11.06.2025
11.06.2025

Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя пятая (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Лісачка задумала паклікаць мядзведзя на пікнік: прыхапіць ежу, коўдру  і  пасядзець  з  ім  у  лесе. Але з самага ранку прыехаў ляснік-лесавік, і Буры быў заняты.

Разам яны наводзілі парадак вакол леснічоўкі, прыбіралі ў двары, нешта рамантавалі. Пікнік адкладваўся. Красуня спачатку нават спрабавала дапамагаць ім, збірала  па  двары  сухія  галінкі  і  адносіла ў кучу, але яна толькі замінала: дарослыя насілі ў паветку спілаваныя сухія дрэвы, і на іх шляху штораз абавязкова траплялася лісачка з тонкімі пруцікамі ў лапках.

— Ідзі, Красуня, з дзецьмі пагуляй. Мы тут самі справімся! — ласкава сказаў мядзведзь.

— А навошта вы складаеце тут гэтыя бярвенні? — пацікавілася малая.

— Зімой вы будзеце імі печ паліць, каб дом абаграваць і ежу гатаваць, — адказаў лесавік.  — Ты ж, можна сказаць, хатняя лісачка, у холадзе табе няўтульна будзе.

Красуня сапраўды не любіла холад, а есці тое, што гатаваў мядзведзь, ёй вельмі падабалася. Таму, калі для цяпла і смачнай ежы патрэбныя гэтыя бярвенні, няхай носяць. Пухнатка кінула сумны позірк на падрыхтаваныя для пікніка коўдру і кошык з ежай, уздыхнула і пайшла на прагулку.

Спачатку зазірнула да Шэрыка. Толькі лісачка на парог — цётухна зайчыха прапаноўвае ёй падсілкавацца. Хоць сёння Красуня і не была галодная, ад смачнага печыва адмовіцца не змагла. Акрамя таго, яна ведала, што, толькі калі дзеці паабедаюць, мама адпусціць Шэрыка пагуляць.

Бруню, Ярсіка і Ліму лісачка і заяц знайшлі ля Пяньковай паляны. Лясная дзятва любіла тут збірацца, бо ў гэтым месцы былі кругам расстаўлены лясныя крэслы. Канешне, ніхто іх сюды спецыяльна не прыносіў, «мэбля», можна сказаць, сама ўтварылася. Раней на паляне асобнай купкай раслі сосны. Аднойчы  ўсчалася  навальніца  і  вецер  разгуляўся  так  моцна,  што  гайдаў і гнуў дрэвы, але яны трымаліся разам, не давалі ветру разагнацца, стрымлівалі яго, пакуль не дабраўся ён да адкрытай паляны. Тут удалося яму сілу сваю паказаць. З усяе моцы наляцеў вецер на сосны, што стаялі асобна. Не вытрымалі небаракі, з гучным трэскам зламаліся і пападалі на зямлю.

Раніцай пабачыў наступствы ляснік-лесавік. Шкада было яму дрэў, але што тут паробіш. Акуратна спілаваў гаспадар лесу ствалы і зрабіў з іх пянькі  са  спінкамі.  Атрымаліся  драўляныя лясныя  крэслы,  на  якіх  можна  было ўтульна  сядзець.  А  паляну  гэту  сталі Пяньковай  называць.

— Вось вы дзе! — замест прывітання выгукнуў Шэрык.

— Што робіце? — пацікавілася Красуня.

— Думаем, у што пагуляць, — адказаў Бруня.

Заяц прапанаваў даганялкі, але лісачка адразу не пагадзілася, маўляў, надвор’е спякотнае, і ўвогуле, гэта не лепшая гульня для прынцэсы фон баранесы. Звераняты разумелі, што пухнатка ў даганялкі не спадзяецца выйграць, таму і не згаджаецца, але ўслых сваю здагадку не выказвалі, бо не хацелі крыўдзіць сяброўку.

— Давайце ў «пацэліка»! — прапанавала Ліма.

— Што за гульня? — запыталіся сябры.

— Хто лепш пацэліць шышкай у дупло, — патлумачыла вавёрка.

