Першую псіхалагічную шкоду, звязаную з пандэміяй COVID-19, беларусы атрымалі задоўга да таго, як новая каранавірусная інфекцыя з'явілася непасрэдна на тэрыторыі нашай краіны. Не сакрэт, што на самым пачатку распаўсюджвання інфекцыі шокам для ўсіх зрабіліся паведамленні пра першыя ахвяры ў Кітаі, затым у Еўропе.
Словы англійскага паэта Джона Дона вельмі дакладна адлюстроўваюць сутнасць псіхалагічнага стану людзей, якіх бяда пакуль яшчэ не кранула асабіста: «Смерць кожнага чалавека памяншае мяне, бо я – частка чалавецтва; і таму ніколі не пытайся, па кім звоніць звон – ён звоніць па табе». Псіхалагічныя рэакцыі, абумоўленыя пандэміяй, звязаныя не столькі з непасрэднай пагрозай для канкрэтнага чалавека, колькі з атмасферай напружанасці, якая імкліва разышлася па ўсіх краінах і кантынентах.
Выступаючы на II Рэспубліканскім форуме па пытаннях грамадскага здароўя, які прайшоў у Мінску 26-27 лістапада, дацэнт кафедры псіхіятрыі і наркалогіі БелМАПА, к.м.н. Алег Айзберг распавёў аб псіхалагічных аспектах пандэміі, прычынах і наступствах псіхалагічнай шкоды. А таксама назваў асноўныя правілы самадапамогі ў сітуацыі, якая склалася.
Крыніцы трывогі, звязаныя з пандэміяй
У трывогі, звязанай з пандэміяй COVID-19, ёсць цалкам вызначаныя прычыны, лічыць Алег Айзберг. Да іх адносяцца:
- Неадназначнасць сітуацыі, што дае магчымасць для розных яе вытлумачэнняў. Такое бывае, калі з'яўляецца новае захворванне, усе асаблівасці і наступствы якога невядомыя.
- Адсутнасць падобнага вопыту, на які мы маглі б абаперціся. Вядома, эпідэміі і пандэміі і раней здараліся ў гісторыі чалавецтва. Але апошняя маштабная эпідэмія «іспанкі» была больш за 100 гадоў таму, у 1918 годзе. Што да іншых каранавірусных інфекцый (напрыклад, ліхаманкі Эбола), успышкі не былі такія маштабнымі і закраналі досыць вузкую групу людзей.
- Нявызначанасць, непрадказальнасць. Да гэтага часу застаецца незразумелым, як далей будуць развівацца падзеі з распаўсюджваннем новай каранавіруснай інфекцыі і на якія глабальныя наступствы багатая пандэмія.
- Упэўнена можна казаць пра тое, што ўвядзенне каранціну і самаізаляцыі аказвае неспрыяльны эфект на псіхічнае здароўе чалавека. Спрэчным застаецца пытанне, што горш: неспрыяльныя эфекты каранціну альбо наступствы самой інфекцыі для фізічнага здароўя. Намаганні псіхіятраў і псіхолагаў цяпер у асноўным накіраваныя на вывучэнне неспрыяльных наступстваў каранціну для псіхікі. Такія шырокамаштабныя даследаванні праводзяцца і ў Азіі, і ў краінах Еўропы.
- Эканамічныя праблемы. Пандэмія закранула ўсе слаі насельніцтва. А падзенне даходаў, як правіла, прыводзіць да павелічэння частаты псіхічных расстройстваў.
Як адрозніць нармальную трывогу ад хваравітай
Разам з тым, трэба разумець, што ў сітуацыі, якая склалася, трывога – гэта натуральная рэакцыя на падзеі, што адбываюцца. Важна ўмець адрозніваць нармальны неспакой ад хваравітага.
У псіхіятрыі выдзяляюць два віды трывогі:
- Трывога пра рэальныя праблемы (здаровая трывога), якія патрабуюць вырашэння (напрыклад, купіць прадукты, каб хапіла на некалькі дзён; паклапаціцца пра тое, хто патурбуецца пра дзяцей, калі вы затрымаецеся на працы) – гэта нармальны неспакой.
