08.02.2023
08.02.2023

Рыхтуем глебу, падбіраем угнаенні. Як максімальна падрыхтавацца да пасяўнога сезона?

logo
Хатні быт
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Завяршэнне зімы — час задумацца пра падрыхтоўку да пасяўнога сезона. Бо духмяныя і смачныя плады трэба правільна выгадаваць.

А каб іх выгадаваць патрэбна ўлічыць шмат важных фактараў: выбраць насенне, падрыхтаваць глебу, знайсці патрэбнае ўгнаенне, стварыць прыдатныя ўмовы. Пра гэтыя аспекты і пойдзе гаворка ў артыкуле.

да зместу

Падрыхтоўка да пасяўнога сезона

Як выбраць субстрат для рассады?

да зместу

Як выбраць субстрат для расады?

Важны крытэр адбору субстрату — прызначэнне. Ён павінен падыходзіць для гародніны.

Пры куплі грунту рэкамендуюць зважаць на:

  1. Паказнік Ph

Для большасці раслін падыходзіць субстрат з Ph ад 5,5 да 6,5.

  1. Ступень здробненасці

Ідэальнымі для гадоўлі раслін, у якіх дробнае насенне, лічаць субстраты з велічынёй фракцый ад 0 да 10 мм.

  1. Колькасць пажыўных элементаў

Для гадоўлі расады рэкамендуюць выкарыстоўваць субстраты, у якіх ёсць пажыўныя элементы.

Найболей пашыраныя элементы сілкавання — фосфар, калій, азот. Важна, каб гэтыя элементы ў субстраце былі прыблізна ў аднолькавай колькасці ці, каб удвая больш было калію і фосфару, чым азоту. На расаду будуць не вельмі добра ўплываць субстраты, дзе больш азота. Таму што ў гэтым выпадку падвышаная колькасць азоту можа прывесці да таго, што расада пачне выцягвацца.

  1. Утрыманне вільгаці

Ад ступені ўтрымання вільгаці залежыць, як часта спатрэбіцца паліваць расаду.

Грунт нават у правераных вытворцаў можа адрознівацца па складзе. Таму, калі грунт куплены, патрэбна яго візуальна агледзець: адтуль не павінна нічога вылятаць ці выпаўзаць. У грунце не павінна быць праросткаў. Зямля не павінна быць залёгкай і занадта карычневай. Калі ў кожнай агародніны ёсць свае патрэбы, то раяць грунт дадаткова насычаць патрэбнымі кампанентамі.

У хатніх умовах, на вока, вызначыць кіслотнасць глебы не атрымаецца. Кіслотнасць глебы можна памераць адмысловай прыладай. Таксама можна скарыстаць лакмусавую паперку. Для гэтага глебу заліваюць вадой, пасля ваду з глебы выціскаюць. І з дапамогай лакмусавай паперкі вызначаюць Ph вады. Для гэтага загадзя трэба ведаць кіслотнасць вады, якая выкарыстоўваецца для даследавання. Калі гэтага не ўдакладніць, то сведчанні могуць быць памылковымі. Звычайна лакмусавая паперка прадаецца са шкалой, дзе ўзровень кіслаты вызначаецца колерам, які набывае лакмусавая паперка пасля судотыку з вадкасцю, а ў дадзеным выпадку, з вадой.

Для праверкі субстрату можна скарыстаць расліны, якія паказваюць, што нешта з глебай не так.

Напрыклад, агуркі вельмі добра паказваюць «дэфект» глебы.

Калі ў грунце шмат азоту, то іх падсемядольнае калена будзе моцна даўжэць, лісце стане крывымі, а каранёвай сістэмы практычна не будзе. Расліну можна будзе лёгка выцягнуць са збана.

Калі грунт зацяжкі, то ў яго можна дадаць разрыхляльнікі. Рэч у тым, што цяжкі грунт не дапушчальны для расады. Таму што цяжкая глебасумесь злежваецца, дрэнна прапускае ваду да каранёў, не дае вільгаці выпарацца. А раз вільгаць актыўна не выпараецца, будзе застой вады. Для маладой расліны падвышаная вільготнасць — шлях да грыбковых захворванняў.

Калі грунт залёгкі, то ў ім вялікая колькасць торфу. Калі зямля мае рудае адценне, то яна таксама не падыходзіць для расады. У гэтых выпадках глебу патрэбна ўзбагаціць.