Дзеці згадзіліся. Дрэва з дуплом расло на ўскрайку паляны, шышак вакол  валялася  шмат.  Намалявалі  лінію, на якой трэба стаяць, сабралі ў кучу снарады,  дамовіліся  спрабаваць  па пяць разоў. Пачала Ліма — ёй удалося трапна ўкінуць усе шышкі. Ярсік і Бруня здолелі пацэліць па чатыры разы, Шэрык тройчы дасягнуў мэты, а шышкі Красуні ляцелі куды заўгодна, толькі не ў дупло. Першы, другі, трэці круг гульні ў «пацэліка» праходзілі для лісачкі аднолькава няўдала, а яе сябры паказвалі выдатныя вынікі. Красуня пачала нервавацца:

— Надакучыла! Давайце ў што іншае!

— Проста ты не ўмееш! — усміхнуўся Ярсік.

— Я і не старалася! Што ў гэтым цікавага? Шпурляць шышкі ў дупло! — хмыкнула лісачка.

Яна  з  важным  выглядам  адышла ў цэнтр паляны, села ў лясное крэсла і  адтуль  назірала  за  гульнёй.  Лепшым «пацэлікам» стала Ліма, другое месца падзялілі Ярсік і Бруня, трэцяе было за Шэрыкам.

— А ты ў нас «мімацэлік»! — пакпіў з Красуні Ярсік.

— Мне проста нецікава было! — лісачка паказала яноту язык.

— Лухта! У цябе проста не атрымліваецца! — сказаў Ярсік.

Спрэчка пагражала перарасці ў сварку.

— Хопіць! Давайце лепш пойдзем да рэчкі, там прахалода, а то зусім горача стала! — сказала Ліма.

— Толькі ныраць не будзем! — шматзначна зазначыў янот і паглядзеў на рудую пухнатку.

Лісачка  ўздыхнула:

— Ага! Усе памятаюць, што і з цябе плывец не вельмі!

Нарэшце кпіны сціхлі, і сябры пайшлі да ракі. Гэтым разам вырашылі накіравацца да пакатага берага, дзе можна было бяспечна памачыць лапы, пахадзіць па вадзе. Лісачка з цікавасцю разглядала новы краявід. Тут рака была шырокай, па лініі берага рос чарот, на паверхні вады ляжалі зялёныя акруглыя лісты, над якімі велічна ўзвышаліся вялікія белыя кветкі.

— Прыгажосць! — у захапленні прашаптала Красуня. — Хто кінуў у ваду гэтыя дзівосныя кветкі?

— Крэ-э-э-э-э-эк! Крэ-э-эк! — пачуўся рэзкі гук з зарасніку чароту, і ў наступнае імгненне адтуль выскачыла і плюхнулася на зямлю нешта зялёнае.

Ад  нечаканасці  лісачка  войкнула і адскочыла назад.

— Насмяшыла! Крэ-эк! — прамовіла істота. — Першы раз гарлачыкі бачыш?

— Будзем знаёмыя, паважаная гарлачыка! Я — лісачка Красуня! — адказала пухнатка.

Незнаёмка гучна рассмяялася:

— Я не гарлачык, я — жаба Крэква! А вось кветкі, якія ты ўбачыла ў вадзе, называюцца гарлачыкамі! Няўжо ты ніколі ні маіх суродзічаў, ні вадзяных раслін не бачыла?

— Яна зусім нядаўна ў нашым лесе пасялілася! — адказаў за сяброўку Бруня.

— А да гэтага ўсё жыццё ў горадзе з людзьмі правяла, — дадаў Шэрык.

— Я з адным чалавекам сябрую! — важна сказала жаба. — Ён на іншым беразе рыбу вудзіць, мяне чарвячкамі частуе. У мінулы раз забыўся слоік закрыць, яны выпаўзлі, а тут мы з сяброўкамі згледзелі…

— І пакінулі рыбака без улову? — усміхнулася лісачка.

— Што гэта я пра сябе ды пра сябе! Вы сюды адпачыць прыйшлі? — змяніла тэму Крэква.

— Спякотна, хацелі ля вады пасядзець, лапы памачыць! — адказала Ліма.

— Ну, гуляйце, купайцеся, а ўвечары запрашаю вас на канцэрт. Будзе выступаць хор жабак, а я салірую. Заставайцеся, такога вы нідзе больш не пачуеце! Жаба скокнула назад у чарот і знікла. Лясная дзятва з задавальненнем пакрочыла па празрыстай вадзе.

— Прахалода! Як прыемна лапкам! — радавалася лісачка.

— А спінка чым горшая? — хітра прыжмурыўся Ярсік і знянацку абліў пухнатку.

