У небе над лугам лунаў бусел. Высока-высока. І не зважаў на тых, хто назіраў за ім знізу. А назіралі пільна! Ажно дзве пары вачэй!
– Бацяна бачыш? – спыталася авечка Адэля ў Малімонкі.
– Вядома! – адгукнулася козачка. – Як высока лятае! Ён такі дужы, вялікі і смелы.
– А мы зараз праверым, ці сапраўды смелы.
– Як? – здзівілася Малімонка.
– Мы яго падражнім! Калі спусціцца, каб надаваць нам кухталёў, дык смелы. А калі зробіць выгляд, што нічога не чуе – значыць, усё пра яго маняць.
– А хто маніць? І што маніць?
– Пачакай, спачатку праверым!
Адэлька, задраўшы мордачку ўгору, моцна-моцна заблеяла:
Бацян, бацян даўганосы!
Згубіў боты, а сам босы!
Бусел, бусел-клекатун,
Схапіў жабу за каўтун,
Па балоце валачыў,
Нагавіцы замачыў!
Адэля ажно тройчы праспявала дражнілкі. Малімонка ўсё глыбей уцягвала галаву ў плечы. Ёй здавалася, што вось-вось наляціць на іх гэтая вялізная птушка. Не толькі кухталёў надае, але яшчэ і дзюбай доўгай у лоб дасць! Козачка даўно пусцілася б наўцёкі, але сорамна было пакідаць прыяцельку адну.
– Ну, бачыш? – счакаўшы колькі хвілін пасля песенкі, спыталася авечка. – Бацяну няма да нас справы.
– І добра, Адэлька, – зарадавалася козачка. – Бо ты нейкую небяспечную забаву прыдумала. Давай лепш пасвіцца!
Авечка Адэлька і козачка Малімонка ўлетку працуюць з ранку да вечара: яны скубуць траўку. Сёння козачка не вельмі задаволеная рацыёнам, яна больш любіць пасвіцца пры лясочку. Затое Адэлі ўсё падабаецца. Траўка смачная, свеціць сонца, надвор’е і настрой цудоўныя.
– Малімонка, – ушчувае яна пераборлівую прыяцельку! Патрывай дзень без улюбёнага малінніку, будзе табе ўзнагарода.
– Праўда? Гаспадыня купіць нам бананы? – зарадавалася козачка.
– Бананы яшчэ раніцай прывезлі на ферму. Я на свае вочы бачыла. Але не ў бананах узнагарода!
– А ў чым жа? – зацікавілася Малімонка.
– У бацянах! – з таямнічым выглядам зашаптала авечка.
– Ай, Адэлю, што ты прыдумляеш? Як бацяны могуць быць нам за ўзнагароду? Яны вольныя птушкі, лётаюць пад самымі аблокамі. Ты сама бачыла. Што ім да нас?
– Ім да нас і праўда няма справы, – згадзілася авечка. – Затое нам да іх ёсць! Я тут пачытала тое-сёе і высветліла, што бацяны залічаныя ў сімвалы краіны!
– І бацяны! – ахнула козачка. Пасля Адэльчынага інтэрв’ю з зубрам і валошкавага квэсту, яна таксама зацікавілася сімволікай.
– Так! Бусел пакуль не захацеў да нас спусціцца. Але я дакладна ведаю: ён на наш лужок штодзень прылятае. От мы яго і падпільнуем! – змоўніцкім шэптам паведаміла авечка.
– Напачатку ты казала – бацян. А цяпер – бусел. Дык хто сімвал і каго пільнаваць будзем? – козачку заінтрыгаваў таямнічы выгляд прыяцелькі.
– Я і сама не зразумела, – прызналася Адэля. – Пэўна, нейкая цёмная гісторыя. От і высветлім, што гэта за бацян-бусел. У мяне да яго столькі пытанняў! Найперш, навошта ён выпусціў жаб ды гадаў з меху, які Бог даручыў яму ў прадонне кінуць.
– Адэлю, гэтае паданне ўсім вядомае! Бацян тады яшчэ чалавекам быў. Вельмі цікаўным. Зазірнуў у мех, от гадаўё і выпаўзла. У пакаранне ён мусіць ўсё жыццё тых гадаў збіраць!
– Ну, тады спытаемся, чаму калядоўшчыкі з сабой абавязкова маску бацяна вадзілі. А яшчэ: за што яму такая ласка, што людзі самі дапамагалі яму рабіць буслянкі, усцягваючы на хаты ці дрэвы колы.
– І гэта я табе патлумачу! Калядоўшчыкі бяруць бацяна ў кампанію, бо вераць, што ён спрыяе дабрабыту і ахоўвае душу ад бруду. А калі гэта птушка паселіцца ля чалавека, то засцеражэ жыллё ад пажару, ці папярэдзіць пра яго. Таму і ладзілі буслянкі.