Для апрацоўкі глебы, якую купілі ў краме, рэкамендуюць прыблізна на тыдзень паставіць яе на мароз. А калі прыйшло час сумесь рыхтаваць да пасадкі, за некалькі дзён можна апрацаваць такімі прэпаратамі, як фітаспарын (разводзіць па інструкцыі), алірын з гамаірам (разводзіць на 10 літраў вады), трыхацін (разводзіць па інструкцыі), марганцоўка.

да зместу

Як самастойна падрыхтаваць грунт да пасадкі?

Як самастойна падрыхтаваць грунт для пасадкі

Калі вы вырашылі самастойна падрыхтаваць глебасумесь да пасяўнога сезона, то ўжо цяпер трэба паставіць глебу прамерзнуць. Хоць сёлета не самая марозная зіма, але ўсё ж грунт мае патрэбу ва ўплыве холаду. Хай зямля прамерзне некалькі дзён нават пры нязначных мінусавых тэмпературах. Праз 4—5 сутак грунт патрэбна перанесці ў цёплае месца. Так усё насенне пустазельных раслін, якія трапілі ў грунт, прарасце. Пасля грунт ізноў вярнуць прамарожвацца, каб тое, што прарасло, загінула. Гэтыя дзеянні паўтараюць некалькі разоў. Такім чынам, утварэнне грыбкоў у грунце скарачаецца, праўда, не цалкам.

Для паляпшэння выніку глебу ўвільгатняюць вадой з рознымі ўгнаеннямі.

Універсальная глебасумесь складаецца з 1 часткі садовай зямлі, 2 часткі ліставой зямлі, 1 часткі кампосту, 1 часткі пяску — усё гэта змешваюць. У гэтую сумесь дадаюць попел, калі трэба для пэўнай расады.

Для сяўбы насення не рэкамендуюць складаць багатую на розныя кампаненты сумесь. Яна павінна ўтрымваць мінімальную колькасць пажыўных рэчываў. Бо расліне на пачатковым этапе фактычна досыць глебасумесі ў добрым стане, калі зямля не лёгкая і не цяжкая, добра трымае вільгаць, мае неабходную кіслотнасць і г. д. Такі грунт падыдзе да з'яўлення першых лісточкаў. Глебасумесь багатая па складзе патрэбна для пікіравання ці перавальвання.

да зместу

Чым раскісліць глебу?

Як самастойна раскісліць глебу?

Калі глеба кіслая, то першае, што выкарстоўваюць — даламітавая мука. На пакаванні паказаны рэкамендацыі,  колькасці рэчыва патрэбна ўносіць у глебу. Дзейнічаць трэба строга па інструкцыі. Калі даламітавай мукі няма, то можна ўзяць мел. Можна выкарыстаць мел любога выгляду, у тым ліку, кармавы. Яго можна купіць у краме. Досыць 1 шклянкі мелу на 1 вядро грунту. Таксама можна скарыстаць попел, лепш прасеяны.

да зместу

Чым разрыхліць глебу?

Чым разрыхліць глебу?

Разрыхляльнікаў існуе шмат. Вермікуліт і перліт добра пушаць глебу, робяць яе пранікальнай і лёгкай. Прытым яны забіраюць на сябе вільгаць і пасля дазавана аддаюць вільгаць расліне. Тым самым яны выконваюць не толькі функцыю разрыхляльнікаў, але і бароняць глебу ад перасыхання. Можна паспрабаваць у выкарыстанні аргавермікуліт, у яго дробныя і лёгкія фракцыі, добра ўбірае вільгаць, трохі зніжае кіслотнасць глебы.

Разрыхляльнікі можна дадаваць не толькі ў глебу, але і пакрываць імі насенне пасля пасеву замест глебасумесі.

Для разрыхлення таксама падыдзе пясок. Перад выкарыстаннем яго рэкамендуюць загартаваць. Можна гэта зрабіць на пліце ці ў мікрахвалёўцы. Пясок можна змяшаць з попелам і пакрыць гэтай сумессю насенне пасля пасеву.

да зместу

Чым узбагаціць глебу?

Чым узбагаціць глебу?

Рэкамендуюць у грунт дадаць зямлю, якая ёсць на сваім агародзе, ці з крамы. Таксама грунт узбагачаюць біягумусам. Біягумус па сутнасці і ёсць кампост. Гэта адзін з самых каштоўных пажыўных прадуктаў для расады. Галоўнае, шмат не дадаваць.

