09.01.2024
09.01.2024

Птушыная ёлка (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Восень была позняй, але не зусім звычайнай. Яшчэ з вечара гуляў-забаўляўся разняволены вецер, хаця надвор’е спрыяла і людзям, і ўсяму жывому на зямлі. Такой парою было наўздзіў багата цяпла. Зямлю паілі спорныя дажджы і нават прыгравала сонейка.

А пад раніцу малюнак прыроды рэзка змяніўся, як бы разаслаў хто вялізны бялюткі дыван: на цёплую зямельку выпаў снег. Шматлікія лужыны пакрыліся ільдом. І ладны марозік расфарбаваў хатнія шыбы.

Разгуляўся вятрыска, закланяліся нізка дрэвы, сцелючы да ног снежня пажоўклае лісце.

Ускочыла Алеська з пасцелі і вачам сваім не паверыла: які цуд! Лётаюць, сыплюцца  белыя зоркі-пушынкі. Яны ціха кружацца і роўненька сцелюцца на дварах, палях, дрэвах...

“Зіма прыйшла! Якая прыгажосць наўкола! А Сняжыначкі якія! Глядзіце, глядзіце! Яны забаўляюцца! Ім там весела!” – амаль крычала усхваляваная дзяўчынка. – У нас канікулы, значыць хутка Новы год!

Дзяўчынка глядзіць на птушку

Тым часам ў акно пастукалася Сінічка. Што яна хацела ніхто не ведае. Можа, хацела паклікаць дзяўчынку, каб разам парадавацца першаму снегу? А можа паскардзіцца на страту ежы?

Толькі гэта не стрымлівала мільярды лёгкіх сняжынак, якія мякка апускаліся на зямлю і ўсё наваколле станавілася казачна чыстым і белым.

Алеська заўважыла, як адна забаўная Сняжынка разам са сваімі сяброўкамі радасна кружылася ля яе акенца. Ды так заўзята, быццам у якім вясёлым танцы, пазбавіўшыся апякунства той самай шэрай Хмары, што нарадзіла яе і прынесла з першым снегам. А Хмарка сыпала снегам і плыла далей. Рабіла сваю звычайную работу і ніякай бяды не ведала. Як не ведала, што птушкі ды звяры без ежы засталіся.

А Сняжынка працягвала кружыцца. На ёй была карункавая сукеначка, ды з такім адметным малюнкам, якога не было ні ў адной з яе сябровак. Яна была шчаслівай, адчуваючы сваю непаўторную прыгажосць.

Танец сняжынак

Неспадзявана рэзкі парыў гарэзлівага ветру падхапіў маленькую прыгажуню і што сілы шпурнуў яе на падваконне. Сняжынка ачомалася, агледзелася навокал. У акне яна ўбачыла дзяўчынку, якая ўважліва і з захапленнем сачыла за ўсім, што творыцца на вуліцы.

Алеська глядзела як лётаюць-забаўляюцца Снегіры, што абсыпалі куст каліны. Чырвонагрудыя не асабліва віталі сваіх суседак, хаця ягад для ўсіх дастаткова.

Дзяўчынка здагадалася пра намер Сінічкі, але працягвала радавалася Сняжынкам, якія без упынку сыпалі і падалі на зямлю, выконваючы свой непаўторны танец. Штосьці чароўнае і казачнае было ў тым карагодзе. Алесьцы здавалася, што Сняжынкі ў танцы бяруцца за свае далікатныя ручкі  і, кружляючыся аб чымсьці шэпчуцца.  І ўсё імгненна прыгажэла, быццам у жывой казцы.

Ёй вельмі хацелася выбегчы на двор, сарваць колькі ягад і паднесці пакрыўджаным Сінічкам, альбо падставіць далонькі і спаймаць хаця б адну Сняжынку, каб бліжэй разгледзець іх ўбранства.

Яшчэ больш ёй хацелася даведацца, пра што яны шэпчуцца. Можа пра краіну Лапландыю, пра Снягурку ці пра Снежную Каралеву, а можа пра лясную Крынічку, што ўсіх частуе гаючай вадою…

Стаміўшыся ў пошуках спажывы, Сінічка горка заплакала так, як плача зусім  малое дзіця. І слёзы яе падалі на прыпарушаны падаконнік: “Ці-ці!.., Пінь-пінь!.. Ці-ці-ці-і…”

Побач праляцеў Верабейка і сваім вясёлым “Ціў-ціў!.. Жыў-жыў!.. узняў настрой і ў Сінічкі. Яна ўсміхнулася і знікла ў садзе.

Сінічка і верабей на снезе

Алеська ўздыхнула, гледзячы на чарговыя бялюткія парашуцікі Сняжынак, звярнулася: “Усё гэта добра: і снег, і марозік! Але ж галоўнае, што сябрам нашым лясным спажыва пад снегам засталася.

— Тата, мама! Несправядліва гэта, калі ў нас усяго ўдосталь, а птаства вымушана галадаць? Яны столькі карыснага для чалавека робяць! Патрэбна штосьці і нам зрабіць!

