14.10.2020
14.10.2020

«Праходзіць Пакрова – раве дзеўка, бы карова». А матуляў – са святам!

logo
Беларускі код
0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёння ў беларусаў адно з самых значных народна-царкоўных святаў – Пакроў. І да яго ж прымеркаваны Дзень маці, які ў нашай краіне адзначаецца з 1996 года. Шмат народных прыкметаў і павер’яў, шмат віншаванняў жанчынам-маці… Дзень знакавы, што ні кажы.

Пакроў. Дзень маці. 14 кастрычніка ў Беларусі.

«ПрЫходзіць Пакрова», «ПрАходзіць Пакрова»… У розных мясцовасцях казалі па-рознаму, але сэнс быў адзін. Калі не чакалася ў хаце, дзе была дзяўчына на выданне, ні сватоў, ні вяселля, тады панаваў там сум.

А для тых, каму пашчасціла, існавала іншая народная мудрасць: «Пакравы прыйдуць – дзеўцы галаву накрыюць». Альбо: «Ад Пакрова дзеўка ўжо гатова». Дарэчы, нашыя продкі лічылі, што згуляць вяселле на Пакроў – да доўгага сумеснага сямейнага жыцця. А ўжо калі падчас вяселля снег пойдзе – да шчасця і ўзаемаразумення ў сям’і.

Пакроў, Пакровы, Пакравы, Трэцяя Прачыстая, Пакроў Прасвятой Багародзіцы… Нябачная мяжа паміж восенню і зімой. Калі сяляне павінны былі ўжо скончыць усе земляныя работы і больш не турбаваць зямлю («Прыйшла Пакрова, пытае, ці ты да зімы гатова», «Да Пакроў з поля ўсё далоў»).

Пакроў. 14 кастырчніка. Усё прыбрана і вывезена з поля, зямлю не турбуюць да вясны.

А свойскай жывёле надышоў час станавіцца ў хлявы да вясны: «На Пакрова дай сена каровам», «Пакрова – кіі на дрова», «Пакровы – хавай у хлеў каровы», «Пакрова – зарыкала ў хляве карова».

Бадай, ніводнае народнае свята не мае столькі ўзгадак у народнай мудрасці, столькі занатаваных прыкметаў, звязаных з надвор’ем, як гэтае. Цікава, а колькі на памяць прыгадаеце вы?! 🙂 Палічым?!

Пра тое, што зіма магла ўжо наблізіцца ўшчыльную, а дзесьці нават легчы снег на Пакравы і не ўстаць, казалі так: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду – лёдам, пчалу – мёдам», «На Пакрову да абеду – восень, а пасля абеду – зіма».

Пакроў. Народныя прыкметы. Зіма на Пакроў.

А яшчэ нашыя продкі прыкмячалі, што калі снегу не будзе на Пакроў, дык і на Каляды белага пушыстага цуду лепей не чакаць. А вось гэта апошнім часам у нас спраўджваецца. На жаль…

І пра блізкасць не тое каб зімы, але халадоў нам ужо зараней паведаміў Белгідрамет. Так што ўцяпляемся! І – вызначаем накірунак ветру! Дзьме з усходу ці захаду? Зіму даўней абяцалі сур’ёзную такую, суровую… З поўдня? Мяккую. З поўначы? Снежную.

Пакуль, напрыклад, у Чэрвені паводле папярэдніх прагнозаў 14 кастрычніка вецер за суткі зменіцца з усходняга на паўднёвы. І паўднёва-ўсходні таксама абяцаюць. Цікава, ці тое зіма будзе спачатку суровай, а тады мяккай, ці то што… А снегу нам, атрымліваецца, так і не ўбачыць?! Эх!

Пакроў. Народныя прыкметы. ЧЯк не будзе снегу на Пакроў, не будзе яго і на Каляды.

І ўсё ж, усё ж… Былі ў нашых продкаў спадзяванні на яшчэ адно бабіна лета, ці, дакладней, – лета дзявоцкае. Альбо перад Пакровам (што, здаецца, мы і назіралі, асабліва ў аўторак, 13 кастрычніка), альбо пасля. Так, хочацца яшчэ цеплыні… Хаця… «У Пакроў не пражывеш без дроў».

А ведаеце, чым раілі абавязкова прапаліць у печы 14 кастрычніка?! Галінкамі яблыні! Маўляў, тады ўсю зіму будзе цёпла. Ну, і пра бліны памятаем, так?! Якімі «запякаем вуглы»…

Праваслаўным веруючым у гэты дзень абавязкова трэба наведаць царкву. Цікава, што даўней на Пакроў у хаце ці за яе межамі накрывалі галаву хусткай не толькі замужнія, але і незамужнія. Лічылася, што такім чынам яны просяць спрыяння ў Багародзіцы, якая ахінае сваім пакровам Зямлю.

Пакроў Прасвятой Багародзіцы. 14 кастрычніка.

Папросім гэтага спрыяння і мы. А таксама павіншуем сёння матуляў з Днём маці. Калі ёсць такая магчымасць. Калі яны яшчэ радуюць сваіх дзяцей, а дзеці – іх… Гэта самае вялікае шчасце на свеце.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 58

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".