Таксама ў глебасумесь для ўзбагачэння дадаюць сапрапель. Сапрапель – гэта дновыя адклады прэснаводных вод, якія ў сабе ўтрымваюць раслінныя і біялагічныя рэшткі. Сапрапель прадаюць у гранулах і ў здробненым выглядзе. Садзіць расаду ў чысты сапрапель не рэкамендуюць, таму што гэта вельмі высокаканцэнтраванае ўгнаенне, расліны хутка «згараць». Яго патрэбна ўносіць у глебу ў адпаведнасці з рэкамендацыямі на пакаванні. Грануляванае ўгнаенне лепш адразу размачыць, а пасля дадаваць у ваду для палівання. Сыпкі сапрапель дадаюць ці ў час пасадкі, ці ўзбагачаюць ім глебу перад пасадкай.

Для ўзбагачэння глебы яшчэ выкарыстоўваюць какосавы субстрат. Ім рэкамендуюць засыпаць насенне пасля пасадкі. Гэта можна рабіць не толькі на пачатковым этапе, але і па меры ўсходжасці расады. Какосавы субстрат добра дапамагае ў змаганні з «чорнай ножкай», што часта назіраецца, напрыклад, у перцаў.

Какосавы субстрат можна скарыстаць як самастойны грунт, але трэба помніць пра тое, што асноўныя задачы какосавага субстрату: узбагаціць, разрыхліць глебу, сабраць у сабе вільгаць, зрабіць глебасумесь вільгацепранікальнай. У ім шмат калію і кальцыю, але зусім няма азоту, а ён патрэбен маладым раслінам. Таму ў якасці грунту какосавы субстрат рэкамендуюць выкаарыстоўваць толькі да моманту, калі расліна ўзышла, распусціла першае лісце. Далей расаду лепш выцягнуць з субстрату і перасадзіць у больш пажыўную глебасумесь.

Мох сфагнум таксама часта скарыстаюць для ўзбагачэння глебы. Ён падыходзіць як для пасадкі гародніны, гэтак і для пасадкі кветак. Пры выкарыстанні моху важна помніць, што ён валодае магутным асептычным дзеяннем. То бок выжыванне патагенных мікробаў пры наяўнасці моху сфагнуму зводзіцца практычна да нуля. Мінус моху ў тым, што ён валодае кіслай рэакцыяй, і пры складанні глебасумесі павялічвае кіслотнасць. Калі садзіце таматы, то мох не перашкодзіць, таму што яны любяць слабакіслую глебу. Але іншая гародніна не будзе сябе камфортна адчуваць у глебе з падвышанай кіслотнасцю. Таму дадаваць мох сфагнум патрэбна акуратна.

Пры складанні глебасумесі могуць скарыстаць гідрагель. У гідрагель можна высаджваць насенне. Але пасля яму бракуе сілкавання і расада памірае. Перавага гідрагелю ў тым, што ён добра забірае ў сябе вялікую колькасць вільгаці і потым паступова аддае яе расліне. Так карані заўсёды будуць атрымваць вільгаць і магчыма скараціць колькасць паліванняў. Гідрагель бывае каляровы і белы. Для садоўніцтва падыходзіць толькі белы. Пры замочванні гідрагель павялічваецца ў памеры.

Для ўзбагачэння глебы падыходзіць і попел. Яго бяруць для гадоўлі розных культур, якія растуць у нейтральных глебах.

да зместу

Як падрыхтаваць насенне да пасадкі?

Як прыгатаваць насенне для пасадкі?

Спачатку трэба агледзець выгляд насення. Насенне, якое мае плямы, кропкі, элементы цвілі, патрэбна адабраць і выкінуць. Адмываць, абразаць, адціраць гэта марна, таму што такое насенне ўсё адно непрыдатное. Калі насенне выбіваецца з агульнай масы па памеры, колеры, то яго таксама выкарыстоўваць не рэкамендуюць.

Пасля трэба праверыць насенне на ўсходжасць. Можна выкарыстоўваць метад праверкі соллю. Для гэтага бяруць шклянку вады, кладуць туды чайную лыжку з горкай солі. Далей соль вымешваюць. Потым у салёную ваду высыпаюць насенне. Насенне з крамы патрэбна патрымаць у вадзе да 30 хвілін, для свайго насення будзе дастаткова 10—15 хвілін. Усё насенне, якое застанецца на паверхні вады, валодае нізкай усходжасцю. Высаджваць яго няма сэнсу, бо яно магчыма зусім не ўзыдзе.

Пасля салянага раствору насенне прамываюць і прасушваюць.

