17.07.2022
17.07.2022

Руіны манастыра картэзіянцаў, чырвоныя казармы, краязнаўчы музей … Што паглядзець у Бярозе?

logo
Адметнасць беларусаў
0 36
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Днямі Дзень горада адсвяткаваў цікавы і прыгожы горад Брэсцкай вобласці —Бяроза, які размешчаны на рацэ Ясельда. З гэтай нагоды карэспандэнт Слушна вырашыла падрабязней даведацца пра славутасці горада і месцы, якія нельга абысці ўвагай.

Жыхары мясцовасці вельмі любяць свой горад, таму, заехаўшы ў Бярозу, адразу адчуваецца гасціннасць і ўтульная атмасфера. Сёння гэта невялікае мястэчка з насельніцтвам каля 30 тысяч чалавек, вядомае прадукцыяй свайго мясакамбіната і завода па вытворчасці пліткі.

А між тым, першая згадка пра сяло Бяроза датуецца 1477 годам, калі ўладальнік сяла Ян Гамшэй заснаваў тут касцёл Святой Тройцы. У канцы XV стагоддзя Бяроза становіцца гандлёвым горадам, атрымаўшы гарадскую хартыю і права на правядзенне штотыднёвага кірмаша, а таксама цэнтрам кальвінізму.

Ваўкавыскі раён. Топ-7 месцаў, здольныя ўразіць турыстаў

Гісторыя Бярозы непарыўна звязана з ордэнам манахаў-картэзіянцаў, горад нават да 1940 года насіў назву Бяроза-Картузская. А ўсё пачалося з таго, што ў 1617 годзе мястэчка стала ўласнасцю канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі.

Сёння ў горадзе, безумоўна, ёсць што паглядзець. Тут шмат гістарычных і культурых аб’ектаў, якія вартыя ўвагі. Пра некаторыя з іх зараз і пойдзе гаворка:

Руіны манастыра картэзіянцаў

Руіны манастыра картэзіянцаў

Закладзены яшчэ ў сярэдзіне 17 стагоддзя велізарны манастырскі комплекс сёння ўяўляе сабой руіны. Аднак нягледзячы на даволі закінуты выгляд, гэтае месца можна смела ўключыць у топ самых цікавых славутасцяў Беларусі. Таму калі будзеце ў гэтых краях — вельмі рэкамендуем заехаць.

Сам манастыр уключаў: касцёл святога Юзафа (часткова захавалася вежа-званіца), уязную браму (адрэстаўравана), келлі братоў-манахаў картэзіянцаў, трапезную, бібліятэку, шпіталь, аптэку, буйныя і дробныя гаспадарчыя пабудовы.

У 1646 годзе манахі з гданьскіх Картузаў даслалі ліст Льву Сапегу, у якім выклалі просьбу пасяліцца на землях Сапегаў і закласці ўласны манастыр. Леў Сапега з энтузіястам прыняў просьбу манахаў ордэна картэзіянцаў. Біскуп Гембліцкі даў адпаведны дазвол, пасля якога канцлера наведалі манахі, якія выбралі Бярозу месцам для будучага манастыра. Так у 1648 годзе пачалося будаўніцтва аднаго з найбуйнейшых рэлігійных комплексаў на землях ВКЛ.

Руіны картэзіянкага манастыра

Манастыр картэзіянцаў у Бярозе служыў не толькі прыстанкам духоўнага, але і ёмішчам багаццяў, назапашаных ордэнам. Служыцелі ордэна зарэкамендавалі сябе ліхвярамі, да якіх звярталіся па фінансавую дапамогу. Праз гады пасля завяршэння будаўніцтва бярозаўскі манастыр праславіўся найбуйнейшым маёнткам, на якім працавалі каля 2500 сялян.

Пасля паўстання 1831 года манастыр быў зачынены, а ў 1860-я гады камісія прызнала немэтазгоднасць яго аднаўлення і было прынята рашэнне разабраць комплекс. Карціны, каштоўныя рэчы разышліся па іншых храмах. Цагляныя пабудовы былі разабраны, а матэрыял выкарыстоўваўся для будаўніцтва, у тым ліку казармаў для 151-га Пяцігорскага пяхотнага палка.

Музей пад адкрытым небам. Якія месцы ў Полацку вы дакладна не забудзеце?

На сённяшні дзень захавалася паўднёвая і заходняя частка манастыра. Падчас правядзення раскопак усе знаходкі былі перададзены і захоўваюцца ў Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Руіны ўнікальнага манастыра здзіўляюць да нашага часу сваім знешнім выглядам.

Чырвоныя казармы

Чырвоныя казармы ў Бярозе

У канцы 19 стагоддзя вайсковы комплекс займаў цэлы квартал, апроч цагляных пабудоў былі і драўляныя. Тут можна ўбачыць два трохпавярховыя будынкі былых казармаў, у якіх толькі ўнутраная планіроўка памяшканняў нагадвае пра першапачатковую функцыю будынкаў.

Чырвоныя казармы былі ўзведзены ў 1894 годзе для салдат 151-га Пяцігорскага пяхотнага палка, які быў накіраваны ў Бярозу для падтрымання парадку ў горадзе пасля паўстанняў 1831 і 1863 гадоў. Падчас Першай сусветнай вайны ў іх знаходзіўся нямецкі вайсковы шпіталь, а ў «польскі» час — з 1934 па 1939 гады — турма для палітвязняў.

Горад чатырох рэлігій. Што паглядзець турыстам на Іўеўшчыне?

