Адыходзячы з працы ў пятніцу, перастаўляю на календары пазнаку на новы працоўны дзень. Каб, зайшоўшы ў кабінет у панядзелак, адразу ўбачыць, так бы мовіць, адпаведнасць рэальнасці. 17 снежня... Штоо-о-о-о??? Ужо, лічы, 17-га?! Затым доўгі шасцідзённы працоўны тыдзень (субота ўваходзіць, памятаеце?!)... І... І... Што там астатнія дні і святы?! Вось ужо і Новы год! А мы ж яшчэ не паспелі парадавацца як след яго набліжэнню...
Асабіста мне здаецца, што ў сутках ужо не 24 гадзіны, а ўсяго 12. А ў вас няма такога адчування?! Бо так ляціць час... Суткі проста пракручваюцца перад вачыма, як стужка кінаплёнкі. І ніякай магчымасці адкруціць іх назад, каб зрабіць, дагнаць, паспець... Дзе ж тут ужо месца радасці?!
Апошнім часам бачу ў сеціве і не толькі шмат парад, як радаваць іншых. Дзяцей, бацькоў, мужа ці жонку, сяброў, калег... Усё правільна, усё робім. Стараемся... Але... ці часта мы радуем саміх сябе?! Ды не з нагоды свята, а проста так?!
А часцяком пра гэта не задумваемся. І нават саромеемся падумаць. Бо, напрыклад, за савецкім часам лічылася, што свае інтарэсы трэба ставіць на апошняе месца. І многіх з нас выхоўвалі менавіта так. Усё – для іншых, радуемся іх радасці... А што для сябе, сапраўды любімых і адзіных?! Нават калі што і зробіш, могуць палічыць... эгаісткай (эгаістам). Ці не так?!
Але калі жывеш у шалёным рытме, перапынкі на сябе проста неабходныя! Бо калі ўсім і вакол абавязаны 24 гадзіны ў суткі... Нічым добрым такое не закончыцца. Будзе незадаволенасць (і ў першую чаргу, як ні дзіўна, сабой), паднятыя нервы, якія ніяк не атрымліваецца супакоіць, бяссонніца, праблемы са здароўем... А можа, усяго толькі трэба знайсці магчымасць, а галоўнае – жаданне парадаваць сябе?! Хіба мы не заслужылі?!
Я, вядома ж, ні разу не псіхолаг. Проста стараюся давяраць уласным адчуванням. І прыслухоўвацца да парад іншых. Таму калі хочацца парадаваць сябе хвілінамі цішыні, знайсці ўласны рэлакс – у ванным пакоі, у кубачку свежазваранай духмянай кавы, шклянцы гарачага глінтвейну, смачным пірожным, прыемным набытку... Дык чаму б ні арганізаваць гэта, не чакаючы, пакуль хтосьці парадуе цябе і не азіраючыся на нейкае там пачуццё вінаватасці?!
Клопат пра сябе часцяком нават не патрабуе вялікіх матэрыяльных выдаткаў (я зараз не пра набыткі накшталт новай шубы!). Затое ў маральным плане, безумоўна, акупіцца! А вось чым канкрэтна сябе парадаваць, кожны выбірае сам. І пачынаць можна проста з прыемных дробязяў, якіх нам так не стае...
Дык няхай усё згаданае вышэй будзе, і часцей. Пяць хвілін цішыні, гадзіна ў ванным пакоі, дэфіле ў прымерачнай краме з сэлфі, абсалютна забыўшыся на час... А пасля мы хутка пабяжым прыбіраць, гатаваць і радаваць іншых. Праўда-праўда! Яшчэ з большым жаданнем і большым імпэтам. Але напачатку дазвольце сабе... парадаваць сябе! І жыццё абавязкова расквеціцца ўсімі колерамі вясёлкі!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by