– Ого, якая ты разумная! А чаму пад час навальніцы трэба станавіцца пад дрэва з буслянкай? Як яна можа засцерагчы ад маланкі?
– Гэтага не ведаю, – прызналася Малімонка.
– Дык і не задавайся! – адрэзала авечка. – Думаеш, адна ты такая дасведчаная? Не забывай, я таксама кніжкі чытаю. Дарэчы, там пішуць, што бацян вясну прыносіць на сваіх дужых крылах і апякуецца ўраджаем!
– А пра што яшчэ ты хацела запытацца?
– Вось дачакаемся яго самога, тады і даведаешся!
Прыяцелькам не прыйшлося доўга чакаць. Праз нейкі час бацян прызямліўся ля самай рэчкі. Толькі-толькі ён намерыўся добра папалуднаваць жабкамі, як да яго падскочыла Адэля.
– Прывітанне, бусел! Я знакамітая авечка Адэля, а гэта мая прыяцелька – козачка Малімонка. Як маешся?
Здзіўленая напорам птушка не страціла, аднак, прыроджанай ветлівасці.
– Вітаю вас, Адэля і Малімонка. Дзякуй, усё добра.
– Няўжо? – хітра прыплюшчыла вока авечка. – А я чула, што не ўсё добра. Дажджу даўно не было!
– Твая праўда. Дажджу не было, і невядома калі будзе.
– А навошта ён вам? – нясмела вытыркнулася Малімонка. – Хіба прыемна лётаць пад аблокамі, калі на цябе цурболіць дождж?
Бусел задраў угору дзюбу, уважліва агледзеў аблачынку, што праплывала над імі. Аблачынка была лёгкая, амаль празрыстая. З такой ніводнай кропелькі не ўпадзе.
– Лётаць лягчэй у сухое надвор’е, – згадзіўся ён. – Затое карміцца значна цяжэй. Ні жаб, ні…
– Фі, – тут жа скрывілася Адэля. – Нам зусім не цікава, чым вы, буслы, харчуецеся. У мяне іншае пытанне!
– Я слухаю. Пытайся, – згадзіўся той.
– От скажы, як цябе завуць па-сапраўднаму? Навошта табе аднаму столькі імёнаў? – І Адэля ўзялася пералічваць: бусел, бацян, клекатун, буська, лелько…
– Досыць, – перапыніў бусел. – Я і сам усіх сваіх імёнаў не ведаю! Адно магу сказаць – бусел, гэта маё афіцыйнае імя. А вось на гэтых землях мяне часцей за ўсё называюць бацяном! Але ўсе імёны сапраўдныя!
– Значыць, пакуль ты жывеш у гэтай мясцовасці, ты бацян. А калі пераселішся ў іншую, то зваць цябе будуць буська ці лелько. Так? – удакладніла Малімонка.
– Так, – пацвердзіў бацян. – Толькі я нікуды не збіраюся перасяляцца. Мы гняздуемся звычайна паблізу тых мясцін, дзе нарадзіліся. Але мноства імёнаў, якімі нас называюць людзі, сталася для мяне вялікай праблемай.
– Якой? – ажно заблішчэлі вочкі ў Адэлі. Ёй вельмі хацелася пачуць якуюсь незвычайную гісторыю.
– Увосень мы адлятаем у вырай. Дарога няблізкая і небяспечная. Надумаў я ўсёй сям’ёй у вырай на самалёце падацца. А туды без дакументаў не пускаюць! Кажуць: “Прадыктуйце ўсе свае імёны, тады выдадзім вам пашпарт. Пасля купіце білет і ляціце куды заўгодна!” Быццам гэта сапраўды магчыма – успомніць УСЕ імёны. Я паспрабаваў, але нейкае забыўся, дык мяне адразу абвінавацілі: “Вы нешта ўтойваеце!” Давядзецца зноў з жонкай і дзеткамі толькі на моц сваіх крылаў спадзявацца.
– А як вы па дарозе ў вырай не збіваецеся з кірунку? Пэўна, навігатары добрыя маеце?
– Якія такія навігатры? – здзівіўся бацян.
Толькі ўзяліся расказваць пра навігатар і як зручна з ім падарожнічаць, як бацян заўважыў непадалёк неасцярожную жабку і хуценька крутунуўся ў той бок.
– Ой! – у адзін голас ускрыкнулі прыяцелькі і, не чакаючы пакуль жабка знікне ў доўгай бацяновай дзюбе, кінуліся прэч.
Але Адэлі недастаткова было здабытых звестак.
– Слухай, Малімонка, у мяне ёсць план!
– Які? – насцярожылася козачка.