Красуня  завішчала  і  ў  адказ  стала пырскаць на янота. Праз імгненне гульню падхапілі ўсе. Несупынна ляцелі прахалодныя крыштальныя кроплі, а над вадой чуўся вясёлы смех. Удосталь наплюхаўшыся, звераняты выйшлі на бераг і, стомленыя, паваліліся на траву. У той дзень яны шмат разоў паўтарылі гэтую прыемную гульню. Бліжэй да вечара пачаўся абяцаны канцэрт. Над вадой паказаліся зялёныя галовы з вялікімі круглымі вачыма.

— Крэ-э! Крэ-э! Крэ-э-э-э! — распяваліся лупатыя артысткі.

На ўсе вочы лясная дзятва назірала, як надзімаюцца ў жабак па баках шырокіх ратоў бялявыя бурбалкі. Хор старанна выводзіў хіты з залатой калекцыі жабінага рэпертуару. Потым з’явілася і салістка. Крэква скочыла на вялікі ліст гарлачыка і  гучна завяла сваю партыю:

Жабка

— Крэ-э-э-э-э-эк! Крэк! Крэк-крэк- крэк!

— Ква-а-а-а! Ква-акваквак! Ква-а-а- ак! — падхапіў бэквакал.

Хор жабак гучаў прыцішаным фонам. Бурбалкі ля ратоў спявачак надзімаліся ўсё больш і больш.

— Яны не палопаюцца? — усхвалявана прашаптала лісачка.

— Прафесіяналы! Усё будзе добра! — супакоіў яе янот.

Лясная дзятва слухала канцэрт і час ад часу апладзіравала выканаўцам. Увага публікі натхняла, жабкі стараліся як ніколі.

— Нішто сабе! —  ціха выгукнула Красуня і паказала на гарлачыкавыя зараснікі.

Звераняты прыгледзеліся і заўважылі, што  вялікія  белыя  кветкі  павольна  закрываюць свае бутоны і хаваюцца пад ваду.

— А  я  так  хацела  сарваць  адну і дадому забраць! — уздыхнула лісачка.

— Яны патанулі? — занепакоіўся Шэрык.

— Стаміліся слухаць канцэрт! — прабубніў Ярсік. — І мне ўжо вушы баляць, я б таксама куды схаваўся.

— Ды не! Проста яны на ноч заўсёды пад ваду хаваюцца, а раніцай зноў паднімуцца! — патлумачыла Ліма.

— Фінальны  выступ  на  біс!  —  абвясціла Крэква, якая, пэўна,   заўважыла, што ўдзячныя слухачы пачалі перашэптвацца.

Спявачка паспяшалася скончыць канцэрт пры поўнай зале, пакуль слухачы не разбегліся. Кампазіцыя «Крэ-э-эк! Ква!» завяршыла вечар спеваў.

— Ну як вам? — у чаканні кампліментаў жаба марна старалася набыць сціплы выгляд.

— Выдатна! Цудоўна! Нам спадабалася! — адказалі звераняты.

— Прыходзьце! У нас штовечар канцэрты! — запрасіла Крэква.

— Пакуль дастаткова, трэба асэнсаваць пачутае! — важна прамовіў Ярсік і запрасіў: — Лепш ты да нас заходзь, таксама шмат цікавага табе пакажам!

— Дзякую, абавязкова завітаю. А зараз мне час адпраўляцца на іншы бераг, бо хутка прыйдзе мой знаёмы рыбак, каб пачаставаць мяне нечым смачным. Прагаладалася я! Спевы столькі энергіі патрабуюць! — адказала Крэква і скочыла ў ваду.

Вечарэла,  спёка  адступіла,  дзятва скіравалася ў лес. Вярнуліся на Пяньковую паляну і там сустрэлі Бурага. Ён ішоў насустрач, у лапах нёс кошык і коўдру, падрыхтаваныя для пікніка яшчэ раніцай.

— Мядзведзік! Пікнік усё ж будзе? — узрадавалася пухнатка.

— Ты ж вельмі хацела — значыць, будзе! — адказаў Буры. — Запрашай сяброў далучыцца.

Коўдру разаслалі каля лясных крэслаў, у цэнтр яе паклалі ежу, клапатліва сабраную мядзведзем. Усе прагаладаліся, елі з апетытам. Буры нават вогнішча расклаў, на якім смажылі на прутках хлеб і кавалачкі бульбы. Ля агню  было ўтульна.  Мядзведзь,  стомлены за дзень працай, прылёг крыху паводдаль і  задрамаў.

