Сонца ўжо закацілася за далягляд, а малады Вожык, добра прагаладаўшыся за доўгі і спякотны дзень, нарэшце прачнуўся, раскруціўшыся з клубка, у які ён заўсёды скручваўся і ў час сну, і калі сустракаўся з якой небяспекай. Прадрапаў вочы, вяла пацягнуўся.
Успомніў сваю клапатлівую маці. У такія часіны яна заўсёды шанавала свайго сыночка Пых-Пых: першай выходзіла на паляванне, як і першы ласунак таксама прыносіла свайму дуроніку. І ён паважаў маці больш за бацьку, які найперш сам наядаўся пад самую завязку, а пасля ўжо і пра сына мог успомніць. А мог і забыцца. А маці, хаця і старая ўжо была, штодня і размаўляла з сынам пра жыццё-быццё, і забаўлялася з ім, купаючыся ў рэчцы, і ганяючыся за Сонечнымі Зайчыкамі.
І зараз, калі не хочацца вылазіць з цёплага гняздзечка, Вожык з цеплынею ўспамінае той радасны і бесклапотны час.
… Вось ён бяжыць за маленькім Сонечным Зайчыкам. Здаецца, вось-вось спаймае і падпарадкуе яго сабе. Але той спрытна заскоквае на ствол старой сасны і хаваецца ў дупле, што падрыхтаваў для яго старанны і працавіты доктар лесу - дзяцел. Яму таксама хочацца туды, але яго кароценькія ножкі і круглае, як паветраны шар тулава не дазвалялі гэта зрабіць. Як толькі ён узнімаў свае пярэднія ножкі, каб зачапіцца за камель дрэва, адразу ляцеў кулем назад. Добра, што побач Павучок аказаўся:
– Мяне таксама Сонечны Зайка пакрыўдзіў.
– Як пакрыўдзіў?
– Я таксама збіраўся схавацца ў тое самае дупло. Але ён як падсмаліць мае лапкі сваімі зыркімім і пякучымі промнямі, я і зваліўся. Добра яшчэ, што зусім не апёк іх.
– Зразумеў, – казаў Вожык. – Тады давай зробім так, каб Сонечны Зайка да нас вылез. – Ты, Павучок, падыміся і зацыруй сваёй павуцінаю тое дупло. Ён павінен спужацца ад нечаканай цемнаты. І абавязкова выгляне.
Так і зрабілі. І якое было дзіва, калі Сонечны Зайчык не тое, што выглянуў, выскачыў з дупла.
– Сакрэт поспеху – настойлівасць у дасягненні мэты, – прамовіў Вожык. – І разам з Павучком засмяяліся.
І калі Сонечны Зайчык ўбачыў як Вожык Пых-Пых раскалыхваецца ў Павучковым гамаку, зніякавеў.
– Ты прабач мяне, Павучок! Іншым разам я так не зраблю!
– Добра,– адказваў узрадаваны Павучок. – Толькі трымай сваё слова.
Цяпер я перахацеў туды хавацца. Я сябра сустрэў. – Жыць без сябра, што ежу без солі спажываць. Вось надыдзе ноч, забяруся на начлег. Зараз мы з Вожычкам забаўляемся. Ідзі да нас, самы праворны!
Як толькі Сонечны Зайчык пачаў казытаць насы Вожычка і Павучка, усе дружна радаваліся і цудоўнаму настрою, і ласкаваму сонейку. А гарэза Сонечны Зайчык садзіўся і на хвост, і на вушкі Вожыку. І ён радаваўся такому сяброўству.
Але аднаго разу Сонечны Зайчык загледзеўся на сваю маму Сонца, што стаяла акурат над імі, у самым зеніце. Загледзеўся, каб усміхнуцца, і тым самым развесяліць і маму, і Вожычка, прымасціўшыся на яго вільготным носе. І залішне затрымаўся. У выніку трошачку прысмаліў калючычку носік, які ажно закурыўся..
Напачатку Вожык вольна адпачываў на старым яловым пенчуку і толькі чухаў пярэдняй лапкай месца казытання. Ён нават і не здагадваўся, што Сонечны Зайчык разам з усімі сваімі братамі весяліўся, радуючы жывёльны і раслінны свет.
– Але што гэта за назола? – Раптам як устрапянецца ён, ды як трэсне сябе… Але, прамазаўшы, патрапіў акурат па спіне з пяццю тысячамі моцных і доўгіх іголак. І як зачырыкае, нібы балбатуха Сарока пры сустрэчы з якой небяспекай. Як заенчыць.
Затаілася ўсё наваколле: і звяры, і птушкі, і лес.
О-о-ёй-ёй! - крычаў, усхапіўшыся с пенчука Вожык.
І як задаў лататы, высалапіўшы язык, што як не хутчэй за сігнальную ракету імчаўся. Ён бег, а побач з ім беглі і Сонечныя Зайчыкі, і птушкі ляцелі, і матылькі рознакаляровыя. Адныя спачувалі і быццам забаўляліся адначасова, другія то апераджалі яго цень, то садзіліся на яго калючую спіну ці на яго куртаты хвост. Калі толькі для забавы паказычуць, а бывала што і добра прыпякуць сваімі праменьчыкамі, сфакусіраваўшы іх у адну кропку. Тады Вожык прыпускаў хаду і нёсся, ажно пакуль не сустракаў прыдатнае сховішча. Як у той раз – закінутую нару палявых мышэй.
– Фу-у! – Замарылі гэтыя гарачыя злюкі, –прамаўляў задыхаўшыся Вожык. –Пятнаццаць мільёнаў год мае продкі існуюць у прыродзе. Але каб у такое становішча патрапляў каторы з нас не чуваць было. І завошта яны мяне так пякуць, ажно іголкі падковамі паскручваліся. Хай толькі пасля гэтых сонечных ваннаў я безабаронным застануся! Вось тады ўжо я пакажу свой характар.
Толькі ён выказаў сваё незадавальненне, як з недраў гэтай жа цёмнай і глыбокай нары цікаўная вялікая Шэрая Мыш прабіралася да выхаду. Сваім чуйным носам Вожык пачуў яе пах яшчэ да таго, як яна зрабіла ўсяго колькі рухаў.
І ён пачаў рыхтавацца да сустрэчы. Выцягнуў з зямлі карэньчык маладога дрэўца і пачаў яго лізаць. І так актыўна лізаў яго, што пеністая слюна пачала выдзяляцца. Мурашы, што калонай ішлі па сваіх неадкладных справах і жабка, якая выпадкова патрапіла ў тую нару, падумалі, што Вожык прагаладаўся. Але тут адбылося тое, што ніхто са сведак не даўмеўся. Вожык браў пярэднімі лапкамі слюну і далікатна пераносіў яе на свае калючкі. Самазмазваўся.
Як тое было, але сведкі хутка сышлі. Можа тыя пахі і вялікую Шэрую Мыш адпрэчылі. Бо яна таксама вельмі хутка выскачыла на паверхню. Выскачыла, але … свежым тунэлем, што сама ў адно імгненне і прарыла.
На развітанне вялікая Шэрая Мыш вырашыла па-здрадніцку падкрасціся да Вожыка, каб адпомсціць за нахабства.
Так бязгучна падпаўзла, што Вожык і не пачуў. Толькі калі яна злосна ўкусіла яго за вушка, зразумеў: помста за нару. Але каб яна ведала, што ніякіх шкадлівых намераў у яго не было, усяго справа выпадку, калі ратаваўся ад гарэзлівых Сонечных Зайчыкаў.
І зноўку Вожык быў змушаны пусціцца наўскокі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by