27.07.2024
27.07.2024

Праз сорак гадоў у гумовіках. Як знайсці частку свайго здароўя на балотах

logo
Падарожжы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

14 ліпеня ў гідралагічным заказніку Балота Мох адбылася сустрэча выпускнікоў 1984 года Міёрскай СШ №2

Пралог

У пару майго маленства школы падзяляліся на «васьмігодкі» і «сярэднія» з васьмігадовым і дзесяцігадовым навучаннем адпаведна. Таму першы мой выпускны адбыўся ў 1982 годзе з Мілашоўскай васьмігадовай школы, другі – у 1984, з Мёрскай СШ №2. Для майго дальнейшага аповеду гэта істотная заўвага.

Мае аднакласнікі па Мілашоўскай васьмігодцы зладзілі два гады таму, у 2022 годзе, сустрэчу праз сорак гадоў. «Мы малодзенькія і харошанькія» – так назвала я расказ пра нашу сустрэчу, які друкаваўся ў раённай газеце «Міёрскія навіны». На яго адгукнуліся аднакласнікі-міёрцы, загарэўшыся сустрэцца таксама.

Мінула два гады. Яшчэ маладзейшыя і харашэйшыя, праз сорак гадоў пасля выпуску з Міёрскай СШ №2 сустрэліся і выпускнікі нашага 10-ага «А»!

На госці да Касі, валадаркі балотаў

Каралева балота Кася

Наш 10 «А» і светлай памяці класная кіраўніца Кававлевіч Ганна Львоваўна заўжды былі лёгкімі на пад’ём і ахвочыя да рознага крэатыву. Мы ладзілі агнявыя вечары, ездзілі на «Зарніцы», выпускалі сценгазеты, урокі беларускай і рускай літаратуры пачыналі з чытання лірычных вершаў…

Праз сорак гадоў праверылі: прага крэатыву і прыгодаў ад нас нікуды не падзелася! Пачалі абмяркоўваць фармат сустрэчы і вынайшлі самы незвычайны з магчымых.

Касю Казачонак (Карніцкую) сёння ведае і Беларусь, і замежжа як супер гіда па балотных прасторах гідралагічных заказнікаў Ельня і Балота Мох. Пра яе здымаюць фільмы, пішуць СМІ, яе называюць каралевай балотаў.

Грэх не скарыстацца нагодай і не папрасіцца на экскурсію да Касі, падумалася арганізатарам сустрэчы — і Кася з радасцю пагадзілася!

Апушчу падрабязнасці нашых доўгіх перапісак у чаце «Аднакласнікі», высвятленні падрабязнасцяў пра тое, як будзем накрываць стол… Выснова была такая: галодных зараз няма, на пачастунак кожны нешта прынясе да агульнага стала – і даволі. Прыгодаў жа зашмат не бывае! Ну, а дрэс-код задаваў фармат сустрэчы: убіраліся па паходнаму, замест абцасаў і наваксаваных чаравікаў аднакласнікі прыйшлі ў гумовіках.

Сустрэча на балотах

Забягаючыся крыху наперад, скажу: арганізатары былі такія апантаныя авантурнай ідэяй, што трошкі не падумалі, ці ўсе маюць фізічныя сілы і здароўе скакаць па балоце. Магчыма, таму нас урэшце сабралася не шмат. А, магчыма, нас не сабралася б болей нават калі б мы прыбраліся па святочнаму і сустракаліся дзесьці ў кавярні – магчыма, прыйшлі б адны і тыя ж людзі. Было як было, астатняе невядома.

Вось пра тое як было і раскажу.

«Нас мало, но мы в тельняшках», — дакладна пра наш 10 «А» на сустрэчы.

Віктар Калкоўскі прыехаў з Фаніпаля. Я – з Мінска. Грэта Баравік (Катовіч) настойліва дабіралася з Міёраў.

