01.05.2019
01.05.2019

Прывітаем Першамай! Зямлю капай ды розум май!:)

logo
Думкі ўслых
0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну вось і надышло першае з майскіх (травеньскіх) святаў. Памятаеце, якое?! Так, Свята працы! Эх, калісьці з транспарантамі, паветранымі шарыкамі ды галінкамі з лісточкамі і ў квецені – на парад, на мітынг, на маёўку! А зараз у гэты дзень усё часцей адзін аднаго вітаюць дачнікі. На сядзібах. Маўляў, адзначым Свята працы (даруйце за каламбур!) ударнай працай.  Што падаецца мне, дарэчы, цалкам натуральным. А то ж свята – працы, а дзень – выхадны.

А яшчэ па сеціву малюнак прыкольны гуляе. Маўляў, людзі падчас майскіх святаў дзеляцца на дзве катэгорыі. Вы да якой адносіцеся?! Я – да першай. Прычым гэта тычыцца не толькі Першамая, але і вялікіх выхадных, калі такія выпадаюць. Як сёлета.

Мне ж усё часцей прыгадваецца пачатак нашай дачнай эпапеі больш за 30 гадоў таму і ўсе высілкі ручной працы за тры дзесяцігоддзі. І калі зараз са шкадаваннем канстатуеш старэнне пладовых дрэў, дык памяць мімаволі вяртае ў канец васьмідзясятых.

…Пустую зямлю адвялі пад садовае таварыства, падзялілі на ўчасткі. Нам дастаўся крайні ад адной з дарог, самы нізкі. І года не праходзіла, каб увесну па сотках не разлівалася «мора-акіян». Затапляла добра.

Дзесьці – ад расталага снегу ды дажджоў, дзесьці – не без дапамогі суседзяў, якія са сваіх больш высокіх участкаў спускалі ваду проста на дарогу. Ну, затое сёлета ўжо, здаецца, вады на ўчастку не было і блізка. І гэта радуе.

Звычайна бульбу мы садзім цалкам ручным спосабам. Але напачатку зямлю трэба ўскапаць. Расчэрчваю рыдлёўкай аблюбаваны ўчастак на вузкія прамавугольнікі. Брат навучыў. Так, здаецца, хутчэй, чым калі шчыраваць над усім зямельным надзелам ушыркі. Вайсковае «Капаць адсюль і да абеду!» – сёння пра мяне. Між іншым, калі кожны прамавугольнік адразу ж загортваць (уласнае вынаходства), дык такая любата атрымліваецца!

Вось і норма неўпрыкмет зроблена. Праўда, бліжэй да абеду паціхеньку пачынаюць пратэставаць спіна і шыя. Мо, з-за караткаватага дзяржання рыдлёўкі… Затое якая нагрузка на прэс! Сапраўды, тут табе адразу і фітнэс, і трэнажор, і салярый. Напэўна, пастаўлю ў сацыяльнай сетцы статус: «Сёння працавала «міні-трактарам» з дзвюма функцыямі: капання і загорт­вання!»

Смех смехам, але, вядома ж, не трэба ўсё імкнуцца зрабіць за дзень. Ці нават за два. Навошта так шкодзіць свайму здароўю, ды яшчэ на самым пачатку дачнага сезона?! Зразумела, што ўсе ведаюць, як карысна часцей мяняць заняткі, адпачываць праз некалькі дзясяткаў хвілін… Але чамусьці не ўсе гэта робяць. А тады мы шчыра здзіўляемся: спіна не распрамляецца… Чаго?!

Дык вось… Каб не было пакутліва балюча, у прамым сэнсе слова… Трэба прыдумаць свой расклад шчыравання на дачы ў выхадны ці выхадныя і строга яго прытрымлівацца. Напрыклад, 30 хвілін капаем – 10 хвілін адпачываем. У нас для гэтай мэты садовыя арэлі набытыя. А таксама не забываемся ўжываць дастатковую колькасць вадкасці.

І памятаем, што гарачыня, апрача іншага, небяспечная яшчэ і тым, што зніжаецца колькасць кіслароду ў паветры. А калі мы шмат пацеем, дык арганізм губляе не толькі вадкасць, але і мінеральныя солі. А гэта, у сваю чаргу, выклікае згусальнасць крыві і павелічэнне нагрузкі на сэрца.

Зрэшты, той, хто на схематычным малюнку адносіць сябе да другой катэгорыі, рызыкуе яшчэ больш! І ў гарачыню, і ў прахалоду алкаголь на карысць здароўю не ідзе дакладна. Асабліва калі ўжываць яго без меры… Таму другая частка выслоўя «…ды розум май» адносіцца і да прыхільнікаў рыдлёўкі, і да аматараў чаркі.

А яшчэ калі вы раптам, прытрымліваючыся народных павер'яў, прыгадаеце, што сёння – градавая серада, а значыць, зямлю чапаць не трэба, каб град не пабіў будучы ўраджай... Дык пераход з адной катэгорыі ў другую, здаецца мне, зробіцца больш імклівым. Жартую! Але ў кожным жарце, як вядома...

Са Святам працы вас, сябры! Сонечнага надвор’я ў прыродзе і ў вашых душах ды сэрцах!  Здароўя ўсім! І задавальнення ад зробленага.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 41

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".