- Трывога, накіраваная наперад, якая гіпатэтычна прадугледжвае дрэнныя, цяжкія сцэнары (катастрафізацыя падзей), наступствы якіх у рэальнасці малаверагодныя і/альбо неабгрунтаваныя. Гэтая трывога з'яўляецца хваравітай. Адзін з псіхалагічных механізмаў фарміравання паталагічнай трывогі – вусная «жуйка» (альбо румінацыя), калі чалавек пастаянна пракручвае ў галаве пэўныя неспрыяльныя думкі і сцэнары. Напрыклад, калі я застануся без працы, дык цалкам дайду да жабрацтва; калі я захварэю, дык абавязкова памру, і г.д.
Важна ўмець адрозніваць нармальны неспакой ад хваравітага. Асноўнае адрозненне заключаецца ў тым, што нармальная трывога дапамагае вырашаць праблемы, а празмерная, хваравітая замінае паўнавартасна працаваць, вучыцца, жыць, прыводзіць да эфекту дэмаралізацыі і псіхічнага знясілення.
Больш дэталёвыя адрозненні паміж нармальнай і паталагічнай трывогай прадстаўленыя ў табліцы:
Нармальная трывога | Хваравіты неспакой |
Падзеі, што адбываюцца, рэалістычныя, а рызыка негатыўных наступстваў сапраўды высокая (напрыклад, у кагосьці з сямейнікаў тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. Адчуваць пэўны неспакой з гэтай нагоды – нармальна). | Перажыванні нерэалістычныя і звязаныя з аб'ектыўна нізкай рызыкай. Напрыклад, каб праехаць два прыпынкі ў тралейбусе, апранаць супрацьчумны касцюм, баючыся заразіцца, – гэта залішняя і неапраўданая мера. |
Дапамагаюць мабілізавацца і пераадолець цяжкасці, вядуць да пэўнага плана дзеянняў. Здаровая энергія дапамагае сабрацца, прыняць рашэнне і штосьці рабіць (напрыклад, калі ў сям'і ёсць хворы, правільна арганізаваць побыт і прастору, захоўваць меры прафілактыкі, каб знізіць рызыку заражэння). | Пастаянныя перажыванні вядуць да таго, што чалавек замест рэальнага жыцця пачынае, як кажуць, «жыць» у сябе ў галаве. Уся энергія траціцца на пракручванне негатыўных сцэнараў, а не на вырашэнне праблемаў. |
Якія кантралююца ў часе. Перажыванні маюць месца, але чалавек не зацыкліваецца на іх, здольны пераключыць увагу альбо сканцэнтравацца на станоўчых момантах. | Цяжка кантраляваць, займаюць шмат часу. Трывожныя думкі турбуюць і ўдзень, і ўночы. Ад іх немагчыма пазбавіцца альбо пераключыць увагу на штосьці іншае, пазітыўнае. |
Не перашкаджаюць жыць тут і цяпер, чалавек працягвае паўнавартасна вучыцца, працаваць, займацца сям'ёй і любімай справай. | Выводзяць чалавека з рэальнага жыцця, забіраюць у віртуальную рэальнасць перажыванняў. |
Наступствы псіхалагічнай шкоды
Нядаўна была апублікаваная навуковая даследчая праца групы нямецкіх вучоных па псіхалагічных эфектах каранціну. Дакладна вызначана, што на фоне ўвядзення каранцінных мераў павялічваецца частата псіхалагічных і псіхічных праблемаў на фоне каранціну. Размова не абавязкова ідзе пра псіхічныя захворванні. Але дакладна мае месца псіхалагічная шкода рознай ступені (павелічэнне гневу, агрэсіі і г.д.)