Далей насенне абеззаражваюць. Калі няма стратыфікацыі (гаворка ідзе пра апрацоўку насення холадам, узнаўленне зімовых пагодных умоў), тады насенне можна апрацоўваць біяпрэпаратамі. Стратыфікацыя бывае некалькіх відаў: цёплая, халодная, камбінаваная (калі сумяшчаюць цёплую і халодную стратыфікацыю). Калі стратыфікацыя ёсць, то лепш гэтых прэпаратаў не рабіць.

Пры адсутнасці стратыфікацыі насенне абеззаражваюць фітаспарынам (па інструкцыі), гамаірам з алірынам (на 1 л вады па 2 таблеткі кожнага прэпарата).

Можна апрацаваць насенне хлоргексідынам цягам 30 хвілін у неразведзеным растворы, перакісам вадароду 3% цягам 15—20 хвілін, марганцоўкай (развесці 1 гр на 100 мл вады, трымаць 15—20 хвілін). Важна помніць, што марганцоўка прыбірае патагенную мікрафлору толькі на паверхні насення, усярэдзіну яна не пракрадаецца.

Абеззаражваюць таксама насенне вітаросам, для гэтага 2 мл рэчыва разводзяць у 1 л вады. У гэтым растворы насенне трымаюць 2—3 гадзіны. Вітарос прыбірае мікраарганізмы з паверхні насення, пракрадаецца ўсярэдзіну і стварае ахоўную плёнку на 3 месяцы. Можна скарыстаць яшчэ фундазол, максім.

Пасля абеззаражвання пераходзяць да этапу скарыфікацыі (частковае парушэнне цэласці цвёрдай непранікальнай абалонкі насення для лёгкага прарастання і ўсходжасці). Для ўсяго насення, якое мае цвёрдую шчыльную бліскучую абалонку, раяць рабіць скарыфікацыю. Для гэтага можна скарыстаць наждачную паперу ці пальчатку з соллю. Пасля скарыфікацыі ўсярэдзіну насення добра трапляе вада, стымулятары росту, пажыўныя рэчывы.

Далей прыступаюць да стымуляцыі насення. З дапамогай стымуляцыі дамагаюцца хутчэйшага прарастання, насенне робіцца мацнейшым.

Для стымуляцыі скарыстаюць гумат калій (1 кропля на 100 мл вады), у ім замочваюць насенне на 12—24 гадзіны. Таксама бяруць эпін, для гародніны патрэбна 2 кроплі на 100 мл вады, замочваць цягам 1 сутак. Падыдзе і цыркон, досыць 2 кропляў на 100 мл вады, пакінуць насенне ў растворы на 6—8 гадзін. Для стымуляцыі падыходзіць прэпарат НВ-101, па 2 кроплі на 1 л вады, вымочваць цягам 12—24 гадзін. Можна скарыстаць борную кіслату (0,2 г на 1 л вады на 12—24 гадзіны).

Імуннацытафіт таксама дапаможа стымуляваць насенне, скарыстаць яго трэба па інструкцыі. У тым ліку, выкарыстоўваюць бурштынавую кіслату, разводзяць 1 г.л. кіслаты ў 1 шклянцы гарачай вады, пасля ў раствор яшчэ дадаюць ваду да 1 літра. Такім чынам, атрымваюць «маткавы раствор». З яго бяруць 40 мл і разводзяць іх у 1 л воды. «Маткавы раствор» можна захоўваць некалькі сутак у халаднаватым памяшканні. Замочваць насенне ў бурштынавай кіслаце патрэбна ад 12 да 24 гадзін.

Калі не хочацца выкарыстоўваць усе пералічаныя прэпараты, то для стымуляцыі можна ўжыць прыродныя біястымулятары. Гэта будуць альяс, мёд, вярбовая вада і іншае.

Перад пасевам насенне рэкамендуюць падзяліць на буйныя, сярэднія і дробныя. Дробнае насенне патрэбна садзіць павярхоўна, яно прарастае вылучна на свеце, зямлёй яго прысыпаць не трэба. Сярэдняе насенне садзяць з невялікім заглыбленнем у грунт, яго ледзь прысыпаюць зямлёй. Буйнае насенне пры пасадцы заглыбляюць ў зямлю, але не глыбей, чым на 1 см.

да зместу

Правілы пасадкі

Таматы на рассаду

да зместу

Як правільна сеяць таматы на расаду?

Таматы, як і іншае насенне, спачатку правяраюць на ўсходжасць, пазней іх стымулююць і апрацоўваюць. Не патрабуе апрацоўкі насенне ў абалонцы. Адзінае, патрэбна пераканацца, што абалонка добра раствараецца ў вадзе, таму што ў іншым выпадку насенне будзе дрэнна прарастаць і яно можа нават не ўзысці.

