А ці любіце вы гарбуз так, як люблю яго я?! 🙂 Гэта ж колькі страў з яго можна прыгатаваць, смачных і карысных. А можа, і не зусім карысных, улічваючы пэўныя інгрэдыенты стравы, але ўсё роўна смачных. І гэта пераважае ўсё!
Таму распавяду я пра гарбуз, падораны мне яшчэ ўвосень. І пра любімы рэцэпт аладак з гарбуза, знойдзены некалькі гадоў таму ў сеціве. Ну дужа ўдалы! 🙂
Як не аднойчы распавядала ўжо, у мінулым дачным сезоне мы засталіся без ураджаю з-за страшэннага патопу даўжынёй у агульнай складанасці больш за месяц. А паколькі гэта быў год раптоўнай страты маёй горача любімай мамачкі… Дабіла, вядома ж…
На жаль, суседзі-дачнікі ўжо не тыя, не тыя… Раней, памятаю, калі ў кагосьці штосьці не ўзышло, не вырасла, мая мамачка адной з першых спяшалася на дапамогу. Падзеліцца расадай, гатовым ураджаем… А летась вакол нас толькі спачувальна цокалі языкамі, пазіраючы на возера на месцы ўчастка. Але нікому і ў галаву не прыйшло прапанаваць штосьці затым з вырашчанай гародніны.
І справа зусім не ў тым, што мы не маглі дазволіць сабе яе набыць. А ў тым, наколькі адрозніваецца вырашчанае на дачных участках па якасці ад набытага. Экалагічна чыстае, спрыяльна ўздзейнічае на арганізм… Эх!
І такія адносіны мы атрымалі ад усіх, апрача дачкі суседкі насупраць. Якая жыве ў іншым горадзе, таксама раптоўна страціла сваю маці, з якой мы стасаваліся шмат гадоў. А яна, наша суседка (светлая Вам памяць, Людміла Мікалаеўна!), заўсёды імкнулася нас пачаставаць. Першымі агуркамі-«кракадзіламі», памідорамі, экзотыкай…
Мне ж ад яе дачкі Ірыны дастаўся летась… гарбуз. Велізарны! Яго даставіў у хату муж Ірыны Аляксандр. Як ужо транспартавалі гарбузішча тата з братам, я не бачыла. Толькі вярнуўшыся аднойчы з працы з Мінска, застала гарбуз на ўласнай кухні. Дзе ён і… залёг.
Спачатку я хацела, каб ён выспеў. Тады – каб добра вылежаўся. Затым не вызвалялася месца ў лядоўні… Ну, вы зразумелі… Але вось днямі тата рашуча ўзяўся за нож.
Па шчырасці, думала, што давядзецца гарбуз рубіць сякерай! Але тата здолеў і нажом разрэзаць. Вось дзіва! І які ж прыемны па кватэры паплыў водар ад гарбуза! Такі свежы-свежы! І насенне не прарасло. Захаваўся як мае быць!
Калі ж тата, дастаўшы насенне, пачаў рэзаць гарбуз на кавалачкі, а я – развешваць на вагах у пакецікі па 400 грамаў, зрабілася зразумелым: столькі ў лядоўню ўсё роўна не ўлезе!
Прапанавала братавай жонцы. Яна ўзяла адзін пакецік. Старэйшая пляменніца, аказваецца, гарбуз не есць. Цяпер ідэя фікс – накарміць яе ўсё ж гарбузовымі аладкамі!
Яшчэ 4 пакецікі пайшло суседцы з чацвёртага паверха і яе дачцэ ў Мінск. Адзін пакінула на стале, каб напячы аладак адразу ж на абед… Свяжак! 🙂 У выніку ў лядоўню ўтрамбавалася 13 штук.
Ну, што ж, лічым жывую вагу гарбуза! 7 кілаграмаў 600 грамаў. Нічога так, праўда?! 🙂 Сапраўдны скарб узімку ў лядоўні! Дзякуючы пачастунку Ірыны і Аляксандра…
Мая мілая мамачка любіла гарбузы. Гатавала кашу з гарбузом і рознымі крупамі, запяканку, суп-пюрэ…
А калі ў мяне не атрымлівалася па часе, дык і аладкі па маім рэцэпце… Аладак ёй тады ўжо было нельга. Але калі гатавала я, яна абавязкова брала 1-2 штукі пакаштаваць і заўсёды мяне хваліла…
І вось абяцаны рэцэпт!
Аладкі з гарбуза
Інгрэдыенты:
- Гарбуз (чыстая вага) – 400 г
- Яйкі – 2 шт.
- Мука – 1 шклянка
- Кефір – 0,5 шклянкі
- Соль і цукар – па смаку
Прыгатаванне:
- Гарбуз, нарэзаны на кавалачкі, адварыць да гатоўнасці, здрабніць у блэндары альбо таўкачыкам.
- Высыпаць у міску муку, дадаць яйкі, соль і цукар, уліць кефір, перамяшаць.
- Дадаць гарбуз і перамяшаць яшчэ раз.
- Уважліва паглядзець на атрыманае. Калі не задавальняе кансістэнцыя, альбо дадаем яшчэ трохі кефіру (калі густа), альбо мукі (калі рэдка).
- Выпякаем аладкі ўлюбёным спосабам на патэльні.
Смачна есці!
Фота – Святлана Адамовіч.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by