Да гэтага часу прычыны развіцця рассеянага склерозу (РС) цалкам не вывучаныя. У спецыялістаў няма адназначнага адказу на пытанне, чаму адбываецца паломка ў ахоўнай сістэме арганізма і лімфацыты – «вартавыя» імуннай сістэмы – замест знішчэння паталагічных агентаў накіроўваюць сваё дзеянне супраць здаровых нервовых клетак. Гэта можа прывесці да зніжэння сілы ў руках і нагах, парушэння зроку, каардынацыі рухаў, адчувальнасці, функцыі тазавых органаў, а ў выніку чалавек не можа кіраваць сваім целам і робіцца залежным ад старонняй дапамогі.
Сярод захворванняў нервовай сістэмы, якія прыводзяць да інваліднасці пацыентаў працаздольнага ўзросту, у рассеянага склерозу – адна з лідзіруючых пазіцый. Вылечыць яго нельга, можна толькі затармазіць прагрэсаванне захворвання і падоўжыць перыяд рэмісіі. Наша краіна адносіцца да зоны высокай рызыкі развіцця рассеянага склерозу. Зараз яго распаўсюджанасць у Беларусі складае больш за 50 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Усяго ў нашай краіне зарэгістравана звыш 4 тысяч пацыентаў з РС.
Пра прычыны, механізм развіцця і фактары рызыкі рассеянага склерозу журналісту Слушна распавяла старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Ганна Буняк.
Прычыны развіцця рассеянага склерозу
Пры аўтаімунных захворваннях, да якіх адносіцца рассеяны склероз, пэўныя тканкі або клеткі арганізма ў пэўны момант пачынаюць успрымацца імуннай сістэмай як чужародныя. У выніку фарміруецца пул актыўных і агрэсіўных клетак, у дадзеным выпадку лімфацытаў, якія накіроўваюць сваё агрэсіўнае ўздзеянне на здаровую тканку або клеткі. Пры рассеяным склерозе пад гэткае ўздзеянне трапляе міелінавая абалонка нервовых валокнаў цэнтральнай нервовай сістэмы. Як толькі гэты працэс запускаецца, спыніць яго бывае складана. У некаторых выпадках ён пэўны час працякае без клінічных праяў, і чалавек не адразу разумее, што ён хворы, патлумачыла Ганна Буняк.
Наша цэнтральная нервовая сістэма ад чужародных рэчываў і антыцелаў, якія цыркулююць у крывяным рэчышчы, абароненая гематаэнцэфалічным бар'ерам. Пры развіцці РС пранікальнасць такой ахоўнай «сцяны» парушаецца. Актыўныя агрэсіўныя Т-лімфацыты пранікаюць у спіннамазгавую вадкасць і цэнтральную нервовую сістэму – спінны і галаўны мозг, руйнуючы міелінавую абалонку нервовых валокнаў. Зрэшты, ужо вядома, што не толькі Т-лімфацыты адыгрываюць ключавую ролю ў развіцці захворвання, але і В-лімфацыты (адказныя за фарміраванне імуннага адказу арганізма на чужародны бялок).
Нервовыя клеткі маюць так званыя адросткі (аксоны). Задача аксонаў нервовых клетак – перадаваць нервовыя імпульсы. Адросткі трохі адрозніваюцца: ёсць безміелінавыя і міелінавыя. Безміелінавыя рэгулююць работу ўнутраных органаў, хуткасць правядзення нервовага імпульсу ў іх нізкая. Міелінавыя ж валокны праводзяць імпульсы хутчэй. Яны рэгулююць работу ўсіх мышцаў чалавечага арганізма.
Пры разбурэнні міелінавай абалонкі зніжаецца хуткасць правядзення нервовага імпульсу, а значыць, парушаецца функцыя мышачнага валакна, работа якога рэгулявалася дадзеным нервовым заканчэннем. У залежнасці ад таго, за якое дзеянне адказвае гэтая мышца, будзе развівацца сімптаматыка захворвання. Напрыклад, хвароба можа праявіць сябе слабасцю ў ступні, адной або абедзвюх нагах.