Закладам якаснай расады таматаў лічаць добры грунт і правільнае падсвятленне. Для таматаў падыдзе тарфяны грунт ці глебасумесь з торфам.

Калі для насення скарыстаць тарфяны брыкет, то на адзін брыкет спатрэбіцца 1 л глебасумесі. Але ў інструкцыі на пакаванні можа быць напісана іншая прапорцыя, тады лепш прытрымлівацца рэкамендацыі вытворцы. Калі скарыстаць чысты торф, то яго таксама спатрэбіцца 1 л.

На 1 л глебы (гаворка ідзе і пра глебасумесь з торфам, і пра чысты торф) патрэбна дадаць 20% (ад колькасці глебы) разрыхляльніка і 10% (таксама ад колькасці глебы) біягумусу.

Для пасеву таматаў падыдзе неглыбокая тара, з вышынёй бартоў да 5 см. На дно тары рэкамендуюць дадаць вермікуліт. Ён будзе ўбіраць лішнюю вільгаць, калі раптам воды ў ёмістасці апынецца занадта шмат. Пасля ў тару выкладваюць глебу, практычна да краёў, злёгку ўтрамбоўваюць. Потым у глебе фарміруюць барозны на адлегласці недзе 3 см. Пасля гэтага ў іх выкладваюць насенне. Потым насенне злёгку прысыпаюць глебасмессю. Далей тару закрываюць харчовай плёнкай ці ставяць у пакет і шчыльна завязваюць.

Прарастаць таматы павінны ў цёплым памяшканні, дзе прыблізна +25°С. Як толькі праб'юцца першыя «пяцелькі», тару раскрываюць і ставяць пад цэладзённае падсвятленне на працягу 7 сутак. У гэты перыяд для таго, каб актыўна развівалася каранёвая сістэма, патрэбна зменшыць тэмпературу. Дзённая тэмпература павінна трымацца ў дыяпазоне +20°С, начная -- +17—18°С. У гэтых умовах трымаюць тару 7 дзён. Пасля расаду пераводзяць на рэжым +20—22°С днём і ноччу +18°С. Розніца паміж дзённымі і начнымі тэмпературамі – абавязковая ўмова для моцнай расады.

Паліваюць таматы рэдка і маленькімі порцыямі. Пры нястачы палівання каранёвая сістэма разрастаецца ў пошуках сілкавання і вады, а менавіта гэта і трэба для гадоўлі расады.

У фазе з'яўлення 2—3 лісцікаў робяць перавальванне таматаў.

Як падрыхтаваць для пасадкі перцчі баклажаны

да зместу

Як падрыхтаваць да пасадкі перцы і баклажаны?

Пасеў насення перцаў і баклажанаў на расаду, як і таматаў, пачынаецца з візуальнага агляду, праверкі на ўсходжасць у салявым растворы. Пасля насенне стымулюць і апрацоўваюць. Насенне можна замачыць у хлоргексідыне на 30 хвілін. Але гэта не адзіны варыянт.

Перцы і баклажаны прарастаюць доўга, таму насенне рэкамендуюць да пасеву пакінуць на ватовых дысках, якія прасякнуты або вадой, або стымуляцыйнымі рэчывамі. Ватовыя дыскі з насеннем пакідаюць на плоскай паверхні, якая залітая вадкасцю, дыскі не павінны плаваць у ёй, а толькі датыкацца, каб не высахлі. Паверхню патрэбна прыкрываць, каб вадкасць не выпаралася, а для насення быў прыдатны мікраклімат. Пры гэтым абавязкова павінен быць доступ да паветра. Тэмпература прарошчвання -- +25—28°С. Праз 3 дні трэба паглядзець на насенне, магчыма нейкое да гэтага часу ўжо прарасце.

Як толькі з'яўляецца зародак (белы «хвосцік»), трэба акуратна дастаць яго з ватовага дыска і пачаць пасадку ў грунт.

Ні перцаў, ні баклажанаў не любяць, калі ім траўмуюць каранёвую сістэму, таму рэкамендуюць абіраць для іх расады непікіравальны варыянт пасадкі. Але гэта не значыць, што яны будуць увесь час расці ў адной тары. Для расады перцаў і баклажанаў ужываюць перавальванне.