— Сцямнела, — заўважыў Ярсік, азіраючыся.

— Янот баіцца цемры! — усміхнулася Красуня.

— Нічога я не баюся! — запярэчыў Ярсік. — Лес — мой родны дом! Тут нічога страшнага адбыцца не можа.

— Цудоўна! Тады і мне не будзе страшна! — выдыхнула лісачка. — А то я зараз згадала пра жудаснага аднавокага прывіда і ўжо адчула, як пахаладзелі  ад  гэтых  успамінаў  мае  лапкі. Яны заўсёды становяцца як ледзяшы, калі я баюся.

— А чаго ты баішся? — прашаптаў Бруня.

— Таго самага аднавокага прывіда! — ціха адказала пухнатка.

— Ш-ш-што за прывід? — пачаў заікацца ад страху Шэрык.

— Вам расказаць пра яго? — прыжмурылася лісачка.

— Раскажы! — хорам адказалі сябры.

І Красуня, падкінуўшы ў вогнішча сухога голля і ямчэй уладкаваўшыся на крэсле, таямнічым шэптам пачала свой  аповед:

— Аднавокі прывід даўно блукае па свеце. Ён сілкуецца страхам тых, хто яго ўбачыць, таму кожны вечар шукае сабе ахвяр і з’яўляецца перад імі. Калі я жыла ў горадзе, гэтая жудасная здань аднойчы наведала мяне і маіх тамтэйшых сяброў. Мы сядзелі цёмным вечарам, вось як цяпер з вамі, пра нешта размаўлялі. І раптам адчулі, што нехта лёгка-лёгка дакранаецца да нас. Мне  здаецца, што і  зараз хтосьці варушыць маю шэрстку. Прыслухайцеся, вашу — не?

Звяркі напружыліся.

— Аёечкі! Так! Нехта лёгенька кратае мяне за спіну! — зрывістым ад жаху голасам сказала вавёрка і, саскочыўшы са свайго крэсла, падсунулася бліжэй да вогнішча.

— П-п-роста в-в-ветрык! — хацеў супакоіць яе Бруня, але прагучала гэта неяк зусім няўпэўнена.

— Так-так! — працягвала таямніча шаптаць лісачка. — Аднавокі прывід з’яўляецца невідзімкай і вымушае сваіх ахвяр думаць, што гэта ўсяго толькі ветрык дакранаецца да іх, а сам падбіраецца бліжэй. Доўгімі крывымі пальцамі ён гладзіць поўсць на спіне і шукае зручнае месца, каб прысмактацца сваім слінявым ротам з вялікімі ікламі. Калі вы адчуеце, што поўсць стала дыбарам, ведайце, ён збіраецца ўпіцца ў вашу скуру!

— А-а-а-а! Я адчуваю! Прэч! Прэч ад мяне! — завішчаў Шэрык і закруціўся на месцы.

— Ён вып’е кроў — і ахвяра загіне? — нервова міргаў адным вокам Бруня.

— Не, ён не п’е кроў, ён харчуецца страхам! Хто найбольш спалохаўся, да таго і прысмокчацца! — лісачка, загадкава прыжмурыўшыся, пазірала на сяброў.

— А мы не будзем баяцца! — піскнуў Ярсік. — І ўвогуле! У нашым лесе аднавокі прывід не водзіцца! Яго тут ніколі не было! Ён у горадзе блукае!

— Цяпер ён тут! — злавесна прашаптала Красуня. — Ведайце, аднавокі прывід заўсёды з’яўляецца там, дзе пра яго распавядаюць!

— Навошта ты расказала? — усхліпвала перапалоханая вавёрка.

— Вы самі папрасілі! — пухнатка абвяла позіркам звяркоў, якія, саскочыўшы з крэслаў, збіліся ў купку і прыціснуліся адно да аднаго, баючыся паварушыцца.

— Перастань расказваць — і ён не з’явіцца! — умольна прашаптаў Шэрык.

