18.07.2021
18.07.2021

Ці ёсць сёння дождж на вуліцы? Хутчэй на прагулку!

logo
Думкі ўслых
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А вы любіце гуляць пад дажджом? Увесну-улетку-увосень (зіму адкідваем)? Я, па шчырасці, па абставінах. Не магу адназначна сказаць «так» і не магу адказаць – «не». 50х50.  З невялікімі перавагамі ў той ці іншы бок. Але ж сёння, 18 ліпеня, – Дзень прагулак пад дажджом! Ну як жа прапусціць?! Пры ўмове, што дождж нас парадуе.

Прагулкі пад дажджом. Карысна для здароўя.

Менавіта парадуе, а не па-шалёнаму залье… Без дрэнных наступстваў, пашкоджанняў і разбурэнняў. І – барані, Божа! – без ахвяраў. Бо проста страшна чытаць гэтымі днямі пра замежжа…

Яшчэ, здаецца, ніколі так актыўна не абмяркоўвалі надвор’е ў сацсетках, як гэтым летам. Варта толькі з’явіцца допісу пра надвор’е, прыродныя з’явы, як тут жа з’яўляюцца дзясяткі, а то і сотні каментаў з апісаннем свайго надвор’я.

Мы пацвярджаем і абвяргаем, спрачаемся і прымаем, зайздросцім, перажываем… І… мяняем свае адносіны да таго ж дажджу.

Найбольш яскрава я адчула гэта ў сераду, калі выйшла па абедзе прагуляцца з офіса. З неба падалі буйныя кроплі, а парасон спакойненька адлежваў бакі ў кабінеце. Але ж толькі была такая гарачыня. Значыць, дождж… што? Правільна, за шчасце! І без ніякага парасона! 🙂

Прагулкі пад дажджом. Мяняем адносіны.

І што я адчула падчас літаральна некалькіх хвілін? Так! Што я дождж усё ж люблю… У такіх вось сітуацыях.

А прагулка-то – атрымалася! Хаця і не ў Дзень прагулак пад дажджом! Кропель якраз-такі было не шмат і не замала – дастаткова! Я ішла без парасона, утаропіўшы позірк у неба, і ўсміхалася! І як прыемна было прыгадваць гэты жыватворны дожджык у пятніцу, калі даводзілася пастаянна апырскваць сябе з бутэлькі. Плюс 30°С у пакоі… 🙁

У Чэрвені сёння дождж быццам бы магчымы. А вось ці рэалізуе ён свае магчымасці? Паглядзім! Ну, а пакуль – пра карысць прагулак пад дажджом для здароўя!

І пачну з таго, што любая прагулка – гэта ўжо вялікі-вялікі плюс! Рух, карысная нагрузка, новыя ўражанні… А калі гуляць пад дажджом (ды пад парасонам), дык яшчэ і вольнае, так бы мовіць, манеўраванне. Бо звычайна такіх ахвочых няшмат. Таму ў горадзе хочаш – направа ідзі, а хочаш – налева. 🙂 Натоўпу няма…

Прагулкі пад дажджом. Няма натоўпу.

Вам патрэбныя нестандартныя ідэі альбо проста хочаце наладзіць уласнаму мозгу перазагрузку?! А менавіта гэта адбываецца падчас прагулак пад дажджом, сцвярджаюць вучоныя. Мы пачынаем бачыць наваколле і навакольных у іншым свеце. Хіба ж не цудоўна?! Пад дажджом і даўно знаёмы маршрут можа раптам чымсьці здзівіць і ўразіць.

А я па аналогіі прыгадваю свой нядаўні паход у бібліятэку. Напярэдадні ў нас добра ўвечары-ўночы ўліло, і электрычнасць адключалася на працяглы час. Ліло так, што вады на асфальце было па калена! Гэта я з акна назірала… А на наступны дзень…

На наступны дзень ля нашай шматпавярхоўкі і лужынкі не засталося! А вось на адной з цэнтральных вуліц – невялікая. Якраз такога памеру, каб па ёй зручна было таптацца… сабаку.

Прагулкі пад дажджом. Сабакі любяць лужыны.

І ён там таптаўся! J Пад пякельным сонцам. Прыгожы такі, пародзісты. А пасля, доўга не думаючы, плюхнуўся ў тую лужынку на жывот. І такое задавальненне было напісана на яго «твары», што я ажно пазайздросціла! Далібог, сама б плюхнулася. J А фота няма, на жаль… Па такой гарачыні нават тэлефон даставаць было – лянота…

Дождж сапраўды нас асвяжае! Прычым і душу – таксама. Ён бы змывае трывогі і стрэс. І для гэтага зусім не трэба знаходзіцца пад струменямі вады без парасона... Паспрабуйце прагуляцца! Дождж супакойвае…

А як прыемна знаходзіцца на сапраўды свежым паветры! Аказваецца, вучоныя падлічылі, што калі на зямлю падае адна кропля вагой каля 50 грамаў, яна ачышчае… 16 літраў паветра! Можаце сабе ўявіць, колькі ачышчае неўтаймоўны лівень!

Прагулкі пад дажджом. Ачышчальная сіла дажджу.

І пах у дажджу ёсць – цалкам рэальны. Вучоныя называюць яго «петрыкор». Азон, бактэрыі, ахоўны алей з лісця… І мы дыхаем-дыхаем – і надыхацца не можам! 🙂 Ну праўда ж? Ды нас радуе нават пах прыбітага пылу! Асабліва падчас сёлетняй засухі…

Ёсць бонусы і для нашай скуры і валасоў – яны ўвільгатняюцца. А калорый падчас прагулак пад дажджом нават больш спальваецца! Праверым-праверым! 🙂

Думаю, кожны для сябе знойдзе і асобныя плюсы ў такіх прагулках. Засталося толькі дачакацца чарговага дажджу. І – гайда! Ну, а калі сёння яго  ўсё ж не прычакаць… Эх, зраблю я сабе дожджык на сядзібе са шланга! І прагуляюся пад ім! 🙂 Хаця... Учора асабіста нас дождж наведваў... тройчы!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".