Грунт можна падрыхтаваць самастойна ці купіць гатовую глебасумесь. Калі браць глебасумесь гатовую, то рэкамендуюць аддаваць перавагу спецыялізаванаму грунту, які прызначаны менавіта для гадоўлі перцаў і баклажанаў. Дапоўніць глебасумесь з крамы на пачатковым этапе можна разрыхляльнікам дробнай фракцыі.

Прапорцыя: 3 часткі глебасумесі і 1 частка разрыхляльніка. Таксама яшчэ можна дадаць какосавы субстрат. Ён робіць масу больш паветранай. Скарыстаюць какосавы субстрат пасля размочвання і прамывання. Прамываючы субстрат, патрэбна змяніць ваду 3—4 разы. Пасля яго адціскаюць і замочваюць у кіпені. Далей какосавы субстрат можна скарыстаць. На 3 часткі глебасумесі і 1 частку разрыхляльніка спатрэбіцца 1 частка какосавага субстрату.

Для самастойнага складання сумесі патрэбна 3 часткі апрацаванай зямлі, 1 частка разрыхляльніка, 2 часткі торфу і 1 частка какосавага субстрату.

Важна для перцаў і баклажанаў, каб грунт быў з нейтральным Ph. Калі гэта не так, то патрэбна дадаць раскісляльнік, у іншым выпадку, расада перастане расці.

Тара для перцаў і баклажанаў можа быць розная. Падыходзяць аднаразовыя тарфяныя таблеткі. Можна скарыстаць аднаразовыя пластыкавыя шклянкі на 100—200 г. Садоўнікі рэкамендуюць разрэзаць шкляначку напалову і ўставіць яе ў такую ж шклянку. Гэта робяць для таго, каб пасля, у час перавальвання, акуратна выняць расаду, не патрывожыць каранні.

На дно падвойнай шкляначкі выкладваюць вермікуліт ці іншы разрыхляльнік у якасці дрэнажу. Пасля засыпаюць грунт, які падрыхтавалі. Трохі ўшчыльняюць яго. Праліваюць вадой. Далей выкладваюць насенне, можна па двое. Глыбіня пасадкі для перцаў і баклажанаў не больш за 1 см. Потым невялікую частку глебы змешваюць з разрыхляльнікам у такой прапорцыі, каб ён візуальна пераважаў над колькасцю грунту, і прысыпаюць гэтай сумессю насенне на 1 см. Далей глебу яшчэ раз звільгатняюць.

Усе шкляначкі з насеннем рэкамендуюць сабраць у агульную тару і загарнуць харчовай плёнкай. Пасля ўсё пакідаюць на прарошчванне.

Тэмпература ўсходаў насення складае +28°С без святла. Як толькі з'явіліся першыя «пяцелькі», плёнку з тары патрэбна зняць. Далей першыя 7 сутак трэба стварыць цэладзённае падсвятленне. Рэч у тым, што, калі ёсць падсвятленне, расліна імкліва расце. Таксама цягам першага тыдня пасля з'яўлення «пяцеляк» патрэбна зменшыць тэмпературу да +20°С. Пасля тыдня перцы і баклажаны вяртаюць у нармальны тэмпературны рэжым: +22—25°С днём і начная тэмпература на 2—3°С ніжэй. Тэмпературныя перапады не павінны быць вялікімі, але абавязкова павінны быць. Крытычная для перцаў і баклажанаў тэмпература -- +13—14°С. Пры гэтай тэмпературы расада спыняецца ў росце і можа загінуць.

У гэты перыяд важна і ўмеранае паліванне. Вялікая колькасць разрыхляльніка дапамагае кантраляваць вільгаць. Да таго ж праблема «чорнай ножкі» не будзе турбаваць расліны. Але паліванне павінна быць дазаванае, па меры высыхання грунту. Перцы не выносяць перасушкі глебы, ім спатрэбіцца больш вільгаці. Рэч у тым, што ў іх больш павярхоўная каранёвая сістэма. Баклажаны больш цярплівыя, але таксама не любяць перасушанай глебы. Вада павінна быць пакаёвай тэмпературы і можна цяплей, але не гарачая.

У фазе, калі з'явіліся 2—3 сапраўдных лісціка, пачынаюць расаду перавальваць. Перцы і баклажаны патрабальныя да колькасці святла. Расадзе спатрэбіцца па 14—16 гадзін асвятлення. Для расады трэба выкарыстоўваць толькі ўгнаенні, якія прызначаны для маладой расады. Рэкамендуюць ужываць палову прызначанай дозы. Дадаюць угнаенне невялікімі порцыямі.

