20.02.2025
20.02.2025

Прыгоды маленькай Машынкі. Частка першая

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Я раскажу вам пра прыгоды маленькай Машынкі. Яе зусім нядаўна сабралі на заводзе, паставілі рухавік, залілі бензін, і магутная машына адвезла малую ў вялізны гараж. Машынка была такая прыгожая, бліскучая, што адразу ж знайшліся дзве дарослыя паважаныя машыны,  якія ўзяліся апекавацца над ёю, пакуль малая падрасце ды паразумнее. Яны і сталі Машынцы Мамай і Татам.

У гаражы

Машынцы вельмі карцела даведацца, як яна выглядае. Малая скасавурыла ў люстэрка адно вочка-фару, потым другое – убачыла свой жоўценькі бачок. І ўсё. Агледзелася  навокал: ага! Вунь якое вялікае люстэрка ў суседкі.  Машынка ціхенька падкацілася амаль упрыцірку да незнаёмкі. Пакруцілася так і гэтак, нават на дыбачкі стала, не ўтрымалася і піхнула суседку.

— Хоршанька! — занепакоілася тая.

Але Машынка не зразумела і ціснулася далей.

— Ты чуеш што я кажу? Асцярожна! Усю фарбу з бакоў паздымаеш. Няўжо месца не хапае?

— Прабачце, — піскнула Машынка. — Я спачатку не зразумела. Мне толькі хацелася ўбачыць, якая я. У мяне ёсць свае люстэркі, але ў  іх амаль нічога не відаць. Цікава: навошта мне люстэркі, калі я сябе ў іх не бачу?!

— А, дык ты ў нас зусім новенькая! Люстэркі мы носім для сваіх вадзіцеляў, — патлумачыла машына. — Каб яны маглі бачыць, што робіцца на дарозе з бакоў і ззаду, — дзеля бяспечнасці руху. А сябе разгледзець ты зможаш у  шкляныя дзверы, што збоку ад выезду з гаража. Толькі памятай: перамяшчацца без вадзіцеля нам, машынам, строга забаронена. Таму не трапляйся на вочы людзям адна.

Машынка падзякавала і паціху, хаваючыся за большыя машыны, рушыла да выхаду. Толькі-толькі яна падкралася бліжэй да дзвярэй, як у гараж нехта зайшоў. Машынка кінулася з перапуду ўбок і стаілася, прымушаючы свой маторчык працаваць як мага цішэй. Хутка гараж зноў апусцеў. Машынка агледзелася  навокал і зусім побач заўважыла вельмі ж дзіўную машыну, таксама жоўценькую і невялічкую. Але тая была ўся нейкая нязграбная, выцягнутая ўшыркі. І колы яе былі крывыя і паплюшчаныя. Машынка нясмела гукнула:

— Што з табой? Чаму ты такая пакамечаная?

Адказу не было, і Машынка вырашыла падкаціць бліжэй. Але не паспела яна праехаць і некалькі метраў, як ткнулася бамперам ў гладкую бліскучую паверхню бочкі, паблізу якой апынулася, хаваючыся. Машынка ўважліва прыгледзелася…

— Авой! Няўжо гэта я? Такая няўклюдная і касабокая?

Ад роспачы ў Машынкі  ажно клаксан уключыўся і засігналіў на ўсю моц. Машыны, якія адпачывалі ў гаражы, заварушыліся, занепакоіліся. А да малой ужо спяшалася Мама.

— Цішэй, маленькая.  Што тут у цябе здарылася?

Машынка, усхліпваючы, паказала на бочку.

— Мама, я паглядзела ў гэта люстэрка…

— Ну-ну, супакойся. Гэта проста вялікая бочка. З-за таго, што бакі яе скругленыя, адлюстраванне скажаецца. Вось я цябе правяду да дзвярэй, і ты зможаш на сябе палюбавацца.

