, дзе менавіта хірург будзе праводзіць разрэз тканак, прымаецца з улікам шматлікіх фактараў. Больш падрабязна пра іх вы можаце прачытаць у папярэднім матэрыяле гэтай серыі.

Алег Стасевіч:

 — Аперацыя займае 1-1,5 гадзіны, выконваецца пад агульным абязбольваннем, пасля яе пацыентка застаецца пад наглядам медыкаў каля сутак.

Ці магчымыя ўскладненні пасля мамапластыкі?

Ці магчымыя ўскладненні пасля мамапластыкі?

Гэтая аперацыя, як і многія іншыя, можа мець розныя ўскладненні, у тым ліку:

  • гематомы;
  • сярому (анамальнае назапашванне сярознай вадкасці, якое часам развіваецца пасля пластычнай аперацыі);
  • келоідныя рубцы;
  • інфекцыйнае заражэнне раны;
  • разрыў альбо зрушэнне імплантата;
  • алергію на матэрыял імплантата;
  • з'яўленне фіброзных утварэнняў.

Менавіта таму так важна прытрымлівацца ўсіх інструкцый урача да і пасля аперацыі, а таксама адказна ставіцца да ўсіх этапаў аднаўлення пасля мамапластыкі.

Што важна ведаць пра пасляаперацыйнае аднаўленне?

Болевыя адчуванні: у першыя дні пасля аперацыі магчымы боль з-за нацяжэння скуры і пасляаперацыйнага ацёку, аднак, як правіла, ён робіцца слабейшым на працягу тыдня.

Яўгенія Шапавал:

 — Жанчыны часам адчуваюць усталяваны імплантат. Аднак, як правіла, гэта не прычыняе ім дыскамфорту.

Меры засцярогі:

  • пацыентка абавязкова павінна прайсці курс лячэння антыбіётыкамі на працягу 5-7 дзён;
  • неабходна насіць спецыяльную кампрэсійную бялізну на працягу месяца, якая дапаможа захаваць новую форму малочных залоз і паскорыць гаенне і ўтварэнне рубца;
  • каб шнар не стаў шырэйшым, неабходна выкарыстоўваць спецыяльны папяровы пластыр у выглядзе палосак, што будуць фіксаваць краі шва;
  • пры ўзнікненні сінякоў варта выкарыстоўваць гелі, у якіх ёсць гепарын альбо траксевазін;
  • нельга мыць грудзі на працягу тыдня пасля аперацыі, прымаць ванну на працягу трох тыдняў, а таксама наведваць лазню ці сауну на працягу паўгода;
  • выключыць фізічныя нагрузкі на 1,5-3 месяцы (у залежнасці ад складанасці аперацыі), пасля чаго павялічваць іх паступова, не падымаючы цяжару вагой больш за 3 кілаграмы;
  • кіраваць аўтамабілем не рэкамендуецца на працягу двух тыдняў пасля аператыўнага ўмяшання;
  • нельга спаць на жываце першыя 2 тыдні пасля аперацыі;
  • не рэкамендуецца доўгае знаходжанне на сонцы, а таксама наведванне салярыя на працягу 6 месяцаў.

Што рабіць пасля зняцця шва?

Калі адбылося адлушчванне скарыначак, пасля папярэдняй кансультацыі з урачом для таго, каб разгладзіць рубец, рэкамендуецца выкарыстоўваць гель «Кантрактубекс» (да 3 раз у дзень). Таксама можна прыкладваць сіліконавую пласціну для хутчэйшага ўтварэння рубца. Каб прадухіліць з'яўленне фіброзна-капсулярных утварэнняў, можна рабіць лёгкі самамасаж з ужываннем ўвільгатняльных сродкаў.

Метады аднаўлення саска

Калі цягам аперацыі быў перасаджаны кавалак скуры, пацыентцы неабходна задумацца аб аднаўленні саска, каб вярнуць малочнай залозе натуральны выгляд. Зрабіць гэта можна наступнымі спосабамі:

  • выкарыстоўваць штучны сасок з поліўрэтану, які мацуецца да малочнай залозы пры дапамозе прысоскі;
  • аднавіць сасок з дапамогай пластычнай аперацыі;
  • узнавіць сасок пры дапамозе татуажу.

Рэканструкцыя саска праводзіцца не раней, чым праз 2 месяцы пасля аперацыі.

Дарэчы, у Беларусі дзейнічае дабрачынная арганізацыя Belief, удзельнікамі якой з'яўляюцца прафесійныя майстры перманентнага макіяжу. У рамках бестэрміновай акцыі яны бясплатна ўзнаўляюць сасок пры дапамозе татуажа анкапацыенткам, якія зрабілі мамапластыку.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 8

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"