– А такі! Трэба бацяніху распытаць!
– Мо бусліху? – удакладніла Малімонка.
– А хто іх ведае, як правільна. Не гэта галоўнае! Я бачыла непадалёк буслянку на электрычным слупе. Пакуль бусел спажыву шукае, мы дабяромся да бацяніхі і ўсё выведаем.
– А як да буслянкі дабяромся? Яна ж, пэўна, высока?
– Ат! Прыдумаем нешта! Пабеглі.
Не паспела козачка і слоўцам запярэчыць, як Адэля ўжо неслася з усіх капыткоў у бок вядомай ёй буслянкі. Малімонка памчалася за ёй.
Электрычны слуп быў высачэзны. І гладзенькі. Высока-высока, на самым версе, нейкім дзівам трымалася вялікая буслянка. Адразу было зразумела, што тут гняздуецца не першае пакаленне буслоў.
Адэля пабегала вакол слупа, пабедавала, што самой на яго ніяк не ўзлезці і прычапілася да Малімонкі.
– Слухай, лезь ты!
– Куды? – затраслася са страху козачка.
– Туды! – тыцнула капытком угору авечка. – Я бачыла па тэлебачанню, што горныя козы могуць па самых стромкіх гарах скакаць.
– Я не горная каза! – ледзь не самлела перапалоханая Малімонка. – І як гэта: лезці без запрашэння ў чужое жытло? Нізавошта не палезу!
– Ай, Малімонка! Прызнайся, што проста баішся!
– Так, Адэлька. Баюся!
– Што з цябе возьмеш? Добра, сама зараз прыдумаю.
Адэля на хвілінку наморшчыла лоб:
– Так, хавайся ў кусты і сачы, каб бацяніха нікуды не зляцела. Я хутка вярнуся.
Малімонка, радая, што не трэба караскацца на высокі гладкі слуп, нырнула ў кусты, а авечачка некуды памчалася.
Неўзабаве пачулася тарахценне матора. Да слупа пад’язджала машына з пад’ёмнікам. У яе кашы побач з рабочым стаяла Адэля і ўзрушана нешта расказвала, паказваючы то на буслянку, то на схаваную ў кустах прыяцельку. Машына прыпынілася акурат ля слупа.
– Залазь хутчэй, Малімонка, – пазвала Адэля.
Козачка толькі-толькі хацела запярэчыць, як яе падхапілі дужыя рукі кіроўцы пад’ёмніка і пасадзілі ў кош.
– Віра! – тут жа закамандавала Адэлька, не даўшы козачцы нават апамятацца. Кіроўца націснуў на адпаведны рычаг, і кош папоўз угору. Ён завіс якраз перад бацяновым гняздом.
Бацяніха пазірала на няпрошаных гасцей устрывожана. Яна выседжвае птушанят, ёй не да прыёмаў!
– Спакойна, пані Бацяніха! – лагодным галаском пачала Адэля. – Вас ніхто не зачэпіць. Але гляньце, у якім небяспечным месцы вы буслянку зрабілі. Тут жа дрот, электрычнасць! Я прывяла выратоўцаў, яны замацуюць ваша гняздо больш надзейна.
– Але наша буслянка на гэтым слупе ўжо не першы год трымаецца. І нічога благога з ёй не здаралася, – запярэчыла птушка.
– Гэта пакуль. А раптам сёлета гняздо віхурай скіне на зямлю? – не здавалася Адэля. – А як вылупяцца птушаняты? Раптам каторага токам лясне? Рабочы зараз абмерае ваша жытло. Для яго зробяць новую пляцоўку. Больш надзейную, з добрым падлётам. Я правільна кажу? – паторгала яна за крысо рабочага.
– Так, Адэлю, усё правільна. А самае галоўнае: пляцоўку размесцім крыху вышэй над дротам. Ні вам, ні птушанятам не будзе ніякага неспакою ад суседства з электрычнасцю!
Што не зробіш дзяля бяспекі сваёй сям’і! Мамка-бусліха згадзілася. Пакуль рабочы абмяраў гняздо, а Малімонка з усіх сілачак трымалася капыткамі за парэнчы каша, Адэлька прыступіла да бусліхі з роспытамі:
– Скажыце, пані Бацяніха, колькі дзетак вы сёлета чакаеце?
– Трох, – з гонарам адказала птушка. – Ужо хутка вылупяцца.
– Стамляецеся ўвесь час сядзець на яйках? – паспачувала Адэля.
– Мы па чарзе выседжваем, – удакладніла бацяніха. – Звычайна ў мяне начная змена, а днём я адпачываю. Толькі сёння недзе мой бацян забавіўся. Я ўжо хвалявацца пачала.
– Мы яго бачылі на лузе, – уторкнулася Малімонка. – Ён хутка прыляціць. І прынясе вам гасцінец!
