27.02.2023
27.02.2023

Прыроду гэтых мясцін называюць загадкай. Дубровенскі край і ягоныя цуды

logo
Падарожжы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Гэтая культавая крыніца са шматлікімі падземнымі струменямі лічыцца адным з 7 цудаў Дубровенскага раёна. Яна знаходзіцца на правым беразе Дняпра ва ўрочышчы Грутаў Роў, што за 7 кіламетраў ад Дуброўна —  раённага цэнтра Віцебскай вобласці, ці за 6 кіламетраў ад станцыі Асінаўка. Недалёка ад крыніцы знаходзяцца адметныя камяні. Прырода іх з’яўлення да гэтага часу застаецца загадкай. Паверхня камянёў уся нібыта ў запеклых кроплях.

Вакол крыніцы стаяць альтанкі для адпачынку, а побач шуміць Барадзінскі або Кіраёўскі гай. Маляўнічая мясцовасць атрымала такую назву ад таго, што некалі побач знаходзіўся фальварак Барадзінцы і шматлікія хутары, а непадалёк месціцца вёска Кіраёва, якая існуе з 18 стагоддзя. Тут побач некалі стаяла і сядзіба князёў Любамірскіх. Адсюль і афіцыйная назва крыніцы: Барадзінцаўская. Альбо яшчэ яе называюць Кірэеўская, Гаючая крыніца або крыніца у Грутавым рове, а таксама – крыніца Параскевы Пятніцы.

Крыніца

Найстаражытнейшы тапонім на мясцовасці – Грутаў роў, у якім і знаходзіцца крыніца. Захавалася легенда: Ехаў некалі бедны селянін на старой аднавокай кабыле. Стамілася яна пасля далёкага шляху і, пераязджаючы Грутаў роў, спатыкнулася на камені ды звалілася ў ручай. Якім жа было здзіўленне селяніна, калі пасля такога вымушанага "купання" кабыла яго стала відушчай і спрытнай, нібы маладое жарабя!

Звестка пра жыватворную сiлу крынiцы хутка разнеслася па наваколлях. З тутэйшых вёсак і здалёку пачалі прыходзіць сюды людзі.

У 11-ю пятнiцу пасля Вялiкадня штогод збiраецца тут шмат народу, служаць набажэнствы. Святкаванні гэтыя звязваюцца з даўнім ушанаваннем багіні Мокашы, а пазней – Параскевы-Пятніцы, якая з'яўляецца апякункай кахання, шлюбу, вытокаў рэк і крыніц.

Прыгадваюць старажылы, што шанаванне крынiцы аднойчы ледзь не загубiла яе. Прыезд сюды мноства паломнікаў і шматлюдныя тутэйшыя кірмашы нібыта шкодзілі гаспадарчым палеткам і лесу сквапнага ды жорсткага іх уладальніка – пана, імя якога даўно забылася. Аднойчы, убачыўшы пасля свята шкоду сваім уладанням, ён загадаў знішчыць крыніцу – заваліць яе каменнем і засыпаць жвірам. Вялікі пагорак быў створаны над крыніцай, і на нейкі час яна сапраўды знікла. Але праз гады гаючая вада размыла насып, здолела прабіцца сярод валуноў – шмат камянёў і па сёння ляжаць у Грутавым рове. Адзначаюць, што злосны той пан быў пакараны за свой учынак – у хуткім часе ён страціў зрок, і нішто яму не дапамагло.

Дубровенскі край

Паводле яшчэ адного падання, на гэтай крыніцы жылі два манахі. Адзін з іх быў сляпы. Аднойчы ён памаліўся, а пасля ўмыўся вадой з крыніцы. І здарыўся цуд ён зрабіўся відушчы. З тых самых часоў крыніцу сталі лічыць святой. Праваслаўнай царквой яна была асвечана ў гонар Параскевы Пятніцы.

Над крыніцай былі ўсталяваны бетонныя кольцы, а ад іх адыходзілі латкі па якіх сцякала вада. У 11-ю Пятніцу пасля Вялікадня ў латкі кідалі вопратку з надзеяй пазбавіцца ад хваробы, якую вада зносіла ў Дняпро. Побач стаялі каплічка і вялікі драўляны крыж, на які вешалі ручнікі, хусткі, тканіны. У саму крыніцу кідалі грошы.

Напярэдадні святочнага дня ў ваду апускалі спецыяльную сетку, у якой грошы затрымліваліся і потым ішлі на богаўгодныя мэты.

У час вайны тут праходзіла лінія фронту. Адразу пасля вайны пакланенне крыніцы ў 11-ю Пятніцу пасля Вялікадня аднавілася, але ў 1950-я гады спраўляць абрад было забаронена. Аднак людзі ўсё адно збіраліся. Потым старшыня калгаса загадаў засыпаць крыніцу пяском і закідаць камянямі. Веруючыя бралі камяні і адносілі іх як мага далей. Неўзабаве крыніца адрадзілася. Дарэчы, у 1920-я і на пачатку 1930-х гадоў крыніцу даследавалі навукоўцы з Мінска і рэкамендавалі пабудаваць тут санаторый, але гэтага, на жаль, не адбылося.

Параскева Пятніца

Цяпер каля крыніцы лясы. Вада ў ёй жалезістая і сярністая, утрымлівае шмат мінеральных рэчываў, што дабратворна ўздзейнічае на арганізм чалавека. Аформлена крыніца ў выглядзе студні з трыма жалезабетоннымі кольцамі, урэзанымі ў магутны ваданосны гарызонт. У сярэдзіне студні на ўзроўні зямлі зроблена адтуліна, адкуль вада трапляе ў латок і далей у купальню. Ваду набіраюць з латка. Са дна студні б'юць ключы, глыбіня вады ад латка каля 2 метраў. Пабудаваныя капліца, альтанка над самай крыніцай, купальня. У 2017 годзе Барадзінцаўская крыніца была абвешчана гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.

Але не толькі крыніца славіцца на Дубровеншчыне сваёй адметнасцю. На ўзгорку каля былога фальварка Барадзінцы ў ХХ стагоддзі ўзніклі могілкі, дзе захаваўся культавы валун з унікальнай пароды – "камякаваты сланец". У народзе кажуць, што гэты камень упаў з неба і знішчыў частку гаю, а яго аскепкі прабілі падземны ручай і далі выхад вадзе на паверхню. Але праведзеныя даследаванні паказалі, што гэта ледавіковы валун з Кольскага паўвострава.

Камень абгароджаны, яго шануюць вернікі. Гэты незвычайны валун нібыта лекавы і, паводле павер’яў, дапамагае ад бясплоддзя, калі дакрануцца да яго.

Каля дарогі, якая вядзе да крыніцы з вёскі Лапыры, таксама раней ляжаў культавы валун пад назвай "Камень Паляўнічага" – следавік з паглыбленнямі ў выглядзе абцаса мужчынскага бота, лап мядзьведзя і выдры. Аднак у 2000 годзе камень знішчылі вандалы. Яго копія, зробленая па замалёўках, знаходзіцца ў экспазіцыі Музея гісторыі і культуры горада Оршы.

https://bel.24health.by/nibyta-zhyvyya-razmaulyayuc-charounyya-ulascivasci-krynic-u-krynichkax/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0