— А ты збегай да Бога Зімы. Ён сёння ўжо павінен выйсці з лесу. Звычайна ён гэтак робіць, каб папярэдзіць пра надыходзячыя лютыя маразы.

— Няхай і так, але адна я не спраўлюся.

— Не хвалюйся, дачушка! Справішся! Яшчэ лепей за каго.

І сапраўды, насустрач Алесьцы выйшаў сівы старац з доўгай барадою: невысокага расточку, цёпла ўкутаны, але, ці паверыце? – басанож і з жалезнай булавой у руках. Казалі, што гэта на той выпадак, калі хтосьці будзе замінаць марознаму ўладыку выконваць яго абавязкі. Тады ён з ўсяе сілы ўдарыць ёй аб сухадрэвіну ці пень, і па ўсім лесе раздасца страшэнны трэск, а па зямлі нават могуць пайсці разломы. Вось як! Але сёння Зюзя быў зусім дружалюбны.

Зюзя белорускі Дед Мароз

— Чаго так зажурылася, дзяўчынка? – спытаў Зюзя.

— Ды вось птаства непакоіцца пра спажыву: зіму нечакана ты паклікаў?

— Так, я, канешне! Пара, мая ты дзетка! Пара! А спажыва - справа нажыўная! Аднаго жадання недастаткова. Але няўжо ты адна здолееш?

— Ёсць жаданне – з’явіцца клопат, - рашуча адказала Алеська.

— А ты адважная! Тады слухай: вяртайся дадому. Там сябры з пачастункамі для птаства даўно чакаюць.

— Як? Вы жартуеце! – радасна ўсклікнула дзяўчынка.

— Зірні! І кашлатая ёлка пасярод двара! Вось упрыгожыце яе садавіной ды гароднінай, і птаства парадуеце, - казаў усміхаючыся сівабароды старац.

— Дзякуй, Зюзя!

— Гайда на вуліцу! – кажа старац. – І вось табе - румянец на шчокі і моцнае здароўе!

Алеська пабегла на падворак, а там – поўна  дзяцей з карзінамі ды з пакетамі, кашамі ды з вёдрамі. Адзін - яблыкі, другі - зерне, трэці –  галоўкі сланечнікаў, чацьвёрты – арэхі прынёс… Столькі ўсяго – вочы разбягаюцца.

Вялікая і разлапістая ёлка стаяла пасярод двара і чакала, калі ўжо пачнуць яе ўпрыгожваць.

І работа закіпела. “Бярыся дружна – не будзе грузна” – казала Алеська, развешваючы невялікія жоўта-чырвоныя шары гарбузоў з прарэзанымі адтулінкамі-вочкамі, каб спраўна было птушкам выбіраць і смачную мякаць, і семкі.  Хто ладзіў кармушкі і насыпаў зерне, іншы развешваў сонечныя галоўкі сланечнікаў ды гронкі  рабіны.

Дзеці ладзяць кармушку для птушак

Іншыя дзяўчынкі спрытна чаплялі на нітачкі яблыкі, грушы ды шышкі. Алеська ўспомніла пра пакрыўджаную Сінічку і прынесла колькі скрылькоў сала. “Няхай і яна паласуецца!” – казала дзяўчынка і чапляла на ніжнія сучкі яліны.

— А гэта што за дзіва-дзівоснае тут? – пыталіся іншыя.

— Гэта наш Рагнед шарыкі дзядоўніку паразвешваў!

— Але, няхай і някідкія для вока, і калючыя, але вельмі карысныя яго семкі. Іх любяць шчыглы і снегіры.

— Цікава, а для каго наш Вася поўную торбу ледзянцоў прыцягнуў?

—  Ён і сам добры ласун, але хацеў каб і птушкі з ахвотай ледзянцы смакталі.

— Вось ужо і сапраўды – згодай свет трымаецца, - прамовіла Алеська. – Зляпіла снежку і кінула ў Васілька. Той толькі засмяяўся, але працягваў развешваць цукеркі.

Воблакі, нібы чарада на сінім небе, пачалі ў кучы збівацца. Яны плывуць і растуць у сіняве.

А тут, на зямлі, сярод белых снягоў, кожную хвіліну прыгажэе, пераўтвараецца ў казачнае відовішча звычайная лясная ёлка. Ёлка для птушак. Унутры яе ззяе прамяністы тунэль, быццам у сэрца дрэва схаваўся чароўны партал для сэлфі. Дзед Мароз у сінім кажуху ходзіць вакол ёлкі і ахвотна фотаграфуецца з кожным ахвотным. За гэта просіць выканаць навагоднюю або калядную песеньку ці расказаць верш. А вунь побач – беспройгрышная зона з прызамі.  Можна таксама за некалькі хвілін перакінуцца ў любімых герояў, як гэта зрабіла Алеська з Міхаськам. І зараз у дзіцячым карагодзе ходзяць лялечныя Алёнка і Кот Мурзік.