– Даўно пара! – суцешылася бацяніха.
– Я чула, што бацяны ўмеюць спаць нават падчас палёту. Гэта праўда? – пацікавілася Адэля
– Не тое каб спаць, але падрамаць хвілін 10-15 часам удаецца, – удакладніла птушка. – Пакуль даляціш да Паўднёвай Афрыкі! А што ж – дарога ў вырай – свет няблізкі. Бацян недзе выведаў – каля 10 000 кіламетраў!
– Ого! – уразіліся Адэля з Малімонкай.
– Цяпер мяне зусім не дзівіць, што спаць вы можаце, стоячы на адной назе.
– І гэта праўда, – заківала бацяніха. – Дзякуючы заняткам йогай!
– Ну, добра. Але няўжо ў такую далеч вы сапраўды дабіраецеся без мапы і навігатара?
– Што такое навігатар?
– Гэта такое прыстасаванне, якое дапамагае выбіраць найкарацейшую дарогу і прытрымлівацца зададзенага кірунку, – патлумачыла авечка. Толькі бацяніха адкрыла дзюбу, каб нешта ўдакладніць, як рабочы скончыў абмяраць гняздо.
– Ну што, гаспадынька, праз пару дзён чакайце зноў. Будзем ваша гняздо добраўпарадкаваць. Майна! – даў ён каманду кіроўцу, і кош павольна паплыў уніз.
– Чакайце, – залямантавала Адэля. – Я ж яшчэ не спыталася ў бацяніхі пра йогу! Колькі гадзін у дзень яна займаецца йогай!
– Ледзь не палову жыцця, – вытыркнула дзюбу з гнязда бацяніха. – Любую вольную хвілінку. Гэта дазваляе адпачыць ад мітусні і засяродзіцца на сапраўды важных рэчах.
Кош між тым спусціўся, працягваць размову стала нязручна. Рабочы высадзіў Адэлю з Малімонкай, яны адвіталіся і кожны рушыў у свой бок.
– От бачыш, – заявіла Адэля, ледзь толькі машына ад’ехала. – Варта мне было запэўніць, што з буслянкі вось-вось упадуць на зямлю ўсе яйкі, як адразу знайшліся тыя, хто іх ратуе.
– Але ж ім нічога не пагражала, – запярэчыла Малімонка.
– А скуль ты ведаеш? – спыталася Адэля. – Раптам зноў віхура ўзнімецца, як летась? Памятаеш, колькі дрэў з коранем павыдзірала? Што той віхуры садраць гняздо са слупа? Раз плюнуць! А цяпер буслянку падымуць вышэй і добра замацуюць. І нашым бацянам будзе начхаць на віхуры і электрычнасць!
Задаволеная сабой Адэля і козачка Малімонка пашыбавалі на лужок. Высока над імі пралунаў бацян. Паляцеў да свайго гнязда – была яго чарга выседжваць яйкі.
– Адно я не зразумела, – задумліва прамовіла Адэля, праважаючы поглядам бацяноў цень.
– Што, Адэлю? – не цярпелася козачцы.
– Нешта я ў буслянцы нідзе немаўлят не бачыла. Тады чаму кажуць, што дзяцей бацькам бацяны прыносяць?
– Не ведаю, Адэлю. Можа, людзі маняць?
Адэля паціснула плячыма.
– Прыдумала! – заявіла авечачка праз колькі хвілін. – Мы з табой купім навігатар. І калі буслянку будуць умацоўваць, зноў прабяромся ў гняздо! Нібыта толькі для таго, каб уручыць падарунак. Можа, удасца разведаць, дзе бацяны немаўлят трымаюць!
– Ой, Адэля, неяк няёмка зноў без запрашэння ў буслянку ламіцца.
– Без запрашэння, затое з падарункам. Лічы, амаль на наваселле! Бусел – сімвал. А зацікаўленасць жыццём папулярных асоб – гэта нармальна! – даводзіла Адэля, не зважаючы на нясмелыя пярэчанні козачкі.
Сабраўшы столькі новых звестак пра яшчэ адзін сімвал Беларусі, Адэля пачувалася ледзь не гераіней. У яе ўжо спеў план, як можна гэтымі звесткамі скарыстацца, працуючы над новым выпускам перадачы пра жывёл і птушак, якія шукаюць свайго прызначэння ў жыцці.
– От бачыш, Малімонка, – падсумавала авечка. – Атрымалі мы сваю ўзнагароду ў бацянах! Столькі даведаліся з першых… – авечка крышку завагалася, падбіраючы слова. – З першых дзюб!
Зубрынае інтэрв’ю для авечкі Адэлі. Частка 2 (казка) + аўдыё
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by