— Позна! Ён ужо тут! — пахістала галавой лісачка. — Я чула расповеды, што аднавокі прывід вельмі любіць гладзіць звяркоў сваімі кашчавымі пальцамі. Казытаць доўгія вушкі зайца, лашчыць пухнаты хвосцік вавёркі, прыгладжваць белыя палоскі на галаве барсука, грэць халодныя рукі ў цёплым футры янота. Прыслухайцеся, ён, пэўна, ужо падабраўся да вас…

Шэрык звязаў пад шыяй свае доўгія вушы, Ліма села на ўласны пухнаты хвост, Бруня абхапіў лапамі галаву, схаваўшы белыя палоскі, а Ярсік туліўся да сяброў, абараняючы сваё цёплае футра.

— А калі гэты жудасны прывід з нашага лесу сыдзе? — з надзеяй спытаў заяц.

— Калі пра яго нехта ў іншым месцы згадае! — адказала лісачка.

— А калі ў іншым месцы разумнейшыя і не будуць згадваць пра яго? — пацікавіўся янот.

— Тады ён тут назаўсёды застанецца! Вы ж прасілі пра яго распавесці, ён цяпер тут! — запэўніла Красуня.

— Перастань палохаць! Мы нікога не бачым! Значыць, тут няма ніякага прывіда! — лапатаў Ярсік.

— На тое і прывід, каб яго не бачылі! — патлумачыла лісачка. — Ён невідзімка! Зрэдку можна заўважыць яго адзінае зялёнае вока. І гэта самае страшнае відовішча! Злы зялёны позірк узнікае з цемры і рушыць да сваіх ахвяр. Нікому яшчэ не ўдавалася ўратавацца ад яго!

Паўжывыя ад страху звераняты ледзь дыхалі. І раптам Ліма закрычала:

— Вока! Там вока!

Яе лапка трэслася і паказвала некуды ў лес. Там сапраўды свяціўся злы зялёны позірк аднавокага прывіда. Ён то павольна краўся па траве, падпаўзаў, то рухаўся скачкамі, міргаючы.

— А-а-а-а-а! — закрычалі перапалоханыя звяркі.

Гучней за ўсіх лямантавала лісачка. Жах ашчаперыў небарак сваімі нябачнымі абцугамі і пазбавіў магчымасці рухацца. Зялёнае вока падабралася ўжо блізка, уцякаць было позна.

— Прэч з нашага лесу! — крыкнуў Ярсік.

Ён першы схапіў шышку з кучкі, якую яны днём не дакідалі ў дупло. Гледзячы на адважнага сябра, другую шышку ўзяў Бруня, трэцюю — Шэрык, чацвёртую — Ліма. Апошнюю няўпэўнена падняла Красуня.

— Першым снарадам па прывідзе! Бах! — скамандаваў янот і запусціў шышкай.

Не  пацэліў.

— Другі! Плі! — Ярсік тупнуў, і Бруня з усяе сілы шпурнуў снарад.

Міма.

— Не здавацца! Трэці пайшоў! — махнуў лапай камандзір. — Шэрык! Агонь! — аж падскокваў ад напружання Ярсік.

Заяц што было моцы запусціў у вока шышкай, але снарад адправіўся зусім у іншы бок.

— Ліма!  Ты  ж  снайпер!  Давай!  — падбадзёрыў  янот.

Шышка вавёркі паляцела далёка, але прывіда не закранула.

— Красуня «мімацэлік», няма надзеі! — засмуціўся Ярсік.

— Гэта ж у дупло было нецікава! — крыкнула лісачка і шпурнула апошні снарад.

Акурат у вока! Яно імгненна згасла, і тут жа цішыню разарваў рэзкі гук — страшны крык падбітага аднавокага прывіда. Завішчалі і дзеці. Праз агульны лямант прабіўся ўстрывожаны рык мядзведзя, які нарэшце прачнуўся і кінуўся да звяркоў. Моцныя лапы згрэблі малых у ахапак і паднялі высока над зямлёй:

— Што здарылася? — устрывожана спытаўся сонны Буры.

— Мядзведзік! Ратуй! На нас напаў аднавокі прывід! — лапатала лісачка, учэпіста схапіўшыся за густую поўсць свайго заступніка.

Буры зморшчыўся, бо яму было крыху балюча, але, не звяртаючы на дробязь увагі, запытаўся:

— Які прывід? Дзе?

— Там! — пяць дзіцячых лап паказалі ў бок, адкуль рухалася вока.

— Я нікога не бачу… — прыглядаючыся, хмыкнуў мядзведзь.

І тут непадалёк ад вогнішча у траве зноў засвяціўся злы зялёны позірк. Імгненне — і ён перамясціўся бліжэй, яшчэ бліжэй. І пад лямант лясной дзятвы да вогнішча скокнула жаба Крэква. Жах! Зялёнае вока аказалася медальёнам, што пабліскваў на жабінай шыі!