Так, вынікі даследавання сведчаць аб павелічэнні:
- частаты дэпрэсіўных расстройстваў (больш чым у 2,5 раза);
- трывожных расстройстваў (больш чым у 2 разы);
- ужывання алкагольных напояў;
- узроўню гневу, агрэсіўнасці ў людзей, якія знаходзяцца ва ўмовах каранціну. Ускосным чынам гэта пацвярджаецца павелічэннем колькасці бытавых канфліктаў, злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам. Рост адзначаецца практычна ва ўсіх краінах, закранутых пандэміяй.
Правілы самадапамогі ў перыяд пандэміі
Паклапаціцца пра ўласны псіхічны і псіхалагічны дабрабыт у перыяд пандэміі не менш важна, чым выконваць прафілактычныя меры для зніжэння рызыкі заражэння COVID-19. Правілы самаарганізацыі і дапамогі сабе і блізкім, якія назваў эксперт, будуць вельмі дарэчы. Такім чынам:
- Плануйце рэсурсныя актыўнасці нароўні з важнымі справамі: выдзеліце час на пасляабедзенны сон, вячэрні шпацыр, ванну, чытанне кнігі, маляванне альбо тое, што дапамагае адпачыць, набрацца сіл, пераключыцца з негатыўных думак на пазітыўныя.
- Складзіце дакладны расклад на дзень альбо тыдзень. Ва ўмовах самаізаляцыі гэта дапамагае арганізаваць свой час і побыт. Калі вакол шмат хаосу і неразбярыхі, хаця б штосьці павінна быць стабільным і дакладным. Кладзіцеся спаць і ўставайце ў адзін час, працуйце блокамі альбо па таймеры, увечары прысвячайце час блізкім, хобі, сабе. Натуральна, мала скласці дакладны расклад, яго неабходна прытрымлівацца.
- Калі гэта магчыма, арганізуйце прастору, падзяліўшы кватэру на зоны: працоўную, для адпачынку, для прыёму ежы.
- Шмат каму здаецца, што працаваць падалена з дома лягчэй і часу больш. Гэта няпраўда. Дома працаваць значна складаней. Пастаянна даводзіцца на штосьці адцягваць увагу: на хатніх гадаванцаў, на сямейнікаў, хатнія справы... Не здзіўляйцеся, калі выкананне ўсіх працоўных задачаў станецца расцягнутым. Так адбываецца таму, што няма матывацыі скончыць іх хутчэй, каб раней апынуцца дома. У якасці прафілактычнай меры можна паспрабаваць запланаваць на вечар штосьці настолькі прыемнае, што будзе матываваць скончыць працу, не зацягваючы.
- Найбольш складаныя па валявых намаганнях задачы старайцеся выконваць у першай палове дня: наша сіла волі мае абмежаваны запас, і да вечара ён заканчваецца незалежна ад таго, чым вы займаліся ўвесь дзень.
- Вельмі важна падтрымліваць сябе і блізкіх. Калі на душы трывожна ад пэўных негатыўных вестак, няма сэнсу пераказваць самі навіны. Больш эфектыўна і захавальна распавесці непасрэдна пра асабістыя перажыванні. Яшчэ лепей – сканцэнтравацца на светлых момантах дня (што добрага адбылося, што атрымалася зрабіць/даведацца і г.д.).
- Калі хтосьці са сваякоў альбо сяброў знаходзіцца на каранціне і няма магчымасці сустрэцца асабіста, штодня стэлефаноўвайцеся, пажадана выкарыстоўваючы відэасувязь. Так вы можаце дапамагчы блізкаму чалавеку не адчуваць адзіноты і зменшыце псіхалагічны цяжар хваробы.
- Старайцеся арганізоўваць з сямейнікамі сумесныя заняткі і баўленне часу. Засяродзьцеся на пачуцці сумеснасці: гатуйце разам ежу, глядзіце і абмяркоўвайце фільмы, рабіце велапрагулкі, гуляйце ў настольныя гульні...
Пандэмія новай каранавіруснай інфекцыі не вечная. Важна прыкласці намаганні, каб выйсці з яе пераможцам, захаваўшы не толькі фізічнае, але і псіхічнае здароўе.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by