Што і казаць, пасля перажытага перапуду Машынцы страшнавата было. Але яна ўсё ж рашылася і глянула на сябе. Зграбненькая, бліскучая, з рознакаляровымі фарамі, з прыгожымі круглымі колцамі – цяпер Машынка ўпэўнілася, што людзі на заводзе нездарма радаваліся, збіраючы яе:

— Ах, прыгажунька! На такой машыне ездзіць будзе прыемна і весела.

Знаёмства з вадзіцелем

 Машынка ўжо некалькі дзён стаяла ў гаражы. Яна пазнаёмілася з усімі машынамі, што тут жылі. Тыя вельмі прыязна паставіліся да малой. А вечарамі расказвалі такія цікавыя гісторыі! Але кожную раніцу ўсе выязджалі на працу. Машынка заставалася адна. Яна агледзела ўсе закуточкі гаража і знайшла сабе забаўку: круцілася перад бліскучай бочкай, смеючыся са свайго скажонага адлюстравання, якое яшчэ нядаўна так напалохала яе. Аднак гэта хутка надакучыла, і цяпер ёй было сумна. Машынка не магла дачакацца таго моманту, калі можна будзе самой выехаць за вароты. Там жа – цэлы свет!  І аднойчы яна амаль наважылася парушыць самае галоўнае правіла: ніколі не выязджаць адной…

Толькі-толькі Машынка збіралася выслізнуць ціхенька з гаража, як тут жа яе прыпыніла Мама:

— Ты куды, даражэнькая?

— Хачу пракаціцца, пагуляць.

— Адна? Не-не, трэба пачакаць твайго вадзіцеля. Разам паедзеце. Ды не абы-куды, а ў школу, вывучаць правілы дарожнага руху.

— А навошта тыя правілы, калі ў мяне будзе свой вадзіцель? — здзівілася Машынка.

— Ах, мая ты маленькая. Правілы дарожнага руху патрэбны, каб не трапіць у аварыю. Іх павінны ведаць усе: і людзі, маленькія і вялікія, і машыны, і веласіпеды. Вось я неяк чула радыёперадачу, у каторай апавядалі пра вадзіцеля, які не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў дрэва. І менавіта таму, што машына, якая ленавалася вывучыць правілы, не паслухалася вадзіцеля.  Ох, несалодка ім прыйшлося. Вадзіцель трапіў у бальніцу, а машыну ледзь адрамантавалі. Ну, мне ўжо пара на працу. Ты тут не сумуй і памятай, што я табе сказала.

І Мама хуценька выехала з гаража. А Машынка стала бліжэй да дзвярэй, каб хоць праз шчылінку бачыць, што робіцца знадворку. Яна паглядала, як выязджаюць за вароты вялікія машыны, і думала:

Ну хутчэй бы ўжо! Чаму гэта Мама не хоча адпускаць мяне адну? У мяне ж чатыры колцы, і я трывала на іх стаю”.

Але доўга чакаць не прыйшлося. Да Машынкі падышоў малады ўсмешлівы хлопец, прыязна паляпаў яе па капоце і сеў за руль. Машынка ўзрадавалася, бо вадзіцель ёй адразу спадабаўся. Што ні кажыце, а ўсё ж вельмі важна, хто табой кіруе. Завёўся матор, і Машынка рванулася з месца. Відаць, вадзіцель меў не больш вопыту, чым яна сама. І таму рухавік амаль адразу ж захлынуўся: кхе-кхе-кхе і заглух.

— Гэй, Толік, ты што гэта вырабляеш! Хто ж так кранаецца? Можа, ранавата табе машыну даверылі, ды яшчэ такую прыгожую! — закрычаў пажылы вадзіцель, які якраз праходзіў міма.

Так Машынка даведалася, што яе вадзіцеля завуць Толікам. А  яшчэ зразумела, што наведацца ў школу ім і сапраўды не зашкодзіць. Ну што ж, тады паехалі!

І яны рушылі з месца, але цяпер ужо павольненька.

Працяг казкі пра маленькую Машынку можна будзе пачытаць на нашым партале ў хуткім часе.

Прыгоды авечкі Адэлі. Казачная прыгажуня пад надзейнай аховай (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"