Часам бывае, што працэс разбурэння міеліну адбываецца хутка, але ў чалавека няма скаргаў і ўрач не знаходзіць ніякіх сімптомаў. Гэта нярэдка сустракаецца ў выпадку, калі дэміелінізаваны працэс адбываецца ў клінічна нязначных абласцях галаўнога мозгу. У іншых сітуацыях ачаг дэміелінізацыі (разбурэння міелінавай абалонкі) невялікі, а неўралагічная сімптаматыка выяўленая. Такое адбываецца пры лакалізацыі ачага дэміелінізацыі ў ствале галаўнога мозгу або ў спінным мозгу.
Што можа справакаваць развіццё РС
Схільнасць да захворвання абумоўленая генетычнымі фактарамі і можа перадавацца ў спадчыну. Калі сярод блізкіх родзічаў былі выпадкі рассеянага склерозу, дык верагоднасць захворвання ў такога чалавека вышэйшая, але не 100%.
Што датычыць генетычных фактараў, дык зараз выяўленыя гены, наяўнасць якіх толькі сведчыць пра тое, што захворванне можа развіцца ў пэўных умовах, але не вызначаюць прамую спадчыннасць РС.
Збой у працы імуннай сістэмы і ўздзеянне пэўных знешніх фактараў – усё гэта разам з цягам часу і збегу абставінаў могуць прывесці да з'яўлення захворвання.
Знешнія фактары
- Геаграфічнае месцазнаходжанне. Лічыцца, што чым далей ад экватара размешчаная краіна, тым больш там захворванне РС. Раней выказваліся здагадкі, што прычына – недахоп сонечнага святла і, як следства, недахоп вітаміну Д. Пазней высветлілася, што нават у цемнаскурых людзей, якія жывуць у паўднёвых краінах, можа не хапаць «сонечнага» вітаміну, але колькасць выпадкаў РС у іх меншая. І гэтую тэорыю ставяць пад сумнеў. Разам з тым, заканамернасць месцазнаходжання краіны пражывання ў адносінах да экватара і захворвання РС ёсць.
- Вірусы. Даказана, што такія вірусы, як вірус простага герпесу, Эпштейн-Бара, цытамегалавірусы, могуць ініцыяваць захворванне. Пры «сустрэчы» з адным з іх у арганізме чалавека выпрацоўваюцца пэўныя антыцелы, і імунная сістэма дае свой «адказ». У гэты ж момант могуць ініцыявацца аўтаімунныя механізмы развіцця РС. Разам з тым, адназначна сказаць, што вірусы «вінаватыя» ў развіцці РС, не зусім правільна. Яны – толькі дадатковы правакацыйны фактар.
На рассеяны склероз часцей хварэюць жанчыны. Прычына гэтага шмат у чым хаваецца ў гарманальным статусе жанчын. Асабліва важныя перыяды, калі змяняецца гарманальны фон – пубертатны і клімактэрычны.
Першасна-прагрэсавальны тып цячэння РС у роўнай ступені сустракаецца і ў мужчын, і ў жанчын.
Рассеяны склероз можа дэбютаваць у дзіцячым узросце (па дадзеных літаратуры, самая ранняя праява – да 10 гадоў). У такім узросце цячэнне хваробы можа і не быць хуткім, але, улічваючы, што захворванне наступіла рана, да юнага ўзросту вялікая верагоднасць у такіх пацыентаў стаць глыбокімі інвалідамі.
Механізм развіцця РС
Лічыцца, што пры РС адбываецца распад міеліну нервовых валокнаў нейронаў за кошт траплення агрэсіўных Т-лімфацытаў у ЦНС. Разам з тым, пры РС адбываюцца працэсы дэгенерацыі, у выніку якіх гінуць самі нервовыя клеткі. Менавіта на гэтай стадыі захворвання ў пацыента нарастае неўралагічны дэфіцыт, і на такой стадыі РС, на жаль, не паддаецца лячэнню той мадыфікуючай тэрапіяй, якая існуе зараз.
Працэсы гібелі нейронаў могуць адбывацца як на пачатку захворвання, так і на любым этапе развіцця хваробы. Прычым, чым даўжэй чалавек хварэе, тым больш працэсы дэгенерацыі (гібелі нейронаў) будуць пераважаць. Часам дастаткова аднаго года з моманту першага дэбюту хваробы, каб чалавек стаў глыбокім інвалідам.
Працяг чытайце ў нашым наступным матэрыяле «Рассеяны склероз. Частка 2. Як не прапусціць хваробу».
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by