Віктар уразіў усіх сваёй падрыхтоўкай. Адкрыў багажнік машыны, а там і мабільная лядоўня, і стол з крэсельцамі, і мангал, і вядро варыць юшку, і трынога пад яе, і пластыковыя кантэйнеры з усялякім начыннем: вадкае мыла, сурвэткі, торбачкі, запалкі… Усяго не пералічыць, скажу толькі – што б падчас нашага пікніка ні спатрэбілася, Віця як казачны чарадзей даставаў са сваіх скрынак і скрыначак у багажніку. У адказ на наша здзіўленне сцісла і сціпла адказаў, што дваццаць пяць гадоў службы ў войску (Віктар Калкоўскі – падпалкоўнік у адстаўцы), збораў і выездаў навучылі жыць у паходных умовах і быць гатовым да ўсяго. Ну і, канешне ж, найперш – самому вырашаць задачы і праблемы, якія ўзнікаюць.

Грэту мы ў балота не заманілі ніякімі пернікамі. Затое яна з Васілём Казачонкам, мужам Касі, ласкава пагадзіліся чакаць нас на хутары ў Храброве, варыць юшку з рыбы, якую навудзіла Кася загадзя, і смажыць шашлыкі.

Паколькі фармат сустрэчы не забараняў быць з мужамі і жонкамі, мой чалавек таксама быў з намі. Разам з ім і правадніцай Касяй наш атрад вандроўнікаў у чатыры чалавекі адважна рушыў насустрач прыгодам па Балоту Мох.

Мы ішлі да балотнага возера, а па дарозе Кася расказвала нам пра лес на подступах да балота, пра балотныя астравы, азёры, расліны і насельнікаў.

— Бачыце пацёртасці на дрэвах на рознай вышыні? – пытала Кася. – Тут чухалі спінкі дзікі і ласі… А вось гэтая нібыта простая дошка з расколінай – даўнейшая пастка на ваўкоў… Вось гэтая раслінка – шэйхсцэрыя балотная --  расце там, дзе пачынаецца дрыгва, таму будзьце пільнымі и не лезьце туды!

Вось сфагнум – мох з унікальнымі ўласцівасцямі. Ён мае бактарэцыдныя якасці, таму людзі здавён карысталіся ім як перавязачным матэрыялам. Сфагнум даўней выкарыстоўвалі і як памперсы.

Пад намі – дзевяць метраў торфу. Гэта значыць, Балоту Мох дзевяць тысяч гадоў, бо па аднаму міліметру на год прыбывае тарфянага слою.

Балота ў дваццаць разоў мацнейшы, чым лес, ачышчальнік паветра, – як з рога ўсяго многа сыпала цікавосткамі Кася…

Балота

Усе мы не ўпершыню былі на балоце. Усё ж выраслі на Міёршчыне і традыцыйна штовосень ходзім браць журавіны і брусніцы. Але паход з Касяй можна параўнаць з падарожжам па замежжы з перакладчыкам і экскурсаводам – ці без іх. Усюды можна проста круціць галовамі на бакі і карміць вочы. Але любое падарожжа куды цікавейшае, калі ёсць праваднік і тлумач. Пагатоў, такі як Кася – закаханы ў кожную травінку. Яна гаворыць з дрэвамі, травой, вадой. Ад іх, кажа Кася, яе дужасць і энэргія.

6 важкіх прычын есці журавіны

Падыходзім да высачэзнай елкі на балотным востраве. Кася расказвае, як калісьці разам з малымі сынамі ўзбіраліся на яе і ўсё Балота Мох бачылі як на далоні.

Подзвіг “елкалазання” паспяхова бярэцца паўтарыць Віктар Калкоўскі – ён у выдатнай фізічнай форме. Гонарам за аднакласніка поўніцца душа: якія нашы гады! Віця, ты герой!

Разам з Касяй мы зыбаліся на імху, хадзілі краем балотнага возера і, урэшце, скокнулі ў яго і паплылі! Шчыра скажу, рэдка з чым параўнальная стрэсатэрапія. Калі водарасці казычуць цела, прагрэты сонцам верхні слой вады грэе душу і цела, а ніжні, студзёны, працінае да дрыжыкаў, усе негаразды свету на нейкі час знікаюць.

Наперадзе ж яшчэ атракцыён па карасканню на бераг, якога ў балотнага возера, па сутнасці, няма! Чапляешся за падводныя карані раслінаў, упіраешся нагамі ў зыбкі мох, ледзь жывы вылазіш з вады – як нанва на свет нараджаешся. Праверана асабіста!

З балота выбраліся жывымі і не пашкоджанымі. Вяртаемся, і я распытваю Касю пра людзей, якія бываюць у яе. Ці можа яна назваць самых незвычайных гасцей? Сярод іх – і кітайцы, і афрыканцы, не кажучы ўжо пра беларусаў, расіян, еўрапейцаў.

Сэлфі на балоце

—Была ў мяне жанчынка з чатырохмесячным немаўляткам, — расказвае Кася. – Яна яго нясе, пакорміць – і далей рушым. А яшчэ – жанчына, восемдзесят адзін год, былая альпіністка. Яна ўсё жыццё марыла пабываць на балоце і здзейсніла сваю мару, бо захавала выдатную фізічную форму, — дзеліцца Кася…

Нарэшце мы выбраліся з балота і паехалі на хутар Храброва, дзе стаіць хатка Касінай бабулі. Тут зараз гаспадарыць Кася. Цярпенне той часткі нашай каманды, якая засталася чакаць на беразе, проста жалезнае – мы доўга вандавалі. Грэта ж з Васілём чаравалі над юшкай і шашлыкамі.

А яшчэ нас чакаў сюрпрыз! Пакуль мы прападалі на балоце, да Храброва даехала наша аднакласніца Венера Новікава! Яна даўно жыве ў Швецыі, але часта бывае ў Беларусі. Вось і зараз супалі яе прыезд і сустрэча з аднакласнікамі. Да сустрэчы крыху пазней і анлайн далучылася наша чароўная Жаначка Касперская – мы перамаўляліся з ёй праз акіян, бо Жана даўно жыве ў Канадзе.

Далей – болей. Віктар Калкоўскі, які не стамляўся здзіўляць, датэлефанаваўся нашай настаўніцы матэматыкі Нэлі Мікалаеўне Бамбізавай і сілай сваёй пераканаўчасці ўгаварыў далучыцца да сустрэчы. Вось гэта быў сюрпрыз дык сюрпрыз!

—Я мела толькі паўгадзіны на зборы, — ківаючы на летні абутак, кажа наша настаўніца.

Як і раней, усмешлівая, па-юначаму гарэзлівая, хоць і пафарбаваная гадамі ў серабро, наша Нэлі Мікалаеўна ззяе і атуляе сваіх вучняў цёплымі ўспамінамі і мілымі сэрцу падрабязнасцямі.

Віктар Калкоўскі для яе найбольш пазнавальны ў профіль – бо памятае, як ён сядзеў за партай ля вакна і задумліва глядзеў у неба. Я найбольш выразна помнюся ёй у строгім чорным касцюме, калі выпадкова перасекліся ў Міёрах падчас маёй студэнцкай практыкі і я праводзіла яе да дому. Венеру і Грэту Нэлі Мікалаеўна хваліць за стараннасць і адказнасць… Яшчэ кажа, што памятае вочы кожнага з нас – якімі яны былі, калі мы глядзелі на класную дошку з-за партаў і якімі – калі стаялі ля дошкі і рашалі прыклады…

Ад гэтых дробязяў сціскаецца сэрца.

«Меньше всего любви достается нашим самым любимым людям…» – так спяваецца ў адной бардаўскай песні.

Гэта праўда. Не ўсе людзі адпачатку валодаюць разуменнем каштоўнасці тых, хто побач і поруч, з кім зводзіць жыццё па месцах нараджэння і вучобы.

«Сорак гадоў не сябравалі, не сустракаліся – і вось сабраліся, трэба сябраваць,» – пажартавала Грэта.

Болота

З песні слоў не выкінеш, што праўда тое праўда.

Але ж заўжды ёсць шанец паразумнець! Псіхолагі сцвярджаюць, што ў сталым веку, калі новыя сябры знаходзяцца і набываюцца цяжка – альбо не з’яўляюцца зусім – з’яўляецца шанец наладзіць страчаныя масты з сябрамі дзяцінства і юнацтва.