да зместу

Калі сеяць насенне на расаду?

Калі сеяць насенне на рассаду?

Адмыслоўцы лічаць, што спяшацца з пасевам насення на расаду не трэба. Калі гэта зрабіць рана, то, зазвычай, да моманту высадкі расада апынаецца перарослая. Пры гэтым ёй ужо не будзе хапаць пажыўных рэчываў у грунце. І ствараць патрэбныя ўмовы для такой расады досыць складана, асабліва, у кватэры.

Цяжка вызначыць, колькі патрэбна глебы, і знайсці месца, каб лісце дарослай расады не датыкалася. Бо як толькі лісце раслін пачынае датыкацца, паміж раслінамі адбываецца «змаганне за выжыванне». Расада будзе цягнуцца бліжэй да святла, каб хутчэй «суседа» забраць сабе рэсурсы для развіцця. Так расада атрымваецца тонкай і слабой.

Калі браць насенне позняга тэрміну паспявання, то для паўночных рэгіёнаў яны будуць не самым удалым набыццём. Таму што ў поўным аб'ёме аддаць ураджай яны не паспеюць нават у цяпліцы. Сярэднепознія і раннія гатункі пакажуць лепшы вынік.

У сярэдняй палосе рэкамендуюць высаджваць расаду ў грунт з 25 траўня па 7—10 чэрвеня. Можна арыентавацца не асераднёнае значэнне, напрыклад, 1 чэрвеня. Бываюць зваротныя замаразкі, таму лепш не спяшацца.

Існуе тэхніка разліку тэрмінаў пасеву насення на расаду.

Тэрмін гатовай расады таматаў для высадкі ў грунт можна разлічыць па наступнай формуле: 55—65 дзён + 10 дзён (пасля пікіравання, таму што таматы будуць адставаць у развіцці) + 3—5 дзён (на прарастанне). Адлічыўшы прыблізна 68—80 дзён да моманту атрымання гатовай расады можна пачынаць сеяць насенне таматаў. Найболей часта гэта робяць пад канец сакавіка і ў пачатку красавіка.

Узрост гатовай расады таматаў для цяпліцы і пад плёнкавую хованку – 55—60 дзён і на ўсходы расады – 5—7 дзён. Для высадкі ў таматаў павінна быць 5—7 добра развітых лісцікаў, ідэальная вышыня расады – 35—40 см.

Сярэдні ўзрост гатовай расады ў перцаў для адкрытага грунту – 60—65 дзён. Для цяпліц і плёнкавых хованак – 65—75 дзён. На ўсходы расады даюць 8—10 дзён.

У баклажанаў узрост гатовай расады для цяпліц і пад плёнкавую хованку – 65—70 дзён, у адкрыты грунт – да 60 дзён. Час на ўсходы – 10—14 дзён. Калі насенне не вельмі якаснае, яно можа прарастаць цягам 20 дзён.

Узрост гатовай расады ў кабачкоў – 20 дзён, да іх дадаюць на ўсходы яшчэ 5—6 дзён.

Для ўсходаў агуркоў досыць 2—4 дні, а гатовая расада будзе цягам 25—30 дзён. Агуркі найчасцей сеюць пад канец красавіка.

Уся капуста мае аднолькавыя тэрміны ўсходаў – 6—10 дзён. Узрост гатовай расады: для ранняй капусты – 55—60 дзён; для сярэдняй – 35—45 дзён; для познай – 45—55; для чырвонакачановай і савойскай – 35—45 дзён; для квяцістай – 20—30 дзён; браколі – 40—50 дзён. Высаджваюць капусту ў адкрыты грунт ці пад плёнкавую хованку з канца красавіка да сярэдзіны траўня. Не гледзячы на тое, што капуста холадатрывалая, пры высадцы трэба зважаць на надвор'е.

Узрост гатовай расады ў салеры – 65—70 дзён, для ўсходаў спатрэбіцца яшчэ ад 10 да 20 дзён.

Калі расадзе патрабуецца пікіраванне, то патрэбна да агульнага тэрміну дадаць каля 10 дзён.

да зместу

Як правільна выбраць лямпу для расады?

Рыхтуем глебу для насення

Светавы дзень у месяцы пасадкі расады вельмі кароткі. Адпаведна для нармальнага росту расады патрабуецца дадатковае асвятленне.

Расліне для добрага развіцця патрэбен той спектр святла, які бярэ ўдзел у фотасінтэзе. Гэта чырвонае святло і сіняе. Таму пры выбары лямпы абавязкова наяўнасць чырвонага і сіняга светлавога спектра.

  • Чырвонае святло стымулюе прарастанне насення, квітненне, плоданашэнне.
  • Сіняе святло спрыяе правільнаму развіццю расады, не дае ёй выцягвацца.

Калі расліна будзе атрымваць толькі чырвонае святло, то яно будзе высокае і з тонкім сцяблом. А калі толькі сіняе святло, то насенне будзе доўга прарастаць.

Паміж колькасцю чырвонага і сіняга святла павінен быць баланс. Для гэтага патрэбна вылучыць такі параметр лямпы, як «тэмпература колеру». Звычайна яго паказваюць на пакаванні.

Тэмпература колеру вызначае, як будзе свяціць лямпа. Калі лямпачка свеціць цёплым святлом, то ў ёй пераважае чырвоных колер. А калі халодным святлом, то сіні.

Ніжняя мяжа чырвонага колеру – 2700 К.

Сіні колер мае верхнюю мяжу – 6400 К.

Універсальнай лямпачкай лічаць тую, у якой у роўных долях знаходзяцца чырвоны і сіні спектры святла. Гэта лямпачкі недзе на 4000 К. Яны выдатна падыходзяць для гадоўлі расады, таму што па сваіх характарыстыках набліжаны да дзённага святла.

Лямпачка напальвання ўтрымвае больш чырвонага спектра, чым сіняга. Яна моцна награваецца. А з-за таго,што адлегласць ад расады да лямпачкі павінна складаць не больш 30 см, лямпачка напальвання можа спапяліць расліны. Пры гэтым яна грэе больш вакол сябе, а не ў кірунку расады, і адбываецца вялікі выдатак электраэнергіі.

Рэфлекторная лямпачка будзе больш, чым лямпачка напальвання, асвятляць расаду. Але рэфлекторная грэе не менш за лямпачку напальвання.

Святлодыёдная лямпачка больш, чым рэфлекторная і напальванні, падыходзіць для гадоўлі расады. Калі на пакаванні будзе паказана 4000 К, то яна якраз з'яўляецца ўніверсальнай. Можна знайсці святлодыёдныя лямпачкі, якія будуць асвятляць паверхню пад вуглом 120°. Святлодыёдныя лямпачкі не награваюцца, таму бяспечныя для расады. Яшчэ яны эканамічныя. Але асвятліць вялікую тару з дапамогай адной лямпачкі не атрымаецца, давядзецца скарыстаць некалькі штук і размеркаваць іх недалёка адну ад адной.

Люмінесцэнтная лямпа падыходзіць для гадоўлі расады, галоўнае пераканацца, што яна валодае роўнай колькасцю чырвонага і сіняга спектра. Але для такой лямпачкі трэба збудаваць усталёўку, на якой можна было б яе замацаваць. Да таго ж пасля сярэдзіны тэрміну эксплуатацыі губляецца святлоаддача лямпачкі. Яшчэ лямпа асвятляе вялікі пляц, для таго, каб яна свяціла дакладна на расаду, патрэбна скарэктаваць вугал распаўсюджвання святла.

Бікалор лямпачкі мае сіні і чырвоны спектр. Яны свецяць мэтанакіравана на расаду, не грэюцца. Мінусам дадзеных лямпачак лічаць цану. Тэрмін эксплуатацыі бікалор лямпачкі – 50 000 гадзін.

Святлодыёдная лямпа, у якой святлодыёды змесцаваны ў лінію, таксама добра будзе асвятляць расаду. Яе магчыма рэгуляваць у залежнасці ад памера расады. Святло тут больш сканцэнтравана, але пры гэтым ахапляе вялікі пляц. Тэрмін выкарыстання -- 30 000 гадзін.

Таксама можна скарыстаць святлодыёдную стужку. Яна эканамічная, але яе трэба надзейна замацаваць і правільна падключыць. Для гэтага неабходны адмысловыя навыкі. Святлодыёдная стужка можа адразу асвятліць шмат расады, таму яе выгадна купляць для вялікіх аб'ёмаў.

Садавіна і ягады на балконе. Якія «зялёныя» прадукты можна вырасціць у кватэры

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст. У 2015 годзе скончыла Інстытут журналістыкі БДУ. Працавала ў часопісе "Маладосць" з 2015 па 2017 год. Была галоўным рэдактарам часопіса "Горад жанчын" 5 гадоў. Цікавіцца тэмамі культурна-асветніцкай тэматыкі, здароўя, харчавання.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Хатні быт"