Многія крыніцы называюць яе канцлагерам, бо ўмовы ўтрымання тут былі вельмі жорсткімі. За 5 гадоў праз турму ў Бярозе-Картузскай прайшло каля 10 тысяч чалавек. У 1939 годзе пры змене ўлады ў Заходняй Беларусі многім зняволеным удалося збегчы. У пасляваенны час і да пачатку 1990-х года тэрыторыю Чырвоных казармаў займала Савецкая воінская часць.

Сёння ў адным з будынкаў размяшчаецца гандлёвы цэнтр, а ў другім — некалькі ўстаноў: цэнтр рамёстваў, галерэя мастацтваў, піцэрыя і інш.

Свята-Петра-Паўлаўская царква

Свята Петрапаўлаўская царква ў Бярозе

Свята-Петра-Паўлаўскі храм у горадзе Бяроза быў пабудаваны ў 1775 годзе. Гэта была аднакупальная могілкавая царква. Пасля была пабудавана асобная царкоўная званіца. Па меры павелічэння колькасці жыхароў горада з'явілася неабходнасць павялічыць умяшчальнасць храма.

Паколькі маленькая могілкавая царква не магла змясціць усіх прыхаджан, было прынята рашэнне пашырыць плошчу царкоўнага памяшкання за кошт злучэння царквы і званіцы сценамі ў адно памяшканне, што і было зроблена ў 1910 годзе. У такім выглядзе, цяпер ужо двухкупальная, Свята-Петрапаўлаўская царква праіснавала да 1995 года.

Да гэтага часу, у сувязі з забаронай савецкага ўрада праводзіць капітальныя рамонты ў будынках рэлігійнага прызначэння, храм аказаўся ў аварыйным стане. У пачатку 1996 года была распачата рэканструкцыя царквы, якая змяніла яе да непазнавальнасці. Званіца царквы з 21 метра вырасла да 37 метраў.

Крупецкія святыні

Сёння над горадам узвышаецца велічны храм з 13 купаламі, замест двух, увянчанымі пазалочанымі крыжамі. Яны сімвалізуюць Ісуса Хрыста і 12 апосталаў.За ўсю гісторыю свайго існавання Свята-Петра-Паўлаўская царква ў Бярозе ніколі не закрывалася.

Побач ёсць невялікія старыя могілкі. Тут можна ўбачыць пахаванні і перыяду Расійскай і імперыі і «польскага» часу. У адзіным стылі выкананы надмагіллі служачых 151-га Пяцігорскага пяхотнага палка.

Краязнаўчы музей

Краязнаўчы музей ў Бярозе

Музей размешчаны ў гістарычным будынку 1920-х гадоў. Гэта першая пабудова ў стылі канструктывізму ў Бярозе. Мясцовыя жыхары, здзіўленыя незвычайнай для таго часу канструкцыяй будынка, назвалі яго «дом без даху». Да вайны дом належаў аднаму яўрэйскаму гандляру. Цяпер тут знаходзіцца гісторыка-краязнаўчы музей.

Асноўныя экспазіцыі музея расказваюць пра гісторыю Бярозы, пачынаючы з першабытна-абшчыннага ладу да 17-га стагоддзя і з 17-га па сённяшні дзень. У музеі 21 калекцыя, у якіх захоўваюцца рэдкія экспанаты, напрыклад, такія як скарб манет Вялікага Літоўскага Княства, Георгіеўскія крыжы і медалі, палка з рэйхстага.

Музей праводзіць як аглядныя, так і тэматычныя экскурсіі.

Помнік авіятарам

Помнік авіятарам

У «польскі час» у Бярозе-Картузскай на гэтым месцы быў пабудаваны касцёл, аднак яму ўдалося праіснаваць не больш за 30 гадоў. У 1960-я ён быў знесены і сёння на гэтым месцы ўсталяваны самалёт МіГ-21— савецкі шматмэтавы знішчальнік і самы распаўсюджаны звышгукавы баявы самалёт у свеце.

Гэты незвычайны помнік нагадвае пра 927-мы авіяцыйна-знішчальны полк, які стаяў у Бярозе з 1955 года. Цяпер на яго базе працуе Цэнтр падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіякомплексаў — першая ў Беларусі часць, якая займаецца беспілотнікамі (дронамі).

Духоўна-патрыятычны косплекс у старым парку

Аб'ект, які не мае аналагаў у Беларусі. Менавіта тут было прынята рашэнне ўвекавечыць імёны салдат, якія загінулі ў Афганістане, пры выкананні воінскіх абавязкаў. Комплекс уключае помнік «Мужнасці і смутку», які ўяўляе сабой дзве стэлы на бетонным пастаменце, тут жа пералічаныя імёны загінулых; побач размешчаны фантан «Чаша слёз», за якім арганізавана невялікая выстаўка ўзораў баявой тэхнікі.

На 15-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана ў лютым 2004 года пачалося будаўніцтва храма ў памяць усіх воінаў. Новы храм быў пабудаваны на месцы, дзе раней размяшчалася праваслаўная царква 151-га Пяцягорскага пяхотнага палка, які, як згадвалася раней, размяшчаўся ў Чырвоных казармах.

Храм пяцікупальны, 38 метраў у вышыню. Уваход у храм вянчае купал у выглядзе шлема князя Аляксандра Неўскага. У самым храме, справа ад Царскіх варот, знаходзіцца абраз святога пакутніка Сергія Фларынскага, які быў палкавым святаром 151-га Пяцігоскага пяхотнага палка і лічыцца нябесным апекуном горада Бярозы.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 36

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.