Дзеці радаваліся зробленаму. Алеська клікнула: “Ляціце, птушачкі! Ласуйцеся!”

Птушыная ёлка з ежай

Птушкі сядзелі непадалёку і назіралі за дзіцячай мітуснёй ля яліны. Бачылі, але не адважваліся падляцець і зблізку разгледзець. А калі адначасова з запрашэннем данесліся нейкія незнаёмыя гукі, усё звяр’ё і птаства пачалі прыслухоўвацца адкуль яны сыходзяць, хто ці што іх стварае. Гукі былі лёгкія, нібыта празрыстыя, як вецер. А то раптам рабіліся цвёрдымі і рашучымі, быццам хтосьці злаваўся. І зноў гучалі зусім мякка, як воблака.

— Што гэта? – першай запытала Сінічка.

— Гэта скрыпка, - усміхнуўся Снягір. – Можна здорава павесяліцца! А ты што, прагаладалася?

— Не радуйся!

Усё наваколле напаўнялася радаснай мелодыяй. І ўся лугавая марозная прастора запаўнялася пяшчотнымі, а потым яркімі і светлымі, крышачку напружанымі гукамі. Шчымліва мелодыя кранала сэрцы кожнай жывой істоты.

— А вунь і музыка! Бачыце, бачыце! – крычаў Крыжадзюб.

Нарэшце перад вачамі ўдзельнікаў святочнай урачыстасці з’явіўся спрытны франт у чорным смокінгу і чырвоным капялюшыку. Ён трымаў на левым плячы незвычайную скарбоначку з чатырма струнамі. А ў правай руцэ яго была доўгая палачка з белымі нацягнутымі як цеціва нітачкамі. Гэта быў смычок.

— Глядзіце, глядзіце! Гэта ж Дзяцел!

— Няўжо санітар лесу ды так грае! Во гэта дык дзіва!

— Якое дзіва? – азвалася  крыклівая Сойка. – Ён жа цудоўны слых мае, як-ніяк, лясны тэлеграфіст.

Птушкам не цярпелася хутчэй да святочнай ёлкі падляцець. А як падляцелі і пачалі ласавацца ўжо не звярталі ўвагі ні на гукі мелодыі, што лілася, ні на сваіх выратавальнікаў.

Пррр… Пасмялеў адзін. Пррр-пррр-пррр… І вось усё птаства - на цудоўнай Ёлцы. І пачалося смачнае застолле. І пачалося зімовае свята. Трэба паспрабаваць гэта, і вось гэта, і гэта… Падсілкоўвацца пачалі навыперадкі. Узняўся крык, піск і гвалт. Толькі галінкі трашчэлі ды луска ад пачастункаў сыпалася долу. Маленькія сэрцайкі моцна, моцна тахкалі у грудзях кожнага птаха… Нават Варона з Сарокаю моўчкі пераляталі з галінкі на галінку, смакуючы кожнае “блюда”. Толькі дарма хваляваліся: ніхто зараз не зачэпіць, не пакрыўдзіць, бо гэта іх свята.

Усе радаваліся і чароўным гукам, і багатым пачастункам. Толькі Алеська ўсё не магла супакоіцца. Ёй хацелася ўзняцца ў тую бязмежную глыбіню і паляцець разам з Аблокамі, каб адтуль плысці і любавацца воблакамі, якія растуць, і тут жа знікаюць, як дым. А могуць разрастацца ўшыркі, клубіцца на адным месцы, а потым зрабіцца велічэзнай цяжкай Хмарай і сыпануць Сняжынкамі на зямлю. “Можа б хаця у адной распытала пра іх патаемныя сакрэты?” – думала Алеська.

Але, чакайце, што гэта? Алеска падставіла далоньку і на яе села яе знаёмая Сняжынка. Вочкі ў дзяўчынкі загарэліся ад радасці.

Сняжынка на далоні ў дзяўчынкі

— Вось ты якая! Дык ты сапраўдная Каралева! Які ў цябе наўздзіў казачны строй! Мы з сяброўкамі выражам з каляровай паперы такія дзіўныя ўзоры-карункі і развесім на птушыную Ёлку. Няхай усе пацешацца тваёй прыгажосцю! Вось у каго свабода! – усклікнула Алеська.

Дзяўчынка пазірала то на птушыную Ёлку, то на Аблокі і ўяўляла розныя карцінкі, якіх ніхто ніколі не бачыў, а ў вачах яе блішчала шчырая дзіцячая радасць

Заіскрылася-засвяціліся на небе зорак карусель, быццам заміргаў Зорны Карабель. Заміргаў яркімі агеньчыкамі-гірляндамі, каб убачыла маленькая Сняжынка. І яна, непаўторная ў сваіх зваблівых карунках, хутка знікла.

З цёплай далонькі Алеські сцякала маленькая кропелька талай вадзіцы, якую тут жа падхапіла ўсё тая ж Сінічка. Глынула, і пырхнула на птушыную Ёлку.

Як сняжынкі снегавічка стварылі (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама