У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 14 лістапада можна было ацаніць рызыку развіцця цукровага дыябету. Тут прайшла рэспубліканская прафілактычная акцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня дыябету. Сёлета яго дэвіз – «Цукровы дыябет і жанчына – наша права на здаровую будучыню».
Падчас акцыі спецыялісты мерылі наведвальнікам артэрыяльны ціск, вызначалі ўзровень цукру ў крыві, тэсціравалі па Шкале FINDRISC. Пры неабходнасці, можна было атрымаць кансультацыю кардыёлага і эндакрынолага, а таксама зрабіць кардыяграму.
З 158 чалавек, якія прыйшлі на акцыю, рызыка развіцця цукровага дыябету выяўлена ў 36. З іх 20 чалавек – з умеранай рызыкай, а 16 – з высокай.
Безумоўна, адна з галоўных мэт падобнай акцыі – прыцягнуць увагу да праблемы цукровага дыябету. У нашай краіне каля 93% жыхароў пакутуюць ад гэтага захворвання, прычым 60% з іх – гэта жанчыны.
У Беларусі створаны ўсе ўмовы для планавання і вядзення цяжарнасці пры цукровым дыябеце. Дзейнічае «Цэнтр эндакрыннай паталогіі пры цяжарнасці» на базе 1-ай гарадской клінічнай бальніцы Мінска. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця» дапамагаюць цяжарным з выкарыстаннем Помпавай інсулінатэрапіі.
На акцыі прысутных цікавілі пытанні, кшталту: ці можа прыём біялагічна актыўных дадаткаў і полівітамінных комплексаў знізіць цукар у крыві і дапамагчы пазбегнуць хваробы; у каго высокая рызыка развіцця цукровага дыябету, якія яго сімптомы; што рабіць, калі дыягназ ўжо пастаўлены?
Першае, на што звярталі ўвагу спецыялісты, адказваючы на пытанні, ці ёсць у чалавека лішняя вага альбо вісцэральнае атлусценне (гэты фактар з'яўляецца адным з ключавых). Напрыклад, з 60% хворых на цукровы дыябет беларусак 80% маюць залішнюю масу цела.
Другі момант, — ці хворыя на цукровы дыябет бліжэйшыя сваякі. У выпадку, калі абодвум бацькам пастаўлены такі дыягназ, у дзіцяці рызыка захварэць роўная 75%.
Дарэчы, падрабязна даведацца пра фактары рызыкі развіцця цукровага дыябету, навучыцца жыць з гэтым захворваннем, спосабах пазбегнуць яго ўскладненняў, можна ў «Школах дыябету». У Беларусі іх 229.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by