— Вось як вы гасцей сустракаеце?! Шышкамі шпурляецеся? Вельмі гасцінна! — крыўдліва сказала візіцёрка.

— Ты н-н-не Крэкв-в-ва! Т-т-ты ад-д- д-днавокі п-п-прывід! — заікаўся Шэрык.

— Яшчэ  і  абзываюцца!  —  ледзь  не плакала  жаба.

— Прабач,  калі  ласка!  —  першай ачомалася аж жаху лісачка.

Яна саскочыла з лап Бурага і падышла да госці.

— Мы цябе за прывіда прынялі праз гэты  зялёны медальён. Ён свяціўся ў цемры зусім як злы позірк аднавокага прывіда. Вось і абараняліся шышкамі. Сядай ля вогнішча, мы цябе смажанай бульбачкай пачастуем.

Крэква пагадзілася і папрасіла расказаць тую страшную гісторыю, якая ўчыніла такі ўсеагульны пярэпалах. З цікавасцю госця слухала ды прысмакі каштавала, а пасля расповеду лісачкі пахвалілася, што медальён ёй рыбак пакінуў:

— Пэўна, спадзяваўся, што я гэта ўпрыгажэнне апрану і прынцэсай стану! — падміргнула яна лупатым вокам. — А можа, і сапраўды стану? Толькі пазней. Пабачым!

Лісачка бліжэй разгледзела каштоўны падарунак:

— Я ведаю, гэта флікер! Людзі такія на  вопратку ды сумкі чапляюць, каб іх  здалёк было бачна. Святло  ліхтароў і аўтамабільных фар трапляе на флікер і ярка адбіваецца. Чалавека з такім упрыгажэннем добра відаць!

— Вось і вогнішча падсвяціла нам у лесе жудаснага аднавокага прывіда! — рагатнуў Ярсік.

Дзецям было весела, але вавёрка ўстрывожылася:

— Толькі цяпер ён усё ж з’явіцца ў нашым Дзівосным лесе, бо Красуня нам пра яго распавяла!

Звяркі пачалі азірацца па баках, Шэрык зноў звязаў вушы пад шыяй.

— Не існуе ніякага аднавокага прывіда! — прызналася Красуня. — Я яго выдумала.

— Столькі жаху нацярпеліся! — усхліпнула Ліма.

— Хіба вам не было цікава мой жахлівік слухаць? — шчыра запыталася лісачка.

— Ц-ц-цікава! — прызнаўся Шэрык.

— Ага! — нервова міргнуў адным вокам Бруня.

— А мне не было страшна! Нават весела! — сказаў Ярсік, прыгладжваючы поўсць, на якой яшчэ нядаўна адчуваў халодныя дотыкі кашчавых пальцаў аднавокага прывіда.

— Ну, я буду дадому збірацца! — сказала Крэква. — Дзякую за пачастунак! Сёння ж раскажу жахлівік пра аднавокага прывіда сваім сяброўкам!

— Абавязкова раскажы! Толькі не забудзься! — узрушана мовіла Ліма, у якой з’явілася надзея, што цяпер страшны прывід пераселіцца да жабак у рэчку. Яны ж яго, пэўна, не баяцца.

Буры толькі пасміхаўся ціхенька з дзіцячых размоў. Потым ён патушыў вогнішча  і  пачаў разводзіць дзятву па дамах. Адважная Крэква сама паскакала да рэчкі. Лісачку мядзведзь нёс на лапах, вавёрка даехала да свайго дупла на яго плячы. Бруня збочыў да бацькоўскай нары, крыху далей развіталіся з Ярсікам, апошняга правялі Шэрыка. Пакуль Буры дайшоў да леснічоўкі, Красуня заснула. Асцярожна ён паклаў яе ў ложак і накрыў тонкай коўдрай.

— Дабранач, апавядальніца! — з усмешкай прашаптаў мядзведзь. — І трэба ж так прыдумаць! Аднавокі прывід… Вой, не буду згадваць!

І  Буры  таксама  лёг  спаць.

Папярэднія часкі казачнай гісторыі пра лісачку Красуню чытайце тут:
Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя першая (казка) + аудыё
Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя другая (казка) + аўдыё
Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя трэцяя + аўдыё
Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя чацвёртая (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"