Мне здаецца, у нашай невялікай групы аднакласнікаў гэта атрымалася.

Былі і шчымлівыя згадкі пра школу і настаўнікаў, і юшка з рыбы, якую навудзіла Кася, і шашлыкі, якія смажылі Грэта і Васіль, і «Ламбада» з сапраўдным калумбійцам, якога завуць Оскар (апынуўся сярод нас, аднакласнікаў, і такі далёкі госць у фармаце “з мужамі і жонкамі можна”), і падарункі ад гаспадыні хутара Касі – слоікі мёду ад сваіх пчол, а яшчэ магніцікі, значкі і паштоўкі з выявай балотаў Мох і Ельня.

Пасля ўсёй кампаніяй рушылі да мяне ў Мілашова – паглядзець выстаўку нашай унучкі, юнай мастачкі Арыядны. Выстаўка ладзілася на тэрасе сямейнай мастацкай галерэі «Пуня». Пасля гасцей правялі з кароткай экскурсіяй па Ідолце і Мілашову…

Але і гэта не ўсё!

Ахвотных паглядзець загадкавыя маладзільныя камяні ў лясах Міёршчыны назаўтра раным-раненька Кася чакала ў сябе на сядзібе. Мы ўсталі на досвітку, каб зноў пусціцца ў вандроўку. Сустрэліся з Вялесавым камянём, пабачылі камень-лекар, куды здавён хадзілі ацаляцца людзі і нават жывёлы.

Струбніца і Пацавічы: аграгарадкі ў Гродзенскай вобласці, дзе ёсць лекавыя камяні

Пасля мне з сям’ёй трэба было вяртацца на Мінск, а Віктар, Кася і Венера ў Узмёнах сустрэліся з Людмілай Малец (Людачкай Анашка). Яна б хацела, але праз абставіны не змагла далучыцца да нас у Храброве. Што ж, як кажуць – калі гара не ідзе да Магамета, Магамет ідзе да гары…

У чат «Аднакласнікі» сыпаліся і сыпаліся фатаздымкі і цёплыя словы, падзякі адно адному за сустрэчу і падораныя цеплыню і эмоцыі.

Развітваліся – і абяцалі сустрэцца зноў. Наступным разам, відаць, у больш універсальным фармаце. Не ў балоце, а проста на зямлі. Не ў гумовіках, а ў наваксаваных чаравіках і туфліках на абцасах.

Усяк можна, абы жывыя і маладыя душой і сэрцам. Але тое, што адбылося – ужо назаўжды застанецца з намі.

Дзякуй, дарагія аднакласнікі! Дзякуй, сусвет, за дараваную магчымасць!

Эпілог

 

Адзін з самых чароўных момантаў нашай сустрэчы, падаецца мне – малады запал і фізічная рухавасць усіх удзельнікаў.

Наш фармат быў не за сталом пасядзець і пабяседаваць. Экспромт, сюрпрызы і нечаканасці суправаджалі нас на працягу дня. Усе вымушаныя ад’езды, вяртанні, змены ў планах і іх карэкцыя успрымаліся так арганічна і дабразычліва, што было сталае адчуванне супрацы ў камандзе, дзе адзін аднаго людзі разумеюць з паўслова.

Гэта вельмі крутое адчуванне! Каб яго перажыць, варта было і па балоту патэпаць, і на сушы паскакаць. Вельмі спадзяюся, што ў наступную сустрэчу аднакласнікаў паболее.

Яшчэ раз асобна ад усіх нас, аднакласнікаў, перадаю падзяку гаспадарам сядзібы – Касі і Васілю Казачонкам за іх гасціннасць і шчодрасць. Нэлі Мікалаеўне Бамбізавай – кланяемся і дзячым за гонар быць з вамі. Праз гады дасылаем словы падзякі і шанавання нашым настаўнікам СШ №2, перадаем прывітанне аднакласнікам, якія далучацца да нашай кампаніі ў наступны раз.

Да новых сустрэч, сябры!

Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця